Ёва 21:1-34 |
1. І адказваў Ёў і сказаў: |
2. выслухайце ўважліва слова маё, і гэта будзе мне суцяшэньнем ад вас. |
3. Патрывайце мяне, і я буду гаварыць; а пасля таго, як пагавару, насьміхайцеся. |
4. Хіба да чалавека слова маё? як жа мне і не маладушнічаць? |
5. Паглядзеце на мяне і жахнецеся, і пакладзеце палец на вусны. |
6. Як толькі я згадаю, — уздрыгваю, і трымценьне абдымае цела маё. |
7. Чаму беззаконныя жывуць, дасягаюць старасьці, ды і сілаю моцныя? |
8. Дзеці іхнія зь імі перад абліччам ў іх, і ўнукі іхнія перад вачыма ў іх. |
9. Дамы іхнія ўбясьпечаны ад страху, і няма жазла Божага на іх. |
10. Бык іхні апладняе і ня выкідае, карова іхняя зачынае, і ня скідае. |
11. Як статак, выпускаюць яны малечу сваю, і дзеці іхнія скачуць. |
12. Усклікаюць пад тымпан і цытру і весяляцца пад жалейку; |
13. бавяць дні свае ў шчасьці і імгненна сыходзяць у апраметную. |
14. А тым часам яны кажуць Богу: адыдзі ад нас, ня хочам мы ведаць шляхоў Тваіх! |
15. што нам Усеўладны, каб слугаваць Яму? і якая карысьць хінуцца да Яго? |
16. Бачыш, шчасьце іхняе не ад іхніх рук. — Парада бязбожных, будзь далёкая ад мяне! |
17. Ці часта тухне сьвяцільня ў беззаконных, і нападае на іх бяда, і Ён дае ім на долю пакуты ў гневе Сваім? |
18. Яны павінны быць, як саломінка перад ветрам, і як мякіна, якую нясе віхура. |
19. Скажаш : Бог ашчаджае дзецям ягоным няшчасьце ягонае. — Хай аддасьць ён яму самому, каб ён гэта ведаў. |
20. Хай яго вочы ўбачаць няшчасьце ягонае, і хай ён сам п’е ад гневу Ўсеўладнага. |
21. Бо які яму клопат да дому свайго пасля яго, калі лік месяцаў ягоных скончыцца? |
22. Але ці Бога вучыць мудрасьці, калі Ён судзіць і вышніх? |
23. Адзін памірае ў самай поўніцы сілы сваёй, цалкам спакойны і мірны; |
24. нутроба ягоная поўная тлушчу, і косткі ягоныя напоены мозакам. |
25. А другі памірае з душою засмучанаю, не зазнаўшы дабра. |
26. І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чэрві пакрыюць іх. |
27. Ведаю я вашыя думкі і ўлоўкі, якія вы супраць мяне плецяце. |
28. Вы скажаце: дзе дом князя, і дзе намёт, у якім жылі беззаконныя? |
29. Хіба вы ня пыталіся ў вандроўнікаў і не знаёмыя зь іхнімі назіраньнямі, |
30. што ў дзень пагібелі літаваны бывае злодзей, у дзень гневу адводзіцца ўбок? |
31. Хто паставіць яму перад аблічча ягонае шлях ягоны, і хто аддасьць яму за тое, што ён учыняў? |
32. Яго праводзяць да магілы і на яго магіле ставяць варту. |
33. Салодкія яму камлыгі даліны, і за ім ідзе натоўп людзей, а тым, што ідуць перад ім, ліку няма. |
34. Як жа вы хочаце суцяшаць мяне пустым? У вашых адказах застаецца толькі мана. |
Ёва 22:1-30 |
1. І адказваў Таманіцянін і сказаў: |
2. хіба можа чалавек рабіць карысьць Богу? Разумны робіць карысьць сабе самому. |
3. Якая прыемнасьць Усеўладнаму з таго, што ты праведны? І ці будзе Яму выгода з таго, што ты трымаеш дарогі твае ў беззаганнасьці? |
4. Няўжо Ён, баючыся цябе, уступіць з табою ў спаборніцтва, пойдзе судзіцца з табою? |
5. Праўда, злосьць твая вялікая, і беззаконьням тваім няма краю. |
6. Праўда, ты браў заклад у братоў тваіх ні за што і з паўголых здымаў вопратку. |
7. Стомленаму смагаю не падаваў вады напіцца і галоднаму адмаўляўся даць хлеба; |
8. а чалавеку дужаму ты даваў зямлю, і заможны сяліўся на ёй. |
9. Удоваў ты адсылаў ні з чым і сіротаў пакідаў з пустымі рукамі. |
10. За тое вакол цябе петлі, і скалануў цябе нечаканы жах, |
11. альбо цемра, у якой ты нічога ня бачыш, і мноства водаў пакрыла цябе. |
12. Ці ня вышэй за нябёсы Бог? паглядзі ўгору на зоркі, як яны высока! |
13. І ты кажаш: што ведае Бог? ці можа Ён судзіць праз цемру? |
14. Хмары — заслона Ягоная, так што Ён ня бачыць, а ходзіць толькі па нябесным коле. |
15. Няўжо ты трымаешся шляху старажытных, па якім ішлі людзі беззаконныя, |
16. якія раней часу былі зьнішчаны, калі вада разлілася пад аснову іхнюю? |
17. Яны казалі: адыдзі ад нас! І што зрабіў ім Усеўладны? |
18. А Ён напаўняў дамы іхнія дабром. Але рада бязбожных будзь далёка ад мяне! |
19. Бачылі праведнікі і радаваліся, і беззаганны сьмяяўся зь яго: |
20. вораг наш зьнішчаны, а што засталося пасля іх, тое пажэр агонь. |
21. Зблізіся ж зь Ім — і будзеш спакойны: праз гэта прыйдзе да цябе дабро. |
22. Прымі з вуснаў Ягоных закон і пакладзі слова Ягонае ў сэрца тваё. |
23. Калі ты зьвернешся да Ўсеўладнага, дык зноў уладзішся, адвядзеш беззаконьне ад намёта твайго |
24. і будзеш кідаць у пыл бліскучы метал, і ў каменьне патокаў — золата Афірскае. |
25. І будзе Ўсеўладны тваім золатам і бліскучым срэбрам у цябе, |
26. бо тады будзеш радавацца ва Ўсеўладным і падымеш да Бога аблічча тваё. |
27. Памолішся Яму, і Ён пачуе цябе, і ты выканаеш абяцаньні твае. |
28. Замысліш намер, і ён зьдзейсьніцца ў цябе, над дарогамі тваімі будзе зьзяць сьвятло. |
29. Калі хто зьнішчаны будзе, ты скажаш: узвышэньне! і Ён уратуе таго, хто панік абліччам, |
30. выбавіць і небязьвіннага, і ён выратуецца чысьцінёю рук тваіх. |
Псалмы 95:1-6 |
1. Пахвальная песьня Давідава. На будову дома. Засьпявайце Госпаду песьню новую; засьпявайце Госпаду, уся зямля; |
2. сьпявайце Госпаду, дабраслаўляйце імя Ягонае, зьвястуйце дзень у дзень выратаваньне Ягонае; |
3. абвяшчайце ў народах славу Ягоную, ва ўсіх плямёнах дзівосы Ягоныя; |
4. бо вялікі Гасподзь і праслаўлены, грозны Ён над багамі ўсімі. |
5. Бо ўсе багі народаў — ідалы, а Гасподзь нябёсы стварыў. |
6. Слава і веліч прад абліччам Ягоным, сіла і вялікае хараство ў сьвятыні Ягонай. |
Прытчы 23:6-8 |
6. Не каштуй ежы ў чалавека зайздросьлівага, і не спакушайся ласнымі прысмакамі ягонымі, |
7. бо, якія думкі ў душы ў яго, такі і ён сам; "еж і пі", кажа ён табе, а сэрца яго не з табою. |
8. Кавалак, які ты зьеў, вырыгнеш, і добрыя словы твае ты ўжывеш марна. |
Рымлянаў 14:1-23 |
1. Нямоглага ў веры прымайце бяз спрэчкі пра погляды ягоныя. |
2. Бо адзін ўпэўнены, што можна есьці ўсё, а нямоглы есьць гародніну. |
3. Хто есьць, не прыніжай таго, хто ня есьць; і хто ня есьць, не асуджай таго, хто есьць: бо Бог прыняў яго. |
4. Хто ты, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім гаспадаром стаіць ён ці падае; і будзе пастаўлены, бо моцны Бог, каб паставіць яго. |
5. Адзін адрозьнівае дзень ад дня, а другі мяркуе пра ўсякі дзень аднолькава. Кожны хай будзе цьвёрды ў сваім перакананьні. |
6. Хто лічыцца з днём, дзеля Госпада лічыцца; і хто ня лічыцца з днём, дзеля Госпада ня лічыцца. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу; і хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць і дзякуе Богу. |
7. Бо ніхто з нас ня жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе. |
8. а ці жывём — дзеля Госпада жывём, ці паміраем — дзеля Госпада паміраем. І таму, ці жывём, ці паміраем, — заўсёды Гасподнія. |
9. Бо Хрыстос дзеля таго і памёр і ажыў, каб уладарыць і над мёртвымі і над жывымі. |
10. А ты чаго асуджаеш брата твайго? Альбо і ты, чаго прыніжаеш брата твайго? Усе мы паўстанем на суд Хрыстовы. |
11. Бо напісана: "жыву Я, кажа Гасподзь: перада Мною схіліцца кожны род, і кожнае племя будзе вызнаваць Бога". |
12. Так, кожны з нас за сябе адкажа перад Богам. |
13. Ня будзем жа болей судзіць адно аднаго, а лепей памяркуйце пра тое, як бы не даваць нагоды спатыкнуцца альбо спакусіцца. |
14. Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога ў самім сабе нячыстага; яно нячыстае толькі ў таго, хто што-небудзь лічыць нячыстым. |
15. Калі ж за ежу засмучаецца брат твой, дык ты ўжо ня ў любові ходзіш; ня губі тваёю страваю таго, за каго Хрыстос памёр. |
16. Хай ня зганіцца ваша добрае. |
17. Бо Царства Божае ня ежа і ня пітво, а праведнасьць і мір і радасьць у Сьвятым Духу. |
18. Хто гэтым служыць Хрысту, той богаспадобны і варты ўхвалы людзкое. |
19. Дык вось, будзем імкнуцца да таго, што служыць міру і ўзаемнай навуцы. |
20. Дзеля ежы ня руйнуй дзеяў Божых: усё чыстае, але блага чалавеку, які есьць зь нядобрым сумленьнем. |
21. Лепей ня есьці мяса, ня піць віна і не рабіць нічога такога, ад чаго брат твой спатыкаецца, альбо спакушаецца, альбо зьнемагае. |
22. Ты маеш веру? май яе сам у сабе, перад Богам. Дабрашчасны, хто не асуджае сябе за тое, што выбірае. |
23. А хто сумняваецца, калі есьць, асуджаецца, бо не паводле веры; а ўсё, што не паводле веры, грэх. |