2 Хронікі 1:1-17 |
1. І ўцьвердзіўся Саламон, сын Давідаў, у царстве сваім; і Гасподзь Бог яго быў зь ім, і ўзьнёс яго высока. |
2. І загадаў Саламон сабрацца ўсяму Ізраілю: тысячнікам і сотнікам, і судзьдзям, і ўсім начальнікам ва ўсім Ізраілі — узначальцам пакаленьняў. |
3. І пайшлі Саламон і ўвесь сход зь ім на вышыню, што ў Гаваоне, бо там была Божая скінія збору, якую спарудзіў Майсей, раб Гасподні, у пустыні. |
4. Каўчэг Божы прынёс Давід з Кірыятыярыма на месца, якое падрыхтаваў для яго Давід, зладзіўшы яму скінію ў Ерусаліме. |
5. А медны ахвярнік, які зрабіў Вэсэлэіл, сын Урыя, сына Оравага, заставаўся там, перад скініяй Гасподняю, і зыскаў яго Саламон са зборам. |
6. І там перад абліччам Госпада, на медным ахвярніку, які перад скініяй сходу, узьнёс Саламон тысячу цэласпаленьняў. |
7. У тую ноч зьявіўся Бог Саламону, і сказаў яму: прасі, што Мне даць табе. |
8. І сказаў Саламон Богу: Ты стварыў Давіду, бацьку майму, вялікую міласьць і паставіў мяне царом замест яго. |
9. Хай жа спраўдзіцца, Госпадзе Божа, слова Тваё да Давіда, бацькі майго. Як што Ты ўцараваў мяне над народам шматлікім, як пыл зямны, |
10. дык цяпер дай мне мудрасьць і веданьне, каб я выходзіў перад народам гэтым і ўваходзіў, бо хто можа кіраваць гэтым народам Тваім вялікім? |
11. І сказаў Бог Саламону: за тое, што гэта было на сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці і славы і душы непрыяцеляў тваіх, і таксама не прасіў ты многіх дзён, а прасіў сабе мудрасьці і веданьня, каб кіраваць народам Маім, над якім Я ўцараваў цябе, |
12. мудрасьць і веданьне даецца табе, а багацьце і маёмасьць і славу Я дам табе такія, падобных да якіх ня было ў цароў да цябе і ня будзе пасьля цябе. |
13. І прыйшоў Саламон з вышыні, што ў Гаваоне, ад скініі сходу, у Ерусалім і валадарыў над Ізраілем. |
14. І набраў Саламон калясьніц і коньнікаў; і было ў яго тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме. |
15. І зрабіў цар срэбра і золата ў Ерусаліме раўнацэнным простаму каменю, а кедры, па мностве іх, зрабіў раўнацэннымі сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах. |
16. Коней Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы: купцы царскія з Кувы атрымлівалі іх за грошы. |
17. Калясьніцу атрымлівалі і дастаўлялі зь Егіпта за шасьцьсот сікляў срэбра, а каня за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі гэта ўсім царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім. |
2 Хронікі 2:1-17 |
1. І пастанавіў Саламон пабудаваць дом імю Госпада і дом царскі сабе. |
2. І вызначыў Саламон семдзесят тысяч насільшчыкаў і восемдзесят тысяч каменячосаў у гарах і наглядчыкаў над імі тры тысячы шасьцьсот. |
3. І паслаў Саламон да Хірама, цара Тырскага, сказаць: як рабіў ты з Давідам, бацькам маім, і прысылаў яму кедры на пабудову дома, каб яму жыць, так зрабі і са мною. |
4. Вось я будую дом імю Госпада Бога майго, дзеля прысьвячэньня Яму, каб паліць перад ім пахучае дымленьне, прыносіць пастаянна пакладныя хлябы і ўзносіць там цэласпаленьні раніцай і ўвечары ў суботы, і на маладзіка, і ў сьвяты Госпада Бога нашага, што назаўсёды наказана Ізраілю. |
5. І дом, які я будую, вялікі, бо вялікі Бог наш, вышэй за ўсіх багоў. |
6. І ці хопіць у каго сілы пабудаваць Яму дом, калі неба і нябёсы нябёсаў не ўмяшчаюць Яго? І хто я, каб мог пабудаваць Яму дом? Хіба толькі дзеля дымленьня перад абліччам Ягоным. |
7. Дык вось прышлі мне чалавека, які ўмее рабіць вырабы з золата, і з срэбра, і зь медзі, і з жалеза, і з прадзіва пурпуровага, барвовага і яхантавага колеру, і выразаць разьбу, разам з мастакамі, якія ёсьць у мяне ў Юдэі і ў Ерусаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой. |
8. І прышлі мне кедровай драўніны, і кіпарысу і пеўговага дрэва зь Лівана, бо я ведаю, што рабы твае ўмеюць сячы дрэвы Ліванскія. І вось рабы мае пойдуць з рабамі тваімі, |
9. каб прыгатаваць мне многа дрэў, бо дом, які я будую, вялікі і цудоўны. |
10. І вось лесарубам, якія сякуць дрэвы, рабам тваім, я даю ў ежу: пшаніцы дваццаць тысяч кораў, і ячменю дваццаць тысяч кораў, і віна дваццаць тысяч батаў, і аліўкавага алею дваццаць тысяч батаў. |
11. І адказваў Хірам, цар Тырскі, лістом, які прыслаў Саламону: па любові да народу Свайго, Гасподзь паставіў цябе царом над ім. |
12. І сказаў Хірам: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стварыў неба і зямлю, даў цару Давіду сына мудрага, які мае сэнс і розум, які намераны будаваць дом Госпаду і дом царскі сабе. |
13. Дык вось, я пасылаю: чалавека разумнага, які мае веды, Хірама-Авія, |
14. сына жанчыны з дочак Данавых, а бацька яго Тыранін,— ён умее рабіць вырабы з золата і з срэбра, зь медзі, з жалеза, з каменю і з дрэва, з прадзіва пурпуровага, яхантавага колеру, і зь вісону і з барвяніцы, і выразаць усялякую разьбу, і выконваць усё, што будзе даручана яму разам з мастакамі тваімі і з мастакамі гаспадара майго Давіда, бацькі твайго. |
15. А пшаніцу і ячмень, аліўкавы алей і віно, пра якія казаў ты, гаспадар мой, пашлі рабам тваім. |
16. А мы насячом дрэў зь Лівана, колькі табе трэба, і прыгонім іх у плытах па моры ў Яфу, а ты завязеш іх у Ерусалім. |
17. І палічыў Саламон усіх прыбылых, якія былі ў зямлі Ізраілевай, пасьля пералічэньня іх, зробленага Давідам, бацькам ягоным,— і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шасьцьсот. |
Псалмы 78:1-4 |
1. Псальма Асафава. Божа! язычнікі прыйшлі ў спадчыну Тваю; апаганілі сьвяты храм Твой; Ерусалім ператварылі ў руіны; |
2. трупы рабоў Тваіх аддалі на поед птушкам нябесным, целы сьвятых Тваіх зьвярам зямным; |
3. пралілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліма, і ня было каму іх пахаваць. |
4. Мы зрабіліся пасьмешышчам у суседзяў нашых, ганьбаю і сараматою тых, хто вакол нас. |
Прытчы 20:8-9 |
8. Цар, які сядзіць на троне правасудзьдзя, разганяе вачыма сваімі ўсё ліхое. |
9. Хто можа сказаць: "я ачысьціў сэрца сваё, я чысты ад грэху майго?" |
Деяния 11:1-30 |
1. Дачуліся апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і язычнікі прынялі слова Божае. |
2. І калі Пётр прыйшоў у Ерусалім, абрэзаныя дакаралі яго, |
3. кажучы: ты хадзіў да людзей неабрэзаных і еў зь імі. |
4. А Пётр пачаў ім пераказваць па парадку, кажучы: |
5. у горадзе Ёпіі я маліўся і ў жарсьці бачыў уяву: сыходзіў нейкі посуд, нібы вялікае палатно, за чатыры рагі апусканае зь неба, і спусьцілася да мяне; |
6. я паглядзеў у яго і, разглядваючы, убачыў чатырногаў зямных, зьвяроў, плазуноў і птушак нябесных. |
7. І пачуў я голас, які сказаў мне: устань, Пётр, закалі і еж. |
8. А я сказаў: не, Госпадзе, нішто паганае альбо нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае. |
9. І адказваў мне голас другі раз зь неба: што Бог ачысьціў, таго ты не ўважай за нячыстае. |
10. Гэта было тройчы; і зноў узьнялося ўсё на неба. |
11. І вось, у тую ж самую часіну трох чалавек, пасланых з Кесарыі да мяне, спыніліся перад домам, дзе быў я. |
12. Дух сказаў мне, каб я ішоў зь імі, зусім не сумняваючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго чалавека. |
13. Ён расказаў нам, як ён бачыў у доме сваім анёла (сьвятога), які стаў і сказаў яму: пашлі ў Ёпію людзей і пакліч Сымона, якога завуць Пятром; |
14. ён скажа табе словы, якімі ўратуешся ты і ўвесь дом твой. |
15. А калі я пачаў прамаўляць, зышоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас спачатку. |
16. Тады ўзгадаў я слова Госпада, як Ён казаў: Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым. |
17. І вось, калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што ўверавалі ў Госпада Ісуса Хрыста, дык хто ж я, каб мог усупрацівіцца Богу? |
18. Выслухаўшы гэта, яны супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: відаць, і язычнікам даў Бог пакаяньне ў жыцьцё. |
19. Тым часам тыя, што расьсеяліся ад ганеньняў, якія былі пасьля Сьцяпана, пайшлі да Фінікіі і Кіпра і Антыахіі, нікому не прапаведуючы слова, апрача Юдэяў. |
20. А былі сярод іх і некаторыя Кіпрэйцы і Кірынейцы, якія, прыйшоўшы ў Антыахію, прамаўлялі да Элінаў, зьвястуючы Госпада Ісуса. |
21. І была рука Гасподняя зь імі, і вялікае мноства ўвераваўшы навярнуліся да Госпада. |
22. Дайшло слова пра іх да царквы Ерусалімскай, і даручылі Варнаву ісьці ў Антыахію. |
23. Ён, як прыйшоў і ўбачыў мілату Божую, узрадаваўся і ўгаворваў усіх намерамі сэрца трымацца Госпада; |
24. бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І прыхілілася многа людзей да Госпада. |
25. Потым Варнава пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыахію. |
26. Цэлы год зьбіраліся яны ў царкве і вучылі многа людзей; і вучні ў Антыахіі ўпяршыню пачалі называцца хрысьціянамі. |
27. Тымі днямі прыйшлі зь Ерусаліма ў Антыахію прарокі. |
28. І адзін зь іх, якога звалі Агаў, устаўшы, перш абвясьціў Духам, што па ўсім сьвеце будзе вялікі голад, які і быў пры кесары Клаўдзіі; |
29. тады вучні пастанавілі, кожны паводле дастатку свайго, паслаць дапамогу братам, якія жывуць у Юдэі, |
30. што і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасьвітараў праз Варнаву і Саўла. |