Песнь Пясней 3:1-11 |
1. Я начамі на ложку шукала каханага сэрца майго, я шукала яго, не знайшла. |
2. Устану, і горад увесь абыду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла. |
3. Сустрэлі мяне вартавыя, што па горадзе йшлі дазорам: "Ці бачылі вы, каго сэрцам кахаю?" |
4. Толькі я іх мінула, як знайшла, каго сэрцам кахаю; ухапілася за яго, не адпусціла яго, прывяла яго ў дом сваёй маці, у сьвяцёлку роднае маці сваёй, у харомы той, што мяне нарадзіла. |
5. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама! |
6. Хто там выходзіць з пустэльні, нібыта слуп дыму, хто там акураны мірай, пахошчамі і фіміямамі ўсякімі? |
7. Вось Саламонаў ложак: шасьцьдзясят мужчын навокал яго, дужых мужоў Ізраільскіх. |
8. І кожны мечам аперазаны, кожны навучаны біцца; у кожнага меч пры баку дзеля страху начнога. |
9. Паланкін зрабіў сабе цар з дрэваў Ліванскіх, |
10. слупцы ў ім зрабіў са срэбра, більцы з золата, а з пурпуры падушка; а ўсярэдзіне ўслалі любоўна Ерусалімскія дочкі. |
11. Выходзьце, дзяўчаты, на цара Саламона зірнеце, дочкі Сіёнскія, на вянок, якім яго маці ў дзень вясельля ўвянчала, у дзень радасьці сэрца ягонага. |
Песнь Пясней 4:1-16 |
1. Якая прыгожая ты, каханая, прыгожая ты! Вочы твае — галубіцы пад кудзеркамі тваімі; твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх, |
2. твае зубы — як стрыжаныя авечкі, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай; |
3. як чырвоная стужка — губы твае, і любасныя твае вусны; як палавінкі граната — шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі; |
4. як Давідава вежа — шыя твая, узьнесеная ўгору, тысячай шчытоў увешаная, — а ўсе шчыты — дужых. |
5. Грудзі твае — як двайняткі юнае сарны, пасуцца яны між лілеямі. |
6. Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, я ўзыду на пагорак міравы, на гару фіміямную. |
7. Уся ты прыгожая, любасьць мая, і няма на табе заганы! |
8. Са мною зь Лівана, нявеста, са мною зь Лівана прыйдзі! Зірні зь вяршыні Аманы, зь вяршыні Сэніра, з Хэрмона, ад ільвіных пячораў і з барсавых гор! |
9. Паланіла ты сэрца маё, сястрыца, нявеста, паланіла ж ты сэрца маё адным паглядам вачэй, пацеркамі аднымі на шыйцы тваёй. |
10. Якія пяшчотныя ласкі твае, сястрыца, нявеста, о, як намнога ласкі твае лепшыя за віно, і водар мазяў тваіх лепшы за ўсе бальзамы! |
11. Сотавы мёд цякучы — губы твае, нявеста, мёд, малако пад тваім языком, і водар адзежы тваёй, як духмянасьць Лівана. |
12. Зачынены сад, сястрыца, нявеста, зачынены сад, запячатаная крыніца: |
13. зарасьнікі твае — гранатавы гай з сакавітымі пладамі, кіперы з нардамі, |
14. нард і шафран, аер і карынка, расьліны духмяныя, міра, альяс і найлепшы бальсан; |
15. калодзеж садоў — крыніца з жывою вадою, і крыніцы зь Лівана! |
16. Паўстань, паўстань, вецер сіберны, прыйдзі вецер з поўдня, падзьмі, вецер, на сад мой, хай разьліецца водар яго! — Хай увойдзе мой любасны ў сад свой, хай скаштуе пладоў сакавітых. |
Псалмы 103:10-23 |
10. Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды, |
11. пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю. |
12. Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы. |
13. Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца. |
14. Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў, |
15. і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку. |
16. Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў; |
17. на іх гняздуюцца птушкі: яліны — пад гняздо буслам, |
18. высокія горы — сарнам; каменныя скалы — сховы зайцам. |
19. Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад. |
20. Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры; |
21. ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе. |
22. Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы; |
23. выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара. |
Прытчы 24:17-18 |
17. Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца. |
18. Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў. |
1 Карынфянаў 12:1-31 |
1. Не хачу пакідаць вас, браты, каб ня ведалі вы і пра дары духоўныя. |
2. Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, дык хадзілі да безгалосых ідалаў — так, быццам вялі вас. |
3. Таму маўляю вам, што ніхто, гаворачы ў Духу Божым, ня вымавіць анафэмы на Ісуса, і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі ў Духу Сьвятым. |
4. Дары ёсьць розныя, а Дух адзін і той самы; |
5. і служэньні розныя, а Гасподзь адзін і той самы; |
6. і дзеяньні розныя, а Бог адзін і той самы, Які дзее ўсё ва ўсіх. |
7. Але кожнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць: |
8. аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веданьня, тым самым Духам; |
9. іншаму вера, тым самым Духам; іншаму дар ацаленьня, тым самым Духам; |
10. іншаму цудадзействы, іншаму прароцтва, іншаму распазнаньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў. |
11. А ўсё гэта дзее адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму заўгодна. |
12. Бо, як цела адно, але мае многа чэлесаў, і ўсе чэлесы аднаго цела, хоць іх многа, складаюць адно цела, — так і Хрыстос. |
13. Бо ўсе мы адным Духам хрысьціліся ў адно цела, Юдэі альбо Эліны, рабы альбо вольнікі, і ўсе напоены адным Духам. |
14. А цела не з аднаго чэлеса, а з многіх. |
15. Калі нага кажа: я не належу да цела, бо я ня рука, дык няўжо яна таму не належыць да цела? |
16. І калі вуха скажа: я не належу да цела, бо я ня вока, дык няўжо яно таму не належыць да цела? |
17. Калі ўсё цела — вока, дык дзе слых? Калі ўсё — слых, дык дзе нюх? |
18. Бог разьмеркаваў чэлесы, кожнаму ў целе, як Яму было заўгодна. |
19. А калі б усе былі адным чэлесам, дык дзе было б цела? |
20. А цяпер чэлесаў многа, а цела адно. |
21. Ня можа вока сказаць руцэ: ты мне не патрэбная; альбо ж таксама галава нагам: вы мне не патрэбныя. |
22. Наадварот, чэлесы цела, якія здаюцца слабейшымі, намнога больш патрэбныя, |
23. і якія нам здаюцца меней высакароднымі ў целе, іх мы якраз і атачаем найбольшым дбаньнем; |
24. і няпрыстойныя нашыя чэлесы патрабуюць асаблівага ўпрыстойваньня, а прыстойныя нашыя чэлесы ня маюць патрэбы ў гэтым. Але Бог так суразьмерыў цела, што менш дасканаламу чэлесу наказаў большае дбаньне, |
25. каб ня было падзелу ў целе, а ўсе чэлесы аднолькава рупіліся адзін пра аднаго. |
26. Таму, калі пакутуе адзін чэлес, пакутуюць разам зь ім усе чэлесы; славіцца адзін чэлес, зь ім радуюцца ўсе чэлесы. |
27. І вы — цела Хрыстовае, а паасобку — чэлесы. |
28. І адных Бог паставіў у Царкве, па-першае, апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэйцяе, настаўнікамі; далей адным даў сілу цудадзейную, таксама дары ацаленьня, дапамогі, кіраваньня, розныя мовы. |
29. Ці ўсе апосталы? ці ўсе прарокі? ці ўсе настаўнікі? ці ўсе цудадзеі? |
30. ці ўсе маюць дар ацаленьня? ці ўсе гавораць мовамі? ці ўсе тлумачаць? |
31. Дбайце пра дары большыя, і я пакажу вам шлях яшчэ лепшы. |