A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Ліпеня 17

2 Хронікі 30:1-27
1. І паслаў Эзэкія па ўсёй зямлі Ізраільскай і Юдэі, і лісты пісаў Яфрэму і Манасіі, каб прыйшлі ў дом Гасподні, у Ерусалім, дзеля ўчыненьня пасхі Госпаду Богу Ізраілеваму.
2. І пастанавілі на радзе цар і князі ягоныя і ўвесь сход у Ерусаліме — учыніць пасху ў другім месяцы,
3. бо не маглі ўчыніць яе сваім часам, бо сьвятары яшчэ не асьвяціліся ў дастатковай колькасьці і народ не сабраўся ў Ерусалім.
4. І спадабалася гэта цару і ўсяму сходу.
5. І пастанавілі абвясьціць па ўсім Ізраілі, ад Вірсавіі да Дана, каб ішлі ў Ерусалім для ўчыненьня пасхі Госпаду Богу Ізраілеваму, бо даўно ня ўчынялі яе, як прадпісана.
6. І пайшлі ганцы зь лістамі ад цара і ад князёў па ўсёй зямлі Ізраільскай і Юдэі, і па загадзе цара казалі: дзеці Ізраіля! навярнецеся да Госпада Бога Абрагама, Ісаака і Ізраіля, і Ён павернецца да рэшты, ацалелай у вас ад рукі цароў Асірыйскіх.
7. І ня будзьце такія, як бацькі вашыя і браты вашыя, якія беззаконна дзеялі перад Госпадам Богам бацькоў сваіх; і Ён аддаў іх на спусташэньне, як вы бачыце.
8. Цяпер ня будзьце цвёрдахрыбетныя, як бацькі вашыя, скарэцеся Госпаду і прыходзьце ў сьвятыню Ягоную, якую Ён асьвяціў навек; і служэце Госпаду Богу вашаму, і Ён адверне ад вас полымя гневу Свайго.
9. Калі вы навернецеся да Госпада, тады браты вашыя і дзеці вашыя будуць у літасьці ў тых, што паланілі іх, і вернуцца на зямлю гэтую, бо добры і міласэрны Гасподзь Бог ваш і не адверне аблічча ад вас, калі вы зьвернецеся да Яго.
10. І хадзілі ганцы з горада ў горад па зямлі Яфрэмавай і Манасіінай і да Завулонавай, але зь іх сьмяяліся і зьдзекаваліся.
11. Аднак некаторыя з племя Асіравага, Манасіінага і Завулонавага зьмірыліся і прыйшлі ў Ерусалім.
12. І над Юдэяю была рука Божая, якая даравала ім адзінае сэрца, каб выканаць загад цара і князёў, па слове Гасподнім.
13. І сабралася ў Ерусаліме мноства народу для ўчыненьня сьвята праснакоў, у другі месяц,— сход вельмі шматлюдны.
14. І ўсталі і скінулі ахвярнікі, якія былі ў Ерусаліме; і ўсё, на чым учынялася дымленьне ідалам, разбурылі і кінулі ў паток Кедрон;
15. і закалолі пасхальнае ягня на чатырнаццаты дзень другога месяца. Сьвятары і лявіты, пасаромеўшыся, асьвяціліся і прынесьлі цэласпаленьне ў дом Гасподні,
16. і сталі на сваім месцы паводле статуту свайго, паводле закона Майсея, чалавека Божага. Сьвятары крапілі крывёю з рук лявітаў.
17. А як многа было на сходзе такіх, якія не асьвяціліся, дык замест нячыстых лявіты закалолі пасхальнае ягня для прысьвячэньня Госпаду.
18. Многія з народу, найбольш з племя Яфрэмавага і Манасіінага, Ісахаравага і Завулонавага, не ачысьціліся; аднак яны елі пасху, не паводле статуту.
19. Але Эзэкія памаліўся за іх, кажучы: Гасподзь добры хай даруе кожнаму, хто прыхіліў сэрца сваё да таго, каб знайсьці Госпада Бога, Бога бацькоў сваіх, хоць і без ачышчэньня сьвятога!
20. І пачуў Гасподзь Эзэкію і дараваў народу.
21. І ўчынілі сыны Ізраілевыя, якія былі ў Ерусаліме, сьвята праснакоў на сем дзён, зь вялікай весялосьцю, кожны дзень лявіты і сьвятары славілі Госпада на спарудах, зробленых дзеля славаслаўленьня Госпада.
22. І гаварыў Эзэкія па сэрцы ўсім лявітам, якія мелі добрае разуменьне ў служэньні Госпаду. І елі сьвяточнае сем дзён, прыносячы ахвяры мірныя і славячы Госпада Бога бацькоў сваіх.
23. І рашыў увесь сход сьвяткаваць другія сем дзён, і правялі гэтыя сем дзён у весялосьці,
24. бо Эзэкія, цар Юдэйскі, выставіў сходу тысячу цялят і дзесяць тысяч дробнага быдла, і вяльможы выставілі сходу тысячу цялят і дзесяць тысяч дробнага быдла; і сьвятароў асьвяцілася ўжо многа.
25. І весяліўся ўвесь сход зь Юдэі, і сьвятары і лявіты, і ўвесь збор, што прыйшлі ад Ізраіля, і прыхадні, і тыя што прыйшлі зь зямлі Ізраільскай і што жылі ў Юдэі.
26. І была весялосьць вялікая ў Ерусаліме, бо зь дзён Саламона, сына Давідавага, цара Ізраілевага, ня бывала падобнага на гэты ў Ерусаліме.
27. І ўсталі сьвятары і лявіты, і дабраславілі народ; і пачуты быў голас іх, і ўзышла малітва іхняя ў сьвятое жытлішча Яго на нябёсы.

2 Хронікі 31:1-21
1. Пасьля заканчэньня ўсяго гэтага, пайшлі ўсе Ізраільцяне, якія былі там, у гарады Юдэйскія і разьбілі статуі, пасеклі прысьвечаныя дрэвы, і разбурылі вышыні і ахвярнікі ва ўсёй Юдэі і ў зямлі Веньямінавай, Яфрэмавай і Манасіінай, да канца. І потым вярнуліся ўсе сыны Ізраілевыя, кожны ў валоданьне сваё, у гарады свае.
2. І паставіў Эзэкія чэргі сьвятароў і лявітаў, па іх разьмеркаваньні, кожнага пры справе ягонай сьвятарскай ці лявіцкай, пры цэласпаленьні і пры ахвярах мірных, для службы, для хваленьня і славаслоўя, каля брамаў дома Гасподняга.
3. І вызначыў цар частку з маёмасьці сваёй на цэласпаленьне: на цэласпаленьні ранішнія і вячэрнія, і на цэласпаленьні ў суботы і ў новыя месяцы, і ў сьвяты, як напісана ў законе Гасподнім.
4. І загадаў ён народу, які жыў у Ерусаліме, даваць пэўнае ўтрыманьне сьвятарам і лявітам, каб яны былі руплівыя ў законе Гасподнім.
5. Калі быў абнародаваны гэты загад, тады сыны Ізраілевыя назносілі многа пачаткаў хлеба, віна, і алею, і мёду, і ўсякіх утвораў палявых; і дзесяцін з усяго паназносілі мноства.
6. І Ізраільцяне і Юдэі, якія жылі па гарадах Юдэйскіх, таксама прадстаўнікі дзесяціны з буйнога і дробнага быдла і дзесяціны з ахвяраваньняў, прысьвечаных Госпаду Богу іхняму; і наклалі груды, груды.
7. У трэці месяц пачалі класьці груды, і ў сёмы месяц кончылі.
8. І прыйшлі Эзэкія і вяльможы, і ўбачылі груды, і дзякавалі Госпаду і народу Яго Ізраілю.
9. І спытаў у Эзэкіі, сьвятароў і лявітаў пра гэтыя груды.
10. І адказваў яму Азарыя першасьвятар з дома Садокавага і сказаў: з таго часу, як пачалі насіць прынашэньні ў дом Госпада, мы елі ўдосыць, і многае засталося, бо Гасподзь дабраславіў народ Свой. З пазасталага склалася такое мноства.
11. І загадаў Эзэкія падрыхтаваць пакоі пры доме Гасподнім. І падрыхтавалі.
12. І перанесьлі туды прынашэньні і дзесяціны і ахвяраваньні, з усёй дакладнасьцю. І быў начальнікам пры іх Хананія лявіт, і Сімэй, брат ягоны, другім.
13. А Ехііл і Азазія, і Нахат і Асаіл, і Ерымот і Ёзавад, і Эліел і Ісмахія, і Махат і Бэнанія былі наглядчыкамі пад рукою Хананіі і Сімэя, брата ягонага, па распараджэньні цара Эзэкіі і Азарыі, начальніка пры доме Божым.
14. Карэ, сын Імны, лявіт, брамнік на ўсходнім баку, быў пры дабравольных прынашэньнях Богу, для выдачы прынесенага Госпаду і важнейшых з рэчаў прынесеных.
15. І пад яго веданьнем былі Эдэн і Мініямін, і Ешуа і Шэмая, і Амарыя і Шэханія ў гарадах сьвятарскіх, каб правільна раздаваць братам сваім часткі, як большаму, так і малому,
16. звыш сьпіса іхняга, усім мужчынскага полу ад трох гадоў і вышэй, усім, хто ходзіць у дом Госпада дзеля дзеяў штодзённых, дзеля служэньня іх, паводле пасадаў іхніх і паводле аддзелаў іхніх
17. і ўнесеным у сьпіс сьвятарам, паводле пакаленьняў іх і лявітам ад дваццаці гадоў і вышэй, паводле пасадаў іхніх, паводле аддзелаў іх,
18. і ўнесеным у сьпіс, з усімі малалетнімі іх, з жонкамі іхнімі і з сынамі іхнімі і з дочкамі іхнімі,— усяму супольству, бо яны зь вернасьцю прысьвяцілі сябе сьвяшчэннай службе.
19. І для сыноў Ааронавых, сьвятароў у селішчах вакол гарадоў іхніх, пры кожным горадзе пастаўлены былі мужы памянёныя, каб раздаваць участкі ўсім мужчынскага полу ў сьвятароў і ўсім унесеным у сьпіс у лявітаў.
20. Вось, што зрабіў Эзэкія ва ўсёй Юдэі,— і ён рабіў добрае, і справядлівае, і праўдзівае перад абліччам Госпада Бога свайго.
21. І ва ўсім, што ён прадпрымаў на служэньне дому Божаму і дзеля захаваньня закона і запаведзяў, думаючы пра Бога свайго, ён дзейнічаў ад усяго сэрца свайго і меў посьпех.

Псалмы 84:1-7
1. Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.
2. Госпадзе! Ты ўмілажаліўся зь зямлі Тваёй, вярнуў палон Якаваў;
3. беззаконьне народу Твайго дараваў, усе грахі ягоныя пакрыў,
4. гнеў Твой увесь суняў, адвярнуў лютасьць гневу Твайго.
5. Узнаві нас, Божа ратунку нашага, і спыні абуранасьць Тваю намі.
6. Няўжо вечна будзеш гневацца на нас, і пашырыш Твой гнеў з роду ў род?
7. Няўжо зноў не ажывіш нас, каб народ Твой зарадаваўся Табе?

Прытчы 21:9-11
9. Лепей жыць у закутку на даху, чым са сварліваю жонкай у прасторным доме.
10. Душа бязбожніка прагне ліхаты: ня знойдзе літасьці ў вачах яго і сябар ягоны.
11. Калі караюць блюзьнера, просты робіцца мудрым; і калі настаўляецца на розум мудры, дык ён набывае веды.

Деяния 20:1-16
1. Калі спыніўся бунт, Павал, паклікаўшы вучняў і даўшы ім настаўленьні і разьвітаўшыся зь імі, выйшаў у Македонію.
2. Прайшоўшы тыя землі і наставіўшы вернікаў шчодрымі словамі, прыйшоў у Эладу;
3. Там прабыў ён тры месяцы; калі ж, з прычыны ўзрушэньня супраць яго Юдэяў ён хацеў выправіцца ў Сірыю, дык прыйшло яму на думку вярнуцца праз Македонію.
4. Зь ім сьледавалі да Асіі Сасіпатр Піраў, Вэрыянін, і Фесалонікійцы Арыстарх, Сэкунд, і Гаій Дэрвянін і Цімафей, і Асійцы Тыхік і Трахім.
5. Яны, апярэдзіўшы, чакалі нас у Траадзе.
6. А мы пасьля дзён праснаковых адплылі зь Піліпаў і дзён за пяць прыбылі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
7. У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хлеба, Павал, намерыўшыся выправіцца на другі дзень, гутарыў зь імі і прадоўжыў слова да поўначы.
8. У сьвятліцы, дзе мы сабраліся, было многа сьвяцільняў.
9. Падчас доўгай гутаркі Паўлавай адзін юнак, якога звалі Яўціх і які сядзеў на акне, забыўся ў глыбокім сьне і, пахіснуўшыся, сонны выпаў уніз з трэцяга паверха і падняты быў мёртвы.
10. Павал, сышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: ня трывожцеся, бо душа ягоная ў ім.
11. Падняўшыся ўгору і разламаўшы хлеб і зьеўшы, гутарыў доўга, аж да сьвітаньня, і потым пайшоў.
12. Тым часам хлопца прывялі жывога, і нямала ўцешыліся.
13. Мы пайшлі наперад на карабель і паплылі ў Ас, каб забраць адтуль Паўла; бо ён так загадаў нам, маючы ў намеры сам ісьці пеша.
14. а калі ён сышоўся з намі ў Асе, дык, узяўшы яго, мы прыбылі ў Матыліну.
15. І адплыўшы адтуль, на другі дзень мы спыніліся насупраць Хіёса, а яшчэ на другі прысталі да Самоса і, пабываўшы ў Трагіліі, на другі дзень прыбылі ў Міліт;
16. бо Паўлу надумалася абмінуць Эфэс, каб не замарудзіцца яму ў Асіі, таму што ён сьпяшаўся, калі можна, у дзень Пяцідзясятніцы быць у Ерусаліме.