A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Аўгусту 4

Есфір 9:1-32
1. У дванаццаты месяц, гэта значыцца, у месяцы Адар, на трынаццаты дзень яго, калі настаў час спраўдзіцца загаду цара і ўказу ягонаму, у той дзень, калі спадзяваліся непрыяцелі Юдэяў ўзяць уладу над імі, а выйшла наадварот, што самі Юдэі ўзялі ўладу над ворагамі сваімі,—
2. сабраліся Юдэі ў гарадах сваіх па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса, каб накласьці руку на ліхіх незычліўцаў сваіх; і ніхто ня мог устояць перад абліччам іхнім, бо страх перад імі напаў на ўсе народы.
3. І ўсе князі ў вобласьцях і сатрапы, і вобласьценачальнікі, і выканаўцы дзеяў царскіх падтрымлівалі Юдэяў, бо напаў на іх страх перад Мардахэем.
4. Бо вялікі быў Мардахэй у доме ў цара, і слава пра яго хадзіла па ўсіх вобласьцях, бо гэты чалавек, Мардахэй, падымаўся вышэй і вышэй.
5. І білі Юдэі ўсіх ворагаў сваіх, забіваючы мечам, вынішчаючы іх, і рабілі з непрыцелямі сваімі па сваёй волі.
6. У Сузах, горадзе сталічным, забілі Юдэі і зьнішчылі пяцьсот чалавек;
7. і Паршандату і Далтона і Астату,
8. і Парату і Адалью і Арыдату,
9. і Пармашту і Арысая, і Арыдая і Ваезату,—
10. дзесяцёх сыноў Амана, сына Амадата, ворага Юдэяў, усьмерцілі яны, і на рабунак не працягнулі рукі сваёй.
11. Таго ж самага дня данесьлі цару пра колькасьць аддадзеных сьмерці у Сузах, сталічным горадзе.
12. І сказаў цар царыцы Эстэры: у Сузах, горадзе сталічным, усьмерцілі Юдэі і загубілі пяцьсот чалавек і дзесяцёх сыноў Амана; што ж зрабілі яны ў астатніх абласьцях цара? Якое жаданьне тваё? і яно будзе задаволена. І якая яшчэ просьба твая? яна будзе споўнена.
13. І сказала Эстэр: калі цару заўгодна, дык хай будзе дазволена Юдэям, якія ў Сузах, рабіць тое самае заўтра, што і сёньня, і дзесяцёх сыноў Аманавых хай бы павесілі на дрэве.
14. І загадаў цар зрабіць так; і дадзены ўказ у Сузах, і дзесяцёх сыноў Аманавых павесілі.
15. І сабраліся Юдэі, якія ў Сузах, таксама і ў чатырнаццаты дзень месяца Адара і ўсьмерцілі ў Сузах трыста чалавек, а на рабунак не працягнулі рукі сваёй.
16. І астатнія Юдэі, якія былі ў царскіх абласьцях, сабраліся, каб стаць на абарону жыцьця свайго і быць заспакоенымі ад ворагаў сваіх, і ўсьмерцілі зь непрыяцеляў сваіх семдзесят пяць тысяч, а на рабунак не працягнулі рукі сваёй.
17. Гэта было ў трынаццаты дзень месяца Адара; а ў чатырнаццаты дзень гэтага самага месяца яны супакоіліся і зрабілі яго днём гасьціны і весялосьці.
18. А Юдэі, якія ў Сузах, зьбіраліся ў трынаццаты дзень яго і ў чатырнаццаты дзень яго, а ў пятнаццаты дзень яго супакоіліся і зрабілі яго днём гасьціны і весялосьці.
19. Таму Юдэі сельскія, якія жывуць у селішчах адкрытых, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адара ў весялосьці і гасьцінах, як дзень сьвяточны, пасылаючы дарункі адзін аднаму.
20. І апісаў Мардахэй гэтыя падзеі і паслаў пісьмы ўсім Юдэям, якія ў вобласьцях цара Артаксэркса, блізкім і далёкім,
21. пра тое, каб яны ўстанавілі на кожны год сьвята ў сябе чатырнаццатага дня месяца Адара і пятнаццатага дня яго,
22. як такіх дзён, калі Юдэі зрабіліся заспакоеныя ад ворагаў сваіх, і як такога месяца, калі ператварылася ў іх журба ў радасьць, а нараканьне — у дзень сьвяточны, каб зрабілі яны іх днямі гасьціны і весялосьці, пасылаючы дарункі адзін аднаму і міласьціну бедным.
23. І прынялі Юдэі тое, што ўжо самі пачалі рабіць, і пра што Мардахэй напісаў ім,
24. як Аман, сын Амадата, Вугэянін, вораг усіх Юдэяў, намышляў загубіць Юдэяў і кідаў пур, жэрабя, пра зьнішчэньне і загубеньне іх,
25. і як Эстэр дайшла да цара, і як цар загадаў новым пісьмом, каб ліхі намысел Амана, які ён намысьліў на Юдэяў, абярнуўся на галаву ягоную, і каб павесілі яго і сыноў ягоных на дрэве.
26. Таму і назвалі гэтыя дні Пурым, ад назвы: пур. Таму згодна з усімі словамі гэтага пісьма і з тым, што самыя бачылі і да чаго даходзіла ў іх,
27. пастанавілі Юдэі і прынялі на сябе і на дзяцей сваіх і на ўсіх, хто далучаецца да іх, мусова, каб сьвяткаваць гэтыя два дні, паводле прадпісанага пра іх і ў свой для іх час, кожны год,
28. і каб гэтыя дні былі векапомныя і сьвяткаваліся ва ўсе роды ў кожным племені, у кожнай вобласьці і ў кожным горадзе; і каб дні гэтыя Пурым не адмяняліся ў Юдэяў, і памяць пра іх каб не зьнікла ў дзяцей іхніх.
29. Напісала таксама царыца Эстэр, дачка Абіхаіла, і Мардахэй Юдэй, з усёй настойлівасьцю, каб выконвалі гэта новае пісьмо пра Пурым;
30. і паслалі пісьмы ўсім Юдэям у сто дваццаць сем абласьцей царства Артаксэрксавага са словамі міру і праўды,
31. каб яны цьвёрда спраўлялі гэтыя дні Пурым у свой час, як пастанавіў пра іх Мардахэй Юдэй і царыца Эстэр, і як яны самыя назначылі іх сабе і дзецям сваім у дні посту і ляманту.
32. Так загад Эстэры пацьвердзіў гэта слова пра Пурым, і яно ўпісана ў кнігу.

Есфір 10:1-3
1. Потым наклаў цар Артаксэркс падатак на зямлю і на выспы марскія.
2. Зрэшты, усё, дзеі сілы ягонай і магутнасьці ягонай і падрабязнае паказаньне пра веліч Мардахэя, якою ўзьвялічыў яго цар, запісаны ў кнізе дзённых запісаў цароў Мідыйскіх і Персідскіх,
3. гэтак сама як і тое, што Мардахэй Юдэй быў другі пасьля цара Артаксэркса і вялікі ў Юдэяў і любімы ў мноства братоў сваіх, бо шукаў дабра народу свайму і гаварыў дзеля дабра ўсяго племя свайго.

Псалмы 90:1-6
1. Пахвальная песьня Давідава. Хто жыве пад аслонаю Ўсявышняга, той пакоіцца ў засені Ўсемагутнага,
2. кажа Госпаду: прыстанішча мне і Заступніку мой, Божа мой, на Цябе спадзяюся!
3. Ён цябе вызваліць зь сетак лаўца, ад пагібельнай пошасьці;
4. пер’ем Сваім Ён цябе ўзасьціць, і пад крыльлем ягоным убясьпечышся; шчыт і аслона — ісьціна Ягоная.
5. Не збаішся страху начнога, ні стралы, што ўдзень пралятае,
6. ні пошасьці, што ў цемры ходзіць, ані пошасьці, што нішчыць апоўдні.

Прытчы 22:12-12
12. Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае.

Рымлянаў 6:1-23
1. Што ж скажам? ці заставацца нам у грэху, каб памножылася мілата? Зусім не.
2. Мы памерлі для грэху: як жа нам жыць у ім?
3. Няўжо ня ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную хрысьціліся?
4. Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці.
5. Бо калі мы паяднаныя зь Ім падабенствам сьмерці Ягонай, дык павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрэсеньня,
6. ведаючы тое, што даўні наш чалавек крыжаваны зь ім, каб зьнішчылася цела грэшнае, каб нам ня быць ужо рабамі грэху;
7. бо, хто памёр, той вызваліўся ад грэху.
8. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем зь Ім,
9. ведаючы, што Хрыстос, уваскрэсшы зь мёртвых, ужо ня ўмірае: сьмерць ужо ня мае над Ім улады.
10. Бо, што Ён памёр, дык памёр раз назаўсёды для грэху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога.
11. Гэтак сама і вы лічэце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
12. Дык вось, хай не пануе грэх у сьмяротным вашым целе, каб вам слухацца яго ў пажадах ягоных;
13. і не аддавайце чэлесаў вашых грэху як прыладу няправеднасьці, а аддайце сябе Богу як паўсталых зь мёртвых, і чэлесы вашыя Богу як прылады праведнасьці.
14. Грэх не павінен над вамі валадарыць, бо вы не пад законам, а пад мілатою.
15. Што ж? ці будзем грашыць таму, што мы не пад законам, а пад мілатою? Зусім не!
16. Няўжо вы ня ведаеце, што, каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таго вы і рабы, каго слухаецеся, альбо рабы грэху сьмерці, альбо паслушэнства на праведнасьць?
17. Дзякаваць Богу, што вы, якія раней былі рабамі грэху, ад сэрца сталіся паслухмяныя таму вобразу вучэньня, якому аддалі сябе.
18. А вызваліўшыся ад грэху, вы зрабіліся рабамі праведнасьці.
19. Кажу паводле развагі людзкое, дзеля немачы плоці вашай. Як прадавалі вы чэлесы вашыя ў рабы нячыстасьці і беззаконьню на дзеі беззаконныя, так зараз аддайце чэлесы вашыя ў рабы праведнасьці на дзеі сьвятыя.
20. Бо, калі вы былі рабамі грэху, тады былі вольныя ад праведнасьці.
21. Які ж плён мы мелі тады? такія дзеі, якіх сёньня самі саромеецеся, бо канец іхні — сьмерць.
22. А сёньня, калі вы вызваліліся з грэху і сталіся рабамі Богу, плён ваш ёсьць сьвятасьць, а канец — жыцьцё вечнае.
23. Бо расплата за грэх — сьмерць, а дар Божы — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.