A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Можа 31

1 Цароў 9:1-28
1. Пасьля таго, як Саламон закончыў будаўніцтва храма Гасподняга і дома царскага і ўсё, што Саламон хацеў зрабіць,
2. зьявіўся Саламону Гасподзь другі раз, як зьявіўся яму ў Гаваоне.
3. І сказаў яму Гасподзь: Я пачуў малітву тваю і просьбу тваю, чаго ты прасіў у Мяне. Я асьвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць імю Майму там вечна; і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні.
4. І калі ты будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў бацька твой Давід, у чысьціні сэрца і ў праўдзе, выконваючы ўсё, што Я наказаў табе, і калі будзеш захоўваць пастановы Мае і законы Мае,
5. дык Я пастаўлю царскі трон твой над Ізраілем навечна, як Я сказаў бацьку твайму Давіду, кажучы: не перапыніцца ў цябе той, хто сядзіць на троне Ізраілевым.
6. Калі ж вы і сыны вашыя адступіце ад Мяне і ня будзеце трымацца наказаў Маіх і пастановаў Маіх, якія Я даў вам, і пойдзеце і пачняце служыць іншым багам і пакланяцца ім,
7. дык Я зьнішчу Ізраіля з улоньня зямлі, якую Я даў яму, і храм, які я асьвяціў імю Майму, адкіну ад аблічча Майго, і будзе Ізраіль прытчаю і пасьмешышчам ува ўсіх народаў.
8. І пра храм гэты высокі, кожны, хто праходзіцьме міма яго, жахнецца і сьвісьне, і скажа: за што Гасподзь зрабіў так з гэтаю зямлёю і з гэтым храмам?
9. І скажуць: за тое, што яны пакінулі Госпада Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх зь зямлі Егіпецкай, і прынялі іншых багоў, і пакланяліся ім, і служылі ім,— за гэта навёў на іх Гасподзь ўсё гэта бедства.
10. Праз дваццаць гадоў, за якія Саламон пабудаваў два дамы,— дом Гасподні і дом царскі,—
11. на што Хірам, цар Тырскі, дастаўляў Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя і золата, па яго жаданьні,— цар Саламон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.
12. І выйшаў Хірам з Тыра паглядзець гарады, якія даў яму Саламон, і яны не спадабаліся яму.
13. І сказаў ён: што гэта за гарады, якія ты, брат мой, даў мне? І назваў іх зямлёю Кавул, як называюцца яны па сёньня.
14. І паслаў Хірам цару сто дваццаць талантаў золата.
15. Вось распараджэньне пра падатак, які наклаў цар Саламон, каб пабудаваць храм Гасподні і дом свой, і Міло і сьцяну Ерусалімскую, Гацор і Мэгідо і Газэр.
16. Фараон, цар Егіпецкі, прыйшоў і ўзяў Газэр, і спаліў яго агнём, і Хананэяў, якія жылі ў горадзе, пабіў, і аддаў яго ў пасаг дачцэ сваёй, жонцы Саламонавай.
17. І пабудаваў Саламон Газэр і ніжні Бэтарон,
18. і Ваалат і Тадмор у пустыні,
19. і ўсе гарады пад запасы, якія былі ў Саламона, і гарады пад калясьніцы і гарады пад коньніцу, і ўсё тое, што Саламон хацеў пабудаваць у Ерусаліме і на Ліване і ва ўсёй зямлі свайго валоданьня.
20. Увесь народ, які застаўся ад Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў, Евусэяў, якія былі ня з сыноў Ізраілевых,
21. дзяцей іхніх, якія засталіся пасьля іх на замлі, якіх сыны Ізраілевыя не маглі вынішчыць, Саламон зрабіў аброчнымі працаўнікамі да сёньня.
22. А сыноў Ізраілевых Саламон не рабіў работнікамі, але яны былі ягонымі воінамі, ягонымі слугамі, ягонымі вяльможамі, ягонымі ваеначальнікамі і правадырамі ягоных калясьніц і ягоных вершнікаў.
23. Вось галоўныя прыстаўнікі над працамі Саламонавымі: тых, што кіравалі работамі, было пяцьсот пяцьдзясят.
24. Дачка фараонавая перайшла з горада Давідавага ў свой дом, які пабудаваў ёй Саламон. Потым пабудаваў ён Міло.
25. І прыносіў Саламон тры разы на год цэласпаленьні і мірныя ахвяры на ахвярніку, які ён пабудаваў Госпаду, і дымленьне на ім учыняў перад Госпадам. І закончыў ён будаўніцтва дома.
26. Цар Саламон таксама зрабіў карабель у Эцыён-Гавэры, што каля Элата, на беразе Чэрмнага мора, у зямлі Ідумэйскай.
27. І паслаў Хірам на караблі сваіх падданых карабельнікаў, якія ведалі мора, з падданымі Саламонавымі;
28. і выправіліся яны ў Афір, і ўзялі адтуль золата чатырыста дваццаць талантаў, і прывезлі цару Саламону.

1 Цароў 10:1-29
1. Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона ў імя Госпада, прыйшла выпрабаваць яго загадкамі.
2. І прыйшла яна ў Ерусалім зь вельмі вялікім багацьцем: вярблюды наўючаны былі пахошчамі і вялікім мноствам золата і каштоўнымі камянямі; і прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было ў яе на сэрцы.
3. І растлумачыў ёй Саламон ўсе словы яе, і ня было нічога не вядомага цару, чаго б ён не растлумачыў ёй.
4. І ўбачыла царыца Саўская ўсю мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў,
5. і ежу за сталом у яго, і жытло рабоў ягоных, і статнасьць слуг ягоных, і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных, і цэласпаленьні ягоныя, якія ён прыносіў у храме Гасподнім. І не магла яна болей стрымацца
6. і сказала цару: слушна тое, што я чула ў зямлі сваёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю;
7. але я ня верыла словам, пакуль ня прыйшла, і ня ўбачылі вочы мае: і вось, мне і палавіны ня сказана; мудрасьці і багацьця ў цябе болей, чым як я чула.
8. Шчасныя людзі твае і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю!
9. Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, які дабраволіў пасадзіць цябе на трон Ізраілеў! Гасподзь, у вечнай любові Сваёй да Ізраіля, паставіў цябе царом — чыніць суд і праўду.
10. І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўныя камяні: ніколі яшчэ ня прыходзіла такога мноства пахошчаў, якое падарыла царыца Саўская цару Саламону.
11. І карабель Хірамаў, які прывозіў золата з Афіра, прывёз з Афіра вялікае мноства чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
12. І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва парэнчы для храма Гасподняга і для дома царскага, і гусьлі і псалтыры сьпевакам. Ніколі ня прыходзіла столькі чырвонага дрэва і ня відаць было да гэтага дня.
13. І цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна жадала і чаго прасіла, звыш таго, што падарыў ёй цар Саламон сваімі рукамі. І выправілася яна назад у сваю зямлю, яна і ўсе слугі яе.
14. У золаце, якое прыходзіла Саламону кожны год, вагі было шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў залатых,
15. звыш таго, што атрымлівалі ад разносчыкаў тавару і ад гандлю купцоў, і ад усіх цароў Аравійскіх і ад абласных начальнікаў.
16. І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, па шэсьцьсот сікляў пайшло на кожны шчыт;
17. і трыста меншых шчытоў з каванага золата, па тры міны золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь ліванскага дрэва.
18. І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці і абклаў яго чыстым золатам;
19. да трона было шэсьць прыступак; верх за тронам быў круглы, і былі абапал каля месца сядзеньня поручы, і два львы стаялі каля поручаў;
20. і яшчэ дванаццаць ільвоў стаялі там на шасьці прыступках абапал. Падобнага на гэта ня бывала ні ў адным царстве.
21. І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў залаты,і ўвесь посуд у доме зь ліванскага дрэва быў з чыстага золата; з срэбра нічога ня было, бо срэбра ў дні Саламонавыя лічылася ні за што;
22. бо ў цара быў на моры Тарсіскі карабель з караблём Хірамавым; адзін раз у тры гады прыходзіў Тарсіскі карабель, прывозіў золата і срэбра, і слановую косьць, і малпаў, і паваў.
23. Цар Саламон пераўзыходзіў усіх цароў багацьцем і мудрасьцю.
24. І ўсе цары на зямлі намагаліся ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае.
25. І яны падносілі яму, кожны ад сябе, у дарунак: посуд срэбны і залаты, і вопратку і зброю і пахошчы, коней і мулаў кожны год.
26. І набраў Саламон калясьніц і вершнікаў; у яго было тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч вершнікаў; і размясьціў ён іх па калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.
27. І зрабіў цар срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным з простымі камянямі, а кедры, паводле іх мноства, зрабіў роўнавартаснымі зь сікаморамі, якія растуць на нізкіх месцах.
28. А коней цару Саламону прыводзілі з Егіпта і з Кувы; царскія купцы куплялі іх з Кувы за грошы.
29. Калясьніцу зь Егіпта атрымлівалі і дастаўлялі за шэсьцьсот сікляў срэбра, а конь за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі ўсё гэта царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.

Псалмы 68:1-4
1. Кіроўцу хору. На шошаніме. Псальма Давідава.
2. Ратуй мяне, Божа; бо воды дайшлі да душы маёй.
3. Я заграз у глыбокай багне, і няма на чым стаць; увайшоў у глыбіні водаў, і хуткая плынь іх панесла мяне.
4. Я зьнямог ад крыку; засьмягла горла маё; стаміліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.

Прытчы 17:18-19
18. Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго.
19. Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шу­кае падзеньня.

Йоан 11:30-57
30. Ісус яшчэ не ўваходзіў у селішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.
31. Юдэі, якія былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, што Марыя пасьпешліва ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да магілы — плакаць там.
32. А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
33. Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся,
34. і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі.
35. Ісус заплакаў сьлязьмі.
36. Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго!
37. А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
38. А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.
39. Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.
40. Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?
41. І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
42. Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.
43. Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь.
44. І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе.
45. Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго;
46. а некаторыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус.
47. Тады першасьвятары і фарысэі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты Чалавек многа цудаў творыць:
48. калі пакінем Яго так, дык усе ўверуюць у Яго, — і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ.
49. А адзін зь іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце;
50. падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў.
51. Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ,
52. і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам.
53. З гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
54. Таму Ісус ужо больш не хадзіў адкрыта паміж Юдэяў, а пайшоў адтуль у краіну паблізу пустыні, у горад, што называўся Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
55. Блізілася Пасха Юдэйская, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерусалім перад Пасхаю, каб там ачысьціцца.
56. Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў храме, казалі адзін аднаму: як вы думаеце? ці ня прыйдзе Ён на сьвята?
57. А першасьвятары і фарысэі далі загад, што, калі хто даведаецца, дзе Ён будзе, наказалі б, каб узяць Яго.