Песнь Пясней 7:1-13 |
1. Азірніся назад, Шуламянка, азірніся назад — дай сябе ўбачыць! Што вам дзівіцца на Шуламянку, як на карагод Манаімскі? |
2. Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка знакамітая! Выгін клубоў тваіх, як абруч, што майстар зрабіў; |
3. твой пупок — нібы круглая чара па беражок з пахучым віном; твой жывот — гэта горка пшаніцы сярод лілеяў чароўных; |
4. твае грудзі — два казьляняткі, блізьняткі сарны; |
5. твая шыя — вежа з слановае косьці; твае вочы — Эсэвонскія сажалкі каля брамы Батрабім; твой нос — як Ліванская вежа на дазоры насупраць Дамаска; |
6. твая галава — як гара Карміл, і пасмачкі валасоў — як пурпура; цар паланёны кучарамі тваімі. |
7. Якая прыгожая ты, якая панадная, каханка, тваёю вабнасьцю! |
8. Гэты стан твой падобны да пальмы, і грудзі — да вінаградных гронак. |
9. Я падумаў: залезу на пальму, я ўхаплюся за вецьце яе — хай будуць грудзі твае замест гронак лазы, і дыханьне тваё будзе — як яблыкі; |
10. і вусны твае — як віно залатое! Цячэ яно ў рот каханаму, асалоджвае вусны стомленым. |
11. Належу я міламу другу, і мяне ён жадае. |
12. Прыйдзі, любасны, выйдзем у поле, пабудзем у вёсках; |
13. выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты; там я цябе прыгалублю. |
Песнь Пясней 8:1-14 |
1. О, няхай бы ты быў мне братам, маёй мацеркай узгадаваным, — сустракала б цябе за парогам і адкрыта цябе цалавала б, і ніхто мне асуды ня даў бы. |
2. Прывяла б я цябе з сабою у дом мацеркі роднай маёй. Ты вучыў бы мяне, я ж паіла б цябе духмяным віном і сокам з маіх гранатаў! |
3. Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае. |
4. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: ня будзеце, ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама. |
5. Хто там ідзе з пустэльні, абапершыся на каханага? Пад яблыняй я разбудзіў цябе: там цябе нарадзіла маці, там нарадзіла родная. |
6. Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць — моцнае; рэўнасьць, як пекла — лютая; стрэлы яго — стрэлы вогненныя; яно — полымя непагаснае. |
7. Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за каханьне, іх адхілілі б з пагардай. |
8. Ёсьць у нас сястрыца, малая сястрыца, яшчэ яна грудак ня мае; што рабіць нам зь сястрыцаю нашай, калі прыйдуць сваты да яе? |
9. А калі б яна была сьцяною, мы яе ўмацавалі б срэбнымі зубцамі, калі б яна была дзьвярыма — мы іх ашалявалі б кедровымі дошкамі. |
10. Я — сьцяна, і грудзі мае — як вежы; і грудкі ' мяне, як вежы; таму ён ува мне знойдзе апору. |
11. Вінаграднік быў у Саламона ў Ваал-Хамоне: варце даверыў ён вінаграднік; кожны плаціў за плады тысячу срэбрам. |
12. А мой вінаграднік пры мне. Хай тысяча будзе табе, Саламоне, а дзьвесьце — яго вартавым. |
13. О жыхарка садоў! Сябры чуюць твой голас! Дай і мне паслухаць яго. |
14. Бяжы, мой каханы; будзь да сарны падобны, да маладога аленя ў бальзамных горах! |
Псалмы 103:31-35 |
31. Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі. |
32. Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца. |
33. Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць. |
34. Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе. |
35. Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя! |
Прытчы 24:21-22 |
21. Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай, |
22. бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае? |
1 Карынфянаў 14:1-20 |
1. Дасягайце любові; дбайце пра дары духоўныя, а асабліва пра тое, каб прарочыць. |
2. Бо, хто гаворыць незнаёмаю моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу, бо ніхто не разумее яго, ён тайны гаворыць духам; |
3. а хто прарочыць, той гаворыць людзям на настаўленьне, на ўмаўленьне і суцяшэньне. |
4. Той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, настаўляе сябе; а хто прарочыць, той настаўляе царкву. |
5. Жадаю, каб вы ўсе гаварылі мовамі; але лепей, каб вы прарочылі, бо хто прарочыць, той большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён пры гэтым будзе і тлумачыць, каб царква атрымала настаўленьне. |
6. Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, і пачну гаварыць незнаёмымі мовамі, дык якую дам вам карысьць, калі ня выслоўлюся вам ці то адкрыцьцём, ці пазнаньнем, ці прароцтвам, ці вучэньнем? |
7. І бяздушныя рэчы, якія выдаюць гук, жалейка ці гусьлі, калі не выдаюць паасобных тонаў, як распазнаць тое, што іграюць на жалейцы ці на гусьлях? |
8. І калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто будзе рыхтавацца да бітвы? |
9. Так, калі і вы языком вымаўляеце незразумелыя словы, дык як зразумеюць, што вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер. |
10. Колькі, напрыклад, розных словаў на сьвеце, і ніводнага зь іх няма без значэньня; |
11. але, калі я не разумею значэньня слоў, дык я для таго, хто гаворыць, чужаніца, і той, хто гаворыць, для мяне чужаніца. |
12. Так і вы, дбаючы пра дары духоўныя, старайцеся ўзбагаціцца імі дзеля настаўленьня царквы. |
13. А таму той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, маліся за дар тлумачэньня. |
14. Бо, калі я малюся на незнаёмай мове, дык, хоць дух мой і моліцца, але розум мой застаецца бяз плоду. |
15. Што ж рабіць? Пачну маліцца духам, пачну маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам. |
16. Бо, калі ты будзеш дабраслаўляць духам, дык той, хто стаіць на месцы простага чалавека, як скажа "амін" на тваё дзякаваньне? Бо ён не разумее, што ты кажаш. |
17. Ты добра дзякуеш, але другі не настаўляецца. |
18. Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі; |
19. але ў царкве лепей хачу пяць словаў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць,чым процьму словаў незнаёмаю моваю. |
20. Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліхое будзьце немаўляты, а розумам будзьце паўналетнія. |