A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Верасень 4

Песнь Пясней 7:1-13
1. Азірніся назад, Шуламянка, азірніся назад — дай сябе ўбачыць! Што вам дзівіцца на Шуламянку, як на карагод Манаімскі?
2. Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка знакамітая! Выгін клубоў тваіх, як абруч, што майстар зрабіў;
3. твой пупок — нібы круглая чара па беражок з пахучым віном; твой жывот — гэта горка пшаніцы сярод лілеяў чароўных;
4. твае грудзі — два казьляняткі, блізьняткі сарны;
5. твая шыя — вежа з слановае косьці; твае вочы — Эсэвонскія сажалкі каля брамы Батрабім; твой нос — як Ліванская вежа на дазоры насупраць Дамаска;
6. твая галава — як гара Карміл, і пасмачкі валасоў — як пурпура; цар паланёны кучарамі тваімі.
7. Якая прыгожая ты, якая панадная, каханка, тваёю вабнасьцю!
8. Гэты стан твой падобны да пальмы, і грудзі — да вінаградных гронак.
9. Я падумаў: залезу на пальму, я ўхаплюся за вецьце яе — хай будуць грудзі твае замест гронак лазы, і дыханьне тваё будзе — як яблыкі;
10. і вусны твае — як віно залатое! Цячэ яно ў рот каханаму, асалоджвае вусны стомленым.
11. Належу я міламу другу, і мяне ён жадае.
12. Прыйдзі, любасны, выйдзем у поле, пабудзем у вёсках;
13. выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты; там я цябе прыгалублю.

Песнь Пясней 8:1-14
1. О, няхай бы ты быў мне братам, маёй мацеркай узгадаваным, — сустракала б цябе за парогам і адкрыта цябе цалавала б, і ніхто мне асуды ня даў бы.
2. Прывяла б я цябе з сабою у дом мацеркі роднай маёй. Ты вучыў бы мяне, я ж паіла б цябе духмяным віном і сокам з маіх гранатаў!
3. Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
4. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: ня будзеце, ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама.
5. Хто там ідзе з пустэльні, абапершыся на каханага? Пад яблыняй я разбудзіў цябе: там цябе нарадзіла маці, там нарадзіла родная.
6. Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць — моцнае; рэўнасьць, як пекла — лютая; стрэлы яго — стрэлы вогненныя; яно — полымя непагаснае.
7. Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за каханьне, іх адхілілі б з пагардай.
8. Ёсьць у нас сястрыца, малая сястрыца, яшчэ яна грудак ня мае; што рабіць нам зь сястрыцаю нашай, калі прыйдуць сваты да яе?
9. А калі б яна была сьцяною, мы яе ўмацавалі б срэбнымі зубцамі, калі б яна была дзьвярыма — мы іх ашалявалі б кедровымі дошкамі.
10. Я — сьцяна, і грудзі мае — як вежы; і грудкі ' мяне, як вежы; таму ён ува мне знойдзе апору.
11. Вінаграднік быў у Саламона ў Ваал-Хамоне: варце даверыў ён вінаграднік; кожны плаціў за плады тысячу срэбрам.
12. А мой вінаграднік пры мне. Хай тысяча будзе табе, Саламоне, а дзьвесьце — яго вартавым.
13. О жыхарка садоў! Сябры чуюць твой голас! Дай і мне паслухаць яго.
14. Бяжы, мой каханы; будзь да сарны падобны, да маладога аленя ў бальзамных горах!

Псалмы 103:31-35
31. Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі.
32. Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца.
33. Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць.
34. Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе.
35. Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя!

Прытчы 24:21-22
21. Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай,
22. бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае?

1 Карынфянаў 14:1-20
1. Дасягайце любові; дбайце пра дары духоўныя, а асабліва пра тое, каб прарочыць.
2. Бо, хто гаворыць незнаёмаю моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу, бо ніхто не разумее яго, ён тайны гаворыць духам;
3. а хто прарочыць, той гаворыць людзям на настаўленьне, на ўмаўленьне і суцяшэньне.
4. Той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, настаўляе сябе; а хто прарочыць, той настаўляе царкву.
5. Жадаю, каб вы ўсе гаварылі мовамі; але лепей, каб вы прарочылі, бо хто прарочыць, той большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён пры гэтым будзе і тлумачыць, каб царква атрымала настаўленьне.
6. Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, і пачну гаварыць незнаёмымі мовамі, дык якую дам вам карысьць, калі ня выслоўлюся вам ці то адкрыцьцём, ці пазнаньнем, ці прароцтвам, ці вучэньнем?
7. І бяздушныя рэчы, якія выдаюць гук, жалейка ці гусьлі, калі не выдаюць паасобных тонаў, як распазнаць тое, што іграюць на жалейцы ці на гусьлях?
8. І калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто будзе рыхтавацца да бітвы?
9. Так, калі і вы языком вымаўляеце незразумелыя словы, дык як зразумеюць, што вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер.
10. Колькі, напрыклад, розных словаў на сьвеце, і ніводнага зь іх няма без значэньня;
11. але, калі я не разумею значэньня слоў, дык я для таго, хто гаворыць, чужаніца, і той, хто гаворыць, для мяне чужаніца.
12. Так і вы, дбаючы пра дары духоўныя, старайцеся ўзбагаціцца імі дзеля настаўленьня царквы.
13. А таму той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, маліся за дар тлумачэньня.
14. Бо, калі я малюся на незнаёмай мове, дык, хоць дух мой і моліцца, але розум мой застаецца бяз плоду.
15. Што ж рабіць? Пачну маліцца духам, пачну маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам.
16. Бо, калі ты будзеш дабраслаўляць духам, дык той, хто стаіць на месцы простага чалавека, як скажа "амін" на тваё дзякаваньне? Бо ён не разумее, што ты кажаш.
17. Ты добра дзякуеш, але другі не настаўляецца.
18. Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;
19. але ў царкве лепей хачу пяць словаў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць,чым процьму словаў незнаёмаю моваю.
20. Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліхое будзьце немаўляты, а розумам будзьце паўналетнія.