1 |
Няправільныя вагі — агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму. |
2 |
Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі — мудрасьць. |
3 |
Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх. |
4 |
Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці. |
5 |
Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй. |
6 |
Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім. |
7 |
Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае. |
8 |
Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны. |
9 |
Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца. |
10 |
З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны — сьпявае. |
11 |
Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца. |
12 |
Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць. |
13 |
Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае. |
14 |
Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах — дабрадзенствуе. |
15 |
Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы. |
16 |
Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця. |
17 |
Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю. |
18 |
Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду — узнагарода пэўная. |
19 |
Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй. |
20 |
Агіда Госпаду — падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць. |
21 |
Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца. |
22 |
Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і — неразумная. |
23 |
Жаданьне праведных — толькі дабро, надзея бязбожных — гнеў. |
24 |
Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее. |
25 |
Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе. |
26 |
Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае. |
27 |
Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць. |
28 |
Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць. |
29 |
Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму. |
30 |
Плод праведніка — дрэва жыцьця, а мудры яднае душы. |
31 |
Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.
|
Belarusian Bible 2003 |
No info: Vasil Syargeevich Syomukha 2003 |