1 Хронікі 19:1-19 |
1. Пасьля гэтага памёр Наас, цар Аманіцкі, і зацараваў сын яго замест яго. |
2. І сказаў Давід: зраблю я міласьць Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое бацька ягоны зрабіў мне. І паслаў Давід паслоў суцешыць яго ў бацьку ягоным. І прыйшлі слугі Давідавы ў зямлю Аманіцкую, да Анона, каб суцешыць яго. |
3. Але князі Аманіцкія сказалі Анону: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? Ці не на тое прыйшлі слугі яго да цябе, каб выведаць і выгледзець зямлю і спустошыць яе? |
4. І ўзяў Анон слуг Давідавых і пагаліў іх, і абцяў вопратку іхнюю напалавіну да сьцёгнаў і адпусьціў іх. |
5. І пайшлі яны. І данесьлі Давіду пра людзей гэтых, і ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя; і сказаў цар; застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць борады вашыя, і тады вяртайцеся. |
6. Калі Аманіцяне ўбачылі, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду, тады паслаў Анон і Аманіцяне тысячу талантаў срэбра, каб наняць сабе калясьніц і верхаўцоў зь Сірыі Месапатамскай і зь Сірыі Мааха і з Сувы. |
7. І нанялі сабе трыццаць дзьве тысячы калясьніц і цара Мааха з народам ягоным, якія прыйшлі і разьмясьціліся табарам перад Мэдэваю. І Аманіцяне сабраліся з гарадоў сваіх і выступілі на вайну. |
8. Калі дачуўся пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам адважных. |
9. І выступілі Аманіцяне і сталі на бітву, каля брамы горада, а цары, якія прыйшлі, асобна ў полі. |
10. Ёаў, бачачы, што чакае яго бітва сьпераду і ззаду, выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраілі і выставіў іх супроць Сірыйцаў. |
11. А астатнюю частку народу даручыў Авэсу, брату свайму, каб яны выступілі супроць Аманіцянаў. |
12. І сказаў ён: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, дык ты дапаможаш мне, а калі Аманіцяне будуць адольваць цябе, дык я дапамагу табе. |
13. Будзь мужны, і будзем цьвёрда стаяць за народ наш і за гарады Бога нашага,— і Гасподзь хай зробіць, што Яму заўгодна. |
14. І ўступіў Ёаў і людзі, якія былі ў яго, у бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго. |
15. А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, і самыя пабеглі ад Авэсы, брата ягонага, і сышлі ў горад. І прыйшоў Ёаў у Ерусалім. |
16. Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, адправілі паслоў і вывелі Сірыйцаў, якія былі па той бок ракі, і Савак, ваеначальнік Адраазараў, быў на чале іх. |
17. Калі данесьлі пра гэта Давіду, ён сабраў усіх Ізраільцянаў, перайшоў Ярдан і прыйшоў да іх і стаў супроць іх. І ўступіў Давід у бітву зь Сірыйцамі, і яны сьцяліся зь ім. |
18. І Сірыйцы пабеглі ад Ізраільцянаў, і зьнішчыў Давід у Сірыйцаў сем тысяч калясьніц, і сорак тысяч пешых і Савака ваеначальніка забіў. |
19. Калі ўбачылі слугі Адраазара, што яны пабітыя Ізраільцянамі, заключылі з Давідам мір і падпарадкаваліся яму. І не хацелі Сірыйцы дапамагаць больш Аманіцянам. |
1 Хронікі 20:1-8 |
1. Праз год, у час, калі цары выходзяць на вайну, вывеў Ёаў войска і пачаў пустошыць зямлю Аманіцянаў, і прыйшоў і аблажыў Раву. А Давід заставаўся ў Ерусаліме. Ёаў, заваяваўшы Раву, разбурыў яе. |
2. І ўзяў Давід вянок цара іхняга з галавы яго, і ў ім аказалася вагі талант золата, і каштоўныя камяні былі на ім; і быў ён ускладзены на галаву Давіда. І здабычы вельмі многа вынес з горада. |
3. А люд, які быў у ім, вывеў і забіваў іх піламі, жалезнымі цапамі і сякерамі. Так зрабіў Давід з усімі гарадамі Аманіцянаў, і вярнуўся Давід і ўвесь народ у Ерусалім. |
4. Пасьля таго пачалася вайна зь Філістымлянамі ў Газэры. Тады Савахай Хушацянін пабіў Сафа, аднаго з нашчадкаў Рэфаімаў. І яны ўпакорыліся. |
5. І зноў была вайна зь Філістымлянамі. Тады Элханам, сын Яіра, пабіў Лахмія, брата Галіяфавага, Гэцяніна, у якога дзяржальна дзіды было, як навой у ткачоў. |
6. Была яшчэ бітва ў Гэце. Там быў адзін рослы чалавек, у якога было па шэсьць пальцаў,усяго дваццаць чатыры. І ён таксама быў з нашчадкаў Рэфаімаў. |
7. Ён ганіў Ізраіля, але Ёнатан, сын Шымы, брата Давідавага, пабіў яго. |
8. Гэта былі народжаныя ад Рэфаімаў у Гэце, і загінулі ад рукі Давіда і ад рукі слуг ягоных. |
Псалмы 77:26-33 |
26. Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю |
27. і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых; |
28. і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх, |
29. і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі. |
30. Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх, |
31. гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў. |
32. Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя. |
33. І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху. |
Прытчы 19:27-29 |
27. Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму. |
28. Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду. |
29. На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары — на цела дурных. |
Деяния 8:26-40 |
26. А Піліпу анёл Гасподні сказаў: устань і ідзі на поўдзень, на дарогу, якая вядзе зь Ерусаліма ў Газу, на тую, якая пустая. |
27. Ён устаў і пайшоў; і вось, муж Эфіопскі, кажэнік, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопскай, ахоўца ўсіх яе скарбаў, які прыязджаў у Ерусалім на пакланеньне, |
28. вяртаўся і, седзячы на калясьніцы сваёй, чытаў прарока Ісаю. |
29. Дух сказаў Піліпу: падыдзі і прыстань да гэтае калясьніцы. |
30. Піліп падышоў і, пачуўшы, што ён чытае прарока Ісаю, сказаў: ці разумееш, што чытаеш? |
31. Ён сказаў: як магу разумець, калі хто не наставіць мяне? І папрасіў Піліпа ўзысьці і сесьці зь ім. |
32. А месца зь Пісаньня, якое ён чытаў, было гэтае: "як авечку, вялі Яго на закол, і, як ягня, перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх; |
33. у прыніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся, а род Яго хто высьветліць? бо забіраецца ад зямлі жыцьцё Ягонае". |
34. А кажэнік сказаў Піліпу ў адказ: прашу цябе сказаць : пра каго прарок кажа гэта? ці пра сябе, ці пра каго іншага? |
35. Піліп разамкнуў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісаньня, апавядаў яму пра Ісуса. |
36. Тым часам, едучы па дарозе, яны прыехалі да вады, і кажэнік сказаў: вось, вада: што перашкаджае мне ахрысьціцца? |
37. А Піліп сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Той сказаў у адказ: веру, што Ісус ёсьць Сын Божы. |
38. І загадаў спыніць калясьніцу; і сышлі абодва ў ваду, Піліп і кажэнік; і ахрысьціў яго. |
39. А калі яны выйшлі з вады, Дух Гасподні падхапіў Піліпа, і кажэнік ужо ня бачыў яго, і паехаў сваёю дарогаю, радуючыся. |
40. А Піліп апынуўся ў Азоце і, як праходзіў, зьвеставаў усім гарадам, пакуль прыйшоў у Кесарыю. |