A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Можа 9

1 Самуіла 20:1-42
1. Давід уцёк з Навата ў Раме і прыйшоў і сказаў Ёнатану: што зрабіў я, у чым напраўда мая, чым зграшыў я перад бацькам тваім, што ён шукае душы маёй?
2. І сказаў яму Ёнатан : не, ты не памрэш; вось, бацька мой ня робіць ні большае, ні меншае дзеі, не адкрыўшы вушам маім; навошта ж бо бацьку майму хаваць ад мяне гэтую дзею? гэтага ня будзе.
3. Давід прысягаў і казаў: бацька твой добра ведае, што я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, і таму гаворыць сам у Сабе:"хай ня ведае пра тое Ёнатан, каб не засмуціўся, але жывы Гасподзь і жывая душа твая! адзін толькі крок паміж мною і сьмерцю,
4. І сказаў Ёнатан Давіду: чаго жадае душа твая, я зраблю табе.
5. І сказаў Давід Ёнатану: вось заўтра малады месяц, і я павінен сядзець з царом за сталом; але адпусьці мяне, і я схаваюся ў полі да вечара пасьлязаўтрага.
6. Калі бацька твой спытаецца пра мяне, ты скажы: Давід адпрасіўся ў мяне схадзіць у свой горад Віфляем, бо там гадавое ахвярапрынашэньне ўсяго роду ягонага.
7. Калі на гэта ён скажа: "добра", дык мір рабу твайму; а калі ён угневаецца, дык ведай, што ліхое намысьліў ён.
8. А ты зрабі міласьць рабу твайму,— бо ты прыняў раба твайго ў запавет Гасподні з табою,— і калі ёсьць якая віна на мне, дык забі ты мяне; навошта табе весьці мяне да бацькі твайго?
9. І сказаў Ёнатан: ніяк не будзе гэтага з табою; бо, калі я даведаюся напэўна, што ў бацькі майго намысьлена ліхое ўчыніць над табою, дык няўжо не паведамлю табе пра гэта?
10. І сказаў Давід Ёнатану: хто паведаміць мне, калі бацька твой адкажа сурова?
11. І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі, выйдзем у поле. І выйшлі абодва ў поле.
12. І сказаў Ёнатан Давіду: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў! я заўтра каля гэтага часу, альбо пасьлязаўтра, выпытаю ў бацькі майго; і калі ён добрым прыхільны да Давіда, і я тады не пашлю да цябе і не адкрыю перад вушамі тваімі,
13. няхай тое і тое зробіць Гасподзь зь Ёнатанам і яшчэ болей зробіць. Калі ж бацька мой намышляе зрабіць табе ліхое, і гэта адкрыю ў вушы твае, і адпушчу цябе, і тады ідзі зь мірам: і хай будзе Гасподзь з табою, як бы з бацькам маім!
14. Але і ты, калі я яшчэ буду жывы, зрабі мне міласьць Гасподнюю.
15. А калі я памру, дык не адбяры міласьці тваёй ад дома майго вавек, нават і тады, калі Гасподзь зьнішчыць з улоньня зямлі ўсіх ворагаў Давідавых.
16. Так заключыў Ёнатан запавет з домам Давіда і сказаў : хай спагоніць Гасподзь з ворагаў Давідавых!
17. І зноў Ёнатан прысягаўся Давіду сваёй любоўю да яго, бо любіў яго, як сваю душу.
18. І сказаў яму Ёнатан: заўтра малады месяц, і пра цябе спытаюць, бо месца тваё будзе не занятае;
19. таму на трэці дзень ты спусьціся і пасьпяшайся на тое месца, дзе ты хаваўся раней, і сядзь каля каменя Азэль:
20. а я ў той бок пушчу тры стралы, быццам страляючы па цэлі;
21. потым пашлю хлопчыка, кажучы : "ідзі, знайдзі стрэлы"; і калі я скажу хлопчыку: "вось, стрэлы за табою, вазьмі іх", дык прыйдзі да мяне, бо мір табе, і, жывы Гасподзь, нічога табе ня будзе;
22. а калі так скажу хлопчыку: "вось, стрэлы перад табою", дык ты сыдзі, бо адпускае цябе Гасподзь;
23. а таму, што мы казалі, я і ты, сьведка Гасподзь паміж мною і табою навекі.
24. І схаваўся Давід у полі. І настаў час маладзіка, і сеў цар абедаць.
25. Цар сеў на сваім месцы, паводле звычаю, на сядзеньні каля сьцяны, і Ёнатан устаў, і Авэнір сеў каля Саўла; а месца Давідава засталося незанятае.
26. І не сказаў Саўл у той дзень нічога, бо падумаў, што гэта выпадковасьць, што Давід нячысты, не ачысьціўся.
27. Настаў і другі дзень маладзіка, а месца Давідава заставалася незанятае. Тады сказаў Саўл сыну свайму Ёнатану: чаму сын Ясэеў не прыйшоў на абед ні ўчора, ні сёньня?
28. І адказаў Ёнатан Саўлу: Давід адпрасіўся ў мяне ў Віфляем:
29. ён казаў: "адпусьці мяне, бо ў нас у горадзе родавае ахвярапрынашэньне, і мой брат запрасіў мяне; дык вось, калі я знайшоў дабраславеньне ў вачах тваіх, схаджу я і пабачуся са сваімі братамі"; таму ён і ня прыйшоў на абед да цара.
30. Тады моцна ўгневаўся Саўл на Ёнатана і сказаў яму: сыне нягодны і непакорлівы! хіба я ня ведаю, што ты сябраваўся з сынам Ясэевым на сорам сабе і на сорам маці тваёй!
31. бо ўсе дні, пакуль сын Ясэеў будзе жыць на зямлі, ня ўстоіш ні ты, ні царства тваё; цяпер жа пашлі і прывядзі яго да мяне, бо ён асуджаны на сьмерць.
32. І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: за што забіваеш яго? што ён зрабіў?
33. Тады Саўл кінуў дзіду ў яго, каб забіць яго. І Ёнатан зразумеў, што бацька ягоны рашыўся забіць Давіда.
34. І ўстаў Ёнатан з-за стала ў вялікім гневе і не абедаў у другі дзень маладзіка, бо смуткаваў па Давідзе і таму што пакрыўдзіў яго бацька ягоны.
35. На другі дзень раніцай выйшаў Ёнатан у поле, у час, назначаны Давіду, і малы хлопчык зь ім.
36. І сказаў ён хлопчыку: бяжы, шукай стрэлы якія я пускаю. Хлопчык пабег, а ён пускаў стрэлы так, што яны ляцелі далей хлопчыка.
37. І пабег хлопчык туды, куды Ёнатан пускаў стрэлы, і закрычаў Ёнатан усьлед хлопчыку і сказаў: глядзі, страла перад табою.
38. І зноў крычаў Ёнатан усьлед хлопчыку: хутчэй бяжы, не спыняйся. І сабраў хлопчык Ёнатанаў стрэлы і прыйшоў да свайго гаспадара.
39. А хлопчык ня ведаў нічога; толькі Ёнатан і Давід ведалі, што да чаго.
40. І аддаў Ёнатан зброю сваю хлопчыку, які быў пры ім, і сказаў яму: ідзі, занясі ў горад.
41. Хлопчык пайшоў, а Давід падняўся з паўднёвага боку і ўпаў тварам сваім на зямлю і тройчы пакланіўся; і цалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, але Давід плакаў болей.
42. І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі зь мірам; а ў чым прысягалі мы абодва імем Госпада, кажучы: "Гасподзь хай будзе паміж мною і табою і паміж семем маім і семем тваім", тое хай будзе вавекі.

1 Самуіла 21:1-15
1. І прыйшоў Давід у Номву да Ахімэлэха сьвятара, і сумеўся Ахімэлэх пры сустрэчы з Давідам і сказаў яму: чаму ты адзін, і нікога няма з табою?
2. І сказаў Давід Ахімэлэху сьвятару: цар даручыў мне дзею і сказаў мне: "хай ніхто ня ведае, па што я паслаў цябе і што даручыў табе"; таму людзей я пакінуў на пэўным месцы;
3. дык вось, што ёсьць у цябе пад рукою, дай мне, хлябоў пяць, альбо што знойдзецца.
4. І адказаў сьвятар Давіду, кажучы: няма ў мяне пад рукою простага хлеба, а ёсьць хлеб асьвечаны; калі толькі людзі твае ўстрымаліся ад жанчын.
5. І адказаў Давід сьвятару і сказаў яму: жанчын з намі ня было ні ўчора, ні заўчора, з часу, як я выйшаў, а посуд хлопчыкаў чысты, а калі дарога нячыстая, дык хлеб застанецца чысты ў посудзе.
6. І даў яму сьвятар асьвечанага хлеба; бо ня было ў яго хлеба, акрамя хлябоў выстаўленьня, якія ўзятыя былі ад аблічча Госпада, каб, калі зьнятыя будуць, пакласьці цёплыя хлябы.
7. Там быў таго дня перад Госпадам адзін слуга Саўлаў, імем Доік, Ідумэянін, начальнік пастухоў Саўлавых.
8. І сказаў Давід Ахімэлэху: ці няма тут у цябе пад рукою дзіды ці меча? бо я ня ўзяў з сабою ні меча, ні іншай зброі, бо даручэньне царовае было сьпешнае.
9. І сказаў сьвятар: вось меч Галіяфа Філістымляніна, якога ты забіў у даліне дуба, загорнуты ў вопратку, за эфодам; калі хочаш, вазьмі яго; іншага акрамя гэтага тут няма. І сказаў Давід: няма да яго падобнага, дай мне яго.
10. І ўстаў Давід, і ўцёк таго самага дня ад Саўла, і прыйшоў да Анхуса, цара Гэцкага.
11. І сазалі Анхусу слугі ягоныя: ці ня гэта Давід, цар той краіны? ці не яму сьпявалі ў карагодах і казалі: Саўл пабіў тысячы, а Давід — дзясяткі тысяч?
12. Давід паклаў словы гэтыя ў сэрцы сваім і моцна баяўся Анхуса, цара Гэцкага.
13. І зьмяніў твар свой перад імі, і прыкінуўся вар'ятам у іхніх вачах, і крэсьліў на дзьвярах, і пускаў сьліну па барадзе сваёй.
14. І сказаў Анхус рабам сваім: бачыце, ён чалавек вар'ят; навошта вы прывялі яго да мяне?
15. ці ж мала ў мяне вар'ятаў, што вы прывялі яго, каб ён юродзіў перад мною? няўжо ён увойдзе ў дом мой?

Псалмы 58:1-5
1. Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом ягоны, каб забіць яго.
2. Вызваль мяне ад маіх ворагаў, Божа мой! абарані мяне ад тых, што на мяне паўстаюць.
3. вызваль мяне ад злачынцаў; уратуй ад крыважэрных,
4. бо вось, яны цікуюць за душою маёю; на мяне зьбіраюцца дужыя, не за правіну маю і не за грэх мой, Госпадзе;
5. бязь віны маёй зьбягаюцца і зброю рыхтуюць; паўстань мне на дапамогу, і паглядзі.

Прытчы 15:31-33
31. Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.
32. Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьця­рогу, той набывае розум.
33. Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.

Лука 24:36-53
36. Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам.
37. Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа;
38. але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
39. Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта — Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне.
40. І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
41. А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
42. Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.
43. І ўзяўшы, еў перад імі.
44. І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах.
45. Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў
46. і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэці дзень,
47. і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма;
48. а вы сьведкі гэтага;
49. і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары.
50. І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
51. І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
52. Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю,
53. і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.