A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Аўгусту 8

Ёва 7:1-21
1. Ці ня вызначаны чалавеку час на зямлі, і дні ягоныя ці ж ня тое самае, што дні найміта?
2. Як раб прагне ценю і як найміт чакае канца працы сваёй,
3. так я атрымаў на долю месяцы марныя, і ночы бядотныя адмераны мне.
4. Калі кладуся, дык кажу: калі гэта ўстану? а вечар доўжыцца, і я варочаюся ўдосыць да самае раніцы.
5. Цела маё ў чарвяках і запыленых струпах; скура мая лопаецца і гнаіцца.
6. Дні мае бягуць хутчэй за чалавека і канчаюцца без надзеі.
7. Згадай, што жыццё маё павеў, што вока маё ня вернецца бачыць добрае.
8. Ня ўбачыць мяне вока таго, хто бачыў мяне; вочы Твае на мяне, — і няма мяне.
9. Радзее воблака і сыходзіць; так той, хто сышоў у апраметную, ня выйдзе,
10. ня вернеецца болей у дом свой, і месца ягонае ўжо ня будзе ведаць яго.
11. Ня буду ж я стрымліваць вуснаў маіх; буду гаварыць у сьцісласьці духу майго; буду скардзіцца ў бядоце душы маёй.
12. Хіба я мора альбо марская пачвара, што Ты паставіў над мною варту?
13. Калі падумаю: "суцешыць мяне пасьцель мая, зьнясе гароту маю ложак мой",
14. Ты палохаеш мяне снамі і відзежамі страшыш мяне;
15. і душа мая жадае лепей, каб спынілася дыханьне, лепей сьмерці, чым, каб зьберагліся косьці мае.
16. Апрыкрала мне жыццё. Ня вечна мне жыць. Адступіся ад мяне, бо дні мае марныя.
17. Што такое чалавек, што Ты так цэніш яго і зьвяртаеш на яго ўвагу Тваю,
18. наведваеш яго кожнае раніцы, кожнае імгненьне выпрабоўваеш яго?
19. Дакуль жа Ты не пакінеш, дакуль не адыдзеш ад мяне, дакуль не дасі мне праглынуць сьліну маю?
20. Калі я зграшыў, дык што я зраблю Табе, вартавы людзей! Навошта Ты паставіў мяне супраціўцам Сабе, што аж я зрабіўся самому сабе лішні?
21. І чаму б не дараваць мне грэху і ня зьняць зь мяне беззаконьня майго? бо, вось, я лягу ў пыле; заўтра пашукаеш мяне, і няма мяне.

Ёва 8:1-22
1. І адказваў Вілдад Саўхэянін і сказаў:
2. ці доўга ты будзеш гаварыць так? — словы вуснаў тваіх бурны вецер!
3. Няўжо Бог скажае суд, і Усеўладны ператварае праўду!
4. Калі сыны твае зграшылі прад Ім, дык Ён і аддаў іх у руку беззаконьня іхняга.
5. Калі ж ты знойдзеш Бога і памолішся Ўсеўладнаму,
6. і калі ты чысты і з праўдаю, дык Ён сёньня ж устане над табою і замірыць жытлішча праўды тваёй.
7. І калі спачатку ў цябе было мала, дык з часам будзе досыць многа.
8. Бо спытайся ў ранейшых родаў і паглыбіся ў назіраньні бацькоў іхніх;
9. а мы — учарашнія і нічога ня ведаем, бо нашыя дні на зямлі — цень.
10. Вось, яны цябе навучаць, скажуць табе і ад сэрца свайго вымавяць словы:
11. ці падымаецца трыснёг бязь вільгаці? ці расьце чарот без вады?
12. Яшчэ ён у сьвежасьці сваёй і ня зрэзаны, а раней за ўсякую траву засыхае.
13. Такія шляхі ўсіх, што забываюць Бога, і надзея крывадушніка загіне;
14. спадзяваньне ягонае падсечана, і ўпэўненасьць ягоная — дом павука.
15. Абапрэцца на дом свой і ня ўстоіць; ухопіцца за яго і ня ўтрымаецца.
16. Зелянее ён перад сонцам, а за сад прасьціраецца гольле ягонае;
17. у крушню ўплятаюцца карані ягоныя, паміж камянямі ўрэзваюцца.
18. Але калі вырвуць яго зь месца ягонага, яно адмовіцца ад яго: я ня бачыла цябе!
19. Вось радасьць шляху ягонага! а зь зямлі вырастуць іншыя.
20. Бачыш, Бог не адкідае беззаганнага і не падтрымлівае рук ліхадзеяў.
21. Ён яшчэ напоўніць сьмехам вусны твае і губы твае радасным клікам.
22. Ненавісьнікі твае апрануцца ў сорам, і намёту бязбожных ня стане.

Псалмы 91:8-15
8. Тым часам як бязбожныя растуць, бы трава, і ліхадзеі квітнеюць, каб зьнікнуць навечна, —
9. Ты, Госпадзе, высокі векавечна!
10. Бо вось, ворагі Твае, Госпадзе, — вось, ворагі Твае гінуць, і рассыпаюцца ўсе ліхадзеі;
11. а мой рог Ты падымаеш, як рог аднарога, і я ўмашчаны сьвежым алеем;
12. і вока маё глядзіць на ворагаў маіх, і вушы мае чуюць пра паўсталых на мяне злыдняў.
13. Праведнік цьвіце, як пальма, узвышаецца, быццам кедр на Ліване.
14. Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны цьвітуць на падворках Бога нашага;
15. яны і ў старасьці пладаносныя, сакавітыя і сьвежыя,

Прытчы 22:17-21
17. Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ве­даў;
18. бо добра будзе, калі ты будзеш ха­ваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць такс­ама на вуснах тваіх.
19. Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай.
20. Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў па­радах і ў настаўленьні,
21. каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе?

Рымлянаў 9:1-15
1. Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
2. што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:
3. я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;
4. гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;
5. іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.
6. Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,
7. і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): "у Ісааку назавецца табе семя".
8. Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці — дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.
9. А слова абяцаньня такое: "у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын".
10. І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;
11. бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць
12. залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), — сказана было ёй: "большы будзе ў паслужэньні ў меншага",
13. як і напісана: "Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў".
14. Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!
15. Бо Ён кажа Майсею: "каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую".