A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Аўгусту 21

Ёва 33:1-33
1. Дык вось, слухай, Ёў, словы мае і ўважай усім словам маім.
2. Вось, я адкрываю вусны мае, язык мой гаворыць у гартані маёй.
3. Словы мае ад шчырасьці майго сэрца, і вусны мае вымавяць веданьне чыстае.
4. Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне Ўсеўладнага дало мне жыцьцё.
5. Калі можаш, адказвай мне і стань перад мною.
6. Вось я, па жаданьні тваім, замест Бога. Я створаны таксама з гразі;
7. таму страх перад мною ня можа зьбянтэжыць мяне, і рука мая ня будзе цяжкая табе.
8. Ты гаварыў у вушы мае, і я чуў гук слоў:
9. "чысты я, без пахібы, нявінны я і няма ўва мне няпраўды;
10. а Ён знайшоў абвінавачаньне супроць мяне і лічыць мяне Сваім супраціўцам;
11. закаваў ногі мае ў калодкі, сочыць за ўсімі шляхамі маімі".
12. Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, таму што Бог вышэйшы за чалавека.
13. Навошта табе спаборнічаць зь Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае.
14. Бог гаворыць адзін раз, і калі таго не заўважаць, другі раз:
15. у сьне, у начных відзежах, калі сон находзіць на людзей, у час дрымоты на ложку.
16. Тады ён адкрывае ў чалавека вуха і ўкладвае Сваё настаўленьне,
17. каб адвесьці чалавека ад якой-небудзь задумы і адвесьці ад яго пыху,
18. каб адвесьці душу ягоную ад прорвы і жыцьцё ягонае ад паразы мечам.
19. Альбо ён наводзіцца на розум хваробаю на ложку сваім і моцным болем ва ўсіх касьцях сваіх,
20. і жыцьцё ягонае адварочваецца ад хлеба і душа ягоная ад смачнай яму ежы.
21. Плоць на ім прападае, так што яе ня відаць, і паказваюцца косьці ягоныя, якіх ня было відаць.
22. І душа ягоная набліжаецца да магілы і жыцьцё ягонае — да сьмерці.
23. Калі ёсьць у яго анёл-настаўнік адзін з тысячы, каб паказаць чалавеку простую дарогу ягоную,
24. Бог умілажаліцца зь яго і скажа: вызвалі яго ад магілы; Я знайшоў умілажаленьне.
25. Тады цела ягонае зробіцца сьвяжэйшае, чым у маладосьці; ён вернецца ў дні маладосьці сваёй.
26. Будзе маліцца Богу, і Ён — літасьцівы да яго; з радасьцю глядзіць на твар ягоны і вяртае чалавеку праведнасьць ягоную.
27. Ён будзе глядзець на людзей і казаць: "грашыў я і перакручваў праўду, і не адплачана мне;
28. Ён вызваліў душу маю ад магілы, і жыцьцё маё бачыць сьвятло".
29. Вось, усё гэта робіць Бог два-тры разы з чалавекам,
30. каб адвесьці душу ягоную ад магілы і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.
31. Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гаварыць.
32. Калі маеш сказаць што, адказвай; кажы, бо я хацеў бы твайго апраўданьня;
33. а калі не, дык слухай мяне, і я навучу цябе мудрасьці.

Ёва 34:1-37
1. І гаварыў далей Эліуй і сказаў:
2. выслухайце, мудрыя, слова маё, і прыхілеце да мяне вуха, разважлівыя!
3. Бо вуха разьбірае словы, як гартань адрозьнівае смак у ежы.
4. Пастановім паміж сабою развагу і распазнаем, што добра.
5. Вось, Ёў сказаў: "праўда мая, але Бог пазбавіў мяне суду.
6. Ці павінен я маніць на праўду маю? Мая рана нявылечная бязь віны".
7. Ці ёсьць такі чалавек, як Ёў, які п’е глум, як ваду,
8. уступае ў супольнасьць з тымі, якія чыняць беззаконьне, і ходзіць зь людзьмі бязбожнымі?
9. Бо ён сказаў: няма карысьці чалавеку ў добрым дагодніцтве Богу.
10. Дык вось паслухайце мяне, мужы мудрыя. Ня можа быць у Бога няпраўды, альбо ва Ўсеўладнага неправасуддзя,
11. бо Ён паводле ўчынкаў чалавека робіць зь ім і паводле шляхоў мужа адплачвае яму.
12. Праўда, Бог ня робіць няпраўды, і Ўсеўладны не перакручвае суд.
13. Хто апрача Яго думае пра зямлю? І хто кіруе ўсім сусьветам?
14. Калі б Ён павярнуў сэрца Сваё да Сябе і ўзяў да Сябе дух яе і дыханьне яе, —
15. раптам загінула б усякая плоць, і чалавек вярнуўся б у пыл.
16. Дык вось, калі ты маеш розум, дык слухай гэта і ўважай словам маім.
17. Той, хто ненавідзіць праўду, ці можа валадарыць? І ці можаш ты зьвінаваціць Найсправядлівейшага?
18. Ці можна сказаць цару: ты — бязбожнік, і князям: вы — беззаконьнікі?
19. Але ён не зважае на асобы князёў і не выдзяляе багатага ад беднага, бо ўсе яны дзея рук Ягоных.
20. Нечакана яны паміраюць; сярод ночы народ узбурыцца, і яны зьнікаюць; і моцных выганяюць ня сілаю.
21. Бо вочы Ягоныя над шляхамі чалавека, і Ён бачыць увесь поступ яго.
22. Няма цемры, ні ценю сьмяротнага, дзе маглі б схавацца беззаконьнікі.
23. Таму Ён ужо не патрабуе ад чалавека, каб ішоў на суд з Богам.
24. Ён ламае дужых не разьбіраючы, і пастаўляе іншых на іх месцы,
25. бо ён робіць вядомымі дзеі іхнія і скідае іх уначы, і яны зьнішчаюцца.
26. Ён пабівае іх, як беззаконных людзей, на вачах у іншых,
27. за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не зразумелі ўсіх шляхоў Ягоных,
28. так што дайшоў да Яго лямант бедных, і Ён пачуў стогны прыгнечаных.
29. Ці даруе Ён цішыню, хто можа парушыць? ці хавае Ён аблічча Сваё, хто можа ўбачыць Яго? Ці будзе гэта для народу, альбо для аднаго чалавека,
30. каб не цараваў крывадушнік на спакусу народу.
31. Богу трэба гаварыць: "я пацярпеў, больш ня буду грашыць.
32. А чаго я ня ведаю, Ты навучыш мяне; і калі я ўчыніў беззаконьне, больш ня буду".
33. Ці паводле тваёй развагі Ён павінен даваць? І што ты адкідаеш, тое табе належыць выбіраць, а ня мне; кажы, што ведаеш.
34. Людзі разумныя скажуць мне, і муж мудры, які слухае мяне:
35. Ёў неразумна гаворыць, і словы ягоныя бяз сэнсу.
36. Я хацеў бы, каб Ёў быў выпрабаваны, паводле адказаў ягоных, уласьцівых людзям бязбожным.
37. Інакш ён да грэху свайго дадасьць адступленьне, будзе пляскаць у ладкі сярод нас і яшчэ болей нагаворыць супроць Бога.

Псалмы 97:4-9
4. Усклікайце Госпаду, уся зямля; радуйцеся, весялецеся і сьпявайце;
5. сьпявайце Госпаду з арфаю, з арфаю і з псальмамі;
6. з гукамі труб і рога радуйцеся прад Валадаром Госпадам.
7. Хай шуміць мора і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім;
8. хай у далоні пляскаюць рэкі; хай радуюцца разам горы
9. прад абліччам Госпада; бо Ён ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і народы — па праўдзе.

Прытчы 23:19-21
19. Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.
20. Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном, сярод тых, што аб’ядаюцца мясам:
21. бо п’яніца і ненаяда зьбяднеюць, а санлівец апранецца ў рызманы.

1 Карынфянаў 3:1-23
1. І я ня мог гутарыць з вамі, браты, як з духоўнымі, а як з плоцкімі, як зь немаўляткамі ў Хрысьце.
2. Я ўзгадаваў вас малаком, а ня цьвёрдаю ежаю; бо вы яшчэ не маглі есьці яе, ды і цяпер яшчэ ня можаце.
3. Бо вы яшчэ плоцкія. Бо, калі паміж вамі зайздрасьць, звады і несугалосіца, дык ці ж ня плоцкія вы? і ці ня па людзкім звычаі робіце?
4. Бо, калі адзін кажа: "Я Паўлаў", а другі: "я Апалосаў", дык ці ж ня плоцкія вы?
5. Хто Павал? хто Апалос? Яны толькі слугі, празь якіх вы уверавалі, і пры тым як каму даў Гасподзь.
6. Я пасадзіў, Апалос паліваў, а узрасьціў Бог;
7. а таму і той, хто садзіць, і хто палівае, ёсьць нішто, а ўсё Бог, Які дае рост.
8. І хто садзіць і хто палівае — адно; але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.
9. Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова.
10. Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе.
11. Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
12. Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,
13. дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць.
14. У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду;
15. а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню.
16. Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?
17. Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня — вы.
18. Ніхто не ашуквай сам сябе; калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым.
19. Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам, як напісана: "ловіць мудрых у хітрасьці іхняй".
20. І яшчэ: "Гасподзь ведае мудрошчы мудрацоў, што яны марныя".
21. Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае:
22. ці то Павал, ці Апалос, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, — усё ваша;
23. а вы — Хрыстовыя, а Хрыстос — Божы.