2 Самуіла 23:1-38 |
1. Вось апошнія словы Давіда, выслоўе Давіда, сына Ясэевага, выслоўе чалавека, пастаўленага высока, памазанца Бога Якава і салодкага песьняра Ізраілевага: |
2. Дух Гасподні гаворыць ува мне, і слова Яго на языку ў мяне. |
3. Сказаў Бог Ізраілеў, гаварыў пра мяне скала Ізраілевая: валадарны над людзьмі будзе праведны, валадарачы ў страху Божым. |
4. І як на сьвітаньні, пры ўзыходзе сонца на бясхмарным небе, ад зьзяньня пасьля дажджу вырастае трава зь зямлі, |
5. ці ня так і дом мой у Бога? Бо запавет вечны паклаў Ён са мною, цьвёрды і нязьменны. Ці ня так зыходзіць ад Яго ўсё выратаваньне маё і ўсё хаценьне маё? |
6. А грэшныя будуць, як выкінутае церне, якога не бяруць рукою; |
7. а хто дакранецца да яго, узбройваецца жалезам альбо тронкай дзіды, і агнём спальваюць яго на месцы. |
8. Вось імёны адважных у Давіда: Ісбасэт Ахаманіцянін, галоўны з трох: ён падняў дзіду сваю на васямсот чалавек і пабіў іх за адзін раз. |
9. Пасьля яго Элеазар, сын Дадо, сына Ахохі, адзін з трох адважных, што былі з Давідам, калі яны прадказаньнем выклікалі Філістымлянаў, што сабраліся на вайну; |
10. Ізраільцяне выйшлі супроць іх, і ён устаў і біў Філістымлянаў да таго, што рука яго стамілася і прыліпла да мяча. І дараваў Гасподзь у той дзень вялікую перамогу, і народ пайшоў за ім дзеля таго толькі, каб абіраць забітых. |
11. За ім Шама, сын Аге, Гарарыцянін. Калі Філіьтымляне сабраліся ў Тырыю, дзе было поле, засеянае сачыўкаю, народ пабег ад Філістымлянаў, |
12. дык ён стаў сярод поля і зьбярог яго і пабіў Філістымлянаў. І дараваў тады Гасподзь вялікую перамогу. |
13. Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў пайшлі і ўвайшлі ў час жніва да Давіда ў пячору Адалам, калі натоўпы Філістымлянаў стаялі ў даліне Рэфаімаў. |
14. Давід быў тады ва ўмацаваным месцы, а атрад Філістымлянаў — у Віфляеме. |
15. І захацеў Давід піць і сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы? |
16. Тады трое гэтых адважных прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі і прынесьлі Давіду. Але ён не захацеў піць яе і выліў яе дзеля славы Госпада, |
17. і сказаў: ахавай мяне, Госпадзе, каб я зрабіў гэта! ці ня кроў гэтых людзей, якія хадзілі пад небясьпекаю іх жыцьцю? і не хацеў піць яе. Вось, што зрабілі гэтыя трое адважных! |
18. І Авэса, брат Ёава, сын Саруін, быў галоўны з трох: ён забіў дзідаю сваёю трыста чалавек і быў у славе ў тых трох. |
19. З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнік, але з тымі трыма не раўняўся. |
20. Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцаіла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове ў сьнежны час; |
21. ён жа забіў аднаго Егіпцяніна, чалавека віднага; у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, а ён пайшоў да яго з кіем і адабраў дзіду з рук у Егіпцяніна і забіў яго ягонай жа дзідай: |
22. вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдаеў, і ён быў у славе ў трох адважных; |
23. ён быў знатнейшы за трыццаць, але з тымі трыма не раўняўся. І паставіў яго Давід бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў. |
24. Асаіл, брат Ёава — у ліку трыццаці; Элханан, сын Дадо, зь Віфляема, |
25. Шама Харадзіцянін, Эліка Харадзіцянін, |
26. Хэрэц Палціцянін, Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін, |
27. Эвіезэр Анатацянін, Мэбунай Хушацянін, |
28. Цалмон Ахахіцянін, Магарай Нэтафатыцянін, |
29. Хэлэў, сын Бааны, Нэтафатыцянін, Ітай, сын Рыбая, зь Гівы сыноў Веньямінавых, |
30. Ванэя Піратанянін, Ідай з Нахлэ-Гааша, |
31. Аві-Арбатыцянін, Азмавэт Бархуміцянін, |
32. Эліяхба Шаалбанянін; з сыноў Яшэна — Ёнатан, |
33. Шама Гарарыцянін; Ахіям, сын Шарара, Арарыцянін, |
34. Эліфэлэт, сын Ахасбая, сына Магахаці, Эліям, сын Ахітафэла, Гіланянін, |
35. Хэцрай Кармэліцянін, Паарай Арбіцянін, |
36. Ігал, сын Натана, з Цобы, Бані Гадзіцянін, |
37. Цалэк Аманіцянін, Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі, |
38. Іра Ітрыцянін, Гарэб Ітрыцянін, |
2 Самуіла 24:1-25 |
1. Гнеў Гасподні зноў загарэўся на Ізраільцянаў, і абудзіў ён у іх Давіда сказаць: ідзі, палічы Ізраіля і Юду. |
2. І сказаў цар Ёаву ваеначальніку, які быў пры ім: прайдзі па ўсіх плямёнах Ізраілевых і Юдавых ад Дана да Вірсавіі, і палічэце народ, каб мне ведаць лік народу. |
3. І сказаў Ёаў цару: Гасподзь Бог твой хай памножыць столькі народу, колькі ёсьць, і яшчэ ў столькі разоў столькі, а вочы гаспадара майго цара хай убачаць; але навошта гаспадар мой цар жадае гэтай дзеі? |
4. Але словы цара Ёаву і ваеначальнікам перамагло. І пайшоў Ёаў з начальнікамі ад цара лічыць народ Ізраільскі. |
5. І перайшлі яны Ярдан і спыніліся ў Араэры, на правым баку горада, які сярод даліны Гадавай, да Язэра; |
6. і прыйшлі ў Галаад і ў зямлю Тахтым-Хадшы; і прыйшлі ў Дан-Яан і абышлі Сідон; |
7. і прыйшлі да ўмацаваньня Тыра і ва ўсе гарады Хівэянаў і Хананэянаў і выйшлі на поўдзень Юдэі ў Вірсавію; |
8. і абышлі ўсю зямлю і прыйшлі праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён у Ерусалім. |
9. І падаў Ёаў сьпіс народнага перапісу цару; і выявілася, што Ізраільцянаў было васемсот тысяч мужчын моцных, здольных ваяваць, а Юдэянаў пяцьсот тысяч. |
10. І здрыганулася сэрца Давідава пасьля таго, як ён палічыў народ. І сказаў Давід Госпаду: цяжка зграшыў я, зрабіўшы так; і сёньня малю Цябе, Госпадзе, даруй грэх рабу Твайму, бо надта неразумна зрабіў я. |
11. Калі Давід устаў на другі дзень раніцай, дык было слова Госпада Гаду прароку, празарліўцу Давідаваму: |
12. ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары прапаную Я табе; выберы сабе адну зь іх, якая спасьцігла б цябе. |
13. І прыйшоў Гад да Давіда, і абвясьціў яму, і сказаў яму: выбірай сабе, ці быць голаду ў краіне тваёй сем гадоў, альбо каб ты тры месяцы бегаў ад няпрыяцеляў тваіх, і яны перасьледавалі цябе, альбо каб тры дні была згубная пошасьць у краіне тваёй? цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказваць таму, Хто паслаў мяне. |
14. І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі; але няхай упаду я ў рукі Госпаду, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная; толькі б у рукі людскія ня ўпасьці мне. |
15. І паслаў Гасподзь пошасьць і паморак на Ізраільцянаў ад раніцы да назначанага часу; і памерла з народу, ад Дана да Вірсавіі, семдзесят тысяч чалавек. |
16. І працягнуў анёл Божы руку сваю на Ерусалім, каб спустошыць яго; але Гасподзь пашкадаваў пра бедства і сказаў анёлу, які пабіваў народ: досыць, цяпер адпусьці руку тваю. А анёл Гасподні быў тады каля гумна Орны Евусэяніна. |
17. І сказаў Давід Госпаду, калі ўбачыў анёла, які біў народ, кажучы: вось, я зграшыў, я зрабіў беззаконна; а гэтыя авечкі, што зрабілі яны? хай жа рука Твая абернецца на мяне і на дом бацькі майго. |
18. І прыйшоў у той дзень Гад да Давіда і сказаў: ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на гумне ў Орны Евусэяніна. |
19. І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў Гасподзь. |
20. І зірнуў Орна і ўбачыў цара і слуг ягоных, якія ішлі да яго, і выйшаў Орна і пакланіўся цару тварам сваім да зямлі. |
21. І сказаў Орна: навошта прыйшоў гаспадар мой цар да раба свайго? І сказаў Давід: купіць у цябе гумно, каб зладзіць ахвярнік Госпаду, каб спынілася пабіваньне народу. |
22. І сказаў Орна Давіду: хай возьме і ўзьнясе ў ахвяру гаспадар мой цар, што яму заўгодна. Вось валы для цэласпаленьня і падводы і вупраж валовая на дровы. |
23. Усё гэта, цару, Орна аддае цару. Яшчэ сказаў Орна цару: Гасподзь Бог твой хай будзе мілажальны да цябе! |
24. Але цар сказаў Орну: не, я заплачу табе, што каштуе, і не ўзьнясу Госпаду Богу майму ахвяры, узятай дарам. І купіў Давід гумно і валоў за пяцьдзесят сікляў срэбра. |
25. І зладзіў там Давід ахвярнік Госпаду і прынёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны, і спынілася пошасьць у Ізраільцянаў. |
Псалмы 67:7-10 |
7. Бог самотных уводзіць у дом, вызваляе вязьняў з кайданаў; а непакорлівыя застаюцца ў скварнай пустыні. |
8. Божа! калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі Ты ішоў па пустыні, |
9. зямля скаланалася, нават нябёсы плавіліся, ад аблічча Божага, і гэты Сінай — ад аблічча Бога, Бога Ізраілевага. |
10. Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, на Тваю спадчыну, і калі яна зьнемагала ад працы, Ты падмацоўваў яе. |
Прытчы 17:5-6 |
5. Хто ганіць убогага, той ганіць Госпада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня. |
6. Вянок старых — сыны сыноў, і словы дзяцей — бацькі іхнія. |
Йоан 9:1-23 |
1. І праходзячы, угледзеў чалавека, сьляпога ад роду. |
2. Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: Равьві! хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ўрадзіўся сьляпы? |
3. Ісус адказваў: не зграшыў ні ён, ні бацькі ягоныя, але гэта на тое, каб на ім выявіліся дзеі Божыя; |
4. Мне належыць чыніць дзеі Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль ёсьць дзень; прыйдзе ноч, калі ніхто ня можа чыніць; |
5. пакуль Я ў сьвеце, Я — сьвятло сьвету. |
6. сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў гразь са сьліны і памазаў гразёю вочы сьляпому, |
7. і сказаў яму: ідзі, умыйся ў купальні Сілоам, што азначае: пасланы. Той пайшоў і ўмыўся, і вярнуўся відушчы. |
8. Тут суседзі і тыя, што раней бачылі яго сьляпога, казалі: ці ня той гэта, які сядзеў і прасіў міласьціны? |
9. Некаторыя казалі: гэта ён. А некаторыя: падобны на яго. Ён казаў: гэта я. |
10. Тады пыталіся ў яго: як адамкнуліся ў цябе вочы? |
11. Ён сказаў у адказ: чалавек, Якога завуць Ісус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: "ідзі ў купальню Сілоам і ўмыйся". Я пайшоў, умыўся і зрабіўся відушчы. |
12. Тады сказалі яму: дзе Ён? Ён адказаў: ня ведаю. |
13. Павялі гэтага былога сьляпца да фарысэяў. |
14. А была субота, калі Ісус зрабіў гразь і адамкнуў яму вочы. |
15. Спыталіся ў яго і фарысэі таксама, як ён відушчы зрабіўся. Ён ім сказаў: гразь паклаў Ён на мае вочы, і я ўмыўся, і бачу. |
16. Тады некаторыя фарысэі казалі: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не шануе суботы. Іншыя казалі: як можа чалавек грэшны тварыць такія цуды? і паўстала між імі нязгода. |
17. Зноў кажуць сьляпому: ты што скажаш пра Яго, бо Ён адамкнуў табе вочы? Ён сказаў: гэта прарок. |
18. Тады Юдэі не паверылі, што быў ён сьляпы і зрабіўся відушчы, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага ўжо відушчага |
19. і спыталіся ў іх: ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць? |
20. Бацькі ягоныя сказалі ім у адказ: мы ведаем, што гэта сын наш і што ён нарадзіўся сьляпы; |
21. а чаму цяпер бачыць, ня ведаем, ці хто адамкнуў яму вочы, мы ня ведаем: сам у сталых гадах, у самога спытайце, хай сам пра сябе скажа. |
22. Так адказвалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў; бо Юдэі змовіліся ўжо, каб, хто прызнае Яго за Хрыста, таго адлучаць ад сынагогі; |
23. вось таму бацькі ягоныя і сказалі: ён у сталых гадах, у самога спытайце. |