1 Хронікі 21:1-30 |
1. І паўстаў сатана на Ізраіля, і падбіў Давіда зрабіць пералік Ізраільцянаў. |
2. І сказаў Давід Ёаву і начальнікам у народзе: ідзеце пералічэце Ізраільцянаў, ад Вірсавіі да Дана і прадстаўце мне, каб я ведаў лік іх. |
3. І сказаў Ёаў: хай памножыць Гасподзь народ Свой у сто разоў да таго, колькі ёсьць яго. Ці ня ўсе яны, спадару мой цар, рабы гаспадара майго? Навошта ж патрабуе гэтага гаспадар мой? Каб залічылася гэта ў віну Ізраілю? |
4. Але царскае слова пераважыла Ёава. І пайшоў Ёаў і абышоў усяго Ізраіля, і прыйшоў у Ерусалім. |
5. І падаў Ёаў Давіду сьпіс народнага перапісу, і было ўсіх Ізраільцянаў тысяча тысяч, і сто тысяч мужоў, якія агаляюць меч, і Юдэяў — чатырыста семдзесят тысяч, якія агаляюць меч. |
6. А лявітаў і Веньямінянаў ён ня лічыў сярод іх, бо царскае слова было агіднае Ёаву. |
7. І незаўгодная была ў вачах Божых дзея гэтая. І Ён пабіў Ізраіля. |
8. І сказаў Давід Богу: вельмі зграшыў я, што зрабіў гэта. І цяпер даруй віну раба Твайго, бо я ўчыніў вельмі неразумна. |
9. І гаварыў Гасподзь Гаду, празарліўцу Давідаваму, і сказаў: |
10. ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары я прапаную табе, выберы сабе адну зь іх,— і Я пашлю яе на цябе. |
11. І прыйшоў Гад да Давіда, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: выбірай сабе: |
12. альбо тры гады — голад, альбо тры месяцы будуць цябе перасьледаваць ворагі твае і меч ворагаў тваіх будзе даставаць да цябе; альбо тры дні — меч Гасподні і пошасьць на зямлі і анёл Гасподні знішчальны ва ўсіх межах Ізраіля. Дык вось, разгледзь, што мне адказваць Таму, Хто паслаў мяне са словам. |
13. І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі, але хай лепш упаду ў рукі Госпада, бо вельмі вялікая мілажальнасьць Ягоная, толькі б ня ўпасьці мне ў рукі чалавечыя. |
14. І паслаў Гасподзь пошасьць на Ізраіля і памерла Ізраільцянаў семдзесят тысяч чалавек. |
15. І паслаў Бог анёла ў Ерусалім, каб вынішчаць яго. І калі ён пачаў вынішчаць, убачыў Гасподзь і пашкадаваў за гэта бедства, і сказаў анёлу-знішчальніку: годзе! цяпер апусьці руку тваю. А анёл Гасподні стаяў тады над гумном Орны Евусэяніна. |
16. І падняў Давід вочы свае, і ўбачыў анёла Гасподняга, які стаяў паміж зямлёю і небам, з аголеным у руцэ ягонай мечам, працягнутым на Ерусалім; і ўпаў Давід і старэйшыны, пакрытыя вярэтай, на абліччы свае. |
17. І сказаў Давід Богу: ці ж ня я загадаў палічыць народ? я зграшыў, я ўчыніў ліха, а гэтыя авечкі што зрабілі? Госпадзе, Божа мой! хай будзе рука Твая на мне і на доме бацькі майго, а не на народзе Тваім, каб загубіць яго. |
18. І анёл Гасподні сказаў Гаду, каб той сказаў Давіду: хай Давід прыйдзе і паставіць ахвярнік Госпаду на гумне Орны Евусэяніна. |
19. І пайшоў Давід, па слове Гада, якое ён казаў ад імя Госпада. |
20. Орна абярнуўся, убачыў анёла, і чатыры сыны яго зь ім зьніклі. Орна малаціў тады пшаніцу. |
21. І прыйшоў Давід да Орны. Орна зірнуў, і ўбачыўшы Давіда, выйшаў з гумна, і пакланіўся Давіду тварам да зямлі. |
22. І сказаў Давід Орну: аддай мне месца пад гумном, я пабудую на ім ахвярнік Госпаду; за сапраўдную цану аддай мне яго, каб спынілася вынішчэньне народу. |
23. І сказаў Орна Давіду: вазьмі сабе; хай робіць гаспадар мой цар, што яму заўгодна; вось я аддаю і валоў на цэласпаленьне, і малацільныя прылады на дровы, і пшаніцу на прынашэньне; усё гэта аддаю дарам. |
24. І сказаў цар Давід Орну: не, я хачу купіць у цябе за сапраўдную цану, бо ня буду прыносіць я тваёй уласнасьці Госпаду, і ня буду прыносіць на цэласпаленьнеўзятае дарам. |
25. І даў Давід Орну за гэта месца шасьцьсот сікляў золата. |
26. І спарудзіў там Давід ахвярнік Госпаду і ўзьнёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры; і заклікаў Госпада, і Ён пачуў яго, паслаўшы агонь зь неба на ахвярнік цэласпаленьня. |
27. І сказаў Гасподзь анёлу: вярні меч твой у похвы яго. |
28. У гэты час Давід, бачачы, што Гасподзь пачуў яго на гумне Орны Евусэяніна, прынёс там ахвяру. |
29. А скінія Гасподняя, якую зрабіў Майсей у пустыні, і ахвярнік цэласпаленьня былі ў той час на вышыні ў Гаваоне. |
30. І ня мог Давід пайсьці туды, каб ісьціць Бога, бо напалоханы быў мечам анёла Гасподняга. |
1 Хронікі 22:1-19 |
1. І сказаў Давід: вось дом Госпада Бога і вось ахвярнік для цэласпаленьня Ізраіля. |
2. І загадаў Давід сабраць прыхадняў, якія былі ў зямлі Ізраільскай, і паставіў каменячосаў, каб абчэсваць камяні на пабудову дома Божага. |
3. І мноства жалеза для цьвікоў да дзьвярэй брамы і для сувязяў нарыхтаваў Давід, і мноства медзі без вагі, |
4. і кедровых дрэў бязь ліку, бо Сіданяне і Тыране даставілі Давіду мноства кедровых дрэў. |
5. І сказаў Давід: Саламон, сын мой, малады і маласілы, а дом, які трэба пабудаваць для Госпада, павінен быць даволі велічны, на славу і ўпрыгажэньне перад усімі землямі: дык вось, буду я нарыхтоўваць для яго. І нарыхтаваў Давід да сьмерці сваёй многа. |
6. І паклікаў Саламона, сына свайго, і наказаў яму пабудаваць дом Госпаду Богу Ізраілеваму. |
7. І сказаў Давід Саламону: сыне мой! у мяне было на сэрцы пабудаваць дом у імя Госпада Бога майго, |
8. але было мне слова Гасподняе, і сказана: ты праліў многа крыві і вёў вялікія войны; ты не павінен будаваць дом імю Майму, бо праліў многа крыві на зямлю перад абліччам Маім. |
9. Вось, у цябе народзіцца сын: ён будзе чалавек мірны; Я дам яму спакой ад усіх ворагаў ягоных вакол: таму імя яму будзе Саламон. І мір і спакой дам Ізраілю ў дні ягоныя. |
10. Ён пабудуе дом імю Майму, і ён будзе Мне сынам, а Я яму бацькам, і ўцьверджу трон царства яго над Ізраілем навечна. |
11. І цяпер, сыне мой! хай будзе Гасподзь з табою, каб табе быў посьпех і ты пабудаваў дом Госпаду Богу твайму, як Ён гаварыў пра цябе. |
12. Хай дасьць табе Гасподзь кемнасьць і розум і паставіць цябе над Ізраілем; і датрымайся закону Госпада Бога твайго. |
13. Тады ты будзеш з посьпехам, калі будзеш старацца выконваць пастановы і законы, якія наказаў Гасподзь Майсею для Ізраіля. Будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не маркоціся. |
14. І вось, я пры беднасьці маёй падрыхтаваў для дома Гасподняга сто тысяч талантаў золата і тысячу тысяч талантаў срэбра, а медзі і жалезу няма вагі, бо яго мноства; і дрэва і камяні я таксама нарыхтаваў, а ты яшчэ дадай да гэтага. |
15. У цябе мноства працаўнікоў, і каменячосаў, разьбяроў і цесьляроў, і ўсякіх здольных на ўсякую дзею; |
16. золату, срэбру і медзі, і жалезу няма ліку: пачні і рабі; Гасподзь будзе з табою. |
17. І запавядаў Давід усім князям Ізраілевым дапамагаць Саламону, сыну ягонаму: |
18. ці ня з вамі Гасподзь Бог наш, Які даў вам спакой з усіх бакоў, бо Ён перадаў у рукі мае жыхароў зямлі, і ўпакорылася зямля перад Госпадам і перад народам Ягоным? |
19. Дык вось, схілеце сэрца ваша і душу вашу да таго, каб знайсьці Госпада Бога вашага. Устаньце і пабудуйце сьвятыню Госпаду Богу, каб перанесьці каўчэг запавета Гасподняга і сьвяшчэнны посуд Божы ў дом, які ствараецца імю Гасподняму. |
Псалмы 77:34-39 |
34. Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога, |
35. і прыгадвалі, што Бог — іхняе прыстанішча і Бог Усявышні — Збаўца іхні, |
36. і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім; |
37. а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму. |
38. Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй. |
39. Ён памятаў, што яны — цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца. |
Прытчы 20:1-2 |
1. Віно — глумлівае, сякера — шалёная; і кожны, хто захапляецца імі, неразумны. |
2. Пагроза царовая — нібы рык ільва: хто дражніць яго, той грэшыць супроць самога сябе. |
Деяния 9:1-21 |
1. А Саўл, яшчэ дышучы грозьбамі і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасьвятара |
2. і выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск сынагогам, каб, калі знойдзе каго, хто сьледуе гэтаму вучэньню, і мужчын і жанчын, зьвязаўшы, прыводзіць у Ерусалім. |
3. Калі ж ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, раптам асьвятліла яго зьзяньне зь неба; |
4. ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне? |
5. Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Гасподзь сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна. |
6. Ён, у страху і жудасьці, сказаў: Госпадзе! што загадаеш мне рабіць? І Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць. |
7. А людзі, якія ішлі зь ім, стаялі здраньцьвелыя, чуючы голас, але нічога ня бачачы. |
8. Саўл падняўся зь зямлі, і з расплюшчанымі вачыма нікога ня бачыў; і павялі яго за руку і прывялі ў Дамаск; |
9. і тры дні ён ня бачыў, і ня еў і ня піў. |
10. У Дамаску быў адзін вучань, якога звалі Ананія; і Гасподзь, зьявіўшыся, сказаў яму: Ананія! Той сказаў: я, Госпадзе. |
11. А Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі на вуліцу, так званую Простую, і спытайся ў Юдавым доме Тарсяніна, якога завуць Саўл: ён цяпер моліцца |
12. і бачыў ва ўяве мужа, імем Ананія, які прыйшоў да яго і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў. |
13. Ананія адказваў: Госпадзе! Я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліха зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме; |
14. і тут мае ад першасьвятароў уладу вязаць усіх, хто заклікае імя Тваё. |
15. Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і царамі і сынамі Ізраілевымі; |
16. і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё. |
17. Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: браце Саўле! Гасподзь Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым. |
18. І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і раптам ён зноў пачаў бачыць і, устаўшы, ахрысьціўся |
19. і, паеўшы, умацаваўся. І быў Саўл некалькі дзён з вучнямі ў Дамаску; |
20. і адразу пачаў прапаведаваць у сынагогах пра Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы. |
21. І ўсе, хто чуў, зьдзіўляліся і казалі: ці ня той гэта самы, які гнаў у Ерусаліме тых, што заклікалі імя гэтае, ды і сюды прыйшоў па тое, каб вязаць іх і весьці да першасьвятароў? |