Ісайя 19:1-24 |
1. Прароцтва пра Егіпет.— Вось, Гасподзь сядзіць на воблаку лёгкім і прыбывае ў Егіпет. І затрымцяць ад аблічча Яго ідалы Егіпецкія, і сэрца Егіпта растане ў ім. |
2. Я ўзбуру Егіпцянаў і будуць ваяваць брат супроць брата і сябар супроць сябра, горад з горадам, царства з царствам. |
3. І дух Егіпта зьняможацца ў ім, і заблытаю раду яго, — і пойдуць яны да ідалаў і да чарадзеяў, і да закліначоў мёртвых і да варажбітоў. |
4. І аддам Егіпцянаў у рукі валадара жорсткага, і люты цар запануе над імі, кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф. |
5. І скончыцца вада ў моры і рака зьвядзецца і высахне; |
6. і звузяцца рэкі, і каналы Егіпецкія сплытчэюць і высахнуць; павянуць чарот і трысьнёг. |
7. Лугі над ракою, па берагах ракі, і ўсё, пасеянае каля ракі, засохне, разьвеецца і счэзьне. |
8. І заплачуць рыбакі, і загалосяць усе, хто закідвае вуды ў раку, і хто ставіць мярэжы ў вадзе, западуць у роспач; |
9. і будуць зьбянтэжаны тыя, што апрацоўваюць лён, і ткачы белых палотнаў; |
10. і будуць панішчаны мярэжы, і ўсе, хто трымае садкі пад жывую рыбу, занепадуць духам. |
11. Так! страцілі розум князі Цаанскія; рада мудрых дарадцаў фараонавых страціла глузд. Як скажаце вы фараону: "я сын мудрацоў, сын цароў старажытных?" |
12. Дзе яны? дзе твае мудрацы? хай яны скажуць табе; хай даведаюцца, што Гасподзь Саваоф вызначыў пра Егіпет? |
13. Звар’яцелі князі Цаанскія; ашукаліся князі Мэмфіскія, і збочыў Егіпет з дарогі галавы плямёнаў ягоных. |
14. Гасподзь уліў у яго дух чмуру, — і яны ўвялі Егіпет у аблуду ва ўсіх чынах ягоных, падобна на тое, як ходзіць п’яны па ванітах сваіх. |
15. І ня будзе ў Егіпце такое дзеі, якую ўчыніць умелі б галава і хвост, пальма і трысьціна. |
16. У той дзень Егіпцяне будуць падобныя да жанчын і затрымцяць і забаяцца руху рукі Госпада Саваофа, якую Ён падыме на іх. |
17. Зямля Юдава зробіцца жудасьцю Егіпту; хто ўзгадае пра яе, той затрымціць ад вызначэньня Госпада Саваофа, якое Ён пастанавіў пра яго. |
18. У той дзень пяць гарадоў у зямлі Егіпецкай загавораць моваю Ханаанскай і будуць бажыцца Госпадам Саваофам; адзін назавецца горадам сонца. |
19. У той дзень ахвярнік Госпаду будзе пасярод зямлі Егіпецкай, і помнік Госпаду — каля межаў яе. |
20. І будзе ён азнакаю і сьведчаньнем пра Госпада Саваофа ў зямлі Егіпецкай, бо яны заклічуць да Госпада ад прыгнятальнікаў, і Ён пашле ім выратавальніка і заступніка, і выбавіць іх. |
21. Гасподзь явіць Сябе ў Егіпце; і Егіпцяне ў той дзень спазнаюць Госпада і прынясуць ахвяры і дарункі, і дадуць абяцаньні Госпаду, і выканаюць. |
22. І паб’е Гасподзь Егіпет, — паб’е і ацаліць: яны зьвернуцца да Госпада — і Ён пачуе іх і ацаліць іх. |
23. У той дзень зь Егіпта ў Асірыю будзе вялікая дарога, і будзе прыходзіць Асур у Егіпет, і Егіпцяне — у Асірыю; і Егіпцяне разам з Асірыйцамі служыцьмуць Госпаду. |
24. У той дзень Ізраіль будзе трэці зь Егіптам і Асірыяй; дабраславеньне будзе на зямлі, |
Ісайя 20:1-6 |
1. І ў год, калі Тартан прыйшоў у Азот, пасланы ад Саргона, цара Асірыйскага, і ваяваў супроць Азота і ўзяў яго,— |
2. у той самы час Гасподзь сказаў Ісаю, сыну Амосаваму, так: ідзі і здымі вярэту са сьцёгнаў тваіх, і скінь сандалі твае з ног тваіх. Ён так і зрабіў: хадзіў разьдзеты і босы. |
3. І сказаў Гасподзь: як раб Мой Ісая ходзіць разьдзеты і босы тры гады, на знак і прадказаньне пра Егіпет і Эфіопію,— |
4. так павядзе цар Асірыйскі палонных зь Егіпта і перасяленцаў з Эфіопіі, маладых і старых, разьдзетых і босых і з аголенымі сьцёгнамі, на сорам Егіпту. |
5. Тады жахнуцца і пасаромеюцца за Эфіопію, надзею сваю, і за Егіпет, якім хваліліся. |
6. І скажуць у той дзень жыхары гэтай краіны: вось якія яны, на каго мы спадзяваліся і да якіх прыходзілі па дапамогу, каб уратавацца ад цара Асірыйскага! і як уратаваліся б мы? |
Псалмы 105:40-48 |
40. І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю |
41. і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі. |
42. Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю. |
43. Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё. |
44. Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі, |
45. і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх, |
46. і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон. |
47. Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю. |
48. Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя! |
Прытчы 25:13-13 |
13. Што прахалода ад сьнегу ў жніва, тое верны пасол таму, хто яго пасылае: ён прыносіць душы гаспадара свайго радасьць. |
2 Карынфянаў 6:1-18 |
1. А мы, як памочнікі ў працы, просім вас, каб мілата Божая ня марна была прынята вамі. |
2. Бо сказана: "у часіну спрыяльную пачуў Я цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог табе". Вось цяпер часіна спрыяльная, вось, цяпер дзень выратаваньня. |
3. Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не выстаўляць на глум служэньне, |
4. а ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасьці, у бедах, у гаротах, ва ўцісках, |
5. пад ударамі, у вязьніцах, у выгнаньнях, на працы, у чуваньнях, у пастах, |
6. у чысьціні, у добрай разумнасьці, у вялікадушнасьці, у даброці, у Духу Сьвятым, у шчырай любові, |
7. у слове ісьціны, у моцы Божай, са зброяю праўды ў правай і ў левай руцэ, |
8. у славе і няславе, пры ганьбе і хвале: нас лічаць ашуканцамі, але мы верныя; |
9. мы невядомыя, але нас пазнаюць; нас лічаць нябожчыкамі, але вось, мы жывыя; мы караныя, але мы не паміраем; |
10. нас засмучаюць, а мы заўсёды радуемся; мы гаротнікі, але многіх багацім; мы нічога ня маем, але ўсім валодаем. |
11. Вусны нашыя адкрытыя вам, Карынфяне, сэрца нашае расшырана. |
12. Вам ня цесна ў нас; а ў сэрцах вашых цесна. |
13. Такою ж роўнаю мераю — кажу вам, як дзецям, — зрабеце і вашае сэрца шырокім! |
14. Ня ўгінайцеся пад чужое ярмо зь нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасьці зь беззаконьнем? што супольнага ў сьвятла зь цемраю? |
15. Якая згода паміж Хрыстом і Вэліярам? Альбо якая саўдзельнасьць у верніка зь няверным? |
16. Якая агульнасьць храма Божага зь ідаламі? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: "усялюся ў іх і буду хадзіць у іх; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам". |
17. І таму выйдзіце зь іхняга асяродзьдзя і аддзялецеся, — кажа Гасподзь, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас |
18. і буду вам за Айца, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Усеўладны". |