Ёва 37:1-24 |
1. І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго. |
2. Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных. |
3. Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны — да краёў. |
4. За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты. |
5. Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя. |
6. Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе. |
7. Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго. |
8. Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах. |
9. З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы — сьцюжа. |
10. Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца. |
11. Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае, |
12. і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі. |
13. Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня. |
14. Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя. |
15. Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго? |
16. Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні? |
17. Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня? |
18. Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра? |
19. Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць. |
20. Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму? |
21. Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх. |
22. Сьветлае надвор’е прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць. |
23. Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце. |
24. Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам! |
Ёва 38:1-41 |
1. Гасподзь адказваў Ёву з буры і сказаў: |
2. хто гэты, які азмрочвае наканаванае словамі бяз сэнсу? |
3. Аперажы сёньня сьцёгны твае, як муж: Я буду пытацца ў цябе, і ты адказвай мне: |
4. дзе быў ты, калі Я закладваў асновы зямлі? скажы, калі ведаеш. |
5. Хто паклаў меру ёй, калі ведаеш? альбо хто працягваў па ёй вяроўку? |
6. На чым умацаваны асновы яе, альбо хто паклаў кутні камень на ёй, |
7. пры ўсеагульнай радасьці ранішніх зорак, калі сыны Божыя ўсклікалі ад захапленьня? |
8. Хто зачыніў мора брамаю, калі яно вырвалася, выйшла як бы з чэрава, |
9. калі воблакі зрабіў вопраткаю ягонай і мглу пялёнамі ягонымі, |
10. і зацьвердзіў яму Маё вызначэньне, і паставіў завалы і браму, |
11. і сказаў: дагэтуль дойдзеш і не пяройдзеш, і тут мяжа пагардлівым хвалям тваім? |
12. Ці даваў ты калі ў жыцьці сваім загад раніцы і ці ўказваў зары месца яе, |
13. каб яна ахапіла краі зямлі і страсянула зь яе бязбожных, |
14. каб зямля зьмянілася, як гліна пад пячаткаю, і сталася, як рознаколерная вопратка, |
15. і каб адабралася ў бязбожных сьвятло іхняе і дзёрзкая рука іхняя паламалася? |
16. Ці сыходзіў ты ў глыбіню мора і ці ўваходзіў у дасьледаваньне бездані? |
17. Ці адчынялася табе брама сьмерці, і ці бачыў ты браму ценю сьмяротнага? |
18. Ці агледзеў ты шырыню зямлі? Растлумач, калі ведаеш усё гэта? |
19. Дзе дарога да жытлішча сьвятла, і дзе месца цемры? |
20. Ты, вядома, даходзіў да межаў яе і ведаеш сьцежкі да дома яе. |
21. Ты ведаеш гэта, бо ты быў ужо тады народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі. |
22. Ці ўваходзіў ты ў сховішчы сьнегу і ці бачыў ты скарбніцы граду, |
23. якія сьцерагу Я на час смутны, на дзень бітвы і вайны? |
24. Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разносіцца ўсходні вецер па зямлі? |
25. Хто праводзіць пратокі для выліваньня вады і шлях граманоснай маланцы, |
26. каб падаў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма чалавека, |
27. каб насычаць пустыню і стэп і абуджаць травяныя зародкі да росту? |
28. Ці ёсьць у дажджу бацька? альбо хто нараджае кроплі расы? |
29. З чыйго чэрава выходзіць лёд, і іней нябесны, — хто родзіць яго? |
30. Воды, як камень, мацнеюць, і паверхня бездані замярзае. |
31. Ці можаш ты завязаць вузел Хіма і разьвязаць повязі Кесіль? |
32. Ці можаш ты выводзіць сузор’і ў свой час і весьці Ас зь яе дзецьмі? |
33. Ці ведаеш ты статуты неба, ці можаш усталяваць валадараньне яго на зямлі? |
34. Ці можаш узвысіць голас твой да воблакаў, каб вада шчодра пакрыла цябе? |
35. Ці можаш пасылаць маланкі, і ці пойдуць яны і ці скажуць табе: вось мы? |
36. Хто ўклаў мудрасьць у сэрца, альбо хто даў сэнс розуму? |
37. Хто можа разьлічыць воблакі сваёю мудрасьцю і ўтрымаць судзіны неба, |
38. калі пыл абарочваецца ў гразь і камлыгі зьліпаюцца? |
39. Ці ты ловіш здабычу ільвіцы і корміш маладых ільвянят, |
40. калі яны ляжаць у бярлогах альбо тояцца пад ценем у засадзе? |
41. Хто рыхтуе ворану корм ягоны, калі птушаняты яго крычаць да Бога, бадзяючыся бязь ежы? |
Псалмы 99:1-5 |
1. Усе людзі хай славяць Бога. Псальма. Усклікніце Госпаду, уся зямля! |
2. Служэце Госпаду з радасьцю; ідзеце прад абліччам Ягоным з пахвалою! |
3. Ведайце, што Гасподзь ёсьць Бог, што Ён стварыў нас, і мы — Ягоныя, Ягоны народ і авечкі паствы Ягонай. |
4. Уваходзьце ў браму Ягоную з праслаўленьнем, у двары Ягоныя — з пахвалою. Слаўце Яго, дабраслаўляйце імя Ягонае. |
5. Бо добры Гасподзь: міласьць Ягоная навечна, і праўда Ягоная з роду ў род. |
Прытчы 23:26-28 |
26. Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі: |
27. бо распусьніца — глыбокая прорва, а чужая жонка — вузкі калодзеж; |
28. яна, як разбойнік, сядзіць у засадзе і памнажае сярод людзей здраднікаў. |
1 Карынфянаў 5:1-13 |
1. Ходзіць пэўная чутка пра распусту сярод вас, ды такую распусту, якое ня чуваць нават у язычнікаў: нехта за жонку мае бацькаву жонку. |
2. І вы заганарыліся, замест таго, каб лепей плакаць, каб забраць спаміж вас таго, хто зрабіў гэта. |
3. А я, целам адсутны, але прысутны ў вас духам, ужо пастанавіў, як бы калі б быў сярод вас: таго, хто ўчыніў такое, |
4. на сходзе вашым у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста разам з маім духам, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста, |
5. аддаць сатане на зьнемажэньне плоці, каб дух быў выратаваны ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста. |
6. Няма чым вам хваліцца. Хіба ня ведаеце, што каліва закваскі расчыняе ўсё цеста? |
7. Дык вось, ачысьціце старую закваску, каб сталіся вы новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за нас. |
8. А таму будзем сьвяткаваць не са старою закваскаю, не з закваскаю заганы і падступнасьці, а з праснакамі чысьціні і праўды. |
9. Я пісаў вам у пасланьні — не вадзіцца з блудадзеямі; |
10. але ня ўвогуле з блудадзеямі сьвету гэтага, ці зь ліхазьдзірцамі, ці з драпежнікамі, ці з балавахваламі, бо інакш трэба было б вам выйсьці зь сьвету гэтага, |
11. а пісаў я вам ня супольнічаць з тым, хто, называючыся братам, застаецца блудадзеем, ці ліхазьдзірцам, ці балвахвалам, ці ліхасловам, ці п’яніцаю, ці драпежнікам; з такім нават і ня есьці разам. |
12. Бо што мне судзіць і староньніх? Ці ж не сваіх вы судзіце? |
13. А староньніх судзіць Бог. Выкіньце распуснага спасярод вас. |