A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Чэрвень 16

2 Цароў 19:1-37
1. Калі пачуўгэта цар Эзэкія, дык падраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтай, і пайшоў у дом Гасподні.
2. І паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісца, і старэйшых сьвятароў, пакрытых вярэтай, да Ісаі прарока, сына Амосавага.
3. І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень смутку і кары і паганьбеньня — дзень гэты; бо дайшлі немаўляты да адтуліны нутробы мацярынскай, а сілы няма нарадзіць.
4. Можа, пачуе Гасподзь, Бог, твой усе словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, зьневажаць Бога жывога і ганіць яго словамі, якія чуў Гасподзь, Бог твой. Учыні ж малітву за пазасталых, якія яшчэ жывыя.
5. І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі,
6. і сказаў ім Ісая: так скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі ганілі Мяне слугі цара Асірыйскага.
7. Вось Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я паб'ю яго мечам у зямлі ягонай.
8. І вярнуўся Рабсак, і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны, бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.
9. І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. І паслаў ён паслоў да Эзэкіі сказаць:
10. так скажэце Эзэкію, цару Юдэйскаму: няхай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.
11. Ты ж чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, наклаўшы на іх закляцце,— дык жа ці ты ацалееш?
12. Багі народаў, якіх спустошылі бацькі мае, ці ж выратавалі іх? — Ці выратавалі Газан, і Харан, і Рэцэф, і сыноў Эдэна, што ў Таласары?
13. Дзе цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?
14. І ўзяў Эзэкія ліст з рукі паслоў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні, і разгарнуў яго Эзэкія перад абліччам Гасподнім,
15. і маліўся Эзэкія перад абліччам Гасподнім і казаў: Госпадзе Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін Бог усіх царстваў зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.
16. Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; разамкні, Госпадзе, вочы Твае і паглядзі, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў ганіць Бога жывога!
17. Праўда, о, Госпадзе, цары Асірыйскія спустошылі народы і землі іхнія,
18. і паўкідалі багоў іхніх у агонь, але гэта не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень,— таму і вынішчылі іх.
19. І сёньня, Госпадзе Божа наш, выратуй нас ад рукі ягонай, і даведаюцца ўсе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.
20. І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: тое, за што ты молішся Мне супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага, Я пачуў.
21. Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра яго: пагардзіць цябе, пасьмяецца зь цябе дзеўная дачка Сіёна; усьлед табе пахітае галавою дачка Ерусаліма.
22. Каго ты асуджаў і ганіў? І на каго ты падняў голас, і падняў так высока вочы свае? На Сьвятога Ізраілевага?
23. Праз паслоў тваіх ты асуджаў Госпада і сказаў: з мноствам калясьніц маіх я ўзышоў на вышыню гор, на рэбры Лівана, і сьсёк рослыя кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйшоў на самае крайняе прыстанішча яго, у гай саду яго:
24. і адкопваў я і піў ваду чужую, і асушу ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія.
25. Хіба ты ня чуў, што Я здаўна зрабіў гэта, у даўнія дні наканаваў гэта, а сёньня выканаў тым, што ты спусташаеш умацаваныя гарады, ператвараючы ў груды развалін?
26. І жыхары іх зрабіліся маламоцныя, трымцяць і застаюцца ў сораме. Яны сталі як трава на полі і сьвежая зеляніна, як пораст на дахах і апалены хлеб, да таго як выкаласіцца.
27. Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, ці ўвойдзеш, Я ўсё ведаю; ведаю і дзёрзкасць тваю супроць Мяне.
28. За тваю дзёрзкасць супроць Мяне і за тое, што пагарда твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою прыйшоў ты.
29. І вось табе, Эзэкія, азнака: ежце ў гэты год тое, што вырасла ад апалага зерня, і на другі год — самароднае, а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх.
30. І ацалелае ў доме Юдавым, што засталося, пусьціць зноў корань унізе і ўродзіць плод наверсе,
31. бо зь Ерусаліма павядзецца рэшта, і выратаваньне ад гары Сіёна. Руплівасць Госпада Саваофа зробіць гэта.
32. Таму так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня кіне туды стрэлы, і не падступіцца да яго з шчытом, і не насыпле супроць яго вала.
33. Тою самаю дарогай, якою прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.
34. Я буду ахоўваць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.
35. І сталася тае ночы: пайшоў анёл Гасподні і пабіў у табары Асірыйскім сто восемдзесят пяць тысяч. І ўсталі раніцай, і вось усе целы мёртвыя.
36. І выправіўся, і пайшоў, і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.
37. І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, дык Адрамэлэх і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын ягоны, замест яго.

2 Цароў 20:1-21
1. У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна; і прыйшоў да яго Ісая, сын Амосаў, прарок, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: учыні тастамант дому твайму, бо памрэш ты і ня выздаравееш.
2. І адвярнуўся Эзэкія тварам сваім да сьцяны і маліўся Госпаду, кажучы:
3. о, Госпадзе, успомні, што я хадзіў перад абліччам Тваім верна і з адданым сэрцам, і рабіў спадобнае ў вачах Тваіх. І заплакаў Эзэкія моцна.
4. Ісая яшчэ ня выйшаў з горада, як было яму слова Гасподняе:
5. вярніся і скажы Эзэкію, уладыку народу Майго: так кажа Гасподзь Бог Давіда, бацькі твайго: Я пачуў малітву тваю, убачыў сьлёзы твае. Вось, я ацалю цябе; на трэці дзень пойдзеш у дом Гасподні;
6. і дадам да дзён тваіх пятнацаць гадоў, і ад рукі цара Асірыйскага ўратую цябе і горад гэты, і абараню горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.
7. І сказаў Ісая: вазьмеце скрылік смоквы. І ўзялі, і прыклалі да нарыву: і ён выздаравеў.
8. І сказаў Эзэкія Ісаю: якая азнака, што Гасподзь ацаліў мяне, і што пайду я на трэці дзень у дом Гасподні?
9. І сказаў Ісая: вось табе, Эзэкія, азнака ад Госпада, што выканае Гасподзь слова, якое Ён мовіў: ці наперад прайсьці ценю на дзесяць прыступак ці вярнуцца на дзесяць прыступак?
10. І сказаў Эзэкія: лёгка ценю пасунуцца наперад на дзесяць прыступак; не, хай вернецца цень назад на дзесяць прыступак.
11. І заклікаў Ісая прарок Госпада, і вярнуў цень на прыступках, дзе цень апускаўся па прыступках Ахазавых, на дзесяць прыступак.
12. Тым часам паслаў Бэродах Баладан, сын Баладана, цар Вавілонскі, лісты і дарунак Эзэкію, бо ён чуў, што Эзэкія быў хворы.
13. Эзэкія, выслухаўшы пасланцаў, паказаў ім кладоўкі свае, срэбра і золата, і пахошчы, і масьці дарагія, і ўвесь збройны дом свой і ўсё, што было ў скарбніцах ягоных: не заставалася ніводнай рэчы, якой не паказаў бы ім Эзэкія ў доме сваім і ва ўсім валоданьні сваім.
14. І прыйшоў Ісая прарок да цара Эзэкіі і сказаў яму: што казалі гэтыя людзі, і адкуль яны прыходзілі да цябе? І сказаў Эзэкія: зь зямлі далёкай яны прыходзілі, з Вавілона.
15. І сказаў Ісая: што яны бачылі ў доме тваім? І сказаў Эзэкія: усё, што ў доме маім, бачылі, не засталося ніводнай рэчы, якое б я не паказаў ім у скарбніцах маіх.
16. І сказаў Ісая Эзэкію; выслухай слова Гасподняе:
17. вось прыйдуць дні, і ўзята будзе ўсё, што ў доме тваім і, што сабралі бацькі твае да сёньня, у Вавілон; нічога не застанецца, кажа Гасподзь.
18. З сыноў тваіх, якія пойдуць ад цябе, якіх народзіш ты, возьмуць, і будуць яны еўнухамі ў палацы цара Вавілонскага.
19. І сказаў Эзэкія Ісаю: добрае слова Гасподняе, якое ты сказаў. І сказаў далей: хай будзе мір і дабрабыт у дні мае!
20. Астатняе пра Эзэкію і пра ўсе подзьвігі ягоныя, і пра тое, што ён зрабіў сажалку і вадаправод і правёў ваду ў горад, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
21. І спачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і зацараваў Манасія, сын ягоны, замест яго.

2 Цароў 21:1-26
1. Дванаццаць гадоў было Манасію, калі зацараваў, і пяцьдзесят гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хэфцыба.
2. І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.
3. І зноў зладзіў вышыні, якія зьнішчыў бацька ягоны Эзэкія, і паставіў ахвярнікі Ваалу, і зрабіў дуброву, як зрабіў Ахаў, цар Ізраільскі; і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму,
4. і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме пакладу імя Маё.
5. І спарудзіў ахвярнікі ўсяму воінству нябеснаму на абодвух дварах храма Гасподняга.
6. І правёў сына свайго праз агонь, і чараваў, і варажыў, і завёў закліначоў мёртвых і чарадзеяў; многа зрабіў неспадобнага ў вачах Госпада, каб угнявіць Яго.
7. І паставіў балвана Астарты, які зрабіў у доме, пра які казаў Гасподзь Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я кладу імя Маё навек;
8. і ня дам наперад выступіць назе Ізраільцяніна зь зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі яны будуць старацца рабіць згодна з усім тым, што Я загадаў ім, і з усім законам, які наказаў ім раб Мой Майсей.
9. Але яны не паслухаліся; і зьвёў іх Манасія да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якія вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.
10. І казаў Гасподзь праз рабоў Сваіх прарокаў і сказаў:
11. за тое, што зрабіў Манасія, цар Юдэйскі, такія мярзоты, горш за ўсё тое, што рабілі Амарэі, якія былі да яго, і ўвёў Юду ў грэх ідаламі сваімі,
12. за тое, так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, вось, Я навяду такое зло на Ерусалім і на Юду, пра якое калі хто пачуе, зазьвініць увушшу ў таго;
13. і працягну на Ерусалім мерны шнур Самарыі і вагу дома Ахававага, і вытру Ерусалім так, як выціраюць шалю, вытруць і перакуляць яе;
14. і адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам у рукі ворагаў іхніх, і будуць на разрабаваньне і спусташэньне ўсім незычліўцам сваім
15. за тое, што яны рабілі благое ў вачах Маіх і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія зь Егіпта, і да сёньня.
16. А яшчэ праліў Манасія і даволі многа нявіннай крыві, так што напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, звыш свайго грэху, што ён увёў Юду ў грэх — рабіць благое ў вачах Гасподніх.
17. Астатняе пра Манасію і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра грахі ягоныя, у чым ён зграшыў, напісана ў летапіе цароў Юдэйскіх.
18. І спачыў Манасія з бацькамі сваімі, і пахаваны ў садзе каля дома ягонага, у садзе Узы. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго:
19. дваццаць два гады бло Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Мэшулэмэт, дачка Харуца, зь Ятбы.
20. І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны;
21. і хадзіў тою самаю дарогаю, якою хадзіў бацька ягоны, і служыў балванам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім,
22. і пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх, не хадзіў шляхам Гасподнім.
23. І склалі змову слугі Амонавыя супроць яго, і забілі цара ў доме ягоным.
24. Але народ зямлі перабіў усіх, хто быў у змове супроць цара Амона; і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.
25. Астатняе пра Амона, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
26. І пахавалі яго ў магільніцы ягонай, у садзе Узы. І зацараваў Ёсія, сын ягоны, замест яго.

Псалмы 73:9-17
9. Азнакаў нашых мы ня бачым, няма больш прарока, і няма з намі таго, хто ведаў бы, дакуль гэта будзе.
10. Дакуль, Божа, вораг зьдзек чыніць будзе? ці вечна будзе агуднік імя Тваё ганіць?
11. Навошта ўхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю? Зь сярэдзіны ўлоньня Твайго іх панішчы.
12. Божа, Цару мой адвеку, Ты чыніш ратаваньне пасярод зямлі!
13. Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы зьмеям на водах;
14. Ты струшчыў галаву левіяфану, аддаў яго на ежу народу ў пустыні.
15. Ты выкрасаў паток і крыніцу, Ты высушыў рэкі вялікія.
16. Твой дзень і Твая ноч; падрыхтаваў Ты сьвяцілы і сонца;
17. Ты правёў усе межы зямлі, лета і зіму Ты ўтварыў.

Прытчы 19:1-2
1. Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.
2. Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.

Деяния 2:1-21
1. Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам.
2. І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі.
3. І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх.
4. І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць.
5. А ў Ерусаліме былі Юдэі, людзі набожныя, з усякага народу пад нябёсамі.
6. Калі зрабіўся гэты шум, сабраліся людзі, і захваляваліся, бо кожны чуў іх, што гавораць на ягонай мове.
7. І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне?
8. Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся,
9. Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі,
10. Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты ,
11. Крыцяне і Аравіцяне, — чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя?
12. І зьдзіўляліся ўсе і недаўмёна казалі адзін аднаму: што гэта азначае?
13. А іншыя, насьміхаючыся, казалі: яны апіліся салодкім віном.
14. А Пётр, стаўшы з адзінаццацьцю, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужы Юдэйскія і ўсе, хто жыве ў Ерусаліме! гэта хай будзе вам вядома, і слухайце словы мае:
15. яны не апіліся, як вы думаеце, бо цяпер трэцяя гадзіна дня;
16. а гэта ёсьць прадказанае прарокам Ёілем:
17. "І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, выльлю ад Духа Майго на ўсякую плоць; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і хлопцы вашыя будуць бачыць відзежы, і старцы вашыя снамі на розум наставяцца;
18. і на рабоў Маіх і на рабыняў Маіх у тыя дні выльлю ад Духа Майго, і будуць прарочыць.
19. І дам цуды на небе ўгары і азнакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым:
20. сонца абернецца ў цемру, і месяц у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і прасьветлены.
21. І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца".