A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Аўгусту 6

Ёва 3:1-26
1. Пасьля таго разамкнуў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой.
2. І пачаў Ёў і сказаў:
3. хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек!
4. Дзень той хай будзе цемраю; хай не дагледзіць яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятло!
5. Хай запамрочыць яго цемра і цень сьмяротны, хай завалачэ яго хмара, хай баяцца яго, як палючае спёкі!
6. Ноч тая, — хай забярэ яе змрок, хай не залічыцца яна ў дні года, хай ня ўвойдзе ў лік месяцаў!
7. О! ноч тая — хай будзе яна бязьлюдная; хай ня ўвойдзе ў яе весялосьць!
8. Хай праклянуць яе кляцьбіты дня, здольныя разбудзіць Левіяфана!
9. Хай зацьмяцца зоркі сьвітаньня яе: хай чакае яна сьвятла, і яно ня прыходзіць, і хай ня ўбачыць яна веяў дзяньніц
10. за тое, што не замкнула дзьвярэй улоньня маці маёй і не схавала гароты ад вачэй маіх!
11. Чаму не памёр я, выходзячы з нутробы, і не сканаў, калі выйшаў з чэрава?
12. Чаму прынялі мяне калені? навошта было мне смактаць саскі?
13. Цяпер ляжаў бы я і спачываў: спаў бы, і было б мне спакойна
14. з царамі і дарадцамі зямлі, якія забудоўвалі сабе пустыні,
15. ці з князямі, у якіх было золата і якія напаўнялі дамы свае срэбрам;
16. ці, як выкідзень пахаваны, не існаваў бы я, як немаўляты, якія сьвятла не пабачылі.
17. Там беззаконныя перастаюць наводзіць страх, і там адпачываюць зьнясіленыя.
18. Там вязьні цешацца спакоем і ня чуюць крыкаў наглядчыка.
19. Малы і вялікі там роўныя, і раб свабодны ад гаспадара свайго.
20. Навошта дадзена пакутніку сьвятло і жыццё засмучаным душою,
21. якія чакаюць сьмерці, і няма яе, якія выкапалі б яе ахвотней, чым скарб.
22. Узрадаваліся б да захапленьня, захапіліся б, што знайшлі магілу?
23. Навошта дадзена сьвятло чалавеку, шлях якога зачынены і якога Бог атачыў змрокам?
24. Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і стогны мае ліюцца, як вада,
25. бо жудаснае, чаго я жахаўся, тое і напаткала мяне; і чаго я баяўся, тое і прыйшло да мяне.
26. Няма мне міру, няма спакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце.

Ёва 4:1-21
1. І адказваў Эліфаз Фэманіцянін і сказаў:
2. калі паспрабуем мы сказаць табе слова, — ці ня цяжка будзе табе? Урэшце, хто можа забараніць слова!
3. Вось, ты настаўляў многіх і кволыя рукі падтрымліваў,
4. таго, хто падаў, падымалі словы твае, і аслаблыя калені ты мацаваў.
5. А цяпер дайшло да цябе, і зьнямогся ты; дайшло да цябе, і ты падупаў духам.
6. Богабаязнасьць твая ці ж не павінна быць тваёю надзеяй, і беспахібнасьць шляхоў тваіх — спадзяваньнем тваім?
7. Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б?
8. Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго;
9. ад павеву Божага гінуць і ад духу гневу Ягонага чэзнуць.
10. Рык ільва і голас таго, хто рыкае, моўкне, і зубы львянят крышацца;
11. магутны леў гіне без здабычы, і дзеці ільвіцы расьсейваюцца.
12. І вось да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло нешта ад яго.
13. Сярод разважаньняў пра начныя відзежы, калі сон ахінае людзей,
14. агарнуў мяне жах і дрыгат і скалануў усе косьці мае.
15. І дух прайшоў над мною; дыбарам сталі валасы на мне.
16. Ён стаў, — але я не пазнаў твару ягонага, — толькі аблічча было перад вачыма маімі; ціхі павеў, — і я чую голас:
17. ці ж чалавек справядлівейшы за Бога? і мужчына ці ж чысьцейшы за Творцу свайго?
18. Вось, Ён і слугам Сваім не давярае і ў анёлах Сваіх бачыць заганы:
19. тым болей — у тых, што жывуць у харомінах з гліны, аснова якіх пыл, якія нішчацца хутчэй за моль.
20. З раніцы да вечара яны распадаюцца; ня згледзіш, як яны зьнікнуць зусім.
21. Ці ня гінуць разам зь імі і вартасьці іхнія? Яны паміраюць, не дасягнуўшы мудрасьці.

Псалмы 90:14-16
14. "За тое, што ён палюбіў Мяне, уратую яго; абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.
15. Пакліча Мяне і пачую яго: зь ім Я ў жалобе, вызвалю яго, і праслаўлю яго;
16. даўжынёю дзён напоўню яго, і пакажу яму выратаваньне Маё".

Прытчы 22:15-15
15. Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго.

Рымлянаў 8:1-21
1. Такім чынам — няма сёньня ніякай асуды тым, хто ў Ісусе Хрысьце жыве не паводле плоці, а паводле Духа,
2. бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закону грэху і сьмерці.
3. Як закон, аслаблены плоцьцю, быў бясьсільны, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падабенстве плоці грахоўнай у ахвяру за грэх, і асудзіў грэх у плоці,
4. каб апраўданьне закону спраўдзілася ў нас, хто не паводле плоці жыве, а паводле Духа.
5. Бо, хто жыве паводле плоці, пра плоцкае думае, а хто жыве паводле Духа — пра духоўнае.
6. Помыслы плоцкія — сьмерць, а помыслы Духа — жыцьцё і мір,
7. бо помыслы плоці — гэта варожасьць да Бога; бо закону Божаму не ўпакорваюцца, ды і ня могуць.
8. А таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзіць ня могуць.
9. Але вы не паводле плоці жывяце, а паводле Духа, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.
10. А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці.
11. Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.
12. Дык вось, браты, мы не даўжнікі плоці, каб жыць паводле плоці;
13. бо, калі жывяце паводле плоці, дык памраце, а калі Духам нішчыце ўчынкі плоцкія, жыць будзеце;
14. бо ўсе, каго водзіць Дух Божы, — сыны Божыя;
15. бо вы не прынялі Духа рабства, каб зноў жыць у страху, а прынялі Духа усынаўленьня, Якім заклікаем: Авва, Войча!
16. Гэты самы Дух сьведчыць духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.
17. А калі дзеці, дык і спадкаемцы Божыя, супольныя спадкаемцы Хрыстовыя, калі толькі зь Ім пакутуем, каб зь Ім і праславіцца.
18. Бо думаю, што цяперашнія часовыя пакуты нічога ня вартыя ў параўнаньні з тою славаю, якая адкрыецца ў нас.
19. Бо стварэньне з надзеяй чакае сыноў Божых, —
20. таму што стварэньне скарылася марнасьці не па добрай волі, а па волі таго, хто ўпакорыў (яго), спадзяючыся,
21. што і само стварэньне вызвалена будзе з рабства тленьня ў свабоду славы дзяцей Божых.