A A A A A

Бог: [Фінансавае благаслаўленне]


1 Самуіла 2:7
Гасподзь робіць жабраком і ўзбагачае, прыніжае і ўзвышае.

2 Карынфянаў 8:9
Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.

3 Йоан 1:2
Любасны! малюся, каб табе здаровілася і шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.

Эклезіяст 9:10
Усё, што можа зрабіць твая рука, па сіле рабі; бо ў магіле, у якую ты ляжаш, няма ні працы, ні разважаньня, ні ведаў, ні мудрасьці.

Галатаў 6:9
Робячы дабро, ня струджваймася: бо ў свой час пажнём, калі не аслабнем.

Быцце 13:2
І быў Абрам вельмі багаты быдлам і срэбрам і золатам.

Осія 4:6
Вынішчаны будзе народ Мой празь недахоп веданьня: як што ты адкінуў веданьне, дык і я адкіну цябе ад сьвяшчэнадзейства перада Мною; і як ты забыў закон Бога твайго, дык і Я забуду дзяцей тваіх.

Яков 5:12
А найперш, браты мае, не прысягайце ні небам, ні зямлёю, ані якою іншаю кляцьбою; а хай будзе ў вас: так-так і не-не, каб вам не падупасьці асудзе.

Йоан 6:12
І калі насыціліся, дык сказаў вучням Сваім: зьбярэце кавалкі, што засталіся, каб нічога не прапала.

Лука 6:38
давайце, і дасца вам: мераю добраю, утрэсенаю, умятаю і перапоўненаю адсыплюць вам ва ўлоньне ваша; бо якою мераю мерыце, такою самаю адмерыцца і вам.

Лука 12:34
бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.

Прытчы 10:22
Дабраславеньне Гасподняе — яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.

Прытчы 11:14
Дзе няма добрае рады, там зане­падае народ, а пры многіх радцах — даб­радзенствуе.

Прытчы 19:17
Міласэрны да беднага пазычае Го­спаду; і Ён аддасьць яму за дабрачы­нства ягонае.

Прытчы 21:17
Хто любіць весялосьць — зьбедніцца; і хто любіць віно і масьці — не разбагацее.

Прытчы 22:9
Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго.

Прытчы 28:22-27
[22] Сьпяшаецца да багацьця зайзд­росьлівы чалавек, і ня думае, што галеча спасьцігне яго.[23] Хто дакарае чалавека, знойдзе большую прыязнасьць, чым той, хто лісьлівіць языком.[24] Хто абкрадвае бацьку свайго і маці сваю і кажа: "гэта ня грэх", той — саўдзельнік грабежнікаў.[25] Пыхлівец распальвае свару, а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў дабрадзе­нстве.[26] Хто спадзяецца на сябе, той нера­зумны; а хто ходзіць у мудрасьці, той будзе цэлы.[27] Хто дае жабраку, не зьбяднее; а хто засланяе вочы ад яго, на тым шмат праклёнаў.

Псалмы 24:1
Псальма Давідава. Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю.

Матей 6:33
Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам.

Матей 23:23
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну зь мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.

Матей 25:21
Сказаў жа яму гаспадар ягоны: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".

Рымлянаў 13:8
Не заставайцеся запазычанцамі нікому ні ў чым, акрамя ўзаемнай любові; бо хто любіць другога, выканаў закон.

Прытчы 3:9-10
[9] Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;[10] і напоўняцца засекі твае зь вер­хам, і чавільні твае будуць налівацца но­вым віном.

Псалмы 121:1-2
[1] Песьня ўзыходжаньня. Давідава. Усьцешыўся я, калі мне сказалі: пойдзем у дом Гасподні.[2] Вось стаяць ногі нашыя ў браме тваёй, Ерусаліме, —

Марко 11:22-23
[22] Ісус, адказваючы, кажа ім:[23] майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: ёпадыміся і кінься ў мораё, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, - будзе яму, што ні скажа.

Быцце 1:26-27
[26] І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі.[27] І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх.

2 Карынфянаў 9:6-8
[6] Пры гэтым (скажу): хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.[7] Хай кожны ўзычвае, як сэрца ягонае прыхіляе, а ня з прыкрасьцю і ня з прынукаю; бо Бог любіць таго, хто самахоць дае з радасьцю.[8] А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усякаю мілатою, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсякія добрыя дзеі,

Лука 14:28-30
[28] Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ня сядзе сьпярша і не палічыць выдатакаў, ці мае ён, што трэба на будову яе,[29] каб, калі закладзе падмурак і ня зможа закончыць, усе, хто гэта бачыць, не пасьмяяліся зь яго,[30] кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня мог закончыць?

Лука 6:34-36
[34] І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся зыскаць назад, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць гэтулькі сама.[35] А вы любеце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі Ўсявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх.[36] Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.

Яков 5:1-3
[1] Паслухайце вы, багатыя: плачце і галасеце над вашымі злыбедамі, якія на вас.[2] Багацьце ваша спрахла, і вопратку вашу патачыла моль.[3] Золата ваша і срэбра паржавела, і ржа іхняя засьведчыць супраць вас і зьесьць плоць вашу, як вагонь: вы назапасілі сабе скарб на астатнія дні.

Быцце 12:1-20
[1] І сказаў Гасподзь Абраму: ідзі зь зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе;[2] і Я выведу ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будзеш ты ў дабраславенстве.[3] Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну; і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя.[4] І пайшоў Абрам, як сказаў яму Гасподзь; і зь ім пайшоў Лот. Абраму было семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харана.[5] І ўзяў з сабою Сару, жонку сваю, Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую яны набылі, і ўсіх людзей, якіх яны мелі ў Харане; і выйшлі, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую.[6] І прайшоў Абрам па зямлі гэтай да мясьціны Сіхем, да дубровы Марэ: у гэтай зямлі тады жылі Хананэі.[7] І явіўся Гасподзь Абраму і сказаў: нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую. І паставіў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму.[8] Адтуль рушыў ён да гары, на ўсход ад Вэтыля; і паставіў намёт свой так, што ад яго Вэтыль быў на захад, а Гай на ўсход; і паставіў ахвярнік Госпаду і заклікаў імя Госпада.[9] І падаўся Абрам далей і пайшоў на поўдзень.[10] І быў голад у той зямлі. І сышоў Абрам у Егіпет, пажыць там, бо памацнеў голад у зямлі той.[11] Калі ж ён набліжаўся да Егіпта, дык сказаў Сары, жонцы сваёй: вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая з выгляду;[12] і калі Егіпцяне ўбачаць цябе, дык скажуць: гэта жонка яго; і зяб'юць мяне, а цябе пакінуць жывою;[13] скажы ж, што ты мне сястра, каб мне добра было дзеля цябе, і каб жывая была душа мая празь цябе.[14] І было, калі Абрам прыйшоў у Егіпет, Егіпцяне ўбачылі, што яна жанчына даволі прыгожая;[15] убачылі яе і вяльможы фараонавыя і пахвалілі яе фараону; і была яна ўзятая ў дом фараонаў.[16] І Абраму добра было празь яе; і было ў яго дробнае і буйное быдла і аслы, і рабы і рабыні, і коні і вярблюды.[17] Але Гасподзь уразіў цяжкімі ранамі фараона і дом ягоны за Сару, жонку Абрамавую.[18] І паклікаў фараон Абрама і сказаў: што гэта ты зрабіў са мною? чаму не сказаў мне, што яна жонка твая?[19] навошта ты сказаў: яна сястра мая? І я ўзяў быў яе сабе за жонку. І цяпер вось жонка твая; вазьмі ды йдзі.[20] І даў пра яго фараон загад людзям, і правялі яго, і жонку ягоную, і ўсё, што ў яго было.

Матей 6:1-34
[1] Глядзеце, не выстаўляйце праведнасьці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.[2] Дык вось, калі даеш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю.[3] У цябе ж, калі даеш міласьціну, няхай ня ведае левая рука твая, што робіць правая,[4] каб міласьціна твая была ў тайнасьці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.[5] І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, што любяць у сынагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.[6] Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.[7] А молячыся, не гаварэце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць;[8] дык ня будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце.[9] Дык вось, малецеся так: Войча наш, Які ёсьць на нябёсах! Хай сьвяціцца імя Тваё;[10] хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая як на небе, так на зямлі;[11] хлеб наш надзённы дай нам сёньня;[12] і даруй нам правіны нашыя, як і мы даруем вінаватым перад намі;[13] і не дапусьці нас да спакусы, але ратуй нас ад ліхога; бо Тваё ёсьць Царства і сіла і слава навекі. Амін.[14] Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны;[15] а як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.[16] І калі посьціце, ня будзьце заняпалыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям посьні-камі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.[17] А ты, калі посьцішся, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё,[18] каб явіцца посьнікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.[19] Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць:[20] а зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа ня зьнішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і ня крадуць;[21] бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.[22] Сьвяцільня целу ёсьць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык усё цела тваё сьветлае будзе;[23] калі ж вока тваё будзе ліхое, дык усё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі сьвятло, якое ў табе, — цемра, дык якая ж цемра?[24] Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне .[25] Таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за вопратку?[26] Зірнеце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні зьбіраюць у засекі; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх?[27] Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць адзін локаць?[28] І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на лілеі польныя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;[29] але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх;[30] калі ж траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы![31] Дык вось, ня турбуйцеся і не кажэце: "што нам есьці?" альбо: "што піць?" альбо: "у што апрануцца?".[32] Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.[33] Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам.[34] Дык вось, ня турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.

Другі Закон 28:1-68
[1] Калі ты, як пяройдзеце Ярдан, будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, старанна выконваць усе запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе сёньня, дык Гасподзь, Бог твой, паставіць цябе вышэй за ўсе народы зямлі;[2] і сыдуць на цябе ўсе дабраславеньні гэтыя і спраўдзяцца на табе, калі будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго.[3] Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі.[4] Дабраславёны плод чэрава твайго і плод зямлі тваёй, і плод быдла твайго, і плод тваіх валоў, і плод авечак тваіх.[5] Дабраславёныя засекі твае і кладоўкі твае.[6] Дабраславёны ты пры ўваходзе тваім і дабраславёны ты пры выхадзе тваім.[7] Паб'е перад табою Гасподзь ворагаў тваіх, якія паўстаюць на цябе; адною дарогаю яны выступяць супроць цябе, а сямю дарогамі пабягуць ад цябе.[8] Пашле Гасподзь табе дабраславеньне ў засеках тваіх і ва ўсякай дзеі рук тваіх; і дабраславіць цябе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.[9] Паставіць цябе Гасподзь народам Сваім, як Ён запрысягаўся табе, калі ты будзеш шанаваць запаведзі Госпада, Бога твайго, і будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі;[10] і ўбачаць усе народы зямлі, што імя Госпада накладаецца на цябе, і будуць баяцца цябе.[11] І дасьць табе Гасподзь надмер ва ўсіх дабротах, у плодзе ўлоньня твайго і ў плодзе быдла твайго і ў плодзе палёў тваіх на зямлі, даць якую табе Гасподзь запрысягаўся бацькам тваім.[12] Адкрые табе Гасподзь добрую скарбніцу Сваю, неба, каб яно давала дождж зямлі тваёй у свой час, і каб дабраслаўляць усе дзеі рук тваіх: і будзеш пазычаць многім народам, а сам ня будзеш запазычвацца.[13] Зробіць цябе Гасподзь галавою, а не хвастом, і будзеш толькі на вышыні, і ня будзеш унізе, калі будзеш слухацца запаведзяў Госпада, Бога твайго, якія наказваю табе сёньня шанаваць і выконваць.[14] І не адступішся ад усіх слоў, якія наказваю вам сёньня, ні направа, ні налева, каб пайсьці сьледам за іншымі багамі і слугаваць ім.[15] А калі ня будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і ня будзеш старацца выконваць усе запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я наказваю табе сёньня, дык прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і дастануць цябе.[16] Пракляты ты будзеш у горадзе і пракляты ты будзеш у полі.[17] Праклятыя будуць засекі твае і кладоўкі твае.[18] Пракляты будзе плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод тваіх валоў і плод авечак тваіх.[19] Пракляты ты будзеш пры ўваходзе тваім і пракляты пры выхадзе тваім.[20] Пашле Гасподзь на цябе праклён, затлуму і няшчасьце ва ўсякай дзеі рук тваіх, якую пачнеш рабіць, пакуль ня будзеш зьнішчаны,— і ты неўзабаве загінеш за ліхія дзеі твае, за тое, што ты пакінуў Мяне.[21] Пашле Гасподзь на цябе згубную пошасьць, пакуль ня вынішчыць Ён цябе зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.[22] Паб'е цябе Гасподзь сухотамі, гарачкаю, трасцаю, запаленьнем, засухаю, палючым ветрам ды іржою, і яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль не загінеш.[23] І нябёсы твае, якія над галавою тваёю, зробяцца медзьдзю, і зямля пад табою жалезам;[24] замест дажджу Гасподзь дасьць зямлі тваёй пыл, і попел зь неба будзе падаць, падаць на цябе, пакуль ня будзеш зьнішчаны.[25] Аддасьць цябе Гасподзь на паразу ворагам тваім; адною дарогаю выступіш супроць іх, а сямю дарогамі пабяжыш ад іх; і будзеш расьсеяны па ўсіх царствах зямлі.[26] І будуць трупы твае ежаю ўсім птушкам нябесным і зьвярам, і ня будзе каму адагнаць іх.[27] Паб'е цябе Гасподзь праказаю Егіпецкаю, пранцамі, каростаю і сьвербам, ад якіх ты ня зможаш вылечыцца;[28] паб'е цябе Гасподзь вар'яцтвам, сьлепатою і дранцьвеньнем сэрца,[29] і ты хадзіцьмеш навобмацак апалудні, як сьляпы навобмацак ходзіць поначы, і ня мецьмеш посьпеху на дарогах тваіх, і будуць уціскаць і крыўдзіць цябе штодня, і ніхто не абароніць цябе.[30] З жонкаю заручышся, і іншы будзе спаць зь ёю; дом пабудуеш,і ня жыцьмеш у ім; вінаграднік пасадзіш і ня будзеш карыстацца ім.[31] Вала твайго заколюць на вачах у цябе, і ня будзеш есьці яго; асла твайго зьвядуць ад цябе і ня вернуць табе; авечкі твае аддадзены будуць ворагам тваім, і ніхто не абароніць цябе.[32] Сыны твае і дочкі твае аддадзены будуць іншаму народу; вочы твае будуць бачыць і кожны дзень будуць кволець, і ня будзе сілы ў руках тваіх.[33] Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю будзе есьці народ, якога ты ня ведаў; і цябе будуць толькі ўціскаць і мучыць усе дні.[34] І страціш розум ад таго, што пабачаць вочы твае.[35] Паб'е цябе Гасподзь ліхою праказаю на каленях і на галенях, ад якой ты ня зможаш вылечыцца, ад падэшвы нагі тваёй да самага цемені галавы тваёй.[36] Завядзе Гасподзь цябе і цара твайго, якога ты паставіш над сабою, да народу, якога ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, і там служыцьмеш іншым багам, драўняным і каменным;[37] І будзеш жудасьцю, прыпавесьцю і пасьмешышчам усім народам, да якіх завядзе цябе Гасподзь.[38] Насеньня многа вынесеш у поле, а зьбярэш мала, бо паесьць іх саранча.[39] Вінаграднікі будзеш садзіць і ўрабляць, а віна ня піцьмеш і не зьбярэш пладоў, бо паесьць іх чарвяк.[40] Масьліны будуць у цябе ва ўсіх межах тваіх, але алеем не памажашся, бо асыплецца масьліна твая.[41] Сыноў і дочак народзіш, але іх ня будзе ў цябе, бо пойдуць у палон.[42] Усе дрэвы твае і плады зямлі тваёй загубіць іржа.[43] Прыхадзень, які сярод цябе, будзе ўзносіцца над табою вышэй і вышэй, а ты апускацца будзеш ніжэй і ніжэй;[44] ён будзе пазычаць табе, а ты ня будзеш пазычаць яму; ён будзе галавою, а ты будзеш хвастом.[45] І прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і будуць перасьледаваць цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны, за тое, што ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго, і не захоўваў запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён наказаў табе:[46] яны будуць азнакаю і доказам паметаю на табе і на семені тваім вавек.[47] За тое, што ты ня служыў Госпаду, Богу твайму, з радасьцю і дабрынёю сэрца, пры надмеры ўсяго,[48] будзеш служыць ворагу твайму, якога пашле на цябе Гасподзь, у голадзе і ў смазе, і галізьне і ва ўсякай нястачы; ён накладзе на шыю тваю жалезнае ярмо, так што змучыць цябе.[49] Пашле на цябе Гасподзь народ здалёку, ад краю зямлі: як арол, мовы якога ты не разумееш,[50] народ нахабны, які ня ўважыць старому і не пашкадуе маладога;[51] і есьціме ён плод быдла твайго і плод зямлі тваёй, пакуль ня спустошыць цябе, так што не пакіне табе ні хлеба, ні віна, ні алею, ні плоду валоў тваіх, ні плоду авечак тваіх, пакуль не загубіць цябе;[52] і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, пакуль на ўсёй зямлі тваёй не разбурыць высокіх і моцных муроў тваіх, на якія ты спадзяешся; і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, даў табе.[53] І ты есьцімеш плод чэрава твайго, плод сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх Гасподзь, Бог твой, даў табе, у аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой.[54] Чалавек сьпешчаны, які жыў сярод вас у вялікай раскошы, зайздросьлівым вокам будзе глядзець на брата свайго, на любасную жонку сваю і на астатніх дзяцей сваіх, якія застануцца ў яго,[55] і ня дасьць ніводнаму зь іх цела дзяцей сваіх, якіх ён будзе есьці, бо ў яго не застанецца нічога ў аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой ва ўсіх селішчах тваіх.[56] Жанчына, якая жыла ў цябе ў песьце і раскошы, якая ніколі нагі сваёй ня ставіла на зямлю з прычыны раскошы і сьпешчанасьці сваёй, будзе зайздросьлівым вокам глядзець на любаснага мужа свайго і на сына свайго і на дачку сваю[57] і ня дасьць пасьледу, што выходзіць спаміж ног у яе, і дзяцей, якіх яна народзіць; бо яна, пры нястачы ва ўсім, таемна есьціме іх, у аблозе і ва ў ўціску, якім уцісьне цябе вораг твой у селішчах тваіх.[58] Калі ня будзеш старацца выконваць усе словы закона гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца славутага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,[59] дык Гасподзь паб'е цябе і нашчадкаў тваіх нязвычайнымі пошасьцямі, пошасьцямі вялікімі пастаяннымі, і хваробамі ліхімі і пастаяннымі;[60] і навядзе на цябе ўсе пошасьці Егіпецкія, якіх ты баяўся, і яны прыліпнуць да цябе;[61] і ўсякую хваробу і ўсякую пошасьць не напісаную ў кнізе закона гэтага Гасподзь навядзе на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны;[62] і застанецца вас нямнога, тым часам калі ў мностве вы былі падобныя да зорак нябесных, бо ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго.[63] І як радаваўся Гасподзь робячы вам дабро і памнажаючы вас, так будзе радавацца Гасподзь губячы вас і зьнішчаючы вас, і выкінутыя будзеце зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.[64] І расьсее цябе Гасподзь па ўсіх народах, ад краю зямлі да краю зямлі, і будзеш там служыць іншым багам, якіх ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, дрэву і камяням.[65] Але і сярод гэтых народаў не супакоішся і ня будзе месца спакою назе тваёй, і Гасподзь дасьць табе там баязьлівае сэрца, цьмяныя вочы і зьнемажэньне душы;[66] жыцьцё тваё вісецьме перад табою, і будзеш дрыжаць уначы і ўдзень і ня будзеш пэўны за жыцьцё тваё;[67] ад дрыжаньня сэрца твайго, якім ты будзеш ахоплены, і ад таго, што будзеш бачыць вачыма тваімі, раніцай ты скажаш: "о, калі б зьвечарэла!", а ўвечары скажаш: "о, калі б разьвіднела!".[68] І верне цябе Гасподзь у Егіпет на караблях той дарогаю, пра якую я сказаў табе: "больш ты ня ўбачыш яе"; і там будзеце прадавацца ворагам вашым у рабоў і ў рабыняў, і ня будзе пакупца.

Belarusian Bible 2003
No info: Vasil Syargeevich Syomukha 2003