A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Аўгусту 9

Ёва 9:1-35
1. І адказваў Ёў і сказаў:
2. праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?
3. Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.
4. Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?
5. Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;
6. зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:
7. скажа сонцу, — і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.
8. Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;
9. стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;
10. робіць вялікае, непаддосьледнае і цудоўнае бясконца!
11. Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.
12. Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?
13. Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.
14. Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?
15. Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.
16. Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,
17. Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,
18. не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.
19. Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?
20. Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.
21. Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.
22. Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.
23. Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.
24. Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?
25. Дні мае хутчэйшыя за ганца, — бягуць, ня бачаць дабра,
26. імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.
27. Калі сказаць мне: "забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся",
28. дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.
29. Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?
30. Хоць бы я абмыўся і снежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,
31. дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.
32. Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!
33. Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.
34. Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне,
35. і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.

Ёва 10:1-22
1. Абрыдла душы маёй жыццё маё: аддамся журбоце маёй; гаварыцьму ў гароце душы маёй.
2. Скажу Богу: не вінаваці мяне; абвясьці мне, за што Ты са мною змагаешся?
3. Ці добра Табе, што Ты прыгнятаеш, што пагарджаеш дзеяй рук Тваіх, а на раду бязбожных пасылаеш сьвятло?
4. Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?
5. Хіба дні Твае, як дні ў чалавека, альбо леты Твае, як дні ў мужчыны,
6. што Ты шукаеш заганы ўва мне і дапытваешся грэху ўва мне,
7. хоць ведаеш, што я не беззаконьнік, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Тваёй?
8. Твае рукі працавалі над мною і ўтварылі ўсяго мяне цалкам, — і Ты губіш мяне?
9. Успомні, што Ты, як гліну, урабіў мяне, і ў пыл ператвараеш мяне?
10. Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як тварог, згусьціў мяне,
11. скураю і плоцьцю апрануў мяне, косткамі і жыламі змацаваў мяне,
12. жыцьцё і мілату падарыў мне, і клопат Твой ахоўваў дух мой?
13. Але і тое хаваў Ты ў сэрцы Сваім, — ведаю, што гэта было ў Цябе, —
14. што калі я зграшу, Ты заўважыш і не пакінеш грэху майго без пакараньня.
15. Калі я вінаваты, гора мне! калі і мая праўда, дык не адважуся падняць галавы маёй. Я сыты прыніжэньнем; паглядзі на гора маё:
16. яно павялічваецца. Ты гонішся за мною, як леў, і зноў нападаеш на мяне і дзівосным зьяўляешся мне.
17. Выводзіш новых сьведкаў Тваіх супроць мяне; узмацняеш гнеў Твой на мяне; і беды, адны за аднымі, паўстаюць супроць мяне.
18. І навошта Ты вывеў мяне з чэрава? хай бы я памёр, калі яшчэ нічыё вока ня бачыла мяне;
19. хай бы я, як нябылы, з чэрава перанесены быў у магілу!
20. Ці не кароткія дні мае? Пакінь, адступіся ад мяне, каб я крыху падбадзёрыўся,
21. перш чым адыду, — і ўжо не вярнуся, — у край цемры і ценю сьмяротнага,
22. у край змроку, які ёсьць змрок ценю сьмяротнага, дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра.

Псалмы 92:1-5
1. Пахвальная песьня Давідава. У дзень суботні, калі заселена зямля. Царуе Гасподзь; Ён у веліч убраны, убраны Гасподзь у магутнасьць і перапаясаны: сусьвет таму цьвёрды, ня зрушыцца.
2. Трон Твой угрунтаваны спаконвечна; Ты — ад вечнасьці.
3. Узвышаюць рэкі, Госпадзе, узвышаюць рэкі голас свой, узвышаюць рэкі хвалі свае.
4. Але над шумам водаў вялікіх, моцных хваляў марскіх, моцны ў вышынях Гасподзь.
5. Сьведчаньні Твае бяз сумненьня пэўныя. Дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць на доўгія дні.

Прытчы 22:22-23
22. Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме;
23. бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх.

Рымлянаў 9:16-33
16. Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.
17. Бо Пісаньне кажа фараону: "На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі".
18. Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.
19. Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?
20. А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў?
21. Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі — на буднае?
22. Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель,
23. каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, —
24. над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў?
25. Як і ў Асіі кажа: "ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю".
26. І на тым месцы, дзе сказана ім: "вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога".
27. А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: "хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца;
28. бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі".
29. і як прадказаў Ісая: "калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы".
30. Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры;
31. а Ізраіль, які шукаў закону праведнасьці, не дайшоў да закону праведнасьці.
32. Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закону; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
33. як напісана: "вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца".