Ёва 27:1-23 |
1. І гаварыў далей Ёў сваё ўзьнёслае слова і сказаў: |
2. жывы Бог, Які пазбавіў мяне суду, і Ўсемагутны, Які засмуціў душу маю, |
3. што, пакуль яшчэ дыханьне маё ўва мне і дух Божы ў ноздрах маіх, |
4. ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня вымавіць ілжы! |
5. Я далёкі ад таго, каб прызнаць вас справядлівымі; пакуль не памру, не саступлю беззаганнасьці маёй. |
6. Моцна трымаў я праўду маю і ня ўпушчу яе; не папракне мяне сэрца маё праз усе дні мае. |
7. Вораг мой будзе, як бязбожнік, і паўсталы супроць мяне, як беззаконьнік. |
8. Бо якая надзея крывадушніку, калі возьме, калі вырве Бог душу ягоную? |
9. Ці пачуе Бог лямант ягоны, калі прыйдзе на яго бяда? |
10. Ці будзе ён суцяшацца Ўсемагутным і заклікаць Бога ў любы час? |
11. Абвяшчу вам, што ў руцэ Божай; што ва Ўсемагутнага, ня ўтою. |
12. Вось, усе вы і самыя бачылі; і навошта вы столькі пустасловіце? |
13. Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога, і спадчына, якую атрымліваюць ад Усеўладнага прыгнятальнікі. |
14. Калі памнажаюцца сыны ягоныя, дык пад меч; і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам. |
15. Тых, што засталіся пасля яго, сьмерць зьвядзе ў магілу, і ўдовы іхнія ня будуць плакаць. |
16. Калі ён набярэ кучы срэбра, як пылу, і нарыхтуе вопраткі, як гразі, |
17. дык ён нарыхтуе, а апранацца будзе праведнік, і срэбра атрымае сабе ў долю беспахібнік. |
18. Ён будуе, як моль, дом свой і, як вартаўнік, робіць сабе будан; |
19. кладзецца спаць багатым і такім не ўстае; расплюшчвае вочы свае, і ён ужо ня той. |
20. Як воды, спасьцігнуць яго жахі; уначы падхопіць яго бура. |
21. Падыме яго ўсходні вецер і панясе, і ён порстка пабяжыць ад яго. |
22. Памкнецца на яго і не пашкадуе, як бы ён ні высільваўся, каб уцячы ад рукі ягонай. |
23. Пляснуць па ім рукамі і пасьвішчуць над ім зь месца ягонага! |
Ёва 28:1-28 |
1. Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць. |
2. Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь. |
3. Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным. |
4. Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей. |
5. Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём. |
6. Камяні яе — месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата. |
7. Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна; |
8. не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал. |
9. На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы; |
10. у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае; |
11. спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло. |
12. Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму? |
13. Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых. |
14. Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне. |
15. Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра. |
16. Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам; |
17. не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата. |
18. А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны. |
19. Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна. |
20. Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму? |
21. Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена. |
22. Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе. |
23. Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе. |
24. Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам. |
25. Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры, |
26. калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай, |
27. тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе |
28. і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха — розум. |
Псалмы 96:1-6 |
1. Псальма Давіда, калі ўладжвалася зямля ягоная. Валадарыць Гасподзь: хай радуецца зямля; хай весяляцца шматлікія выспы. |
2. Хмара і змрок навокал Яго; праўда і суд — аснова трона Ягонага. |
3. Прад Ім ідзе вагонь, і наўкол выпальвае ворагаў Ягоных. |
4. Маланкі Ягоныя асьвятляюць сусьвет; зямля бачыць, і трымціць. |
5. Горы, як воск, растаюць ад аблічча Гасподняга, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі. |
6. Нябёсы абвяшчаюць праўду Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную. |
Прытчы 23:13-14 |
13. Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ: |
14. ты пакараеш яго дубцом і ўратуеш душу яго ад пекла. |
Рымлянаў 16:1-24 |
1. Даручаю вам Фіву, сястру нашу, дыяканісу царквы Кенхрэйскай: |
2. прымеце яе дзеля Госпада, як прыстойна сьвятым, і памажэце ёй, у чым яна будзе мець патрэбу ў вас; бо і яна была памочніцаю многім і мне самому. |
3. Вітайце Прыскілу і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Ісусе, |
4. якія галаву сваю клалі за маю душу, якім ня я адзін дзякую, а і ўсе цэрквы зь язычнікаў, — і дамовую іхную царкву. |
5. Вітайце любаснага мне Эпанета, які ёсьць пачатак Ахаі дзеля Хрыста. |
6. Вітайце Марыям, якая шмат працавала для нас. |
7. Вітайце Андроніка і Юнію, родзічаў маіх і вязьняў са мною, якія праславіліся сярод апосталаў і яшчэ раней за мяне ўверавалі ў Хрыста. |
8. Вітайце Амплія, любаснага мне ў Госпадзе. |
9. Вітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, любаснага мне. |
10. Вітайце Апялеса, выпрабаванага ў Хрысьце. Вітайце верных з дому Арыставулавага. |
11. Вітайце Ірадыёна, родзіча майго. Вітайце з сваякоў Наркіса тых, якія ў Госпадзе. |
12. Вітайце Трыфону і Трыфосу, якія працуюць у Госпадзе. |
13. Вітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці ягоную і маю. |
14. Вітайце Асінкрыта, Флягонта, Ерма, Патрова, Ярмія і іншых зь імі братоў. |
15. Вітайце Філалога і Юлію, Нірэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх зь імі сьвятых. |
16. Вітайце адно аднаго з цалаваньнем сьвятым. Вітаюць вас усе цэрквы Хрыстовыя. |
17. Малю вас, браты, асьцерагайцеся тых, што спрычыняюць падзелы і звады, насуперак вучэньню, якога вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх; |
18. бо такія людзі служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, а свайму чэраву, і лісьлівасьцю ды красамоўствам ачмураюць сэрцы прастадушных. |
19. Ваша пакора веры ўсім вядомая; таму я радуюся за вас, але жадаю, каб вы былі мудрыя на дабро і бясхітрасныя на зло. |
20. А Бог міру бразьне сатану пад ногі вашыя неўзабаве. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі! Амін. |
21. Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, Ясон і Сасыпатр, родзічы мае. |
22. Вітаю вас у Госпадзе і я Тэрцый, што пісаў гэта пасланьне. |
23. Вітае вас Гаій, гасьцінны да мяне і ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, гарадзкі скарбнік, і брат Кварт. |
24. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін. |