A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Верасень 29

Ісайя 51:1-23
1. Паслухайце Мяне, хто імкнецца да праўды, хто шукае Госпада! Зірнеце на скалу, зь якой вы высечаны, і ў глыбіню рова, зь якога вас дасталі.
2. Паглядзеце на Абрагама, бацьку вашага, і на Сару, якая нарадзіла вас; бо Я паклікаў яго аднаго і дабраславіў яго і памножыў яго.
3. Так, Гасподзь суцешыць Сіён, суцешыць усе руіны яго і зробіць пустыні яго, як рай, і стэп яго, як сад Госпада: радасьць і весялосьць будуць у ім, славаслоўе і песнапеньне.
4. Паслухайце Мяне, народзе Мой, і племя Маё, прыхілеце вуха да Мяне! бо ад Мяне пойдзе закон, і суд Мой пастаўлю за сьвятло народам.
5. Праўда Мая блізкая; выратаваньне Маё ўзыходзіць, і сіла Мая будзе судзіць народы; выспы спадзявацьмуцца на Мяне і будуць класьці надзею на сілу Маю.
6. Узьвядзеце вочы вашыя да нябёсаў, і паглядзеце на зямлю ўніз: бо нябёсы зьнікнуць, як дым, і зямля зьлядашчыцца, як вопратка, і жыхары яе таксама вымруць; а Маё выратаваньне будзе вечнае, і праўда Мая ня спыніцца.
7. Паслухайце Мяне, знаўцы праўды, народзе, у якога ў сэрцы закон Мой! Ня бойцеся ганьбаваньня ад людзей, і ліхаслоўя іхняга не палохайцеся.
8. Бо, як вопратку, зьесьць іх моль і, як воўну, зьесьць іх чарвяк; а праўда Мая жыцьме вечна, і выратаваньне Маё — род у род.
9. Паўстань, паўстань, апраніся ў моц, сіла Гасподняя! Паўстань, як у дні старадаўнія, у роды старажытныя! Ці ж ня ты зваліла Раава, пабіла кракадзіла?
10. Ці ня ты высушыла мора, воды вялікае бездані, ператварыла глыбіні мора ў дарогу, каб прыйшлі адкупленыя?
11. І вернуцца выбаўленыя Госпадам і прыйдуць на Сіён са сьпевамі, і радасьць вечная — над галавою іх; яны знойдуць радасьць і весялосьць: смутак і ўздыханьні адыдуць.
12. Я, Я Сам — Суцешнік ваш. Хто ты, што баішся чалавека, які памірае, і сына чалавечага, які тое самае, што трава,
13. і забываеш Госпада Творцу свайго, Які раскінуў нябёсы і ўтварыў зямлю; і бесьперастанку, кожны дзень баішся лютасьці прыгнятальніка, як бы ён гатовы быў зьнішчыць? Але дзе лютасьць прыгнятальніка?
14. Хутка вызвалены будзе палонны, і не памрэ ў яміне, і ня мецьме патрэбы ў хлебе.
15. Я — Гасподзь Бог твой, Які ўзбурвае мора, так што хвалі яго равуць: Гасподзь Саваоф — імя Яго.
16. І Я ўкладу словы Мае ў вусны твае, і ценем рукі Маёй пакрыю цябе, каб зладзіць нябёсы і ўцьвердзіць зямлю і сказаць Сіёну: "ты Мой народ".
17. Акрыяй, акрыяй, паўстань, Ерусаліме, ты, які з рукі Госпада выпіў келіх лютасьці Ягонай, выпіў да дна келіх ап’яненьня, асушыў.
18. Ня было каму весьці яго з усіх сыноў, народжаных ім, і ня было каму падтрымаць яго за руку з усіх сыноў, якіх ён выгадаваў.
19. Цябе спасьціглі два бедствы, хто пашкадуе цябе? — спусташэньне і зьнішчэньне, голад і меч: кім Я суцешу цябе?
20. Сыны твае зьнемаглі, ляжаць па закутках усіх вуліц, як сарна ў цянётах, поўныя гневу Госпада, грозьбы Бога твайго.
21. Дык вось, выслухай гэта, пакутнік і ап’янелы, але не ад віна.
22. Так кажа Гасподзь твой, Гасподзь і Бог твой, што помсьціць за Свой народ: вось, Я бяру з рукі тваёй келіх ап’яненьня, дрожджы з келіха лютасьці Маёй: ты ўжо ня будзеш піць зь іх,
23. і падам яго ў рукі катам тваім, якія казалі табе: "упадзі ніцма, каб нам прайсьці па табе"; і ты хрыбет твой рабіў як бы зямлёю і вуліцаю праходжым.

Ісайя 52:1-15
1. Паўстань, паўстань, апраніся ў сілу тваю, Сіёне! Апраніся ў строі велічы тваёй, Ерусаліме, горадзе сьвяты! бо ня будзе болей уваходзіць у цябе неабрэзаны і нячысты.
2. Абтрасі зь сябе пыл; устань, палонны Ерусаліме! здымі ланцугі з шыі тваёй, паланёная дачка Сіёна!
3. Бо так кажа Гасподзь: за нішто былі вы прададзены, і бяз срэбра адкуплены будзеце;
4. бо так кажа Гасподзь: народ Мой хадзіў раней у Егіпет, каб там пажыць, і Асур уціскаў яго нізавошта.
5. І цяпер што ў Мяне тут? кажа Гасподзь,— народ Мой узяты дарам, уладары іхнія шалеюць, кажа Гасподзь, і ўвесь час, кожны дзень імя Маё няславіцца.
6. Таму народ Мой уведае імя Маё; таму ўведае ў той дзень, што Я той самы, Які сказаў: вось Я!
7. Якія прыгожыя на горах ногі дабравесьніка, што абвяшчае мір, зьвястуе радасьць, прапаведуе збавеньне, кажа Сіёну: "зацараваў Бог твой!"
8. Голас вартаўнікоў тваіх — яны ўзвысілі голас, і ўсе разам радуюцца, бо на свае вочы бачаць, што Гасподзь вяртаецца ў Сіён.
9. Радуйцеся, сьпявайце разам, руіны Ерусаліма, бо суцешыў Гасподзь народ Свой — адкупіў Ерусалім.
10. Агаліў Гасподзь сьвятую сілу Сваю на вачах усіх народаў,— і ўсе канцы зямлі ўбачаць збавеньне Бога нашага.
11. Ідзеце, ідзеце, выходзьце адтуль: не дакранайцеся да нячыстага; выходзьце з асяродзьдзя ягонага, ачысьціце сябе, носьбіты сасудаў Гасподніх!
12. бо вы выйдзеце не пасьпешліва, і не пабяжыце; бо паперадзе ў вас пойдзе Гасподзь, і Бог Ізраілеў будзе вартаю за вамі.
13. Вось, раб мой будзе ўсьцешаны посьпехам, узвысіцца і ўзьнясецца і ўзьвялічыцца.
14. Як многія дзіву даваліся, гледзячы на Цябе,— так было зьнявечана больш за ўсякага чалавека аблічча Яго, і выгляд Ягоны больш за сыноў чалавечых!
15. Так многія народы прывядзе Ён да подзіву; цары затуляць перад Ім вусны свае, бо яны ўбачаць тое, пра што ня было казана ім, і даведаюцца пра тое, чаго ня чулі.

Псалмы 111:5-10
5. Добры чалавек міласэрны і пазычае; ён дасьць цьвёрдасьць словам сваім на судзе.
6. Ён вавек не пахісьнецца, у вечнай памяці праведны будзе.
7. Не пабаіцца нядобрае славы; сэрца ў яго цьвёрдае, спадзяецца на Госпада.
8. Умацаванае сэрца ў яго; ён не збаіцца, калі гляне на ворагаў сваіх.
9. Ён шчодра раздаў, абдарыў убогіх; праўда ягоная застаецца навечна; рог ягоны ўзьнясецца ў славе.
10. Бязбожны гэта пабачыць і будзе злавацца. заскрыгоча зубамі сваімі, і растане. Жаданьне бязбожных загіне.

Прытчы 26:16-16
16. Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна.

Эфесянаў 2:1-22
1. І вас, мёртвых за злачынствы і грахі вашыя,
2. у якіх вы калісьці жылі, згодна са звычаямі сьвету гэтага, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзее цяпер у сынах супраціву,
3. сярод якіх і мы калісьці жылі ў нашых плоцкіх жадобах, выконваючы пахаценьне плоці і помыслаў, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія,
4. Бог, багаты міласэрнасьцю, зь вялікай сваёй любові, якою палюбіў вас,
5. і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, — мілатою вы ўратаваныя,
6. і ўваскрэсіў зь Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе,
7. каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце мілаты Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе.
8. Бо мілатою вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас, — Божы дар:
9. не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся.
10. Бо мы — Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць.
11. Дык вось памятайце, што вы, колісь язычнікі па плоці, якіх называлі "неабрэзанымі", так званыя "рукатворна абрэзаныя на плоці",
12. што вы былі ў той час бяз Хрыста, адсечаныя ад грамадзтва Ізраільскага, чужыя запаветам абяцаньня, ня мелі надзеі і былі бязбожнікі ў сьвеце;
13. а цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі колісь далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю:
14. бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў з двух адно і зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне,
15. скасаваўшы варожасьць Плоцьцю Сваёю, — а закон запаведзяў — вучэньнем, каб з двух стварыць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, сталюючы мір,
16. і ў адным целе прымірыць абодвух з Богам крыжам, забіўшы на гэтым варожасьць;
17. і, прыйшоўшы, "абвяшчаў мір вам, далёкім, і блізкім",
18. бо празь Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу.
19. Дык вось, вы ўжо ня чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
20. уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла,
21. на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе,
22. на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.