A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Верасень 24

Ісайя 39:1-8
1. На той час Мэрадах Валадан, сын Валаданаў, цар Вавілонскі, прыслаў Эзэкіі ліст і дарункі, бо чуў, што ён быў хворы і ачуняў.
2. І зарадаваўся пасланцам Эзэкія і паказаў ім дом скарбаў сваіх, срэбра і золата, і пахошчы і каштоўныя масьці, увесь збройны свой дом, і ўсё, што было ў скарбніцах ягоных,— нічога не засталося, чаго не паказаў бы ім Эзэкія ў доме сваім і ва ўсім валоданьні сваім.
3. І прыйшоў прарок Ісая да цара Эзэкіі і сказаў яму: што казалі гэтыя людзі? і адкуль яны прыходзілі да цябе? Эзэкія сказаў: з далёкай зямлі прыходзілі яны да мяне, з Вавілона.
4. І сказаў Ісая : што бачылі яны ў доме тваім? Эзэкія сказаў: бачылі ўсё, што ёсьць у доме маім; нічога не засталося ў скарбніцах маіх, чаго я не паказаў бы ім.
5. І сказаў Ісая Эзэкіі: выслухай слова Госпада Саваофа:
6. вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ёсьць у доме тваім і што назьбіралі бацькі твае да гэтага дня, будзе зьнесена ў Вавілон; нічога не застанецца, кажа Гасподзь.
7. І возьмуць з сыноў тваіх, якія выйдуць зь цябе, якіх ты народзіш,— і яны будуць еўнухамі ў палацы цара Вавілонскага.
8. І сказаў Эзэкія Ісаю: добрае слова Гасподняе, якое ты прамовіў; бо, дадаў ён, спакой і дабрабыт будуць у дні мае.

Ісайя 40:1-31
1. Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш;
2. кажэце да сэрца Ерусаліма і абвяшчайце яму, што споўніўся час змаганьня ягонага, што за няпраўды яго дадзена дараваньне, бо ён ад рукі Гасподняй атрымаў удвая за ўсе грахі свае.
3. Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сцежкі Богу нашаму;
4. кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
5. і зьявіцца слава Гасподняя, і ўбачыць кожная плоць выратаваньне Божае; бо вусны Гасподнія мовілі гэта.
6. Голас кажа: абвяшчай! і сказаў: што мне абвяшчаць? Кожная плоць — трава і ўся краса яе — нібы кветка польная.
7. Жухне трава; вяне кветка, як павее на яе ад Госпада: так і народ — трава.
8. Трава жухне, кветка вяне, а слова Бога нашага жыцьме вечна.
9. Узыдзі на высокую гару, Сіёне, які абвяшчаеш дабро! узвысь моцна твой голас, Ерусаліме, які абвяшчаеш дабро! узвысь, ня бойся; скажы гарадам Юдавым: вось — Бог ваш!
10. Вось, Гасподзь Бог ідзе з моцаю, і сіла Яго з уладаю. Вось, узнагарода Яго зь Ім і аддача Ягоная перад абліччам Яго.
11. Як пастух Ён будзе пасьвіць Свой статак; ягнят будзе браць на рукі і насіць на грудзях Сваіх, і вадзіць дойных.
12. Хто вычарпаў воды прыгаршчамі сваімі і пядзяю вымераў нябёсы, і паклаў у меру пыл зямлі і ўзважыў на вагах горы і на шалях вагавых пагоркі?
13. Хто ўразумеў дух Госпада, і быў дарадцам у Яго і вучыў Яго?
14. З кім раіцца Ён, і хто наводзіць на розум Яго і настаўляе Яго на шлях праўды, і вучыць Яго ведам і паказвае Яму дарогу мудрасьці?
15. Вось народы — як кропля зь вядра, і лічацца як пылінка на вагах. Вось, выспы як парушынку ўзносіць Ён.
16. І Лівана ня хопіць на ахвярны агонь, і жывёлаў на ім — на цэласпаленьне.
17. Усе народы перад Ім як нішто, — менш за нішто і за пустату ўважаюцца ў Яго.
18. Дык вось, да каго ж прыпадобніце вы Бога?І якое падабенства знойдзеце Яму?
19. Балвана вылівае майстар і залатар пакрывае яго золатам і срэбныя ланцужкі прырабляе.
20. А хто бедны на такое прынашэньне, выбірае нятрухлае дрэва, шукае сабе ўмелага майстра, каб зрабіць балвана, які стаяў бы цьвёрда.
21. Хіба ня ведаеце? хіба вы ня чулі? хіба вам ня казана было ад пачатку? хіба вы не ўразумелі асноваў зямлі?
22. Ён ёсьць Той, Які сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе — як саранча перад Ім; Ён распрасьцёр нябёсы, як тонкую тканіну, і расхінуў іх, як намёт пад жытло.
23. Ён ператварае князёў у нішто, нікчэмніць судзьдзяў зямных.
24. Ледзь толькі яны пасаджаны, ледзь толькі пасеяны, ледзь толькі ўкараніўся ў зямлю камель іх, як толькі Ён дзьмухнуў на іх, яны высахлі, і віхура іх зьнесла, як салому.
25. Да каго ж вы Мяне прыпадобніце і з кім параўнаеце? кажа Сьвяты.
26. Узьвядзеце вочы вашыя ў высі нябёсаў і паглядзеце, хто стварыў іх? Хто выводзіць войска іх лікам? Ён іх усіх называе імем: праз моцную магутнасьць і вялікую сілу ў Яго нішто не прападае.
27. Як жа кажаш ты, Якаве, і выказваеш, Ізраіле: "дарога мая схавана ад Госпада, і дзея мая забытая ў Бога майго"?
28. Хіба ты ня ведаеш? хіба ты ня чуў, што вечны Гасподзь Бог, Які стварыў канцы зямлі, не стамляецца і не зьнемагае; розум Яго недасьледны.
29. Ён дае стомленаму сілу і даруе зьнямогламу маладосьць.
30. Стамляюцца і юнакі і слабнуць, і маладыя людзі падаюць,
31. а тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца.

Псалмы 108:21-25
21. Са мною, Госпадзе, Госпадзе, чыні дзеля імя Твайго, бо добрая міласьць Твая; уратуй мяне,
22. бо я бедны і ўбогі, і сэрца маё паранена ўва мне.
23. Я зьнікаю, быццам цень, калі хіліцца дзень, гоняць мяне, як саранчу.
24. Калені мае зьнемаглі ад посту, і цела маё засталося бяз тлушчу.
25. Я зрабіўся для іх пасьмешышчам; убачыўшы мяне, галовамі круцяць.

Прытчы 26:2-2
2. Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца.

Галатаў 2:1-21
1. Потым, праз чатырнаццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Ерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.
2. А хадзіў паводле адкрыцьця і абвясьціў там, і асобна самым пашаноўным, Дабравесьце, якое я прапаведую язычнікам: ці ня марна я дзею альбо дзеяў.
3. Але яны і Ціта, які быў са мною, хоць і Эліна, ня прымушалі абразацца.
4. А што да аблудных ілжэбратоў, якія пракраліся да нас падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,
5. дык мы ні на хвіліну не паступіліся і не ўпакорыліся ім, каб ісьціна зьвеставаньня захавалася чыстаю ў вас.
6. І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;
7. наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,
8. бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, -
9. і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,
10. толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.
11. Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.
12. Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.
13. Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.
14. Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-юдэйску?
15. Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;
16. аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закону, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закону; бо дзеямі закону не апраўдваецца ніякая плоць.
17. Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, — дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!
18. Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.
19. Праз закон я памёр для закону, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,
20. і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.
21. Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.