1 Цароў 11:1-43 |
1. І пакахаў цар Саламон многіх чужаземных жанчын, апрача дачкі фараонавай, Маавіцянак, Аманіцянак, Ідумэянак, Сіданянак, Хэтэянак, |
2. з тых народаў, пра якіх Гасподзь сказаў сынам Ізраілевым: не ўваходзьце да іх, і яны хай не ўваходзяць да вас, каб яны ня схілілі сэрца вашага да сваіх багоў. Да іх прыляпіўся Саламон каханьнем. |
3. І было ў яго сямсот жонак і трыста наложніц; і разбэсьцілі жонкі сэрца ягонае. |
4. У час старасьці Саламона жонкі яго схілілі сэрца ягонае да іншых багоў, і сэрца ягонае ня было цалкам адданае Госпаду Богу свайму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага. |
5. І пачаў Саламон служыць Астарце, божышчу Сідонскаму, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай. |
6. І рабіў Саламон благое перад вачыма Госпада і не належна ішоў за Госпадам, як Давід, бацька ягоны. |
7. Тады пабудаваў Саламон капішча Хамосу, мярзоце Маавіцкай, на гары, якая перад Ерусалімам, і Малоху, мярзоце Аманіцкай. |
8. Так зрабіў ён усім сваім чужаземным жонкам, якія кадзілі і прыносілі ахвяры сваім багам. |
9. І разгневаўся Гасподзь на Саламона за тое, што ён ухіліў сэрца сваё ад Госпада Бога Ізраілевага, Які два разы зьяўляўся яму |
10. і наказаў яму, каб ён ня йшоў за іншымі багамі; але ён ня выканаў таго, што наказаў яму Гасподзь. |
11. І сказаў Гасподзь Саламону: за тое, што так у цябе робіцца, і ты не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я наказаў табе, Я адбяру ў цябе царства і аддам яго рабу твайму; |
12. але ў дні твае Я не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго: з рукі сына твайго адбяру яго; |
13. і ня ўсё царства адбяру: адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, раба Майго, і дзеля Ерусаліма, які Я выбраў. |
14. І падняў Гасподзь праціўніка на Саламона, Адэра Ідумэяніна, з царскага Ідумэйскага роду. |
15. Калі Давід быў у Ідумэі, і ваеначальнік Ёаў прыйшоў дзеля пахаваньня забітых і пабіў увесь мужчынскі пол у Ідумэі,— |
16. бо шэсьць месяцаў пражыў там Ёаў і ўсе Ізраільцяне, пакуль ня вынішчылі ўсяго мужчынскага полу ў Ідумэі,— |
17. тады гэты Адэр уцёк у Егіпет і зь ім некалькі Ідумэянаў, якія служылі пры бацьку ягоным; Адэр быў тады малым дзіцём. |
18. Выправіўшыся з Мадыяма, яны прыйшлі ў Фаран і ўзялі з сабою людзей з Фарана і прыйшлі ў Егіпет да фараона — цара Егіпецкага. Адэр ўвайшоў да фараона, і ён даў яму дом, і назначыў яму ўтрыманьне, і даў яму зямлю. |
19. Адэр здабыў у фараона вялікую міласьць, так што ён даў яму за жонку сястру сваёй жонкі, сястру царыцы Тахпэнэсы. |
20. І нарадзіла яму сястра Тахпенэсы сына Генувата. Тахпэнэса выхоўвала яго ў доме фараонавым; і жыў Генуват у доме фараонавым разам з сынамі фараонавымі. |
21. Калі Адэр дачуўся, што Давід спачыў з бацькамі сваімі і што ваеначальнік Ёаў памёр, дык сказаў фараону: адпусьці мяне, я пайду ў сваю зямлю. |
22. І сказаў яму фараон: хіба ты маеш патрэбу ў чым-небудзь у мяне, што хочаш ісьці ў сваю зямлю? Ён адказваў: не, але адпусьці мяне. |
23. І падняў Бог супроць Саламона яшчэ праціўніка — Разона, сына Эліяды, які ўцёк ад гаспадара свайго Адраазара, цара Суўскага, |
24. і, сабраўшы вакол сябе людзей, зрабіўся начальнікам шайкі, пасьля таго, як Давід разьбіў Адраазара; і пайшлі яны ў Дамаск, і ўсяліліся там, і валадарылі ў Дамаску. |
25. І быў ён праціўнікам Ізраіля ва ўсе дні Саламона. Акрамя ліха, учыненага Адэрам, ён заўсёды шкодзіў Ізраілю і зрабіўся царом Сірыі. |
26. І Ераваам, сын Наватаў, Яфрэмлянін з Царэды, — імя маці ягонай удавы — Цэруа,— раб Саламонаў, падняў руку на цара. |
27. І вось прычына, чаму ён падняў руку на цара: Саламон будаваў Міло, рамантаваў пашкоджаньні ў горадзе Давіда, бацькі свайго. |
28. Ераваам быў чалавек мужны. Саламон, заўважыўшы, што гэты малады чалавек умее рабіць справу, паставіў яго наглядчыкам над аброчнымі з дома Язэпавага. |
29. У той час здарылася Еравааму выйсьці зь Ерусаліма; і сустрэў яго на дарозе прарок Ахія Сіламлянін, і на ім была новая вопратка. У полі іх было толькі двое. |
30. І ўзяў Ахія новую вопратку, якая была на ім, разадраў яе на дванаццаць частак, |
31. і сказаў Еравааму: вазьмі сабе дзесяць частак, бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: вось, Я адбіраю царства з рукі Саламонавай і даю табе дзесяць каленаў, |
32. а адно калена застанецца за ім дзеля раба Майго Давіда і дзеля горада Ерусаліма, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых. |
33. Гэта за тое, што яны пакінулі Мяне і пачалі пакланяцца Астарце, божышчу Сідонскаму, і Хамосу, богу Маавіцкаму, і Мілхому, богу Аманіцкаму, і не пайшлі шляхамі Маімі, каб рабіць добрае прад вачамі Маімі і захоўваць пастановы Мае, падобна Давіду, бацьку ягонаму. |
34. Я не бяру ўсяго царства з рукі яго, але Я пакідаю яго ўладаром на ўсе дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, раба Майго, якога Я выбраў, які трымаўся наказаў Маіх і пастановаў Маіх; |
35. а вазьму царства з рукі сына ягонага і дам табе зь яго дзесяць каленаў; |
36. а сыну ягонаму дам адно калена, каб заставалася сьвяцільня Давіда, раба Майго, ва ўсе дні перад абліччам Маім, у горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе дзеля імя Майго. |
37. Цябе Я выбіраю, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго запрагне душа твая, і будзеш царом над Ізраілем; |
38. і калі будзеш захоўваць усё, што Я наказваю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі і рабіць спадобнае перад вачыма Маімі, захоўваючы пастановы Мае і запаведзі Мае, як рабіў раб Мой Давід, дык Я буду з табою і зладжу табе дом моцны, як Я зладзіў Давіду, і аддам табе Ізраіля; |
39. і ўпакору Я род Давідаў за гэта, але не на ўсе дні. |
40. А Саламон хацеў сьмерці Ераваама; але Ераваам устаў і ўцёк у Егіпет да Сусакіма, цара Егіпецкага, і жыў у Егіпце да сьмерці Саламонавай. |
41. Астатнія падзеі Саламонавыя і ўсё, што ён рабіў, і мудрасьць ягоная апісаны ў кнізе дзеяў Саламонавых. |
42. Часу цараваньня Саламонавага ў Ерусаліме над усім Ізраілем было сорак гадоў. |
43. І спачыў Саламон з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давіда, бацькі свайго, і зацараваў замест яго сын ягоны Раваам. |
1 Цароў 12:1-33 |
1. І пайшоў Раваам у Сіхем, бо ў Сіхем прыйшлі ўсе Ізраільцяне, каб узьвесьці яго ў цара. |
2. І дачуўся пра тое Ераваам, сын Наватаў, калі быў яшчэ ў Егіпце, куды ўцёк ад цара Саламона, і вярнуўся Ераваам зь Егіпта; |
3. і паслалі па яго і паклікалі яго. Тады Ераваам і ўвесь збор Ізраільцянаў прыйшлі і казалі Равааму і сказалі: |
4. бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нам жорсткую працу бацькі твайго і цяжкае ярмо, якое ён наклаў на нас, і тады мы будзем служыць табе. |
5. І сказаў ён ім: ідзеце і праз тры дні зноў прыйдзеце да мяне. І пайшоў народ. |
6. Цар Раваам раіўся са старцамі, якія стаялі перад Саламонам, бацькам ягоным, пры жыцьці яго, і казаў: як параіце вы мне адказваць гэтаму народу? |
7. Яны казалі яму і сказалі: калі ты на гэты дзень будзеш слугою народу гэтаму і саслужыш яму, і дагодзіш ім, і будзеш гаварыць зь ім ласкава, дык яны будуць тваімі рабамі на ўсе дні. |
8. Але ён пагардзіў парадай старцаў, што яны раілі яму, і раіўся з маладымі людзьмі, якія вырасьлі разам зь ім і якія стаялі перад ім, |
9. і сказаў ім: што вы параіце мне адказваць народу гэтаму, які гаварыў мне і сказаў: паслабі ярмо, якое наклаў на нас бацька твой? |
10. І казалі яму маладыя людзі, якія вырасьлі разам зь ім, і сказалі: так скажы народу гэтаму, які гаварыў табе і сказаў: "бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нас"; так скажы ім: мой мезенец таўсьцейшы за сцёгны бацькі майго; |
11. дык вось, калі бацька мой абцяжарваў вас цяжкім ярмом, дык я павялічу ярмо ваша; бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі. |
12. Ераваам і ўвесь народ прыйшлі да Раваама на трэці дзень, як загадаў цар, сказаўшы: прыйдзеце да мяне на трэці дзень. |
13. І адказаў цар народу сурова і пагардзіў парадай старцаў, што яны раілі яму; |
14. і гаварыў ён паводле парады маладых людзей і сказаў: бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я павялічу ярмо ваша; бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі. |
15. І не паслухаўся цар народу, бо так наканавана было Госпадам, каб спраўдзілася слова Ягонае, якое прамовіў Гасподзь праз Ахію Сіламяніна Еравааму, сыну Наватаваму. |
16. І ўбачылі Ізраільцяне, што цар не паслухаўся іх. І адказаў народ цару і сказаў: якая нам доля ў Давідзе? няма нам долі ў сыне Есэевым; па намётах сваіх, Ізраіле! цяпер ведай свой дом, Давідзе! І разышоўся Ізраіль па намётах сваіх. |
17. Толькі над сынамі Ізраілевымі, якія жылі ў гарадах Юдавых, валадарыў Раваам. |
18. І паслаў цар Раваам Аданірама, начальніка над падаткамі; але ўсе Ізраільцяне закідалі яго камянямі, і ён памёр; а цар Раваам пасьпешна ўзышоў на калясьніцу, каб зьбегчы ў Ерусалім. |
19. І адкалоўся Ізраіль ад дома Давідавага да гэтага дня. |
20. Калі пачулі ўсе Ізраільцяне, што Ераваам вярнуўся, дык паслалі і паклікалі яго на збор і паставілі царом яго над усімі Ізраільцянамі. За домам Давідавым не засталося нікога, апрача калена Юдавага і Веньямінавага. |
21. Раваам, прыбыўшы ў Ерусалім, сабраў з усяго дома Юдавага і з калена Веньямінавага сто восемдзесят тысяч адборных воінаў, каб ваяваць з домам Ізраілевым дзеля таго, каб вярнуць царства Равааму, сыну Саламонаваму. |
22. І было слова Божае Самэю, чалавеку Божаму, і сказана: |
23. скажы Равааму, сыну Саламонаваму, цару Юдэйскаму, і ўсяму дому Юдаваму і Веньямінаваму і астатняму народу: |
24. так кажа Гасподзь: не хадзеце і не пачынайце вайны з братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі; вярнецеся кожны ў дом свой, бо ад Мяне гэта было. І паслухаліся яны слова Гасподняга і пайшлі назад па слове Гасподнім. |
25. І забудаваў Ераваам Сіхем на гары Яфрэмавай і пасяліўся ў ім; адтуль пайшоў і пабудаваў Пенуіл. |
26. І казаў Ераваам у сэрцы сваім: царства можа зноў перайсьці да дома Давідавага; |
27. калі народ гэты будзе хадзіць у Ерусалім дзеля ахвяраваньня ў доме Гасподнім, дык сэрца народу гэтага павернецца да гаспадара свайго, да Раваама, цара Юдэйскага, і заб'юць яны мяне і вернуцца да Раваама, цара Юдэйскага. |
28. І параіўшыся цар зрабіў двух залатых цялят і сказаў: ня трэба вам хадзіць у Ерусалім; вось багі твае, Ізраіль, якія вывелі цябе зь зямлі Егіпецкай. |
29. І паставіў аднаго ў Вэтылі, а другога ў Дане. |
30. І павяло гэта да грэху, бо народ пачаў хадзіць да аднаго зь іх, нават у Дан. |
31. І пабудаваў ён капішча на вышыні і паставіў з народу сьвятароў, якія ня былі з сыноў Лявііных. |
32. І ўстанавіў Ераваам сьвята ў восьмы месяц, у пятнаццаты дзень месяца, падобнае на тое сьвята, якое было ў Юдэі, і прыносіў ахвяры на ахвярніку; тое самае ён зрабіў у Вэтылі, каб прыносіць ахвяру цялятам, якіх зрабіў. І паставіў у Вэтылі сьвятароў вышыняў, якія зладзіў, |
33. і прынёс ахвяры на ахвярніку, які ён зрабіў у Вэтылі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, месяца, які ён адвольна назначыў; і ўстанавіў сьвята сынам Ізраілевым, і падышоў да ахвярніка, каб учыніць дымленьне. |
Псалмы 68:5-15 |
5. Тых, што ненавідзяць мяне бязь віны, болей, чым валос на маёй галаве: ворагі мае, што бязьвінна мяне перасьледуюць, набраліся сілы; чаго я не адбіраў, тое мушу аддаць. |
6. Божа! Ты ведаеш дурасьць маю, і грахі мае ад Цябе не схаваны. |
7. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, Божа сілы. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраілеў; |
8. бо дзеля Цябе я цярплю зьнявагу, і ганьбаю пакрываюць аблічча маё. |
9. Счужынеў я братам маім, чужынцам зрабіўся сынам маці маёй, |
10. бо клопат па доме Тваім пажырае мяне, і ліхаслоўе тых, што Цябе ліхасловяць, падае на мяне, |
11. і постам выплакаў я душу маю, і гэта робяць зьнявагаю мне. |
12. І замест вопраткі я на сябе нацягнуў валасяніцу — і раблюся ім прытчаю; |
13. і пра мяне балабоняць, седзячы каля брамы, і сьпяваюць у песьнях тыя, што п'юць віно. |
14. А я з малітвай маёю да Цябе, Госпадзе; у час добрай зычлівасьці, Божа, па вялікай даброці Тваёй, пачуй мяне ў праўдзе ратунку Твайго; |
15. дастань мяне з багавіньня, каб не загразнуў я: хай я вызвалюся ад ненавісьнікаў маіх і ад глыбокіх водаў; |
Прытчы 17:20-22 |
20. Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду. |
21. Калі нарадзіў хто немысьля — сабе на гора, і бацька немысьля не парадуецца. |
22. Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці. |
Йоан 12:1-26 |
1. За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых. |
2. Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ляжаў зь Ім. |
3. А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра. |
4. Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў: |
5. Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім? |
6. А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі. |
7. А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго; |
8. убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне — не заўсёды. |
9. Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых. |
10. А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара, |
11. бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса. |
12. На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім, |
13. узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў! |
14. А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана: |
15. "ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці". |
16. Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму. |
17. Людзі, якія былі зь ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых; |
18. таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд. |
19. А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім. |
20. Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны; |
21. яны падышлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса. |
22. Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу. |
23. А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму: |
24. Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду. |
25. Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае. |
26. Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой. |