A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Можа 29

1 Цароў 5:1-18
1. І паслаў Хірам, цар Тырскі, слуг сваіх да Саламона, калі пачуў, што яго памазалі ў цара на месца бацькі ягонага; бо Хірам быў сябрам Давіда праз усё жыцьцё.
2. І паслаў такасама і Саламон да Хірама сказаць:
3. ты ведаеш, што Давід бацька мой, ня мог пабудаваць дом імя Госпада Бога свайго з прычыны войнаў з вакольнымі народамі, пакуль Гасподзь не ўпакорыў іх пад ступакі ног ягоных;
4. а цяпер Гасподзь Бог мой дараваў мне спакой адсюль: няма супраціўніка і няма болей перашкодаў;
5. і вось, я маю намер пабудаваць дом імя Госпада Бога майго, як сказаў Гасподзь бацьку майму Давіду, кажучы: сын твой, якога Я пасаджу замест цябе на троне тваім, ён пабудуе дом імю Майму;
6. дык вось, загадай насячы мне кедраў зь Лівана; і вось, рабы мае будуць разам з тваімі рабамі, і я буду даваць табе плату за рабоў тваіх, якую ты вызначыш; бо ты ведаеш, што ў нас няма людзей, якія ўмелі б сячы дрэвы так, як Сіданяне.
7. Калі пачуў Хірам словы Саламона, вельмі ўзрадаваўся і сказаў: дабраславёны сёньня Гасподзь, Які даў Давіду сына мудрага на кіраваньне гэтым шматлікім народам!
8. І паслаў Хірам да Саламона сказаць: я выслухаў тое, па што ты пасылаў да мяне, і выканаю ўсё жаданьне тваё пра дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя:
9. рабы мае зьвязуць іх зь Лівана да мора, і я плытамі дастаўлю іх морам да месца, якое ты назначыш мне, і там складу іх, і ты возьмеш; але і ты выканай маё жаданьне, каб дастаўляць хлеб майму дому.
10. І даваў Хірам Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя, цалкам паводле яго жаданьня.
11. А Саламон даваў Хіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на прадуктаваньне дома ягонага і дваццаць кораў аліўкавага чаўленага алею: столькі даваў Саламон Хіраму кожны год.
12. Гасподзь даў мудрасьць Саламону, як абяцаў яму. І быў мір паміж Хірамам і Саламонам, і яны заключылі паміж сабою ўгоду.
13. І абклаў цар Саламон павіннасьцю ўвесь Ізраіль; а павіннасьць складалася з трыццаці тысяч чалавек.
14. І пасылаў іх на Ліван, па дзесяць тысяч на месяц, папераменна: месяц яны былі на Ліване, а два месяцы ў доме сваім. А Аданірам начальнічаў над імі.
15. Яшчэ ў Саламона было семдзесят тысяч пераносчыкаў цяжару і восемдзесят тысяч камнясекаў у горах,
16. акрамя трох тысяч трохсот начальнікаў, пастаўленых Саламонам над працаю дзеля назіраньня за народам, які выконваў працу.
17. І загадаў цар прывозіць камяні вялікія, камяні дарагія, на падмураваньне дома, камяні абробленыя.
18. І абсякалі іх работнікі Саламонавыя і работнікі Хірамавыя і Гіўліцяне, і рыхтавалі дрэвы і камяні на будоўлю дома.

1 Цароў 6:1-38
1. У чатырыста васьмідзясятым годзе пасьля выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай, на чацьвёртым годзе цараваньня Саламона над Ізраілем, у месяцы Зіф, які ёсьць другі месяц, пачаў ён будаваць храм Госпаду.
2. Храм, які пабудаваў цар Саламон Госпаду, даўжынёю быў шэсьцьдзясят локцяў, шырынёю дваццаць і вышынёю трыццаць локцяў,
3. і бабінец перад храмам дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні храма, і дзесяць локцяў шырыні перад храмам.
4. І зрабіў ён у доме вокны рашотчатыя, глухія з адкосамі.
5. І зрабіў прыбудову вакол сьцен храма, вакол храма і Сьвятога Сьвятых; і зрабіў бакавыя пакоі вакол.
6. Ніжні ярус прыбудовы шырынёю быў пяць локцяў, сярэдні шырынёю шэсьць локцяў, а трэці шырынёю сем локцяў; бо вакол храма звонку зроблены былі выступы, каб прыбудова не дакраналася да сьценаў храма.
7. Калі будаваўся храм, на будоўлю ўжываліся абчасаныя камяні: ні молата, ні цесака, ні якога іншага жалезнага прыладзьдзя ня было чуваць у храме пры будаўніцтве яго.
8. Уваход у сярэдні ярус быў з правага боку храма. Па круглых лесвіцах уваходзілі ў сярэдні ярус, а ад сярэдняга ў трэці.
9. І пабудаваў ён храм і скончыў яго, і ашаляваў храм кедровымі дошкамі.
10. І прыбудаваў да ўсяго храма бакавыя пакоі вышынёю ў пяць локцяў; яны прымацаваныя былі да храма кедровымі бярвеньнямі.
11. І было слова Госпада Саламону, і сказана яму:
12. вось, ты будуеш храм: калі ты будзеш трымацца статутаў Маіх і рабіць паводле пастановаў Маіх і захоўваць усе запаведзі Мае, чынячы паводле іх, дык Я спраўджу на табе слова Маё, якое Я сказаў Давіду, бацьку твайму,
13. і буду жыць сярод сыноў Ізраілевых і не пакіну народу Майго Ізраіля.
14. І пабудаваў Саламон храм і закончыў яго.
15. І ашаляваў сьцены храма ўсярэдзіне кедровымі дошкамі; ад падлогі храма да столі ўсярэдзіне ашаляваў дрэвам і накрыў падлогу храма кіпарысавымі дошкамі.
16. І зладзіў у заднім баку храма, за дваццаць локцяў ад краю, сьцяну, і ашаляваў сьцены і столь кедровымі дошкамі, і асталяваў давір для Сьвятога Сьвятых.
17. Сорак локцяў быў храм, гэта значыць, пярэдняя частка храма.
18. На кедрах усярэдзіне храма былі выразаны падабенствы гуркоў і кветак, якія распускаюцца; усё было пакрыта кедрам, каменя ня відаць было.
19. А Сьвятое Сьвятых усярэдзіне храма ён падрыхтаваў на тое, каб паствіцть там каўчэг запавета Гасподняга.
20. І Сьвятое Сьвятых было ў даўжыню дваццаць локцяў, шырынёю дваццаць локцяў і вышынёю дваццаць локцяў; ён абклаў яго чыстым золатам; абклаў таксама і кедровы ахвярнік.
21. І абклаў Саламон храм усярэдзіне чыстым золатам, і працягнуў залатыя ланцугі перад давірам, і абклаў яго золатам.
22. Увесь храм ён абклаў золатам, увесь храм да канца, і ўвесь ахвярнік, які перад давірам, абклаў золатам.
23. І зрабіў у давіры двух херувімаў з масьлічнага дрэва, вышынёю ў дзесяць локцяў.
24. Адно крыло херувіма было пяць локцяў і другое крыло херувіма было пяць локцяў; дзесяць локцяў было ад аднаго канца крылаў яго да другога канца крылаў яго.
25. Дзесяць локцяў і другі херувім; аднолькавай меры і аднолькавага выгляду абодва херувімы.
26. Вышыня аднаго херувіма дзесяць локцяў, а таксама і другога херувіма.
27. І паставіў ён херувімаў сярод унутранай часткі храма. А крылы ў херувімаў былі раскінутыя, і даставала крыло аднаго да адной сьцяны, а крыло другога херувіма даставала да другой сьцяны; а другія крылы іх сярод храма сыходзіліся крыло да крыла.
28. І абклаў ён херувімаў золатам.
29. І на ўсіх сьценах храма вакол зрабіў розныя выявы херувімаў і пальмавых дрэў і кветак, якія распускаюцца, усярэдзіне і звонку.
30. І падлогу ў храме абклаў золатам ва ўнутранай і пярэдняй частках.
31. Для ўваходу ў давір зрабіў дзьверы з масьлічнага дрэва, з пяцікутнымі вушакамі.
32. На двух палавінах дзьвярэй з масьлічнага дрэва ён зрабіў розных херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам; пакрыў золатам і херувімаў і пальмы.
33. І каля ўваходу ў храм зрабіў вушакі з масьлічнага дрэва чатырохкутныя
34. і двое дзьвярэй з кіпарысавага дрэва; абедзьве палавіны адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве палавіны другіх дзьвярэй былі рухомыя.
35. І выразаў на іх херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам па разьбе.
36. І пабудаваў унутраны двор з трох радоў абчасанага каменю і з раду кедровых брусоў.
37. На чацьвёртым годзе, у месяцы Зіф, заклаў ён аснову храму Госпада,
38. а на адзінаццатым годзе, у месяцы Бул,— гэта месяц восьмы,— ён закончыў храм з усімі прыналежнасьцямі яго і паводле ўсіх прадпісаньняў ягоных: будаваў яго сем гадоў.

Псалмы 67:21-27
21. Бог нам — Бог на ратаваньне; ва ўладзе Госпада Ўладыкі брама сьмерці.
22. Але Бог патрушчыць голаў ворагам Сваім, валасатае цемя таго, хто ў грахах сваіх закасьцянеў.
23. Гасподзь сказаў: ад Васана вярну, выведу з прадоньня марскога,
24. каб ты апусьціў нагу тваю, як сабакі твае язык свой, у кроў ворагаў.
25. Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго, Цара майго ў сьвятыні:
26. наперадзе йшлі сьпевакі, ззаду ішлі музыкі, пасярэдзіне дзевы з тымпанамі:
27. "Дабраслаўляйце Бога Госпада на сходах, вы — ад семені Ізраілевага!"

Прытчы 17:13-15
13. Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло.
14. Пачатак свары — як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна.
15. Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага — абодва агідныя Госпаду.

Йоан 10:24-42
24. Тут Юдэі абступілі Яго і казалі Яму: ці доўга Табе трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам шчыра.
25. Ісус адказваў ім: Я сказаў вам, і ня верыце; дзеі, якія твару Я ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне;
26. але вы ня верыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;
27. авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,
28. і Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць вавек, і ніхто ня вырве іх з рукі Мае;
29. Айцец Мой, Які даў Мне іх, найбольшы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго:
30. Я і Айцец — адно.
31. Тут зноў Юдэі схапілі камяні, каб пабіць Яго.
32. Ісус адказваў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за які зь іх вы хочаце пабіць Мяне камянямі?
33. Юдэі сказалі Яму ў адказ: не за добры ўчынак хочам пабіць камянямі Цябе, а за блюзьнерства і за тое, што Ты, чалавек, робіш Сябе Богам.
34. Ісус адказваў ім: ці ж не напісана ў законе вашым: "Я сказаў: вы багі"?
35. Калі Ён назваў багамі тых, каму было слова Божае, і ня можа парушыцца Пісаньне, —
36. ці Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце "блюзьнерыш", бо Я сказаў: Я Сын Божы?
37. калі Я не твару дзеяў Айца Майго, ня верце Мне;
38. а калі твару, дык калі ня верыце Мне, верце ўчынкам Маім, каб даведацца і паверыць, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.
39. Тады зноў намышлялі схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхніх,
40. і пайшоў зноў за Ярдан, на тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
41. Многія прыйшлі да Яго і казалі, што Ян ня ўчыніў ніякага цуду; але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, была праўда.
42. І многія там уверавалі ў Яго.