A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Можа 22

2 Самуіла 15:1-37
1. Пасьля гэтага Авэсалом завёў у сябе калясьніцы і коней і пяцьдзесят скараходаў.
2. І ўставаў Авэсалом рана раніцай, і станавіўся пры дарозе каля брамы, і калі хто-небудзь, маючы цяжбіну, ішоў да цара на суд, дык Авэсалом падклікаў яго да сябе і пытаўся: зь якога ты горада? І калі той адказваў: з такога племя Ізраілевага раб твой,-
3. тады казаў яму Авэсалом: вось, справа твая добрая і справядлівая, але ў цара няма каму выслухаць цябе.
4. І казаў Авэсалом: о, калі б мяне паставілі судзьдзёю ў гэтай зямлі! да мяне прыходзіў бы кожны, хто мае спрэчку і цяжбіну, і я судзіў бы яго па праўдзе.
5. І калі падыходзіў хто-небудзь пакланіцца яму, дык ён працягваў руку сваю і абдымаў яго і цалаваў яго.
6. Так рабіў Авэсалом з кожным Ізраільцянінам, які ішоў на суд да цара, і ўкрадваўся Авэсалом у сэрцы Ізраільцянам.
7. Як прайшло сорак гадоў цараваньня Давіда, Авэсалом сказаў цару: пайду я і выканаю абяцаньне маё, якое я даў Госпаду у Хэўроне;
8. бо я, раб твой, жывучы ў Гесуры ў Сірыі, даў абяцаньне: калі Гасподзь верне мяне ў Ерусалім, я прынясу ахвяру Госпаду.
9. І сказаў яму цар: ідзі зь мірам. І ўстаў ён і пайшоў у Хэўрон.
10. І разаслаў Авэсалом выведнікаў ва ўсе плямёны Ізраіля, сказаўшы: калі вы пачуеце гук трубы, дык кажэце: Авэсалом зацараваў у Хэўроне.
11. З Авэсаломам пайшлі зь Ерусаліма дзьвесце чалавек, якія былі запрошаны ім, і пайшлі па прастаце сваёй, ня ведаючы, што сталася.
12. У час ахвяравання Авэсалом паслаў і паклікаў Ахітафэла Гіланяніна, дарадцу Давідавага, зь ягонага роду Гіло. І склалася моцная змова, і народ сцякаўся і множыўся вакол Авэсалома.
13. І прыйшоў вястун да Давіда і сказаў: сэрца Ізраільцянаў ухілілася на бок Авэсалома.
14. І сказаў Давід усім слугам сваім, якія былі пры ім у Ерусаліме: устаньце, уцячэм, бо ня будзе нам ратунку ад Авэсалома; сьпяшайцеся, каб нам уцячы, каб ён не застаў нас і не навёў на нас бяды і ня зьнішчыў горада мячом.
15. І сказалі слугі царскія цару: ва ўсім, што да спадобы гаспадару нашаму цару мы — рабы твае.
16. І выйшаў цар і ўвесь дом ягоны за ім пеша. А пакінуў цар дзесяць жонак, наложніц дзеля догляду дома.
17. І выйшаў цар і ўвесь народ пешыя, і спыніліся каля Бэт-Мэрхата.
18. І ўсе слугі ягоныя ішлі абапал яго, і ўсе Хэлэтэі, і ўсе Фэлэтэі, і ўсе Гэцяне да шасьцісот чалавек, якія прыйшлі разам зь ім з Гэта, ішлі наперадзе цара.
19. І сказаў цар Этэю Гэцяніну: навошта і ты ідзеш з намі? вярніся і заставайся з тым царом, бо ты чужаземец і прыйшоў сюды з свайго месца;
20. учора ты прыйшоў, а сёньня я прымушу цябе ісьці з намі? я іду, куды надарыцца; вярніся і вярні братоў сваіх з сабою; хай учыніць Гасподзь міласьць і ісьціну з табою !
21. І адказваў Этэй цару і сказаў: жывы Гасподзь, і хай жыве гаспадар мой цар: дзе б ні быў гаспадар мой цар, ці ў жыцьці, а ці ў сьмерці, там будзе і раб твой.
22. І сказаў Давід Этэю: тады ідзі і хадзі са мною. І пайшоў Этэй Гэцянін і ўсе людзі ягоныя і ўсе дзеці, якія былі зь ім.
23. І плакала ўся зямля вялікім голасам. І ўвесь народ пераходзіў, і цар перайшоў паток Кедрон; і пайшоў увесь народ і цар па дарозе да пустыні.
24. Вось, і Садок сьвятар, і ўсе лявіты зь ім несьлі каўчэг запавета Божага з Вэтары і паставілі каўчэг Божы; Авіятар жа стаяў на ўзвышэньні, пакуль увесь народ ня выйшаў з горада.
25. І сказаў цар Садоку: вярні каўчэг Божы ў горад. Калі я здабуду міласьць перад вачыма Госпада, дык Ён верне мяне і дасьць мне бачыць яго і жытлішча ягонае.
26. А калі Ён скажа так: "няма Маёй добрай волі да цябе", дык вось я: хай робіць са мною, што Яму заўгодна.
27. І сказаў цар Садоку сьвятару: бачыш,— вярніся ў горад зь мірам, і Ахімаас, сын твой, і Ёнатан, сын Авіятара, абодва сыны вашыя з вамі;
28. бачыце, я памаруджу на раўніне ў пустыні, пакуль ня прыйдзе вестка ад вас да мяне.
29. І вярнулі Садок і Авіятар каўчэг Божы ў Ерусалім і засталіся там.
30. І Двід пайшоў на гару Элеонскую, ішоў і плакаў; галава ў яго была пакрытая; ён ішоў босы, і ўсе людзі, якія былі зь ім, накрылі кожны галаву сваю, ішлі і плакалі.
31. Данесьлі Давіду і сказалі: і Ахітатэл у ліку змоўшчыкаў з Авэсаломам. І сказаў Давід: Госпадзе! разбуры раду Ахітатэлаву.
32. Калі Давід падняўся на вяршыню гары, дзе ён пакланяўся Богу, вось, насустрач яму ідзе Хусій Архіцянін, сябар Давідаў: вопратка на ім была падраная, і пыл на галаве ягонай.
33. І сказаў яму Давід: калі ты пойдзеш са мною, ты будзеш мне цяжарам;
34. але калі вернешся ў горад і скажаш Авэсалому: "цару, прайшлі міма цары твае, і цар бацька твой прайшоў, і сёньня і раб твой; пакінь мяне жывым, дагэтуль я быў рабом бацькі твайго, а цяпер я твой раб", дык ты разладзіш мне раду Ахітатэлаву.
35. Вось, там з табою Садок і Авіятар сьвятары, і ўсякае слова, якое пачуеш з дома цара, пераказвай Садоку і Авіятару сьвятарам.
36. Там зь імі і два сыны іхнія, Ахімаас, сын Садокаў, і Ёнатан, сын Авіятараў; празь іх пасылайце мне кожную вестку, якую пачуеце.
37. І прыйшоў Хусій, сябар Давідаў, у горад; а Авэсалом уступіў тады ў Ерусалім.

2 Самуіла 16:1-23
1. Калі Давід крыху сышоў зь вяршыні гары, вось, сустракаецца яму Сіва, слуга Мэмфівастэя, з параю наўючаных аслоў, і на іх дзьвесьце хлябоў, сто вязанак разынак, сто вязанак смокваў і мех зь віном.
2. І сказаў цар Сіву: навошта гэта ў цябе? І адказваў Сіва: аслы для дома царскага, для язды, а хлеб і плады ў ежу хлопчыкам, а віно на піцьцё аслабелым у пустыні.
3. І сказаў цар: дзе сын гаспадара твайго? І адказваў Сіва цару: вось, ён застаўся ў Ерусаліме і кажа: вось цяпер дом Ізраілеў верне мне царства бацькі майго.
4. І сказаў Сіву: вось табе ўсё, што ў Мэмфівастэя. І адказваў Сіва пакланіўшыся: хай здабуду літасьць у вачах гаспадара майго цара!
5. Калі дайшоў цар Давід да Бахурыма, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду Саўлавага, імем Сэмэй, сын Геры; ён ішоў і ліхасловіў,
6. і кідаў камянямі ў Давіда і па ўсіх рабах цара Давіда; а ўсе людзі і ўсе адважнікі былі па правы і па левы бок.
7. Так гаварыў Сэмэй, ліхасловячы яго: ідзі, ідзі, забойца і беззаконьнік!
8. Гасподзь абярнуў на цябе ўсю кроў дома Саўлавага, замест якога ты зрабіў сябе царом, і аддаў Гасподзь царства ў рукі Авэсалому, сыну твайму; і вось, ты ў бядзе, бо ты крывасмок.
9. І сказаў Авэса, сын Саруін, цару: навошта ліхасловіць гэты мёртвы сабака гаспадара майго цара? пайду я і здыму зь яго галаву.
10. І сказаў цар: што мне і вам, сыны Саруіны? хай ён ліхасловіць, бо Гасподзь сказаў яму ліхасловіць Давіда. Хто ж можа сказаць: навошта ты так робіш?
11. І сказаў Давід Авэсу і ўсім слугам сваім: вось, калі мой сын, які выйшаў са сьцёгнаў маіх, шукае душы маёй, тым болей сын Веньямініцяніна; пакіньце яго, хай ліхасловіць, бо Гасподзь сказаў яму;
12. можа, Гасподзь прыхіліцца і на прыніжэньне маё, і дасьць мне Гасподзь даброцьцю за цяперашняе ягонае ліхаслоўе.
13. І ішоў Давід і людзі ягоныя сваёй дарогаю, а Сэмэй ішоў па ўскраіне гары, і кідаў камянямі і пылам на бок ягоны.
14. І прыйшоў цар і ўвесь народ, які быў зь ім, стомлены, і адпачываў там.
15. А Авэсалом і ўвесь народ Ізраільскі прыйшоў у Ерусалім, і Ахітафэл зь ім.
16. Калі Хусій Архіцянін, сябар Давідаў, прыйшоў да Авэсалома, дык сказаў Хусій Авэсалому: хай жыве цар, хай жыве цар!
17. І сказаў Авэсалом Хусію: дык вось якая рупнасьць твая да твайго сябра! чаму ты не пайшоў зь сябрам тваім?
18. І сказаў Хусій Авэсалому: не, каго выбраў Гасподзь і гэты народ і ўвесь Ізраіль, з тым і я, і зь ім застануся.
19. І прытым каму я буду служыць? Ці ж ня сыну ягонаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду служыць і табе.
20. І сказаў Авэсалом Ахітафэлу: дайце параду, што нам рабіць.
21. І сказаў Ахітафэл Авэсалому: увайдзі да наложніц бацькі твайго, якіх ён пакінуў ахоўваць дом свой; і пачуюць усе Ізраільцяне, што ты зрабіўся ненавісным бацьку твайму, і ўмацуюцца рукі ўва ўсіх, хто з табою.
22. І паставілі Авэсалому палатку на даху, і ўвайшоў Авэсалом да наложніц бацькі свайго на вачах усяго Ізраіля.
23. А парады Ахітафэла, якія ён даваў, у той час лічыліся, як бы калі б хто пытаўся навукі ў Бога. Такая была кожная парада Ахітафэла як Давіду, так і Авэсалому.

Псалмы 65:8-15
8. Дабраславеце, народы, Бога нашага і ўзнясеце славу Яму.
9. Ён жыцьцё захаваў душы нашай, і назе нашай ня даў пахіснуцца.
10. Ты нас выпрабаваў, Божа, ператапіў нас, як топяць срэбра.
11. Ты ўвёў нас у сетку, аковы паклаў нам на сьцёгны нашыя,
12. пасадзіў чалавека на галаву нам. Мы ўвайшлі ў вагонь і ў ваду, і Ты вывеў нас на волю.
13. Увайду ў дом Твой з цэласпаленьнямі, аддам Табе зарукі мае,
14. якія вымавілі вусны мае і сказаў язык мой у скрусе маёй.
15. Цэласпаленьні тлустыя прынясу я Табе, з дымам ахвярным з авечага лою; ахвярую валоў і казлоў.

Прытчы 16:27-30
27. Чалавек падступны намышляе благое, і на вуснах у яго нібы агонь па­лючы.
28. Чалавек хітры сее разлад, а нага­воршчык разлучае сяброў.
29. Чалавек зь нядобрымі намерамі разбэшчвае блізкага свайго і вядзе яго на дарогу благую;
30. прыплюшчвае вочы, каб прыду­маць падступства; закусваючы губы сабе, чыніць зладзейства.

Йоан 7:1-27
1. Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі, бо па Юдэі хадзіць не хацеў, таму што Юдэі намышлялі забіць Яго.
2. Набліжалася сьвята Юдэйскае — Кучкі.
3. Тады браты Ягоныя сказалі Яму: выйдзі адгэтуль і йдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеі, што Ты ўчыняеш;
4. бо ніхто ня робіць чаго-небудзь употай, і стараецца сам быць вядомым; калі Ты чыніш такія дзеі, дык яві Сябе сьвету.
5. Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
6. На гэта Ісус ім сказаў: Мой час яшчэ не настаў, а вам заўсёды час;
7. Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што дзеі ягоныя ліхія;
8. вы ідзеце на сьвята гэтае, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ не настаў.
9. Гэта сказаўшы ім, застаўся ў Галілеі.
10. Але як прыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, а як бы таемна.
11. А Юдэі шукалі яго на сьвяце і казалі: дзе Ён?
12. І многа было гаманы пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, Ён зводзіць людзей.
13. Аднак ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, баючыся Юдэяў.
14. Але ўжо а палавіне сьвята ўвайшоў Ісус у храм і вучыў.
15. І дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?
16. Ісус, адказваючы ім, сказаў: Маё вучэньне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;
17. хто хоча чыніць волю Ягоную, той даведаецца пра гэтае вучэньне, ці ад Бога яно, ці я Сам ад Сябе кажу;
18. хто гаворыць сам ад сябе, шукае славы сабе; а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той сапраўдны, і няма няпраўды ў Ім.
19. Ці ня даў вам Майсей закону? і ніхто з вас ня жыве паводле закону. Завошта ж намышляеце забіць Мяне?
20. Людзі сказалі ў адказ: ці ня дэман у Табе? Хто намышляе забіць Цябе?
21. Ісус, прамаўляючы далей, сказаў ім: адну дзею ўчыніў Я, і ўсе вы дзівуеце;
22. Майсей даў вам абразаньне, — хоць яно не ад Майсея, а ад бацькоў, — і ў суботу вы абразаеце чалавека;
23. калі ў суботу прымае чалавек абразаньне, каб ня быў парушаны закон Майсееў, — ці не на Мяне гневаецеся за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у суботу?
24. ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым.
25. Тут некаторыя зь Ерусалімцаў казалі: ці ня Той гэта, Якога спрабуюць забіць?
26. вось, Ён гаворыць адкрыта, і нічога ня кажуць Яму: ці ўпэўніліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?
27. але мы ведаем Яго, адкуль Ён; а Хрыстос, калі прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён.