1 Самуіла 18:1-30 |
1. Калі закончыў Давід гутарку з Саўлам, душа Ёнатана прыляпілася да душы ягонай, і палюбіў яго Ёнатан, як сваю душу. |
2. І ўзяў яго Саўл таго самага дня і не дазволіў яму вяртацца ў дом бацькі ягонага. |
3. А Ёнатан заключыў з Давідам спрымірэнства, бо палюбіў яго, як сваю душу. |
4. І зьняў Ёнатан вопратку сваю, якая была на ім, і аддаў яе Давіду, таксама і астатнюю вопратку сваю, і меч свой, і лук свой, і свой пояс. |
5. І Давід дзеяў разумна ўсюды, куды ні пасылаў яго Саўл, і зрабіў яго Саўл начальнікам над ваеннымі людзьмі; і гэта спадабалася ўсяму народу і слугам Саўлавым. |
6. Калі яны ішлі, пры вяртаньні Давіда зь перамогі над Філістымлянінам, дык жанчыны з усіх гарадоў Ізраільскіх выходзілі насустрач Саўлу цару са сьпевамі і танцамі, з урачыстымі тымпанамі і зь кімваламі. |
7. І крычалі жанчыны, якія ігралі, кажучы: Саўл перамог тысячы, а Давід дзясяткі тысяч! |
8. І Саўл моцна засмуціўся, і непрыемнае яму было гэтае слова, і ён сказаў: Давіду далі дзясяткі тысяч, а мне тысячы; яму нехапае толькі царства. |
9. І з таго дня і потым падазрона глядзеў Саўл на Давіда. |
10. І было на другі дзень: напаў ліхі дух ад Бога на Саўла, і ён шалеў у доме сваім, а Давід граў рукою сваёю на струнах, як і ў іншыя дні; у руцэ ў Саўла была дзіда. |
11. І кінуў Саўл дзіду, падумаўшы: прыб'ю Давіда да сьцяны; але Давід два разы ўхіліўся ад яго. |
12. І пачаў баяцца Саўл Давіда, бо Гасподзь быў зь ім, а ад Саўла адступіўся. |
13. І выдаліў яго Саўл ад сябе і паставіў яго ў сябе тысячнікам, і ён уваходзіў і выходзіў перад народам. |
14. І Давід ва ўсіх дзеях сваіх рабіў разумна, і Гасподзь быў зь ім. |
15. І Саўл бачыў, што ён вельмі разумны, і баяўся яго. |
16. А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён уваходзіў і выходзіў перад ім. |
17. І сказаў Саўл Давіду: вось старэйшая дачка мая, Мэрова: я дам яе табе за жонку, толькі будзь у мяне адважны і вядзі войны Гасподнія. Бо Саўл думаў: няхай не мая рука будзе на ім, а рука Філістымлянаў будзе на ім. |
18. Але Давід сказаў Саўлу: хто я і што жыццё маё і род бацькі майго ў Ізраіле, каб мне быць зяцем царовым? |
19. А калі настаў час аддаць Мэрову, дачку Саўлаву, Давіду, дык яна выдадзена была замуж за Адрыэла з Мэхолы. |
20. Але Давіда пакахала другая дачка Саўлава, Мэлхола; і калі паведаміліпра гэта Саўлу, дык гэта было прыемна яму. |
21. Саўл думаў: аддам яе за яго, і яна будзе яму сеткаю, і рука Філістымлянаў будзе на ім. І сказаў Саўл Давіду: праз другую ты параднішся са мною. |
22. І загадаў Саўл слугам сваім: скажэце Давіду тайна: вось, цар дабраволіць табе, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе; дык вось, будзь зяцем царовым. |
23. І перадалі слугі Саўлавыя ў вушы Давіду ўсе словы гэтыя. І сказаў Давід: хіба лёгка здаецца вам быць зяцем цара? я — чалавек бедны і нязначны. |
24. І данеслі Саўлу слугі ягоныя і сказалі: вось, што кажа Давід. |
25. І сказаў Саўл: так скажэце Давіду, цар ня хоча вена, апрача ста краеабразаньняў Філістымскіх, у помсту ворагам царовым. Бо Саўл меў на думцы загубіць Давіда рукамі Філістымлянаў. |
26. І пераказалі слугі ягоныя Давіду гэтыя словы, і спадабалася Давіду стацца зяцем царовым. |
27. Яшчэ не прайшлі вызначаныя дні, як Давід устаў і пайшоў сам і людзі ягоныя зь ім, і забіў дзьвесьце чалавек Філістымлянаў, і прынёс Давід краеабразаньні іхнія, і падаў іх у поўным ліку цару, каб зрабіцца зяцем царовым. І выдаў Саўл за яго Мэлхолу, дачку сваю, замуж. |
28. І ўбачыў Саўл і пазнаў, што Гасподзь з Давідам, і што Мэлхола, дачка Саўлава, любіла Давіда. |
29. І пачаў Саўл яшчэ больш баяцца Давіда і зрабіўся ворагам ягоным на ўсё жыццё. |
30. І калі правадыры Філістымскія выйшлі на вайну, Давід, з самага выхаду іхняга, дзеяў разумней за ўсіх слуг Саўлавых, і вельмі праславілася імя ягонае. |
1 Самуіла 19:1-24 |
1. І казаў Саўл Ёнатану, сыну свайму, і ўсім слугам сваім, каб забіць Давіда. Але Ёнатан, сын Саўлаў, вельмі любіў Давіда. |
2. І паведаміў Ёнатан Давіду, кажучы: бацька мой Саўл спрабуе забіць цябе; дык вось, асьцерагайся заўтра; схавайся і будзь у патайным месцы; |
3. а я выйду і стану каля бацькі майго на полі, дзе ты будзеш, і пагавару пра цябе з бацькам маім, і што ўбачу, раскажу табе. |
4. І сказаў Ёнатан добрае пра Давіда Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: хай ня грэшыць цар супроць раба свайго Давіда, бо ён нічым не зграшыў супроць цябе, і дзеі ягоныя вельмі карысныя табе; |
5. ён унебясьпечваў душу сваю, каб пабіць Філістымляніна; і Гасподзь учыніў вялікае выратаваньне ўсяму Ізраілю; ты бачыў гэта і радаваўся; навошта ж ты хочаш зграшыць супроць невінаватай крыві і забіць Давіда бяз прычыны? |
6. І паслухаў Саўл голасу Ёнатана і запрысягнуўся Саўл: жывы Гасподзь, Давід не памрэ. |
7. І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму Ёнатан усе словы гэтыя, і прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і ён быў пры ім, як учора і заўчора. |
8. Зноў пачалася вайна, і выйшаў Давід, і ваяваў зь Філістымлянамі, і ўчыніў ім вялікае пабоішча, і яны пабеглі ад яго. |
9. І ліхі дух ад Бога напаў на Саўла, і ён сядзеў у доме сваім, і дзіда была ў руцэ ў яго, а Давід іграў рукою сваёю на струнах. |
10. І хацеў Саўл прыбіць Давіда дзідаю да сьцяны, але Давід адскочыў ад Саўла, і дзіда ўпілася ў сьцяну; а Давід уцёк і ўратаваўся тае начы. |
11. І паслаў Саўл слуг у дом да Давіда, каб падпільнаваць яго і забіць да раніцы. І сказала Давіду Мэлхола, жонка ягоная: калі ты ня выратуеш душы тваёй у гэтую ноч, дык заўтра будзеш забіты. |
12. І спусьціла Мэлхола Давіда з акна, і ён пайшоў, і ўцёк і ўратаваўся. |
13. А Мэлхола ўзяла статую і паклала яе на ложак, а ў галавах у яе паклала казіную скуру, і накрыла вопраткай. |
14. І паслаў Саўл слуг, каб узяць Давіда; але Мэлхола сказала: ён хворы. |
15. І паслаў Саўл слуг, каб агледзець Давіда, кажучы: прынясеце яго да мяне на пасьцелі, каб забіць яго. |
16. І прыйшлі слугі, і вось, на пасьцелі статуя, а ў галавах у яе казіная скура. |
17. Тады Саўл сказаў Мэлхоле: дзеля чаго ты так ашукала мяне і адпусьціла ворага майго, каб ён уцёк? І сказала Мэлхола Саўлу: ён сказаў мне: адпусьці мяне, інакш я заб'ю цябе. |
18. І ўцёк Давід і ўратаваўся, і прыйшоў да Самуіла ў Раму і расказаў яму ўсё, што зрабіў зь імі Саўл. І пайшоў ён з Самуілам, і спыніліся яны ў Наваце. |
19. І данесьлі Саўлу, кажучы: вось, Давід у Наваце, у Раме. |
20. І паслаў Саўл слуг узяць Давіда, і калі ўбачылі яны гурт прарокаў, што прарочылі, і Самуіла, які начальнічаў над імі, дык Дух Божы сышоў на слуг Саўла, і яны пачалі прарочыць. |
21. Данесьлі пра гэта Саўлу, і ён паслаў іншых слуг, але і гэтыя пачалі прарочыць. Потым паслаў Саўл трох слуг, і гэтыя пачалі прарочыць. |
22. Саўл Сам пайшоў у Раму, і дайшоў да вялікай крыніцы, што ў Сэфе, і спытаўся, кажучы: дзе Самуіл і Давід? І сказалі: вось, у Наваце, у Раме. |
23. І пайшоў ён туды ў Нават у Раме, і на яго сышоў Дух Божы, і ён ішоў і прарочыў, пакуль ня прыйшоў у Нават у Раме. |
24. І зьняў ён вопратку сваю, і прарочыў перад Самуілам, і ўвесь дзень той і ўсю ноч ляжаў неапрануты; таму кажуць: няўжо і Саўл у прароках? |
Псалмы 57:1-11 |
1. Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давідава. |
2. Няўжо-такі праўду вы кажаце, судзьдзі, няўжо справядліва судзіце, сыны чалавечыя? |
3. Пакідаеце крыўды на сэрцы, кладзяце на вагі злачынствы рук вашых на зямлі. |
4. З нараджэньня свайго адступіліся вы, бязбожныя; ад улоньня маці сваёй заблудзіліся, кажучы ману. |
5. Яд у іх — нібыта яд зьмяіны, як атрута гадзюкі глухое, што вушы свае затуляе |
6. і ня чуе голасу заклінача, самага спраўнага ў заклёнах. |
7. Божа! скрышы ім зубы ў іхніх вуснах; разьбі, Госпадзе, сківіцы львам! |
8. Няхай зьнікнуць, як вада цякучая; калі напнуць стрэлы, хай яны паламаюцца. |
9. Няхай счэзнуць, як сьлімак, які ў сьлізі сваёй распускаецца; няхай сонца ня бачаць, як скідзень у жанчыны. |
10. Пакуль гаршкі вашы пачуюць распалены цёрн, — няхай вецер яго разьнясе, ці сьвежае, а ці спаленае! |
11. А праведны ўсьцешыцца; помсту пабачыўшы, у крыві бязбожнага ступакі ён абмые! |
Прытчы 15:27-30 |
27. Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць. |
28. Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое. |
29. Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе. |
30. Прымружвае вочы свае, каб прыдумаць хітрыну; закусваючы сабе губы, учыняе зладзейства. |
Лука 24:1-35 |
1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя; |
2. але знайшлі камень адвалены ад магілы, |
3. і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса. |
4. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ў строях бліскучых. |
5. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, — сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? |
6. Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, |
7. кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць. |
8. І ўзгадалі яны словы Ягоныя |
9. і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццаці і ўсім астатнім. |
10. То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам. |
11. І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім. |
12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася. |
13. У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае Эмаус. |
14. і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі. |
15. І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі; |
16. але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго. |
17. І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя? |
18. Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі? |
19. І сказаў ім: што Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам; |
20. як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго; |
21. а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэці дзень сёньня, як гэта сталася; |
22. але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы |
23. і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы; |
24. і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі. |
25. Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі! |
26. Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю? |
27. І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні. |
28. І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей; |
29. але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі. |
30. І калі Ён ляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, разламаў і падаў ім, |
31. тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім. |
32. І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне? |
33. І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі, |
34. якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону. |
35. І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба. |