Ёва 9:1-35 |
1. І адказваў Ёў і сказаў: |
2. праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам? |
3. Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы. |
4. Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі? |
5. Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім; |
6. зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць: |
7. скажа сонцу, — і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку. |
8. Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора; |
9. стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня; |
10. робіць вялікае, непаддосьледнае і цудоўнае бясконца! |
11. Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго. |
12. Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш? |
13. Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства. |
14. Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім? |
15. Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго. |
16. Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той, |
17. Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае, |
18. не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі. |
19. Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім? |
20. Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым. |
21. Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім. |
22. Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага. |
23. Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца. |
24. Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж? |
25. Дні мае хутчэйшыя за ганца, — бягуць, ня бачаць дабра, |
26. імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу. |
27. Калі сказаць мне: "забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся", |
28. дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым. |
29. Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую? |
30. Хоць бы я абмыўся і снежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае, |
31. дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая. |
32. Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд! |
33. Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас. |
34. Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, |
35. і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе. |
Ёва 10:1-22 |
1. Абрыдла душы маёй жыццё маё: аддамся журбоце маёй; гаварыцьму ў гароце душы маёй. |
2. Скажу Богу: не вінаваці мяне; абвясьці мне, за што Ты са мною змагаешся? |
3. Ці добра Табе, што Ты прыгнятаеш, што пагарджаеш дзеяй рук Тваіх, а на раду бязбожных пасылаеш сьвятло? |
4. Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек? |
5. Хіба дні Твае, як дні ў чалавека, альбо леты Твае, як дні ў мужчыны, |
6. што Ты шукаеш заганы ўва мне і дапытваешся грэху ўва мне, |
7. хоць ведаеш, што я не беззаконьнік, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Тваёй? |
8. Твае рукі працавалі над мною і ўтварылі ўсяго мяне цалкам, — і Ты губіш мяне? |
9. Успомні, што Ты, як гліну, урабіў мяне, і ў пыл ператвараеш мяне? |
10. Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як тварог, згусьціў мяне, |
11. скураю і плоцьцю апрануў мяне, косткамі і жыламі змацаваў мяне, |
12. жыцьцё і мілату падарыў мне, і клопат Твой ахоўваў дух мой? |
13. Але і тое хаваў Ты ў сэрцы Сваім, — ведаю, што гэта было ў Цябе, — |
14. што калі я зграшу, Ты заўважыш і не пакінеш грэху майго без пакараньня. |
15. Калі я вінаваты, гора мне! калі і мая праўда, дык не адважуся падняць галавы маёй. Я сыты прыніжэньнем; паглядзі на гора маё: |
16. яно павялічваецца. Ты гонішся за мною, як леў, і зноў нападаеш на мяне і дзівосным зьяўляешся мне. |
17. Выводзіш новых сьведкаў Тваіх супроць мяне; узмацняеш гнеў Твой на мяне; і беды, адны за аднымі, паўстаюць супроць мяне. |
18. І навошта Ты вывеў мяне з чэрава? хай бы я памёр, калі яшчэ нічыё вока ня бачыла мяне; |
19. хай бы я, як нябылы, з чэрава перанесены быў у магілу! |
20. Ці не кароткія дні мае? Пакінь, адступіся ад мяне, каб я крыху падбадзёрыўся, |
21. перш чым адыду, — і ўжо не вярнуся, — у край цемры і ценю сьмяротнага, |
22. у край змроку, які ёсьць змрок ценю сьмяротнага, дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра. |
Псалмы 92:1-5 |
1. Пахвальная песьня Давідава. У дзень суботні, калі заселена зямля. Царуе Гасподзь; Ён у веліч убраны, убраны Гасподзь у магутнасьць і перапаясаны: сусьвет таму цьвёрды, ня зрушыцца. |
2. Трон Твой угрунтаваны спаконвечна; Ты — ад вечнасьці. |
3. Узвышаюць рэкі, Госпадзе, узвышаюць рэкі голас свой, узвышаюць рэкі хвалі свае. |
4. Але над шумам водаў вялікіх, моцных хваляў марскіх, моцны ў вышынях Гасподзь. |
5. Сьведчаньні Твае бяз сумненьня пэўныя. Дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць на доўгія дні. |
Прытчы 22:22-23 |
22. Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме; |
23. бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх. |
Рымлянаў 9:16-33 |
16. Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе. |
17. Бо Пісаньне кажа фараону: "На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі". |
18. Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім. |
19. Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай? |
20. А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў? |
21. Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі — на буднае? |
22. Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель, |
23. каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, — |
24. над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў? |
25. Як і ў Асіі кажа: "ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю". |
26. І на тым месцы, дзе сказана ім: "вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога". |
27. А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: "хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца; |
28. бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі". |
29. і як прадказаў Ісая: "калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы". |
30. Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры; |
31. а Ізраіль, які шукаў закону праведнасьці, не дайшоў да закону праведнасьці. |
32. Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закону; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня, |
33. як напісана: "вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца". |