2 Хронікі 3:1-17 |
1. І пачаў Саламон будаваць дом Гасподні ў Ерусаліме на гары Морыя, якая ўказана была Давіду, бацьку ягонаму, на месцы, якое падрыхтваў Давід, на гумне Орны Евусэяніна. |
2. А пачаў ён будаваць у другі дзень другога месяца, на чацьвёртым годзе валадараньня свайго. |
3. І вось падмурак пакладзены Саламонам пры будове дома Божага; даўжыня яго шэсьцьдзясят локцяў, па ранейшай меры, а шырыня дваццаць локцяў; |
4. і бабінец, які перад домам, даўжынёю па шырыні дома ў дваццаць локцяў, а вышынёю ў сто дваццаць. І абклаў яго ўсярэдзіне чыстым золатам. |
5. А дом галоўны ашаляваў дрэвам кіпарысавым і абклаў яго найлепшым золатам, і вырабіў на ім пальмы і ланцужкі. |
6. І абклаў дом дарагімі камянямі дзеля прыгажосьці; а золата было золата Парваімскае. |
7. І пакрыў дом, бярвеньні, парогі і сьцены яго і дзьверы яго золатам, і выразаў на сьценах херувімаў. |
8. І зрабіў Сьвятое Сьвятых: даўжыня яго па шырыні дома ў дваццаць локцяў, і шырыня яго ў дваццаць локцяў; і накрыў яго найлепшым золатам на шасьцьсот талантаў. |
9. У цьвіках вагі па пяцьдзясят сікляў золата. Сьвятліцы таксама пакрыў золатам. |
10. І зрабіў ён у Сьвятым Сьвятых два херувімы разьбёнага вырабу і пакрыў іх золатам. |
11. Крылы ў херувімаў даўжынёю былі ў дваццаць локцяў. Адно крыло ў дваццаць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло таксама ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма; |
12. і крыло другога херувіма ў пяць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма. |
13. Крылы ў гэтых херувімаў распасьцёрты на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, абліччамі сваімі да храма. |
14. І зрабіў заслону зь яхантавай, пурпуровай і барвовай тканіны і зь вісону і выявіў на ёй херувімаў. |
15. І зрабіў перад храмам два слупы, даўжынёю па трыццаць пяць локцяў, і капітэль наверсе кожнага ў пяць локцяў. |
16. І зрабіў ланцужкі, як у сьвятыні, і паклаў наверсе слупоў, і зрабіў сто гранатавых яблыкаў і паклаў на ланцужкі. |
17. І паставіў слупы перад храмам, адзін з правага боку, другі зь левага, і даў імя праваму Яхін, а леваму імя Воаз. |
2 Хронікі 4:1-22 |
1. І зрабіў медны ахвярнік; дваццаць локцяў даўжыня яго і дваццаць локцяў шырыня яго і дзесяць локцяў вышыня яго. |
2. І зрабіў мора літое,— ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў,— усё круглае, вышынёю ў пяць локцяў; і шнурок у трыццаць локцяў абдымаў яго вакол; |
3. і літыя падабенствы валоў стаялі пад ім вакол з усіх бакоў; на дзесяць локцяў акружалі мора вакол два рады валоў, вылітых адным ліцьцём зь ім. |
4. Стаяла яно на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач і тры глядзелі на захад, і тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход,— і мора на іх зьверху; а зады іхнія былі павернуты ўсярэдзіну пад яго. |
5. Таўшчынёю яно было ў далонь; і краі яго, зробленыя як берагі чары, былі падобныя на расьцьвілую лілею. Яно ўбірала да трох тысяч батаў. |
6. І зрабіў дзесяць умывальніц, і паставіў пяць з правага боку і пяць зь левага, каб абмываць у іх,— што рыхтавалі да цэласпаленьня, абмывалі ў іх; а мора — сьвятарам, каб яны абмываліся ў ім. |
7. І зрабіў дзесяць залатых сьвяцільняў, як ім быць належала, і паставіў у храме пяць з правага боку і пяць зь левага. |
8. І зрабіў дзесяць сталоў і паставіў у храме, пяць з правага боку і пяць зь левага, і зрабіў сто залатых чараў. |
9. І зрабіў сьвятарскі двор і вялікі двор і дзьверы ў двор, і вяроўкі іх абклаў медзьдзю. |
10. Мора паставіў з правага боку, на паўднёвы ўсход. |
11. І зрабіў Хірам балеі і лапаткі і чары. І скончыў Хірам працу, якую рабіў цару Саламону ў доме Божым: |
12. два слупы і дзьве апаяскі вянкоў наверсе слупоў, і дзьве сеткі для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў. |
13. І чатырыста гранатавых яблыкаў на дзьвюх сетках, два рады гранатавых яблыкаў для кожнай сеткі, для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія на слупах. |
14. І падставы зрабіў ён і ўмывальніцы зрабіў на падставах; |
15. адно мора, і дванаццаць валоў пад ім, |
16. і балеі, і лапаткі, і відэльцы, і ўвесь прыбор іх зрабіў Хірам-Авій цару Саламону для дома Гасподняга з паліраванай медзі. |
17. У навакольлі Ярдана выліваў іх цар, у гліністай зямлі, паміж Сакхотам і Цэрэдаю. |
18. І зрабіў Саламон усе рэчы гэтыя ў вялікім мностве, так што ня ведалі вагі медзі. |
19. Таксама зрабіў Саламон усе рэчы для дома Божага і залаты ахвярнік, і сталы, на якіх хлябы пакладныя, |
20. і сьвяцільні і лампады іх, каб запальваць іх па статуце перад давірам, з чыстага золата; |
21. і кветкі, і лампады, і абцугі з золата, з самага чыстага золата, |
22. і нажы, і крапільніцы і чары, і латкі з золата самага чыстага; і дзьверы храма,— дзьверы яго ўнутраныя ў Сьвятое Сьвятых, і дзьверы храма ў сьвятыню, — з золата. |
Псалмы 78:5-10 |
5. Дакуль, Госпадзе, не перастанеш гневацца, будзе рэўнасьць Твая палаць, як вагонь? |
6. Вылі гнеў Твой на народы, якія Цябе ня ведаюць, і на царствы, якія імя Твайго не заклікаюць, |
7. бо яны пажэрлі Якава, і селішча ягонае спустошылі. |
8. Не спамяні нам грахоў нашых продкаў; хай неўзабаве запабегнуць нас шчадроты Твае; бо мы зусім аслаблі. |
9. Памажы нам, Божа, Збаўца наш, дзеля славы імя Твайго; вызвалі нас, і даруй нам грахі нашыя дзеля імя Твайго. |
10. Навошта казаць язычнікам: "дзе Бог іхні?" Хай стане вядомая сярод язычнікаў перад вачыма нашымі помста за пралітую кроў рабоў Тваіх. |
Прытчы 20:10-12 |
10. Дваякія шалі, дваякая мера, і тое і другое — агідныя Госпаду. |
11. Можна пазнаць нават падлетка па занятках ягоных: ці чыстыя і ці правільныя ўчынкі ягоныя? |
12. Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць — і тое і другое стварыў Гасподзь. |
Деяния 12:1-25 |
1. Тым часам цар Ірад падняў рукі на некаторых людзей царквы, каб зрабіць ім ліха, |
2. і забіў Якава, брата Янавага, мечам; |
3. а ўбачыўшы, што гэта даспадобы Юдэям, сьледам за тым узяў і Пятра, — тады былі дні праснакоў, - |
4. і, затрымаўшы яго, пасадзіў у цямніцу і загадаў чатыром чацьверыкам воінаў вартаваць яго, маючы намер пасьля Пасхі вывесьці яго да людзей. |
5. І так Пятра вартавалі ў цемры; тым часам царква рупліва малілася за яго Богу. |
6. Калі ж Ірад хацеў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, і ахова каля дзьвярэй вартавала цямніцу. |
7. І вось, анёл Гасподні стаў перад ім, і сьвятло азарыла цямніцу; анёл, штурхнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: устань хутчэй! І ланцугі апалі з рук ягоных. |
8. І сказаў яму анёл: падперажыся і абуйся. Ён зрабіў так. Пасьля кажа яму: апрані адзежу тваю і ідзі за мною. |
9. Пётр выйшаў і рушыў усьлед за ім, ня ведаючы, што тое, што робіць анёл, ёсьць сапраўднае, а думаючы, што бачыць уяву. |
10. Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнае брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася ім; яны выйшлі, і прайшлі адну вуліцу, калі раптам анёла ня стала зь ім. |
11. Тады Пётр, апамятаўшыся, сказаў: цяпер я бачу напраўду, што Гасподзь паслаў анёла Свайго і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў люд Юдэйскі. |
12. І, агледзеўшыся, прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся. |
13. А калі Пётр пастукаўся ў браму, дык выйшла паслухаць служанка, якую звалі Рода; |
14. І, пазнаўшы Пятроў голас, ад радасьці не адчыніла брамы, а ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць каля брамы. |
15. А тыя сказалі ёй: ці ў сваім ты розуме? Але яна стаяла на сваім. А яны казалі: гэта анёл ягоны. |
16. Тым часам Пётр стукаўся; калі ж адчынілі, дык убачылі яго і зьдзівіліся. |
17. А ён, даўшы рукою знак, каб маўчалі, расказаў ім, як Гасподзь вывеў зь цямніцы, і сказаў: перакажэце ўсё гэта Якаву і братам. Пасьля выйшаў і пайшоў у іншую мясьціну. |
18. Калі настаў дзень, паміж воінамі ўсчалася вялікая трывога: што сталася зь Пятром; |
19. а Ірад, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, судзіў вартавых і загадаў пакараць іх сьмерцю; потым ён выправіўся зь Юдэеі ў Кесарыю і там заставаўся. |
20. Ірад быў у гневе на Тырыйцаў і Сіданійцаў: а яны, змовіўшыся, прыйшлі да яго і схіліўшы на свой бок Уласта, пасьцельніка царскага, прасілі міру, бо іх вобласьць кармілася з царскай. |
21. У назначаны дзень Ірад, убраўшыся ў царскія строі, сеў на судзілішчы перад людзьмі і гаварыў да іх; |
22. а люд крычаў: гэта голас Бога, а не чалавека! |
23. Але раптам анёл Гасподні паразіў яго за тое, што ён ня ўзьнёс хвалы Богу; і ён заедзены чарвякамі, сканаў. |
24. А слова Божае расло і пашыралася. |
25. А Варнава і Саўл, выканаўшы даручэньне, вярнуліся зь Ерусаліма (ў Атныахію), узяўшы з сабою і Яна, якога звалі Маркам. |