Ездра 9:1-15 |
1. Пасьля заканчэньня гэтага, падышлі да мяне начальнікі і сказалі: народ Ізраілеў і сьвятары і лявіты не аддзяліліся ад народаў іншапляменных зь мярзотамі іхнімі, ад Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Евусэяў, Аманіцян, Маавіцян, Егіпцян і Амарэяў, |
2. бо ўзялі дочак іхніх за сябе і за сыноў сваіх, і зьмяшалася семя сьвятое з народамі іншапляменнымі, і прытым рука самых знакамітых і галоўных была ў гэтым беззаконьні першаю. |
3. Пачуўшы гэта слова, я падраў споднюю і верхнюю вопратку маю і рваў валасы на галаве маёй і на барадзе маёй, і сядзеў засмучаны. |
4. Тады сабраліся да мяне ўсе, якія збаяліся слоў Бога Ізраілевага з прычыны злачынства перасяленцаў, і я сядзеў у смутку да вячаровай ахвяры. |
5. А ў час вечаровай ахвяры я ўстаў зь месца бедаваньня майго, і ў разадранай сподняй і верхняй вопратцы ўпаў на калені мае і працягнуў рукі мае да Госпада Бога майго |
6. і сказаў: Божа мой! саромеюся і баюся падняць твар мой да Цябе, Божа мой, бо беззаконьні нашыя сталі вышэй галавы, і віна нашая ўзрасла да нябёсаў. |
7. Зь дзён бацькоў нашых мы ў вялікай віне да сёньня, і за беззаконьні нашыя аддадзеныя былі мы, цары нашыя, сьвятары нашыя, у рукі цароў іншаземных, пад меч, у палон і на разрабаваньне і на пасаромленьне, як гэта і цяпер. |
8. І вось, праз невялікі час, даравана нам памілаваньне ад Госпада Бога нашага, і Ён пакінуў у нас некалькі ацалелых і даў нам умацавацца на месцы сьвятыні Ягонай, і прасьвятліў вочы нашыя Бог наш, і даў нам ажыць крыху ў рабстве нашым. |
9. Мы — рабы, але і ў рабстве нашым не пакінуў нас Бог наш. І схіліў Ён да нас міласьць цароў Персідскіх, каб яны далі нам ажыць, пабудаваць дом Бога нашага і аднавіць яго з руінаў ягоных, і далі нам аслону ў Юдэі і ў Ерусаліме . |
10. І цяпер, што скажам мы, Божа наш, пасьля гэтага? Бо мы адступіліся ад запаведзяў Тваіх, |
11. якія наказаў Ты праз рабоў Тваіх прарокаў, кажучы: зямля, у якую ідзяце вы, каб авалодаць ёю, зямля нячыстая, яна апаганена нячыстасьцю іншаплямененых народаў, іх мярзотамі, якімі яны напоўнілі яе ад краю да краю ў паганьбеньнях сваіх. |
12. Дык вось, дочак вашых не выдавайце за сыноў іхніх, і дочак іхніх не бярэце за сыноў вашых, і ня шукайце міру іхняга і дабра іхняга вавек, каб умацавацца вам і карміцца дабротамі зямлі той і перадаць яе ў спадчыну сынам вашым навечна. |
13. І пасьля ўсяго, што спасьцігла нас за благія ўчынкі нашыя і за вялікую віну нашую — бо Ты, Божа наш, пашкадаваў нас не па меры беззаконьня нашага і даў нам такое збавеньне. |
14. Няўжо мы зноў будзем парушаць запаведзі Твае і ўступаць у радство з гэтымі агіднымі народамі? Ці не прагневаешся Ты на нас нават да вынішчэньня нас, так што ня будзе ацалелых і ня будзе выратаваньня? |
15. Госпадзе Божа Ізраілеў! праведны Ты. Бо мы ацалелі да гэтага дня; і вось мы ў беззаконьнях нашых перад абліччам Тваім, хоць пасьля гэтага не належала б нам стаяць перад абліччам Тваім. |
Ездра 10:1-44 |
1. Калі Эздра маліўся і спавядаўся, плачучы і падаючы перад домам Божым, сышоўся да яго вялікі збор Ізраільцян, мужчын і жанчын і дзяцей, бо і народ моцна плакаў. |
2. І адказваў Шэханія, сын Ехііла з сыноў Эламавых, і сказаў Эздру: мы зрабілі злачынства перад Богам нашым, што ўзялі жонак іншапляменных з народаў зямлі, але ёсьць яшчэ надзея Ізраілю ў гэтай справе; |
3. складзём цяпер запавет з Богам нашым, што, па парадзе гаспадара майго і тых, якія схіляюцца перад запаведзямі Бога нашага, мы адпусьцім усіх жонак і народжаных імі,— і хай будзе па законе! |
4. Устань, бо гэта твая справа, і мы з табою: узбадзёрся і дзей! |
5. І ўстаў Эздра, і загадаў начальнікам над сьвятарамі, лявітамі і ўсім Ізраілем даць прысягу, што яны зробяць так. І яны прысягнулі. |
6. І ўстаў Эздра і пайшоў ад дома Божага ў жытло Ёханана, сына Эліяшывы, і прыйшоў туды. Хлеба ён ня еў і вады ня піў, бо плакаў па злачынстве перасяленцаў. |
7. І абвясьцілі ў Юдэі і ў Ерусаліме ўсім былым палонным, каб яны зьбіраліся ў Ерусаліме, |
8. а хто ня прыйдзе праз тры дні, на ўсю маёмасьць таго, па вызначэньні начальнікаў і старэйшын будзе накладзены заклён, і сам ён будзе адлучаны ад супольства перасяленцаў. |
9. І сабраліся ўсе жыхары Юдэі і зямлі Веньямінавай у Ерусалім за тры дні. Гэта было на дзявятым месяцы, у дванаццаты дзень месяца. І сядзеў увесь народ на пляцы каля дома Божага, дрыжучы як ад гэтай дзеі, так і ад дажджу. |
10. І ўстаў Эздра сьвятар і сказаў ім: вы ўчынілі злачынства, узяўшы сабе жонак іншапляменных, і тым павялічылі віну Ізраіля. |
11. Дык вось, пакайцеся перад Госпадам Богам бацькоў вашых і выканайце волю Яго, і адлучэце сябе ад народаў зямлі і ад жонак іншапляменных. |
12. І адказваў увесь сход, і сказаў гучным голасам: як ты сказаў, так і зробім. |
13. Аднак жа народ шматлікі, і час цяпер дажджлівы, і няма магчымасьці стаяць на вуліцы. Ды і гэта справа не аднаго дня і ня двух, бо мы шмат у гэтай справе награшылі. |
14. Хай нашы начальнікі заступяць месца ўсяго супольства, і ўсе ў гарадах нашых, якія ўзялі жонак іншапляменных, хай прыходзяць сюды ў назначаны час і зь імі старэйшыны кожнага горада і судзьдзі яго, пакуль не адвернецца ад нас палкі гнеў Бога нашага за гэтую дзею. |
15. Тады Ёнатан, сын Асаіла, і Яхзэя, сын Тыквы, сталі над гэтай дзеяй, і Мэшулам і Шаўтай лявіт былі за памочнікаў. |
16. І зрабілі так выхадцы з палону. І вылучаны на гэта Эздра сьвятар, узначальнікі пакаленьняў, ад кожнага пакаленьня іх і ўсе яны названы паіменна. І зрабілі яны пасяджэньне ў першы дзень дзясятага месяца дзеля дасьледаваньня гэтай справы; |
17. і закончылі дасьледаваньне пра ўсіх, хто ўзяў жонак іншапляменных, да першага дня першага месяца. |
18. І знайшліся з сыноў сьвятарскіх, якія ўзялі жонак іншапляменных,— з сыноў Ісуса, сына Ёсэдэкавага, і братоў ягоных: Маасэя, Эліезэр, Ярыў і Гэдалія; |
19. і яны далі заруку, што адпусьцяць жонак сваіх, і што яны павінны прынесьці ў ахвяру барана за сваю віну; |
20. і з сыноў Імэра: Хананій і Зэвадыя; |
21. і з сыноў Харыма: Маасэя, Элія, Шэмая, Ехііл і Узія; |
22. і з сыноў Пашхура: Элёэнай, Маасея, Ісмаіл, Натанаіл, Ёзавад і Эласа; |
23. і зь лявітаў: Ёзавад, Шымэй і Келая, ён жа Кліта, Патахія, Юда і Эліезэр; |
24. і са сьпевакоў: Эльяшыў; і з брамнікаў: Шалум, Тэлем і Урый; |
25. а зь Ізраільцян,— з сыноў Пароша: Рамая, Ізія, Малхія, Міямін, Элеазар, Малхія і Вэная; |
26. і з сыноў Элама: Матфанія, Захар, Ехіэл, Аудый, Ірэмот і Элія; |
27. і з сыноў Зату: Элёэнай, Эльяшыў, Матанія, Ірэмот, Завад і Азіса; |
28. і з сыноў Бэвая: Ёханан, Хананія, Забвай і Атлай; |
29. і з сыноў Ванія: Мэшулам, Малух, Адая, Яшуў, Шэал і Ерамот; |
30. і з сыноў Пахат-Маава: Адна, Хэлал, Вэная, Маасэя, Матанія, Вэсэлііл, Бінуй і Манасія; |
31. і з сыноў Харыма: Эліезэр, Ішыя, Малхія, Шэмая, Сымон, |
32. Веньямін, Малух, Шэмарыя; |
33. і з сыноў Хашума: Матнай, Матата, Завад, Эліфэлэт, Ерэмай, Манасія і Шымэй; |
34. і з сыноў Ванія: Маадай, Амрам і Уэл, |
35. Бэная, Бід’я. Келугі, |
36. Ванэя, Мэрэмот, Эльяшыў, |
37. Матанія, Матнай, Яасай, |
38. Ваній, Бінуй, Шымэй, |
39. Шэлэмія, Натан, Аданія, |
40. Махнадбай, Шашай, Шарай, |
41. Азарыел, Шэлэміягу, Шэмарыя, |
42. Шалум, Амарыя і Язэп; |
43. і з сыноў Нэво: Еел, Мататыя, Завад, Зэвіна, Ядай, Ёэль і Бэная. |
44. Усе гэтыя пабралі за сябе жонак іншапляменных, і некаторыя з гэтых жонак нарадзілі ім дзяцей. |
Псалмы 87:6-10 |
6. паміж мёртвымі кінуты, — як забітыя, што ляжаць у магіле, пра якіх Ты больш не ўспамінаеш і якія ад рукі Тваёй адкінутыя. |
7. Ты паклаў мяне ў дол апраметны, у морак, у бездань. |
8. Легла на мяне лютасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі Ты пабіў мяне. |
9. Ты адвёў ад мяне знаёмых маіх, зрабіў мяне агідным для іх; я ўвязьнены і не магу выйсьці. |
10. Вока маё ад гароты стамілася; цэлы дзень я клікаў Цябе, Госпадзе; працягваў рукі свае да Цябе. |
Прытчы 21:23-24 |
23. Хто беражэ вусны свае і язык свой, той асланяе ад бяды душу сваю. |
24. Пыхлівы злодзей — блюзьнер імя яму — дзее ў запале пыхі. |
Деяния 24:1-27 |
1. Празь пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія з старэйшынамі і зь нейкім прамоўцам Тэртулам, якія скардзіліся правіцелю на Паўла. |
2. Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў вінаваціць яго, кажучы: |
3. заўсёды і ўсюды з падзякаю шчыраю прызнаём мы, што табе, глыбокашаноўны Феліксе, абавязаны мы вялікім мірам, і дбаньню твайму — добрым ладам гэтага народу. |
4. Але, каб дужа не дакучаць табе, прашу цябе выслухаць нас коратка з уласьцівай табе паблажлівасьцю. |
5. Мы лічым гэтага чалавека пошасьцю грамадзтва, падбухторшчыкам бунту сярод Юдэяў, якія жывуць на сьвеце, і правадніком Назарэйскай ерасі, |
6. які адважыўся нават апаганіць храм, мы ўзялі яго і хацелі судзіць яго паводле нашага закону. |
7. Але тысячнік Лісій, прыйшоўшы, зь вялікім гвалтам забраў яго з рук нашых і паслаў да цябе, |
8. загадаўшы і нам, скаржнікам яго, ісьці да цябе; ты можаш сам, разабраўшыся, даведацца ад яго пра ўсё тое, у чым мы вінавацім яго. |
9. І Юдэі пацьвердзілі, сказаўшы, што гэта так. |
10. А Павал, калі правіцель даў яму знак гаварыць, адказваў: ведаючы, што шмат гадоў справядліва судзіш народ гэты, я тым свабодней буду бараніць маю справу. |
11. Ты можаш даведацца, што ня больш як дванаццаць дзён таму назад я прыйшоў у Ерусалім на пакланеньне; |
12. і ні ў сьвяцілішчы, ні ў сынагогах, ні ў горадзе яны ня бачылі, каб я з кім спрачаўся альбо падбухторваў людзей на бунт, |
13. і ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне; |
14. а ў тым прызнаюся табе, што паводле вучэньня, якое яны называюць ерасьсю, я сапраўды служу Богу бацькоў маіх, верачы напісанаму ў законе і прароках, |
15. маючы спадзяваньне на Бога, што будзе ўваскрэсеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго і самі яны чакаюць; |
16. так і сам дбаю заўсёды, каб мець беззаганнае сумленьне перад Богам і людзьмі; |
17. праз многа гадоў я прыйшоў, каб прынесьці міласьціну народу майму і ахвяры; |
18. пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў храме ня зь людзьмі і ня з бунтам; |
19. а гэта былі некаторыя Асійскія Юдэі, якім варта было б стаць прад табою і зьвінаваціць мяне, калі што маюць супроць мяне; |
20. альбо хай гэтыя самі скажуць, якую знайшлі яны ўва мне няпраўду, калі я стаў перад сынедрыёнам, |
21. бадай што толькі тое адно слова, якое ўголас вымавіў я, стоячы сярод іх, што за вучэньне пра ўваскрэсеньне мёртвых судзіце вы сёньня мяне. |
22. Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іхнюю справу, дакладна даведаўшыся пра гэты шлях, сказаўшы: калі прыйдзе тысячнік Лісій, я выведаю ўсё пра гэта вучэньне. |
23. А Паўла загадаў сотніку вартаваць, але ня ўціскаць яго і не забараняць нікому зь яго блізкіх служыць яму альбо адведваць яго. |
24. Празь некалькі дзён Фелікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёю, Юдэйкаю, паклікаў Паўла, і слухаў яго пра веру ў Ісуса Хрыста. |
25. І як той гаварыў пра праўду, пра ўстрымлівасьць і будучы суд, дык Фелікс вельмі перапалохаўся і адказваў: цяпер ідзі, а калі выберу час, паклічу цябе. |
26. Пры гэтым спадзяваўся ён, што Павал дасьць яму грошай, каб адпусьціў яго: таму часта яго выклікаў і гутарыў зь ім. |
27. але праз два гады на Феліксава месца заступіў Порцый Фэст; хочучы дагадзіць Юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў кайданах. |