A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Верасень 16

Ісайя 23:1-18
1. Прароцтва пра Тыр. — Галасеце, караблі Тарсіса, бо ён разбураны: няма дамоў, і няма каму заходзіць у дамы. Так ім абвешчана зь зямлі Кітыйскай.
2. Замоўкніце, насельнікі вострава, які напаўнялі купцы Сідонскія, што плаваюць морам.
3. Па вялікіх водах прывозілі ў яго насеньне Сіхора, ужынак вялікай ракі, і быў ён торжышчам народаў.
4. Пасаромейся, Сідоне; бо вось што кажа мора, крэпасьць марская: як ня мучылася родамі і не раджала, і ня выхоўвала юнакоў, не гадавала дзяўчат.
5. Калі вестка дойдзе да Егіпцянаў, здрыгануцца яны, пачуўшы пра Тыр.
6. Перасяляйцеся ў Тарсіс, галасеце, насельнікі вострава!
7. Ці гэта ваш узьвяселены горад, якога пачатак ёсьць ад дзён старадаўніх? Ногі ягоныя нясуць яго бадзяцца ў краіне далёкай.
8. Хто вызначыў гэта Тыру, які раздаваў вянкі, купцы якога былі князі, гандляры — знакамітасьці зямлі?
9. Гасподзь Саваоф вызначыў гэта, каб пасароміць пыхлівасьць усялякай славы, каб прынізіць усе знакамітасьці зямлі.
10. Хадзі па зямлі тваёй, дачка Тарсісава, як рака: няма болей завады.
11. Ён прасьцёр руку сваю на мора, скалануў царствы; Гасподзь даў наказ пра Ханаан — разбурыць крэпасьці ягоныя.
12. І сказаў: ты ня будзеш больш радавацца, пасаромленая дзяўчына, дачка Сідона! Уставай, ідзі ў Кітым, але і там ня будзе табе спакою.
13. Вось зямля Халдэяў. Гэтага народу раней ня было; Асур даў яму пачатак з насельнікаў пустыняў. Яны ставяць вежы свае, разбураюць харомы яго, ператвараюць яго ў руіны.
14. Галасеце, караблі Тарсіскія! бо цьвярдыня ваша спустошана.
15. І будзе таго дня, забудуць Тыр на семдзесят гадоў, на меру дзён аднаго цараваньня. А празь семдзесят гадоў з Тырам станецца тое, як у песьні пра блудадзейку:
16. "вазьмі цытру, хадзі па горадзе, забытая блудадзейка! Іграй складна, сьпявай многа песьняў, каб пра цябе ўспаміналі".
17. І будзе празь семдзесят гадоў, Гасподзь наверне Тыр; і ён зноў пачне браць прыбытак свой, і будзе блудадзейнічаць з усімі царствамі зямнымі па ўсім сьвеце.
18. Але гандаль яго і прыбытак ягоны прысьвячаюцца Госпаду; ня будуць замкнутыя і пакладзеныя ў каморы, бо да тых, што жывуць перад абліччам Госпада, будзе пераходзіць прыбытак ад гандлю ягонага, каб яны елі да сытасьці і мелі вопратку моцную.

Ісайя 24:1-23
1. Вось, Гасподзь спусташае зямлю і робіць яе няплоднай; мяняе паверхню яе і расьсейвае тых, што жывуць на ёй.
2. І што будзе народу, тое і сьвятарам; што слузе, тое і гаспадару ягонаму; што служанцы, тое і гаспадыні яе; што пакупцу, тое і прадаўцу, што пазыкоўцу, тое і пазычальніку, што ліхвяру, тое і ліхвадаўцу.
3. Зямля спустошана ўшчэнт і зусім зрабаваная, бо Гасподзь вымавіў слова гэтае.
4. Бядуе заняпалая зямля; паніклы, заняпалы сусьвет; паніклі ўсе землі, што ўзвышаліся над народам.
5. І зямля апаганена пад тымі, што жывуць на ёй, бо яны пераступілі законы, зьмянілі статут, парушылі вечны запавет.
6. Затое праклён паядае зямлю, і нясуць кару тыя, што жывуць на ёй; затое спалены насельнікі зямлі, і няшмат засталося людзей.
7. Плача сок гронкі; баліць вінаграднай лазе; уздыхаюць усе, хто весяліўся сэрцам.
8. Спынілася весялосьць з тымпанамі; змоўк шум вясёлых; сьціхлі гукі арфы;
9. ужо ня п’юць віна зь песьнямі; згарчэла сікера піткам яе.
10. Разбураны апусьцелы горад, усе дамы замкнутыя, нельга ўвайсьці.
11. Плачуць па віне на вуліцах; запамрочылася ўсялякая радасьць; выгнана ўсялякая весялосьць зямлі.
12. У горадзе засталося запусьценьне, і брамы разваліліся.
13. А пасярод зямлі, паміж народамі, будзе тое самае, што бывае пры абіваньні масьлін, пры абіраньні вінаграду, калі закончаны збор.
14. Яны ўзвысяць свой голас, перамогуць у велічы Госпада, гучна клікацьмуць мора.
15. Дык вось, слаўце Госпада на ўсходзе, на выспах марскіх — імя Госпада Бога Ізраілевага.
16. Ад краю зямлі мы чуем песьню: "Слава Праведнаму!"І сказаў я: бяда мне, бяда мне! жаль мне! ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна.
17. Жудасьць і яма і пятля табе, жыхар зямлі!
18. Тады той, хто пабег ад крыку жудасьці, упадзе ў яму; і хто выйдзе зь ямы, трапіць у пятлю; бо вокны зь нябеснай вышыні адчыняцца, і асновы зямлі здрыгануцца.
19. Зямля руйнуецца, зямля распадаецца, зямля моцна патрэсена;
20. хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, і беззаконьне яе цяжарам на ёй; яна ўпадзе — і ўжо ня ўстане.
21. І станецца таго дня: наведае Гасподзь войска вышняе ў высях і цароў зямных на зямлі.
22. І будуць сабраныя разам, як вязьні, у яму і будуць увязьнены ў цямніцы, і праз многа дзён будуць пакараныя.
23. І счырванее месяц, і пасаромеецца сонца, калі Гасподзь Саваоф зацаруе на гары Сіёне і ў Ерусаліме, і перад старэйшынамі яго ўславіцца.

Псалмы 106:10-22
10. Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам;
11. бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі.
12. Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка.
13. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх,
14. вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы.
15. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых:
16. бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў.
17. Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае;
18. усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці.
19. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе;
20. паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх.
21. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
22. Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю!

Прытчы 25:17-17
17. Не ўчашчай у дом сябра твайго, каб ты не абрыд яму, каб ён не зьне­навідзеў цябе.

2 Карынфянаў 8:8-24
8. Кажу гэта не як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.
9. Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.
10. Я даю на гэта раду: бо гэта карысна вам, вы ня толькі пачалі рабіць гэта, але і жадалі таго яшчэ зь леташняга.
11. Завяршэце ж цяпер самую дзею, каб, чаго так моцна прагнулі, тое і зроблена было па магчымасьці.
12. Бо, калі ёсьць руплівасьць, дык яна прымаецца залежна ад таго, хто мае, а не ад таго, чаго ня мае.
13. Тут трэба, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
14. Сёньня ваш дастатак на пакрыцьцё іхняй нястачы; а пасьля іх дастатак на пакрыцьцё вашай нястачы, каб была роўнасьць,
15. як напісана: "хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто — мала, ня меў нястачы".
16. Дзякаваць Богу, што Ён уклаў у Цітава сэрца такую руплівасьць пра вас;
17. бо, хоць я і прасіў яго, але ён, будучы занадта руплівы, пайшоў да вас з добрае волі.
18. Зь ім паслалі мы таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах многа хваляць за зьвеставаньне,
19. і пры гэтым выбранага ад цэркваў у спадарожнікі нам для гэтага добрага пачынаньня, якому мы служым у славу Самога Госпада і ў згодзе з руплівасьцю вашай,
20. асьцерагаючыся, каб хто не наракаў на нас пры такой шчодрасьці прынашэньняў, якія давераны нашаму служэньню;
21. бо мы дбаем за дабро ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
22. Мы паслалі зь імі і брата нашага, чыю руплівасьць шмат разоў праверылі ў многім, і які сёньня яшчэ руплівейшы празь вялікі давер да вас.
23. Што да Ціта, гэта — мой сябар і супрацоўнік у вас; а што да братоў нашых, гэта — пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.
24. Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва ганарымся вамі.