Біблія на працягу аднаго года Ліпеня 28
Неямія 8:1-18 |
1. Калі настаў сёмы месяц, і сыны Ізраілевыя жылі па гарадах сваіх, тады сабраўся ўвесь народ, як адзін чалавек, на пляц, які перад Вадзяною брамаю, і сказалі кніжніку Эздру, каб ён прынёс кнігу закона Майсеевага, які запавядаў Гасподзь Ізраілю. |
2. І прынёс сьвятар Эздра закон на сход мужчын і жанчын і ўсіх, якія маглі разумець, у першы дзень сёмага месяца; |
3. і чытаў зь яго на пляцы, які перад Вадзяною брамай, ад сьвітаньня да полудня, перад мужчынамі і жанчынамі і ўсімі, якія маглі разумець; і вушы ўсяго народу былі прыхілены да кнігі закона. |
4. Кніжнік Эздра стаяў на драўляным узвышэньні, якое дзеля гэтага зрабілі, а каля яго, праваруч ад яго, стаялі Мататыя і Шэма, і Аная і Урыя, і Хэлкія і Маасэя, а леваруч ад яго Фэдая і Місаіл, і Малхія і Хашум, і Хашбадана, і Захар і Мэшулам. |
5. І адкрыў Эздра кнігу перад вачыма ўсяго народу, бо ён стаяў вышэй за народ. І калі ён адкрыў яе, увесь народ устаў. |
6. І дабраславіў Эздра Госпада Бога вялікага. І ўвесь народ адказаў: амін, амін, падымаючы рукі свае,— і пакланяліся і падалі перад Госпадам тварам да зямлі. |
7. Ісус, Ваная, Шэрэвія, Ямін, Акуў, Шаўтай, Гадыя, Маасэя, Кліта, Азарыя, Ёзавад, Ханан, Фэлая і лявіты тлумачылі народу закон, тым часам як народ стаяў на сваім месцы. |
8. І чыталі з кнігі, з закона Божага, выразна, і далучалі тлумачэньне, і народ разумеў прачытанае. |
9. Тады Нээмія, ён жа Тыршата, і кніжнік Эздра, сьвятар, і лявіты, якія вучылі народ, сказалі ўсяму народу: дзень гэты сьвяты Госпаду Богу нашаму; ня смуткуйце і ня плачце,— бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы закона. |
10. І сказаў ім: ідзеце, ежце тлустае і пеце салодкае, і пасылайце часткі тым, у каго нічога не прыгатавана, таму што дзень гэты сьвяты Госпаду нашаму. І ня смуткуйце, бо радасьць перад Госпадам — падмацаваньне вам. |
11. І лявіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: перастаньце, бо дзень гэты сьвяты, ня смуткуйце. |
12. І пайшоў увесь народ есьці, і піць, і пасылаць часткі, і сьвяткаваць зь вялікай весялосцю, бо зразумелі словы, якія сказалі ім. |
13. На другі дзень сабраліся ўзначальцы пакаленьняў ад усяго народу, сьвятары і лявіты да кніжніка Эздры, каб ён тлумачыў ім словы закона. |
14. І знайшлі напісанае ў законе, які Гасподзь даў праз Майсея, каб сыны Ізраілевыя ў сёмым месяцы, у сьвята, жылі ў кучках. |
15. І таму абвясьцілі і агаласілі па ўсіх гарадах сваіх і ў Ерусаліме, кажучы: ідзеце на гару і нясеце галінкі масьліны садовай і галінкі масьліны дзікай, і галінкі міртавыя і галінкі пальмавыя, і галінкі іншых шырокалістных дрэў, каб зрабіць кучкі паводле напісанага. |
16. І пайшоў народ, і прынесьлі і зрабілі сабе кучкі, кожны на сваім даху і на дварах сваіх, і на дварах дома Божага, і на пляцы каля Вадзяное брамы і на пляцы каля Яфрэмавай брамы. |
17. Усё супольства павяртанцаў з палону зрабіла кучкі-буданы і жыло ў кучках. Ад дзён Ісуса, сына Нававага, да гэтага дня, не рабілі так сыны Ізраілевыя. Радасьць была вельмі вялікая. |
18. І чыталі з кнігі закона Божага кожны дзень, ад першага дня да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а на восьмы дзень пасьлясьвяцьце праводле статуту. |
Неямія 9:1-37 |
1. На дваццаць чацвёрты дзень гэтага месяца сабраліся ўсе сыны Ізраілевыя, якія пасьціліся і былі ў вярэтах і з попелам на галовах сваіх. |
2. І аддзялілася насеньне Ізраілевае ад усіх іншародных, і ўсталі і спавядаліся ў грахах сваіх і ў злачынствах бацькоў сваіх. |
3. І стаялі на сваім месцы, і чвэрць дня чыталі з кнігі закона Госпада Бога свайго, і чвэрць спавядаліся і пакланяліся Госпаду Богу свайму. |
4. І ўсталі на ўзвышанае месца лявітаў: Ісус, Ванія, Кадмііл, Шэванія, Вуній, Шэрэвія, Ванія, Хэнані, і гучна заклікалі да Госпадла Бога свайго. |
5. І сказалі лявіты — Ісус, Кадмііл, Ванія, Хашаўнія, Шэрэвія, Гадыя, Шэванія, Пэтахія: устаньце, слаўце Госпада Бога вашага адвеку і давеку. Хай славасловяць вартае ўслаўленьня і вышэйшае за ўсякае славаслоўе і хвалу імя Тваё! |
6. Ты, Госпадзе адзіны. Ты стварыў неба, нябёсы нябёсаў і ўсё воінства іх, зямлю і ўсё, што на ёй, моры і ўсё, што ў іх, і Ты жывіш усё гэта, і нябесныя воінствы Табе пакланяюцца. |
7. Ты Сам, Госпадзе Божа, выбраў Абрама і вывеў яго з Ура Халдэйскага, і даў яму імя Абрагама, |
8. і знайшоў яго сэрца верным перад Табою, і заключыў зь ім запавет, каб даць семені ягнонаму замлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Евусэяў і Гергесэяў. І Ты выканаў слова Сваё, бо Ты праведны. |
9. Ты ўбачыў бедства бацькоў нашых у Егіпце і пачуў енк іхні каля Чэрмнага мора, |
10. і паказаў знакі і цуды над фараонам і над усімі рабамі ягонымі, і над усім народам зямлі ягонай, бо Ты ведаў, што яны пагардліва абыходзіліся зь імі, і зарабіў Ты Сабе імя да гэтага дня. |
11. Ты расьсек перад імі мора, і яны сярод мора прайшлі па сухім, а тых, што гналіся за імі, укінуў у глыбіні, як камень у вялікія воды. |
12. У слупе воблачным Ты вёў іх удзень і ў слупе вогненным уначы, каб асьвятляць ім дарогу, па якой ім ісьці. |
13. І сышоў Ты на гару Сінай і гаварыў зь імі зь неба, і даў ім суды справядлівыя, законы правільныя; пастановы і запаведзі добрыя. |
14. І ўказаў ім сьвятую Тваю суботу і запаведзі, і пастановы і закон падаў ім праз раба Твайго Майсея. |
15. І хлеб зь неба Ты даваў ім у голадзе іхнім і ваду з каменю крынічыў ім у смазе іхняй, і сказаў ім, каб яны пайшлі і авалодалі зямлёю, якую Ты, падняўшы руку Тваю, запрысягнуўся даць ім. |
16. Але яны і бацькі нашыя ўпарціліся, і шыю сваю трымалі пругка, і ня слухаліся наказаў Тваіх; |
17. не захацелі слухацца і ня ўспомнілі цудоўных дзеяў Тваіх, якія Ты рабіў зь імі, і трымалі шыю сваю пругка і з упартасьці сваёй паставілі над сабою правадыра, каб вярнуцца ў рабства сваё. Але Ты Бог, Які любіць дараваць, добры і міласэрны, доўгацярплівы і шматлітасьцівы, і Ты не пакінуў іх. |
18. І хоць яны зрабілі сабе літое цяля і сказалі: вось бог твой, які вывеў цябе зь Егіпта, і хоць рабілі вялікія абразы, |
19. але Ты, зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, не пакідаў іх у пустыні; слуп воблачны не адыходзіў ад іх удзень, каб весьці іх па шляху, і слуп вогненны ўначы, каб сьвяціць ім у дарозе, якою яны ішлі. |
20. І Ты даў ім Духа Твайго добрага, каб настаўляць іх, і манну Тваю не адбіраў ад вуснаў іхніх, і ваду даваў ім дзеля наталеньня смагі іхняй. |
21. Сорак гадоў Ты карміў іх у пустыні; яны ні ў чым ня мелі нястачы, вопратка іхняя не старэла, і ногі іхнія ня пухлі. |
22. І Ты даў ім царства і народы, і падзяліў ім, і яны авалодалі зямлёю Сігона, і зямлёю цара Есэвонскага, і зямлёю Ога, цара Васанскага. |
23. І сыноў іхніх Ты памноножыў, як зоркі нябесныя, і ўвёў іх у зямлю, пра якую Ты казаў бацькам іхнім, што яны прыйдуць валодаць ёю. |
24. І ўвайшлі сыны іхнія, і авалодалі зямлёю. І Ты скарыў ім жыхароў зямлі, Хананэяў, і аддаў іх у рукі іхнія, і цароў іхніх, і народы зямлі, каб яны рабілі зь імі па сваёй волі. |
25. І занялі яны ўмацаваныя гарады і тлустую зямлю, і ўзялі ў валоданьне дамы, напоўненыя ўсялякім дабром, вадаёмы, высечаныя з каменю, вінаградныя і масьлічныя сады і мноства дрэў з пладамі на ежу. Яны елі, насычаліся, тлусьцелі і мелі асалоду зь вялікай дабрыні Тваёй; |
26. і зрабіліся ўпартыя і ўзбурыліся супроць Цябе: і занядбалі закон Твой, забівалі прарокаў Тваіх, якія ўмаўлялі іх зьвярнуцца да Цябе, і рабілі вялікія абразы. |
27. І Ты аддаў іх у рукі ворагам іхнім, якія ўціскалі іх. Але калі, у цяжкі для яго час, яны заклікалі Цябе, Ты выслухваў іх зь нябёсаў, і зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, даваў ім ратавальнікаў, і яны ратавалі іх ад рук ворагаў іхніх. |
28. А калі супакойваліся, дык спачатку пачыналі рабіць благое перад абліччам Тваім, і Ты аддаваў іх у рукі непрыяцеляў іхніх, і яны панавалі над імі. Але калі яны зноў заклікалі Цябе, Ты выслухваў іх зь нябёсаў і зь вялікай міласэрнасьці Тваёй выбаўляў іх шмат разоў. |
29. Ты нагадваў ім зьвярнуцца да закона Твайго, але яны ўпарціліся і ня слухалі наказаў Тваіх і ўхіляліся ад пастановаў Тваіх, якімі жыў бы чалавек, калі б выконваў іх, і хрыбет свой зрабілі ўпарцістым, і шыю сваю трымалі пругка, і ня слухаліся. |
30. Чакаючы іхняга навароту, Ты марудзіў шмат гадоў і нагадваў ім Духам Тваім праз прарокаў Тваіх, але яны ня слухалі. І Ты аддаў іх у рукі іншаземных народаў. |
31. Але зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, Ты ня вынішчыў іх да канца і не пакідаў іх, бо Ты Бог добры і літасьцівы. |
32. І сёньня, Божа наш, Божа вялікі, моцны і страшны, Які захоўвае запавет і міласьць! хай ня будзе малым перад абліччам Тваім уся пакута, якая спасьцігала нас, цароў нашых, князёў нашых, і сьвятароў нашых, і прарокаў нашых, і бацькоў нашых і ўвесь народ Твой ад дзён цароў Асірыйскіх да сёньня. |
33. Ва ўсім, што спасьцігла нас, Ты праведны, бо Ты рабіў паводле праўды, а мы вінаватыя. |
34. Цары нашыя, князі нашыя, сьвятары нашыя і бацькі нашыя ня выконвалі закону Твайго, і ня слухалі наказаў Тваіх і напамінаў Тваіх, якімі Ты нагадваў ім. |
35. І ў царстве сваім пры вялікім дабры Тваім, якое Ты даваў ім, і на прасторнай і тлустай зямлі, якую Ты выдзеліў ім, яны ня служылі Табе і не адварочваліся ад ліхіх дзеяў сваіх. |
36. І вось, мы цяпер рабы; на той зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб карміцца яе пладамі і яе дабром, вось, мы рабы. |
37. І ўтворы свае яна багата прыносіць царам, якім Ты ўпакорыў нас за грахі нашыя. І целамі нашымі і быдлам нашым яны валодаюць, як самі хочуць, і мы ў вялікім уціску. |
Псалмы 88:11-18 |
11. Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх. |
12. Твае — нябёсы і Твая — зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў. |
13. Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца. |
14. Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая! |
15. Правасудзьдзе й істасьць — аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць. |
16. Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе; |
17. а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца, |
18. бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш. |
Прытчы 21:29-31 |
29. Чалавек бязбожны дзёрзкі тварам сваім, а праведны трымае проста шлях свой. |
30. Няма мудрасьці і няма розуму і няма вады — насуперак Госпаду. |
31. Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад Госпада. |
Деяния 27:27-44 |
27. У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі, |
28. і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў. |
29. Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня. |
30. А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа, |
31. Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца. |
32. Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала. |
33. На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога; |
34. Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы. |
35. Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці. |
36. Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу; |
37. а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ. |
38. І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора. |
39. Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём. |
40. І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага. |
41. Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў. |
42. А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк. |
43. Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю, |
44. а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю. |
|