A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Ліпеня 20

Ездра 1:1-11
1. У першы год Кіра, цара Персідскага, дзеля выкананьня слова Гасподняга з вуснаў Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага; і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім, словамі і пісьмова:
2. так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі.
3. Хто ёсьць з вас, з усяго народу Яго,— хай будзе Бог яго зь ім,— і хай ён ідзе ў Ерусалім, што ў Юдэі, і будуе дом Госпада Бога Ізраілевага, таго Бога, Які ў Ерусаліме.
4. А ўсе, што засталіся ва ўсіх месцах, дзе б той ні жыў, хай дапамогуць яму жыхары месца таго срэбрам і золатам і іншай маёмасьцю, і быдлам, з дабрахотным дараваньнем на дом Божы, што ў Ерусаліме.
5. І падняліся ўзначальнікі пакаленьняў Юдавых і Веньямінавых, і сьвятары і лявіты, кожны, у кім абудзіў Бог дух ягоны, каб пайсьці будаваць дом Гасподні, які ў Ерусаліме.
6. І ўсе суседзі іхнія дапамагалі ім срэбным посудам, і золатам, інашай маёмасьцю і быдлам, і дарагімі рэчамі, звыш усякага дабрахотнага дараваньня на храм.
7. І цар Кір вынес посуд дома Гасподняга, які Навухаданосар узяў у Ерусаліме і паклаў у доме бога свайго,—
8. і вынес яго Кір, цар Персідскі, рукою Мітрэдата скарбоўца, а ён, палічыўшы, здаў іх Шэшбацару, князю Юдаваму.
9. І вось лік яго: місак залатых трыццаць, місак срэбраных тысяча, нажоў дваццаць дзевяць,
10. чараў залатых трыццаць, чараў срэбраных двайных чатырыста дзесяць, іншага посуду тысяча:
11. усяго посуду, залатога і срэбнага, пяць тысяч чатырыста. Усё гэта ўзяў з сабою Шэшбацар пры адпраўленьні перасяленцаў з Вавілона ў Ерусалім.

Ездра 2:1-70
1. Вось сыны краіны з палонных перасяленьня, якіх Навухаданосар, цар Вавілонскі, завёў у Вавілон, якія вярнуліся ў Ерусалім і Юдэю, кожны ў свой горад,—
2. якія прыйшлі з Зарававэлем, Ісусам, Нээміем, Сараем, Рээлаем, Мардахэем, Білшанам, Місфарам, Бігваем, Рэхумам, Ваанам. Колькасьць людзей народу Ізраілевага:
3. сыноў Пароша дзьве тысячы сто семдзесят два;
4. сыноў Сафатыі трыста семдзесят два;
5. сыноў Араха сямсот семдзесят пяць;
6. сыноў Пахат-Маава, з сыноў Ісуса і Ёава, дзьве тысячы васямсот дванаццаць;
7. сыноў Элама тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры;
8. сыноў Затуя дзевяцьсот сорак пяць;
9. сыноў Закхая сямсот шэсьцьдзясят;
10. сыноў Ванія шэсьцьсот сорак два;
11. сыноў Бэбая шэсьцьсот дваццаць тры;
12. сыноў Азгада тысяча дзьвесьце дваццаць два;
13. сыноў Аданікама шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць;
14. сыноў Бігвая дзьве тысячы пяцьдзясят шэсьць;
15. сыноў Адына чатырыста пяцьдзясят чатыры;
16. сыноў Атэра, з дома Эзэкіі, дзевяноста восем;
17. сыноў Бэцая трыста дваццаць тры;
18. сыноў Ёры сто дванаццаць;
19. сыноў Хашума дзьвесьце дваццаць тры;
20. сыноў Гібара дзевяноста пяць;
21. ураджэнцаў Віфляема сто дваццаць тры;
22. жыхароў Нэтофы пяцьдзясят шэсьць;
23. жыхароў Анатота сто дваццаць восем;
24. ураджэнцаў Азмавэта сорак два;
25. ураджэнцаў Кірыят-Ярыма, Кефіры і Бээрота семсот сорак тры;
26. ураджэнцаў Рамы і Гевы шэсьцьсот дваццаць адзін;
27. жыхароў Міхмаса сто дваццаць два;
28. жыхароў Вэтыля і Гая дзьвесьце дваццаць тры;
29. ураджэнцаў Нэво пяцьдзесят два;
30. ураджэнцаў Магбіша сто пяцьдзясят шэсьць;
31. сыноў другога Элама тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры;
32. сыноў Харыма трыста дваццаць;
33. ураджэнцаў Ліды, Хадыда і Она сямсот дваццаць пяць:
34. ураджэнцаў Ерыхона трыста сорак пяць;
35. ураджэнцаў Сэнаі тры тысячы шэсьцьсот трыццаць.
36. Сьвятароў: сыноў Едаі, з дому Ісусавага, дзевяцьсот семдзесят тры;
37. Сыноў Імэра тысяча пяцьдзесят два;
38. сыноў Пашхура тысяча дзьвесьце сорак сем;
39. сыноў Харыма тысяча сямнаццаць.
40. Лявітаў: сыноў Ісуса і Кадмііла, з сыноў Гадавіі, семдзесят чатыры;
41. сьпевакоў; сыноў Асафа сто дваццаць восем;
42. сыноў брамнікаў: сыны Шалума, сыны Атэра, сыны Талмона, сыны Акува, сыны Хатыты, сыны Шавая,— усяго сто трыццаць дзевяць.
43. Нэтынэяў: сыны Цыхі, сыны Хасуфы, сыны Табаота,
44. сыны Кероса, сыны Сіягі, сыны Фадона,
45. сыны Лебаны, сыны Хагабы, сыны Акува,
46. сыны Хагава, сыны Шамлая, сыны Ханана,
47. сыны Гідэла, сыны Гахара, сыны Рэаі;
48. сыны Рэцына, сыны Нэкоды, сыны Газама,
49. сыны Узы, сыны Пасэаха, сыны Бэсая,
50. сыны Асны, сыны Мэўніма, сыны Нэфісіма,
51. сыны Бакбука, сыны Хакуфы, сыны Хархура,
52. сыны Бацлута, сыны Мэхіды, сыны Харшы,
53. сыны Баркоса, сыны Сісры, сыны Тамаха,
54. сыны Нэцыяха, сыны Хатыфы.
55. Сыны рабоў Саламонавых: сыны Сатая, сыны Гасафэрэта, сыны Фэруды,
56. сыны Яалы, сыны Даркона, сыны Гідэла,
57. сыны Сэфатыі, сыны Хатыла, сыны Похэрэт-Гацэбаіма, сыны Амія,—
58. усяго — нэтынэяў і сыноў рабоў Саламонавых трыста дзевяноста два.
59. І вось тыя, што выйшлі з Тэлмэлаха, Тэл-Харшы, Хэруб-Адан-Імэра, якія не маглі паказаць пра пакаленьне сваё і пра племя сваё — ці зь Ізраіля яны:
60. сыны Дэлая, сыны Товія, сыны Нэкоды, шэсьцьсот пяцьдзесят два.
61. І з сыноў сьвятарскіх: сыны Хабая, сыны Гакоца, сыны Вэрзэлія, які ўзяў жонку з дачок Вэрзэлія Галаадыцяніна і пачаў называцца імем іхнім.
62. Яны шукалі свайго запісу радавода, і не знайшлося яго, а таму выключаны са сьвятарства.
63. І Тыршата сказаў ім, каб яны ня елі вялікай сьвятыні, пакуль не паўстане сьвятар з урымам і тумімам.
64. Усё супольства разам складалася з сарака дзвюх тысяч трохсот шасьцідзесяці чалавек,
65. акрамя рабоў іхніх і рабыняў іхніх, якіх было сем тысяч трыста трыццаць сем; і пры іх сьпевакоў і пясьнярак дзьвесьце.
66. Коней у іх сямсот трыццаць шэсьць, мулаў у іх дзьвесьце сорак пяць;
67. вярблюдаў у іх чатырыста трыццаць пяць, аслоў шэсьць тысяч сямсот дваццаць.
68. З узначальнікаў пакаленьняў некаторыя, прыйшоўшы да дома Гасподняга ў Ерусаліме, дабрахотна ахвяроўвалі на дом Божы, каб аднавіць яго на падмурку ягоным.
69. Паводле дастатку свайго, яны далі ў скарбніцу на працу шэсьцьдзясят адну тысячу драхмаў золата і пяць тысяч мінаў срэбра і сто сьвятарскіх вопратак.
70. І пачалі жыць сьвятары і лявіты, і народ і сьпевакі, і брамнікі і нэтынэі ў гарадах сваіх, і ўвесь Ізраіль ў гарадах сваіх.

Псалмы 85:6-10
6. Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і прыслухайся да голасу маленьня майго.
7. У дзень смутку майго я клічу Цябе, бо Ты пачуеш мяне.
8. Няма, Госпадзе, паміж багамі такога, як Ты, і дзеяў няма, як Твае.
9. Усе народы, Табою створаныя, прыйдуць і схіляцца прад Табою, Госпадзе, і праславяць імя Тваё,
10. бо Ты вялікі, творыш дзівосы, — Ты, Божа, адзіны Ты.

Прытчы 21:15-16
15. Чыніць правасудзьдзе — радасьць праведніку і страх тым, хто нясе зло.
16. Чалавек, які зьбіўся з дарогі ро­зуму, спачне ў зборні мёртвых.

Деяния 21:18-40
18. На другі дзень Павал прыйшоў з намі да Якава; прыйшлі і ўсе прасьвітары.
19. Павітаўшы іх, Павал расказваў падрабязна, што стварыў Бог у язычнікаў служэньнем ягоным.
20. А яны, выслухаўшы, праславілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі тысяч Юдэяў уверавалі, і ўсе яны — шчырыя слугі закону;
21. а пра цябе наслухаліся яны, быццам ты ўсіх Юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступацца ад Майсея, кажучы, каб яны не абразалі дзяцей сваіх і ня трымаліся звычаяў.
22. Дык што ж гэта? Пэўна, зьбярэцца народ; бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
23. Зрабі ж, што мы скажам табе: ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе зарок.
24. Узяўшы іх, ачысьціся зь імі і прымі на сябе выдаткі на ахвяру за іх, каб абстрыглі сабе галаву, — і ўведаюць усе, што чутае імі пра цябе несправядлівае, а што і сам ты жывеш згодна з законам.
25. А пра язычнікаў, якія ўверавалі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не пільнаваліся, а толькі ўстрымалі сябе ад ідалаахвярнага, ад крыві, ад душанага і ад распусты.
26. Тады Павал, узяўшы тых мужоў і ачысьціўшыся зь імі, на другі дзень увайшоў у храм і абвясьціў заканчэньне дзён ачышчэньня, калі павінна быць прынесена за кожнага зь іх ахвяра.
27. Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія Юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі,
28. закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супроць народу і закону і месца гэтага; да таго ж і Элінаў дапусьціў у храм і спаганіў сьвятое месца гэтае.
29. Бо папярэдне яны бачылі зь ім у горадзе Трахіма Эфэсяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм.
30. Увесь горад узрушыўся, і пазьбягаліся ўсе людзі; і, схапіўшы Паўла, павалаклі яго з храма, і адразу ж замкнуты былі дзьверы.
31. Калі ж яны хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узбунтаваўся;
32. ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, рушыў на іх; а яны, убачыўшы тысячніка і воінаў, перасталі біць Паўла;
33. тады тысячнік, падышоўшы, узяў яго і загадаў закаваць яго двума ланцугамі, і пытаўся: хто ён і што зрабіў?
34. А людзі адны крычалі адное, а другія другое; ён жа, ня могучы з прычыны ўзрушэньня даведацца нічога пэўнага, загадаў весьці яго ў крэпасьць.
35. А калі ён быў на лесьвіцы, дык воіны мусілі несьці яго, бо ў натоўпе была вялікая сьціжма;
36. бо мноства людзей ішло сьледам і крычала: сьмерць яму!
37. Перад уваходам у крэпасьць Павал сказаў тысячніку: ці можна мне сказаць табе нешта? А той сказаў: ты ўмееш па-грэцку?
38. Дык ці ня ты той Егіпцянін, які напярэдадні ўчыніў бунт і зьвёў у пустыню чатыры тысячы чалавек разбойнікаў?
39. А Павал сказаў: я Юдэй, Тарсянін, грамадзянін вядомага Кілікійскага горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да людзей.
40. І калі той дазволіў, Павал, стоячы на лесьвіцы, даў знак рукою людзям і, калі настала глыбокая моўча, пачаў прамаўляць па-габрэйску так: