1 Хронікі 17:1-27 |
1. Калі Давід жыў у доме сваім, дык сказаў Давід Натану прароку: вось, я жыву ў доме кедровым, а каўчэг запавета Гасподняга пад намётам. |
2. І сказаў Натан Давіду: усё, што ў цябе на сэрцы, рабі, бо з табою Бог. |
3. Але тае ж ночы было слова Божае Натану: |
4. ідзі і скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь: ня ты пабудуеш Мне дом пад жытло, |
5. бо Я ня жыў у доме з таго дня, як вывеў сыноў Ізраіля, і да сёньня, а хадзіў са скініі ў скінію і з жытла ў жытло. |
6. Дзе ні хадзіў Я з усім Ізраілем, ці сказаў Я хоць слова каму з судзьдзяў Ізраільскіх, якім Я загадаў пасьвіць народ Мой: чаму вы не пабудуеце Мне дома кедровага? |
7. І цяпер так скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь Саваоф: Я ўзяў цябе ад статку авечак, каб ты быў правадыр народа Майго Ізраіля; |
8. і быў з табою ўсюды, куды ты ні хадзіў, і вынішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё як імя вялікіх на зямлі; |
9. і Я ўладзіў месца народу Майму Ізраілю, і ўкараніў яго, і будзе ён спакойна жыць на месцы сваім, і ня будзе больш трывожаны, і бязбожнікі ня будуць больш уціскаць яго, як раней, |
10. у тыя дні, калі Я паставіў судзьдзяў над народам Маім Ізраілем, і Я ўпакорыў усіх ворагаў тваіх і абвяшчаю табе, што Гасподзь зладзіць табе дом. |
11. Калі завершацца дні твае і ты адыдзеш да бацькоў тваіх, тады Я пастаўлю семя тваё пасьля цябе, якое будзе з сыноў тваіх, і ўмацую царства ягонае. |
12. Ён пабудуе Мне дом, і ўцьверджу трон ягоны навекі. |
13. Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам,— і міласьці Маёй не адбяру ў яго, як Я адабраў у таго, які быў да цябе. |
14. Я пастаўлю яго ў доме Маім і ў царстве Маім навекі, і трон яго будзе цьвёрды вечна. |
15. Усе гэтыя словы і ўсю ўяву дакладна пераказаў Натан Давіду. |
16. І прыйшоў цар Давід і стаў прад абліччам Гасподнім, і сказаў: хто я, Госпадзе Божа, і што такое дом мой, што Ты так узвысіў мяне? |
17. Але і гэтага яшчэ здалося мала ў вачах Тваіх, Божа; Ты абвяшчаеш пра дом раба Твайго наперад, і глядзіш на мяне, як на чалавека вялікага, Госпадзе Божа! |
18. Што яшчэ можа дадаць перад Табою Давід дзеля ўзьвялічэньня раба Твайго? Ты ведаеш раба Твайго! |
19. Госпадзе! для раба Твайго, па сэрцы Тваім Ты робіш усё гэта вялікае, каб паказаць ўсялякую веліч. |
20. Госпадзе! Няма падобнага на Цябе, і няма Бога, апрача Цябе, паводле ўсяго, што чулі мы на свае вушы. |
21. І хто падобны на народ Твой Ізраіль, адзіны народ на зямлі, да Якога прыходзіў Бог, каб адкупіць яго Сабе ў народ, зрабіць Сабе імя вялікай і страшнай дзеяй,— прагнаньнем народаў ад аблічча народу Твайго, які Ты выбавіў зь Егіпта. |
22. Ты зрабіў народ Твой Ізраіля Сваім уласным народам навек, і Ты, Госпадзе, стаў Богам ягоным. |
23. Дык вось цяпер, о Госпадзе, слова, якое Ты сказаў пра раба Твайго і пра дом ягоны, умацуй навек, і зрабі, як Ты сказаў. |
24. І хай застанецца і ўзьвялічыцца імя Тваё вавекі, каб гаварылі: "Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, ёсьць Бог над Ізраілем, і дом раба Твайго Давіда хай будзе цьвёрды прад абліччам Тваім. |
25. Бо Ты, Божа мой, адкрыў рабу Твайму, што Ты ўладзіш яму дом, таму раб Твой і асьмеліўся маліцца перад Табою. |
26. І цяпер, Госпадзе, Ты Бог, і Ты сказаў пра раба Твайго такое дабро. |
27. Пачні ж дабраслаўляць дом раба Твайго, каб ён быў вечна перад абліччам Тваім. Бо калі Ты, Госпадзе, дабраславіш, дык будзе ён дабраславёны навекі". |
1 Хронікі 18:1-17 |
1. Пасьля гэтага Давід пабіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Гэт і залежныя ад яго гарады з рук Філістымлянаў. |
2. Ён пабіў таксама Маавіцянаў, — і зрабіліся Маавіцяне рабамі Давіда, прыносячы яму даніну. |
3. І пабіў Давід Аднаазара, цара Суўскага, у Эмаце, калі той ішоў сьцьвердзіць сваю ўладу каля ракі Еўфрат. |
4. І ўзяў Давід у яго тысячу калясьніц, сем тысяч вершнікаў і дваццаць тысяч пешых, і разбурыў Давід усе калясьніцы, пакінуўшы зь іх толькі сто. |
5. Сірыйцы Дамаскія прыйшлі былі на дапамогу да Аднаазара, цара Суўскага, але Давід пабіў дваццаць дзьве тысячы Сірыйцаў. |
6. І паставіў Давід ахоўнае войска ў Сірыі Дамаскай, і зрабіліся Сірыйцы рабамі Давіда, прыносячы яму даніну. І памагаў Гасподзь Давіду ўсюды, куды ён ні хадзіў. |
7. І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім. |
8. А з Тыўхаты і Куна, гарадоў Адраазаравых, узяў Давід вельмі многа медзі. Зь яе Саламон зрабіў меднае мора і слупы і медны посуд. |
9. І пачуў Той, цар Імата, што Давід пабіў усё войска Адраазара, цара Суўскага. |
10. І паслаў Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і пабіў яго, бо Той быў у вайне з Адраазарам,— і зь ім усякі посуд залаты, срэбны і медны. |
11. І прысьвяціў іх цар Давід Госпаду разам з срэбрам і золатам, якое ён узяў ад усіх народаў: ад Ідумэянаў, Маавіцянаў, Аманіцянаў, Філістымлянаў і ад Амалікіцянаў. |
12. І Авэса, сын Саруі, пабіў Ідумэянаў у даліне Салянай васямнаццаць тысяч; |
13. і паставіў у Ідумэі ахоўнае войска, і зрабіліся ўсе Ідумэяне рабамі Давіду. Гасподзь памагаў Давіду ўсюды, куды ён ні хадзіў. |
14. І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў суд і праўду ўсяму народу свайму. |
15. Ёаў, сын Саруі, быў начальнікам войска, Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісцам. |
16. Садок, сын Ахітува, і Авімэлэх, сын Авіятара, сьвятарамі, а Суса пісцом, |
17. Ванэя, сын Ёдая, над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, а сыны Давідавыя — першымі пры цары. |
Псалмы 77:17-25 |
17. Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі ў сявышнага ў пустыні: |
18. спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй, |
19. і казалі супраць Бога, і сказалі: "ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?" |
20. Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. "Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?" |
21. Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля, |
22. за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратаваньне Ягонае. |
23. Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба, |
24. і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў. |
25. Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць. |
Прытчы 19:25-26 |
25. Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне. |
26. Хто бацьку руйнуе і выганяе маці — сын бессаромны і ганебны. |
Деяния 8:1-25 |
1. А Саўл ухваляў забойства яго. У тыя дні паўстала вялікае ганеньне на царкву ў Ерусаліме, і ўсе, апрача апосталаў, расьсеяліся па розных месцах Юдэйскіх і Самарыйскіх. |
2. А Сьцяпана пахавалі мужы богабаязныя і ўчынілі вялікі плач па ім. |
3. А Саўл глуміў царкву і, заходзячы ў дамы і, выцягваючы мужчын і жанчын, аддаваў у цямніцу. |
4. А тым часам тыя, што расьсеяліся, хадзілі і зьвеставалі слова. |
5. Так Піліп прыйшоў у горад Самарыйскі і прапаведаваў ім Хрыста; |
6. народ аднадушна слухаў, што гаварыў Піліп, і чуў і бачыў, якія ён тварыў цуды; |
7. бо нячыстыя духі з многіх апанаваных імі выходзілі зь вялікім крыкам, а многія паралізаваныя і кульгавыя ацаляліся. |
8. І была радасьць вялікая ў тым горадзе. |
9. А быў у горадзе адзін чалавек, якога звалі Сымон, які перад тым вядзьмарыў і зьдзіўляў люд Самарыйскі, удаючы зь сябе кагосьці вялікага; |
10. яго слухалі ўсе, ад малога да вялікага, кажучы: гэты ёсьць вялікая сіла Божая. |
11. А слухалі яго таму, што ён доўгі час зьдзіўляў іх чарадзействамі. |
12. Але калі паверылі Піліпу, які зьвеставаў пра Царства Божае і пра імя Ісуса Хрыста, дык хрысьціліся і мужчыны і жанчыны. |
13. Увераваў і сам Сымон і ахрысьціўшыся не адыходзіў ад Піліпа; і, бачачы, як тварыліся вялікія сілы і азнакі, дзіву даваўся. |
14. Апосталы, якія былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самаране прынялі слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, |
15. якія прыйшоўшы памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога: |
16. бо Ён ня зыходзіў яшчэ ні на кога зь іх, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса; |
17. тады ўсклалі рукі на іх, і яны прынялі Духа Сьвятога. |
18. А Сымон, убачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў падаецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы, |
19. кажучы: дайце і мне ўладу гэтую, каб той, на каго Я ўскладу рукі, прымаў Духа Сьвятога. |
20. Але Пётр сказаў яму: срэбра тваё хай будзе на згубу з табою, бо ты намысьліў дар Божы здабыць за грошы. |
21. Няма табе ў гэтым часткі і долі, бо сэрца тваё няслушнае перад Богам; |
22. дык пакайся ў гэтым грэху тваім і маліся Богу: можа, даруецца табе намысел сэрца твайго; |
23. бо бачу цябе поўнага жоўці горкай і ў путах няпраўды. |
24. А Сымон сказаў у адказ: памалецеся вы за мяне Госпаду, каб не спасьцігла мяне анішто з таго, што вы сказалі. |
25. А яны, засьведчыўшы і ўзьвясьціўшы слова Гасподняе, пайшлі назад у Ерусалім і ў многіх селішчах Самарыйскіх прапаведавалі Дабравесьце. |