Ёва 41:1-26 |
1. Марная надзея: ці не ўпадзеш ад аднаго позірку ягонага? |
2. Няма такога адважніка, які асьмеліўся б патрывожыць яго; хто ж можа ўстояць прад Маім абліччам? |
3. Хто апярэдзіў Мяне, каб Я даваў яму? пад усім небам усё Маё. |
4. Ня змоўчу пра чэлесы ягоныя, пра сілу і прыгожую суразьмернасьць іх. |
5. Хто можа адхінуць верх вопраткі ягонай, хто падыдзе да двайных сківіцаў ягоных? |
6. Хто можа адчыніць дзьверы твару ягонага? кола зубоў ягоных — жудасьць; |
7. моцныя шчыты яго — цудота: яны змацаваныя як бы цьвёрдаю пячаткаю; |
8. адзін да аднаго дакранаюцца блізка, так што і паветра не праходзіць паміж імі; |
9. адзін з адным ляжаць шчыльна, счапіліся і не размыкаюцца. |
10. Ад яго чханьня паказваецца сьвятло; вочы ў яго як вейкі зары; |
11. з пашчы ягонай выходзяць агнявікі, выскокваюць вогненныя іскры; |
12. з ноздраў ягоных выходзіць дым, як з раскіпелага горшчыка альбо катла. |
13. Дыханьне яго распаляе вугольле, з пашчы яго шугае полымя. |
14. На шыі ў яго жыве сіла, і перад ім бяжыць жах. |
15. Мясістыя часткі цела ягонага спалучаны між сабою цьвёрда, не здрыгануцца. |
16. Сэрца ў яго цьвёрдае, як камень, і жорсткае, як ніжні жарон. |
17. Калі ён падымаецца, дужыя ў страху, зусім губляюцца ад жаху. |
18. Меч, які крануўся яго, ня ўстоіць, ні кап’ё, ні дзіда, ні латы. |
19. Жалеза ён мае за салому, медзь — за гнілое дрэва. |
20. Дачка лука не паверне яго наўцёкі; прашчавыя камяні ператвараюцца для яго ў плеўкі. |
21. Булава лічыцца ў яго за саломіну; са сьвісту дзіды ён сьмяецца. |
22. Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць у гразі. |
23. Ён кіпяціць багну, як кацёл, і мора перавтварае ў кіпучую мазь; |
24. пакідае за сабою сьветлую сьцежку; бездань здаецца сівізнай. |
25. Няма на зямлі падобнага на яго: ён створаны бясстрашным; |
26. на ўсё высокае глядзіць адважна; ён цар над усімі сынамі ганарлівасьці. |
Ёва 42:1-17 |
1. Адказваў Ёў Госпаду і сказаў: |
2. ведаю, што Ты ўсё можаш, і што намер Твой ня можа быць спынены. |
3. Хто гэты, што запамрочвае Наканаваньне, нічога не разумеючы? — Так, я казаў пра тое, чаго не разумеў, пра дзеі дзівосныя для мяне, якіх я ня ведаў. |
4. Выслухай, усклікаў я, і я буду гаварыць, і пра што буду пытацца ў Цябе, растлумач мне. |
5. Я чуў пра Цябе слыхам вуха; а цяпер мае вочы бачаць Цябе; |
6. таму я выракаюся і каюся ў пыле і ў попеле. |
7. І было пасьля таго, як Гасподзь сказаў словы тыя Ёву, сказаў Гасподзь Эліфазу Тэманіцяніну: гарыць гнеў Мой на цябе і на двух сяброў тваіх за тое, што вы гаварылі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў. |
8. Дык вось, вазьмеце сабе сем цялят і сем бараноў і ідзеце да раба Майго Ёва і прынясеце за сябе ахвяру; і раб Мой Ёў памоліцца за вас, бо толькі аблічча ягонае Я прыму, каб не адкінуць вас за тое, што вы казалі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў. |
9. І пайшлі Эліфаз Тэманіцянін і Вілдад Саўхэянін і Сатар Нааміцянін, і зрабілі так, як Гасподзь загадаў ім, — і Гасподзь прыняў аблічча Ёва. |
10. І вярнуў Гасподзь страту Ёва, калі ён памаліўся за сяброў сваіх; і даў Гасподзь Ёву ўдвая больш за тое, што ён меў раней. |
11. Тады прыйшлі да яго ўсе браты ягоныя і ўсе сёстры ягоныя і ўсе ранейшыя знаёмыя ягоныя, і елі зь ім хлеб у доме ягоным, і смуткавалі зь ім, і суцяшалі яго за ўсё ліха, якое Гасподзь навёў на яго і далі яму кожны па кесіце і па залатым пярсьцёнку. |
12. І дабраславіў Бог апошнія дні Ёва болей, чым ранейшыя: у яго было чатырнаццаць тысяч дробнага быдла, шэсьць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асьліц. |
13. І было ў яго сем сыноў і тры дачкі. |
14. І даў ён першай імя Эміма, імя другой — Касія, а імя трэцяй — Керэнгапух. |
15. І ня было на цэлай зямлі такіх прыгожых жанчын, як Ёвавы дочкі, і даў ім бацька іхні спадчыну паміж братамі іхнімі. |
16. Пасьля таго Ёў жыў сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноўніх да чацвёртага роду. |
17. І памёр Ёў у старасьці насычаны днямі. |
Псалмы 100:5-8 |
5. Таго, хто таемна паклёпнічае на блізкага свайго, праганю; ганарыстага вачамі і пагардлівага сэрцам не патрываю. |
6. Вочы мае — на верных зямлі, каб яны заставаліся пры мне; хто ходзіць дарогаю беззаганнасьці, той будзе служыць мне. |
7. Ня жыцьме ў доме маім той, хто ўчыняе падступна; і хто няпраўду гаворыць, ня стане перад вачыма маімі. |
8. З самае раніцы буду зьнішчаць усіх бязбожных зямлі, каб выкарчаваць з горада Гасподняга ўсіх, хто злачынства ўчыняе. |
Прытчы 23:31-35 |
31. Не глядзі на віно, як яно чырванее, як яно прамяніцца ў келіху, як яно роўненька ліецца; |
32. пазьней яно ўкусіць, як змей, і ўджаліць, як асьпід; |
33. вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае; |
34. і ты будзеш, як заснулы сярод мора і як на версе мачты. |
35. І скажаш : "білі мяне, мне не балела, штурхалі мяне, і я не адчуваў. Калі прачнуся, зноў буду рабіць тое самае." |
1 Карынфянаў 7:1-19 |
1. А пра што пісалі мне, дык добра чалавеку не чапаць жанчыны. |
2. Але, каб унікнуць распусты, няхай кожны мае сваю жонку, і кожная жонка няхай мае свайго мужа. |
3. Няхай муж аддае сваёй жонцы належную прыхільнасьць, гэтак сама і жонка мужу. |
4. Жонка ня мае ўлады над сваім целам, а муж; гэтак сама і муж ня мае ўлады над сваім целам, а жонка. |
5. Ня ўліхяйцеся адно ад аднаго, хіба што па згодзе, на час, каб быць у посьце і малітве, а потым зноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана няўстрыманьнем вашым. |
6. Урэшце, гэта сказана мною як дазвол, а ня як загад. |
7. Бо хачу, каб усе людзі былі, як я; але кожны мае свой дар ад Бога, адзін — такі, другі — інакшы. |
8. А няшлюбным і ўдовам кажу: добра ім, калі застаюцца, як я; |
9. але калі ня могуць устрымацца, няхай бяруць шлюб, бо лепей шлюбам пабрацца, чым распаляцца. |
10. А тым, што пабралі шлюб, ня я загадваю, а Гасподзь: жонцы не разводзіцца з мужам, |
11. а як разьвядзецца, хай застаецца незамужняя, альбо замірыцца з мужам сваім, — а муж няхай не пакідае жонкі сваёй. |
12. А астатнім я кажу, а не Гасподзь: калі каторы брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць зь ім, дык ён не павінен пакідаць яе; |
13. і жонка, якая мае мужа няверніка, і ён згодзен жыць зь ёю, не павінна пакідаць яго. |
14. Бо няверуючы муж асьвячаецца жонкаю (верніцай), і жонка няверуючая асьвячаецца мужам (вернікам); інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер сьвятыя. |
15. Калі ж нявернік хоча разьвесьціся, хай разводзіцца; брат або сястра ў такім разе ня зьвязаныя; да міру заклікаў нас Гасподзь. |
16. Адкуль ты ведаеш, жонка, ці ня выратуеш мужа? Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці ня выратуеш жонкі? |
17. Толькі кожны няхай робіць так, як Бог яму вызначыў, і кожны, як Гасподзь заклікаў; так я наказваю па ўсіх цэрквах. |
18. Хто быў закліканы ў абразаньні, ня цурайся; і хто быў закліканы ў неабразаньні, не абрэзвайся. |
19. Абразаньне нішто і неабразаньне нішто, а ўсё — у выкананьні наказаў Божых. |