A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Верасень 2

Песнь Пясней 3:1-11
1. Я начамі на ложку шукала каханага сэрца майго, я шукала яго, не знайшла.
2. Устану, і горад увесь абыду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла.
3. Сустрэлі мяне вартавыя, што па горадзе йшлі дазорам: "Ці бачылі вы, каго сэрцам кахаю?"
4. Толькі я іх мінула, як знайшла, каго сэрцам кахаю; ухапілася за яго, не адпусціла яго, прывяла яго ў дом сваёй маці, у сьвяцёлку роднае маці сваёй, у харомы той, што мяне нарадзіла.
5. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!
6. Хто там выходзіць з пустэльні, нібыта слуп дыму, хто там акураны мірай, пахошчамі і фіміямамі ўсякімі?
7. Вось Саламонаў ложак: шасьцьдзясят мужчын навокал яго, дужых мужоў Ізраільскіх.
8. І кожны мечам аперазаны, кожны навучаны біцца; у кожнага меч пры баку дзеля страху начнога.
9. Паланкін зрабіў сабе цар з дрэваў Ліванскіх,
10. слупцы ў ім зрабіў са срэбра, більцы з золата, а з пурпуры падушка; а ўсярэдзіне ўслалі любоўна Ерусалімскія дочкі.
11. Выходзьце, дзяўчаты, на цара Саламона зірнеце, дочкі Сіёнскія, на вянок, якім яго маці ў дзень вясельля ўвянчала, у дзень радасьці сэрца ягонага.

Песнь Пясней 4:1-16
1. Якая прыгожая ты, каханая, прыгожая ты! Вочы твае — галубіцы пад кудзеркамі тваімі; твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх,
2. твае зубы — як стрыжаныя авечкі, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай;
3. як чырвоная стужка — губы твае, і любасныя твае вусны; як палавінкі граната — шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі;
4. як Давідава вежа — шыя твая, узьнесеная ўгору, тысячай шчытоў увешаная, — а ўсе шчыты — дужых.
5. Грудзі твае — як двайняткі юнае сарны, пасуцца яны між лілеямі.
6. Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, я ўзыду на пагорак міравы, на гару фіміямную.
7. Уся ты прыгожая, любасьць мая, і няма на табе заганы!
8. Са мною зь Лівана, нявеста, са мною зь Лівана прыйдзі! Зірні зь вяршыні Аманы, зь вяршыні Сэніра, з Хэрмона, ад ільвіных пячораў і з барсавых гор!
9. Паланіла ты сэрца маё, сястрыца, нявеста, паланіла ж ты сэрца маё адным паглядам вачэй, пацеркамі аднымі на шыйцы тваёй.
10. Якія пяшчотныя ласкі твае, сястрыца, нявеста, о, як намнога ласкі твае лепшыя за віно, і водар мазяў тваіх лепшы за ўсе бальзамы!
11. Сотавы мёд цякучы — губы твае, нявеста, мёд, малако пад тваім языком, і водар адзежы тваёй, як духмянасьць Лівана.
12. Зачынены сад, сястрыца, нявеста, зачынены сад, запячатаная крыніца:
13. зарасьнікі твае — гранатавы гай з сакавітымі пладамі, кіперы з нардамі,
14. нард і шафран, аер і карынка, расьліны духмяныя, міра, альяс і найлепшы бальсан;
15. калодзеж садоў — крыніца з жывою вадою, і крыніцы зь Лівана!
16. Паўстань, паўстань, вецер сіберны, прыйдзі вецер з поўдня, падзьмі, вецер, на сад мой, хай разьліецца водар яго! — Хай увойдзе мой любасны ў сад свой, хай скаштуе пладоў сакавітых.

Псалмы 103:10-23
10. Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды,
11. пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю.
12. Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы.
13. Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца.
14. Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў,
15. і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку.
16. Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў;
17. на іх гняздуюцца птушкі: яліны — пад гняздо буслам,
18. высокія горы — сарнам; каменныя скалы — сховы зайцам.
19. Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад.
20. Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры;
21. ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе.
22. Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы;
23. выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара.

Прытчы 24:17-18
17. Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца.
18. Інакш убачыць Гасподзь, і не дас­падобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў.

1 Карынфянаў 12:1-31
1. Не хачу пакідаць вас, браты, каб ня ведалі вы і пра дары духоўныя.
2. Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, дык хадзілі да безгалосых ідалаў — так, быццам вялі вас.
3. Таму маўляю вам, што ніхто, гаворачы ў Духу Божым, ня вымавіць анафэмы на Ісуса, і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі ў Духу Сьвятым.
4. Дары ёсьць розныя, а Дух адзін і той самы;
5. і служэньні розныя, а Гасподзь адзін і той самы;
6. і дзеяньні розныя, а Бог адзін і той самы, Які дзее ўсё ва ўсіх.
7. Але кожнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць:
8. аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веданьня, тым самым Духам;
9. іншаму вера, тым самым Духам; іншаму дар ацаленьня, тым самым Духам;
10. іншаму цудадзействы, іншаму прароцтва, іншаму распазнаньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў.
11. А ўсё гэта дзее адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму заўгодна.
12. Бо, як цела адно, але мае многа чэлесаў, і ўсе чэлесы аднаго цела, хоць іх многа, складаюць адно цела, — так і Хрыстос.
13. Бо ўсе мы адным Духам хрысьціліся ў адно цела, Юдэі альбо Эліны, рабы альбо вольнікі, і ўсе напоены адным Духам.
14. А цела не з аднаго чэлеса, а з многіх.
15. Калі нага кажа: я не належу да цела, бо я ня рука, дык няўжо яна таму не належыць да цела?
16. І калі вуха скажа: я не належу да цела, бо я ня вока, дык няўжо яно таму не належыць да цела?
17. Калі ўсё цела — вока, дык дзе слых? Калі ўсё — слых, дык дзе нюх?
18. Бог разьмеркаваў чэлесы, кожнаму ў целе, як Яму было заўгодна.
19. А калі б усе былі адным чэлесам, дык дзе было б цела?
20. А цяпер чэлесаў многа, а цела адно.
21. Ня можа вока сказаць руцэ: ты мне не патрэбная; альбо ж таксама галава нагам: вы мне не патрэбныя.
22. Наадварот, чэлесы цела, якія здаюцца слабейшымі, намнога больш патрэбныя,
23. і якія нам здаюцца меней высакароднымі ў целе, іх мы якраз і атачаем найбольшым дбаньнем;
24. і няпрыстойныя нашыя чэлесы патрабуюць асаблівага ўпрыстойваньня, а прыстойныя нашыя чэлесы ня маюць патрэбы ў гэтым. Але Бог так суразьмерыў цела, што менш дасканаламу чэлесу наказаў большае дбаньне,
25. каб ня было падзелу ў целе, а ўсе чэлесы аднолькава рупіліся адзін пра аднаго.
26. Таму, калі пакутуе адзін чэлес, пакутуюць разам зь ім усе чэлесы; славіцца адзін чэлес, зь ім радуюцца ўсе чэлесы.
27. І вы — цела Хрыстовае, а паасобку — чэлесы.
28. І адных Бог паставіў у Царкве, па-першае, апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэйцяе, настаўнікамі; далей адным даў сілу цудадзейную, таксама дары ацаленьня, дапамогі, кіраваньня, розныя мовы.
29. Ці ўсе апосталы? ці ўсе прарокі? ці ўсе настаўнікі? ці ўсе цудадзеі?
30. ці ўсе маюць дар ацаленьня? ці ўсе гавораць мовамі? ці ўсе тлумачаць?
31. Дбайце пра дары большыя, і я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.