A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Ліпеня 3

2 Хронікі 1:1-17
1. І ўцьвердзіўся Саламон, сын Давідаў, у царстве сваім; і Гасподзь Бог яго быў зь ім, і ўзьнёс яго высока.
2. І загадаў Саламон сабрацца ўсяму Ізраілю: тысячнікам і сотнікам, і судзьдзям, і ўсім начальнікам ва ўсім Ізраілі — узначальцам пакаленьняў.
3. І пайшлі Саламон і ўвесь сход зь ім на вышыню, што ў Гаваоне, бо там была Божая скінія збору, якую спарудзіў Майсей, раб Гасподні, у пустыні.
4. Каўчэг Божы прынёс Давід з Кірыятыярыма на месца, якое падрыхтаваў для яго Давід, зладзіўшы яму скінію ў Ерусаліме.
5. А медны ахвярнік, які зрабіў Вэсэлэіл, сын Урыя, сына Оравага, заставаўся там, перад скініяй Гасподняю, і зыскаў яго Саламон са зборам.
6. І там перад абліччам Госпада, на медным ахвярніку, які перад скініяй сходу, узьнёс Саламон тысячу цэласпаленьняў.
7. У тую ноч зьявіўся Бог Саламону, і сказаў яму: прасі, што Мне даць табе.
8. І сказаў Саламон Богу: Ты стварыў Давіду, бацьку майму, вялікую міласьць і паставіў мяне царом замест яго.
9. Хай жа спраўдзіцца, Госпадзе Божа, слова Тваё да Давіда, бацькі майго. Як што Ты ўцараваў мяне над народам шматлікім, як пыл зямны,
10. дык цяпер дай мне мудрасьць і веданьне, каб я выходзіў перад народам гэтым і ўваходзіў, бо хто можа кіраваць гэтым народам Тваім вялікім?
11. І сказаў Бог Саламону: за тое, што гэта было на сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці і славы і душы непрыяцеляў тваіх, і таксама не прасіў ты многіх дзён, а прасіў сабе мудрасьці і веданьня, каб кіраваць народам Маім, над якім Я ўцараваў цябе,
12. мудрасьць і веданьне даецца табе, а багацьце і маёмасьць і славу Я дам табе такія, падобных да якіх ня было ў цароў да цябе і ня будзе пасьля цябе.
13. І прыйшоў Саламон з вышыні, што ў Гаваоне, ад скініі сходу, у Ерусалім і валадарыў над Ізраілем.
14. І набраў Саламон калясьніц і коньнікаў; і было ў яго тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.
15. І зрабіў цар срэбра і золата ў Ерусаліме раўнацэнным простаму каменю, а кедры, па мностве іх, зрабіў раўнацэннымі сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.
16. Коней Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы: купцы царскія з Кувы атрымлівалі іх за грошы.
17. Калясьніцу атрымлівалі і дастаўлялі зь Егіпта за шасьцьсот сікляў срэбра, а каня за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі гэта ўсім царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.

2 Хронікі 2:1-17
1. І пастанавіў Саламон пабудаваць дом імю Госпада і дом царскі сабе.
2. І вызначыў Саламон семдзесят тысяч насільшчыкаў і восемдзесят тысяч каменячосаў у гарах і наглядчыкаў над імі тры тысячы шасьцьсот.
3. І паслаў Саламон да Хірама, цара Тырскага, сказаць: як рабіў ты з Давідам, бацькам маім, і прысылаў яму кедры на пабудову дома, каб яму жыць, так зрабі і са мною.
4. Вось я будую дом імю Госпада Бога майго, дзеля прысьвячэньня Яму, каб паліць перад ім пахучае дымленьне, прыносіць пастаянна пакладныя хлябы і ўзносіць там цэласпаленьні раніцай і ўвечары ў суботы, і на маладзіка, і ў сьвяты Госпада Бога нашага, што назаўсёды наказана Ізраілю.
5. І дом, які я будую, вялікі, бо вялікі Бог наш, вышэй за ўсіх багоў.
6. І ці хопіць у каго сілы пабудаваць Яму дом, калі неба і нябёсы нябёсаў не ўмяшчаюць Яго? І хто я, каб мог пабудаваць Яму дом? Хіба толькі дзеля дымленьня перад абліччам Ягоным.
7. Дык вось прышлі мне чалавека, які ўмее рабіць вырабы з золата, і з срэбра, і зь медзі, і з жалеза, і з прадзіва пурпуровага, барвовага і яхантавага колеру, і выразаць разьбу, разам з мастакамі, якія ёсьць у мяне ў Юдэі і ў Ерусаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой.
8. І прышлі мне кедровай драўніны, і кіпарысу і пеўговага дрэва зь Лівана, бо я ведаю, што рабы твае ўмеюць сячы дрэвы Ліванскія. І вось рабы мае пойдуць з рабамі тваімі,
9. каб прыгатаваць мне многа дрэў, бо дом, які я будую, вялікі і цудоўны.
10. І вось лесарубам, якія сякуць дрэвы, рабам тваім, я даю ў ежу: пшаніцы дваццаць тысяч кораў, і ячменю дваццаць тысяч кораў, і віна дваццаць тысяч батаў, і аліўкавага алею дваццаць тысяч батаў.
11. І адказваў Хірам, цар Тырскі, лістом, які прыслаў Саламону: па любові да народу Свайго, Гасподзь паставіў цябе царом над ім.
12. І сказаў Хірам: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стварыў неба і зямлю, даў цару Давіду сына мудрага, які мае сэнс і розум, які намераны будаваць дом Госпаду і дом царскі сабе.
13. Дык вось, я пасылаю: чалавека разумнага, які мае веды, Хірама-Авія,
14. сына жанчыны з дочак Данавых, а бацька яго Тыранін,— ён умее рабіць вырабы з золата і з срэбра, зь медзі, з жалеза, з каменю і з дрэва, з прадзіва пурпуровага, яхантавага колеру, і зь вісону і з барвяніцы, і выразаць усялякую разьбу, і выконваць усё, што будзе даручана яму разам з мастакамі тваімі і з мастакамі гаспадара майго Давіда, бацькі твайго.
15. А пшаніцу і ячмень, аліўкавы алей і віно, пра якія казаў ты, гаспадар мой, пашлі рабам тваім.
16. А мы насячом дрэў зь Лівана, колькі табе трэба, і прыгонім іх у плытах па моры ў Яфу, а ты завязеш іх у Ерусалім.
17. І палічыў Саламон усіх прыбылых, якія былі ў зямлі Ізраілевай, пасьля пералічэньня іх, зробленага Давідам, бацькам ягоным,— і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шасьцьсот.

Псалмы 78:1-4
1. Псальма Асафава. Божа! язычнікі прыйшлі ў спадчыну Тваю; апаганілі сьвяты храм Твой; Ерусалім ператварылі ў руіны;
2. трупы рабоў Тваіх аддалі на поед птушкам нябесным, целы сьвятых Тваіх зьвярам зямным;
3. пралілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліма, і ня было каму іх пахаваць.
4. Мы зрабіліся пасьмешышчам у суседзяў нашых, ганьбаю і сараматою тых, хто вакол нас.

Прытчы 20:8-9
8. Цар, які сядзіць на троне правас­удзьдзя, разганяе вачыма сваімі ўсё ліхое.
9. Хто можа сказаць: "я ачысьціў сэрца сваё, я чысты ад грэху майго?"

Деяния 11:1-30
1. Дачуліся апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і язычнікі прынялі слова Божае.
2. І калі Пётр прыйшоў у Ерусалім, абрэзаныя дакаралі яго,
3. кажучы: ты хадзіў да людзей неабрэзаных і еў зь імі.
4. А Пётр пачаў ім пераказваць па парадку, кажучы:
5. у горадзе Ёпіі я маліўся і ў жарсьці бачыў уяву: сыходзіў нейкі посуд, нібы вялікае палатно, за чатыры рагі апусканае зь неба, і спусьцілася да мяне;
6. я паглядзеў у яго і, разглядваючы, убачыў чатырногаў зямных, зьвяроў, плазуноў і птушак нябесных.
7. І пачуў я голас, які сказаў мне: устань, Пётр, закалі і еж.
8. А я сказаў: не, Госпадзе, нішто паганае альбо нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае.
9. І адказваў мне голас другі раз зь неба: што Бог ачысьціў, таго ты не ўважай за нячыстае.
10. Гэта было тройчы; і зноў узьнялося ўсё на неба.
11. І вось, у тую ж самую часіну трох чалавек, пасланых з Кесарыі да мяне, спыніліся перад домам, дзе быў я.
12. Дух сказаў мне, каб я ішоў зь імі, зусім не сумняваючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго чалавека.
13. Ён расказаў нам, як ён бачыў у доме сваім анёла (сьвятога), які стаў і сказаў яму: пашлі ў Ёпію людзей і пакліч Сымона, якога завуць Пятром;
14. ён скажа табе словы, якімі ўратуешся ты і ўвесь дом твой.
15. А калі я пачаў прамаўляць, зышоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас спачатку.
16. Тады ўзгадаў я слова Госпада, як Ён казаў: Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
17. І вось, калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што ўверавалі ў Госпада Ісуса Хрыста, дык хто ж я, каб мог усупрацівіцца Богу?
18. Выслухаўшы гэта, яны супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: відаць, і язычнікам даў Бог пакаяньне ў жыцьцё.
19. Тым часам тыя, што расьсеяліся ад ганеньняў, якія былі пасьля Сьцяпана, пайшлі да Фінікіі і Кіпра і Антыахіі, нікому не прапаведуючы слова, апрача Юдэяў.
20. А былі сярод іх і некаторыя Кіпрэйцы і Кірынейцы, якія, прыйшоўшы ў Антыахію, прамаўлялі да Элінаў, зьвястуючы Госпада Ісуса.
21. І была рука Гасподняя зь імі, і вялікае мноства ўвераваўшы навярнуліся да Госпада.
22. Дайшло слова пра іх да царквы Ерусалімскай, і даручылі Варнаву ісьці ў Антыахію.
23. Ён, як прыйшоў і ўбачыў мілату Божую, узрадаваўся і ўгаворваў усіх намерамі сэрца трымацца Госпада;
24. бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І прыхілілася многа людзей да Госпада.
25. Потым Варнава пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыахію.
26. Цэлы год зьбіраліся яны ў царкве і вучылі многа людзей; і вучні ў Антыахіі ўпяршыню пачалі называцца хрысьціянамі.
27. Тымі днямі прыйшлі зь Ерусаліма ў Антыахію прарокі.
28. І адзін зь іх, якога звалі Агаў, устаўшы, перш абвясьціў Духам, што па ўсім сьвеце будзе вялікі голад, які і быў пры кесары Клаўдзіі;
29. тады вучні пастанавілі, кожны паводле дастатку свайго, паслаць дапамогу братам, якія жывуць у Юдэі,
30. што і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасьвітараў праз Варнаву і Саўла.