A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Можа 20

2 Самуіла 11:1-27
1. Праз год, у той час, калі выходзяць цары ў паходы, Давід паслаў Ёава і слуг сваіх зь ім і ўсіх Ізраільцянаў; і яны разьбілі Аманіцянаў і аблажылі Раву; а Давід заставаўся ў Ерусаліме.
2. Аднаго разу падвечар Давід, устаўшы з пасьцелі, прагульваўся на даху царскага дома і ўбачыў з даху жанчыну, якая купалася; а тая жанчына была вельмі прыгожая.
3. І паслаў Давід разьведаць, хто гэтая жанчына? І сказалі яму: гэта Вірсавія, дачка Эліяма, жонка Урыі Хэтэяніна.
4. Давід паслаў слуг узяць яе; і яна прыйшла да яго, і ён спаў зь ёю. А калі яна ачысьцілася ад нячыстасьці сваёй, вярнулася ў дом свой.
5. Жанчына гэтая зацяжарыла і паслала абвясьціць пра гэта Давіду, кажучы: я цяжарная.
6. І паслаў Давід сказаць Ёаву: прышлі да мяне Урыю Хэтэяніна. І паслаў Ёаў Урыю да Давіда.
7. І прыйшоў да яго Урыя, распытаў яго Давід пра становішча Ёава і пра становішча народу і пра ход вайны.
8. І сказаў Давід Урыю: ідзі дамоў і абмый ногі свае. І выйшаў Урыя з дома царскага, а сьледам за ім панесьлі і царскія стравы.
9. Але Урыя спаў каля брамы царскага дома з усімі слугамі свайго гаспадара і не пайшоў у свой дом.
10. І данесьлі Давіду, кажучы: не пайшоў Урыя ў дом свой. І сказаў Давід Урыю: вось ты прыйшоў з дарогі; чаму ж не пайшоў ты ў дом свой?
11. І сказаў Урыя Давіду: каўчэг і Ізраіль і Юда ў намётах, і гаспадар мой Ёаў і рабы гаспадара майго ў полі, а я ўвайшоў бы дом свой есьці і піць і спаць са сваёю жонкаю! прысягаю тваім жыцьцём і жыцьцём душы тваёй, гэтага я не зраблю.
12. І сказаў Давід Урыю: застанься тут і на гэты дзень, а заўтра я адпушчу цябе. І застаўся Урыя ў Ерусаліме на гэты дзень да заўтра.
13. І запрасіў яго Давід, і еў Урыя перад ім і піў, і напаіў яго Давід. Але ўвечары прыйшоў Урыя спаць на пасьцель сваю з рабамі гаспадара свайго, а ў свой дом не пайшоў.
14. Раніцай Давід напісаў пісьмо Ёаву і паслаў яго з Урыем.
15. У пісьме ён напісаў так: пастаўце Урыю там, дзе самая моцная бітва, і адступеце ад яго, каб ён быў пабіты і памёр.
16. Таму, калі Ёаў аблажыў горад, дык паставіў ён Урыю на такім месцы, пра якое ведаў, што там храбрыя людзі.
17. Выйшлі людзі з горада і біліся зь Ёавам, і загінула некалькі з народу, са слуг Давідавых; быў забіты таксама і Урыя Хэтэянін.
18. І паслаў Ёаў данесьці Давіду пра ўвесь ход бітвы.
19. І загадаў пасланаму, кажучы: калі ты раскажаш цару пра ўвесь ход бітвы
20. і ўбачыш, што цар разгневаецца і скажа табе: "навошта вы так блізка падыходзілі да горада біцца? хіба вы ня ведалі, што са сьцяны будуць кідаць на вас?
21. хто забіў Авімэлэха, сына Еравалавага? ці не жанчына кінула на яго са сьцяны абломак жарона і забіла яго, і ён памёр у Тэвэцы? навошта ж вы блізка падыходзілі да сьцяны?" і тады ты скажы: і раб твой Урыя Хэтэянін таксама забіты і памёр.
22. І пайшоў, і прыйшоў, і расказаў Давіду пра ўвесь ход бітвы.
23. Тады пасланы сказаў Давіду: адольвалі нас тыя людзі і выйшлі да нас у поле, і мы перасьледавалі іх да ўваходу ў браму;
24. тады стралялі стралкі са сьцяны па рабах тваіх, і памерлі некаторыя з рабоў цара; памёр таксама і раб твой Урыя Хэтэянін.
25. Тады сказаў Давід пасланаму: так скажы Ёаву: хай не бянтэжыць цябе гэтая справа, бо меч пажырае часам таго, часам гэтага; узмацні вайну супроць горада і разбуры яго. Так падбадзёры яго.
26. І пачула жонка Урыі, што памёр Урыя, муж яе, і плакала па мужы сваім.
27. Калі скончыўся час плачу, Давід паслаў і ўзяў яе ў дом свой, і яна зрабілася жонкаю ягонаю і нарадзіла яму сына. І быў гэты ўчынак, які ўчыніў Давід, благім у вачах Госпада.

2 Самуіла 12:1-31
1. І паслаў Гасподзь Натана прарока да Давіда, і той прыйшоў да яго і сказаў яму: у адным горадзе былі два чалавекі, адзін багаты, а другі бедны;
2. у багатага было вельмі многа дробнага і буйнога быдла,
3. а ў беднага нічога, апрача адной авечкі, якую ён купіў маленькую і выкарміў, і яна вырасла ў яго разам зь дзецьмі ягонымі; хлеб ягоны яна ела, і зь ягонай чашы піла, і на грудзях у яго спала, і была яму, як дачка;
4. і прыйшоў да багатага чалавека дарожнік, і той пашкадаваў узяць са сваіх авечак ці валоў, каб прыгатаваць дарожніку, які прыйшоў да яго, а ўзяў авечку беднага і прыгатаваў яе чалавеку, які прыйшоў да яго.
5. Моцна ўгневаўся Давід на гэтага чалавека і сказаў Натану: жывы Гасподзь! варты сьмерці чалавек, які зрабіў гэта;
6. і за авечку ён павінен заплаціць учацьвяра, за тое, што ён зрабіў гэта, і за тое, што ня меў спагады.
7. І сказаў Натан Давіду: ты — той чалавек, які зрабіў гэта. Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я памазаў цябе ў цара над Ізраілем і Я выбавіў цябе ад рукі Саўла,
8. і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на ўлоньне тваё, і даў табе дом Ізраілеў і Юдаў, і, калі гэтага мала, дадаў бы табе яшчэ болей;
9. навошта ж ты занядбаў слова Госпада, зрабіўшы ліхое перад вачыма Ягонымі? Урыю Хэтэяніна ты пабіў мечам; жонку ягоную ўзяў сабе за жонку, а яго ты забіў мечам Аманіцянаў;
10. дык вось, не адступіцца меч ад дома твайго вавекі, за тое, што ты занядбаў Мяне і ўзяў жонку Урыі Хэтэяніна, каб яна была табе жонкаю.
11. Так кажа Гасподзь: вось, Я спараджу на цябе зло з дома твайго і вазьму жонак тваіх перад вачыма тваімі і аддам блізкаму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі перад гэтым сонцам;
12. ты зрабіў тайна, а Я зраблю перад усім Ізраілем і перад сонцам.
13. І сказаў Давід Натану: зграшыў я перад Госпадам. І казаў Натан Давіду: і Гасподзь зьняў зь цябе грэх твой; ты не памрэш;
14. але як што ты гэтым учынкам даў прычыну ворагам Госпада няславіць Яго, дык памрэ сын, які народзіцца ў цябе.
15. І пайшоў Натан у дом свой. І ўразіў Гасподзь дзіця, якое нарадзіла жонка Урыі Давіду, і яно захварэла.
16. І маліўся Давід Богу за дзіця, і пасьціўся Давід, і адасобіўшыся правёў ноч, лежачы на зямлі.
17. І ўвайшлі да яго старэйшыны дома ягонага, каб падняць яго зь зямлі; але ён не хацеў, і ня еў зь імі хлеба.
18. На сёмы дзень дзіця памерла, і слугі Давідавы баяліся данесьці яму, што памерла дзіця; бо, казалі яны, калі дзіця было яшчэ жывое, і мы ўгаворвалі яго, і ён ня слухаў голасу нашага, як жа скажам яму: "памерла дзіця"? і ён зробіць што-небудзь благое.
19. І ўбачыў Давід, што слугі ягоныя шэпчуцца паміж сабою, і зразумеў Давід, што дзіця памерла, і спытаўся Давід у слуг сваіх: памерла дзіця? І сказалі яму: памерла.
20. Тады Давід устаў зь зямлі і ўмыўся, і памазаўся, і памяняў вопратку сваю, і пайшоў у дом Гасподні, і маліўся. Вярнуўшыся дамоў, запатрабаваў, каб падалі яму хлеба, і ён еў.
21. І сказалі яму слугі ягоныя: што азначае, што ты так робіш: калі дзіця было яшчэ жывое, ты пасьціўся і плакаў; а калі дзіця памерла, ты ўстаў і еў хлеб?
22. І сказаў Давід: пакуль дзіця было жывое, і пасьціўся і плакаў, бо думаў: хто ведае, ці ня зьлітуецца зь мяне Гасподзь, і дзіця застанецца жывое?
23. А цяпер яно памерла; навошта ж мне пасьціцца? Хіба я магу вярнуць яго? Я пайду да яго, а яно ня вернецца да мяне.
24. І суцешыў Давід Вірсавію, жонку сваю, і ўвайшоў да яе і спаў зь ёю; і яна нарадзіла сына і дала яму імя: Саламон. І Гасподзь палюбіў яго
25. і паслаў прарока Натана, і ён даў яму імя: Едыдыя , паводле слова Госпада.
26. Ёаў ваяваў супроць Равы Аманіцкай і ўзяў амаль царскі горад.
27. І паслаў Ёаў да Давіда сказаць яму: я напаў на Раву і авалодаў вадою горада;
28. цяпер зьбяры астатні народ і падступіся да горада і вазьмі яго; бо, калі я вазьму яго, дык маё імя будзе дадзена яму.
29. І сабраў Давід увесь народ і пайшоў да Равы, і ваяваў супроць яе і ўзяў яе.
30. І ўзяў Давід вянок цара іхняга з галавы ягонай,— а ў ім было золата талант і каштоўны камень,— і ўсклаў яго Давід на галаву сваю, і здабычы з горада вынес вельмі многа.
31. А народ, які быў у ім, ён вывеў і паклаў іх пад пілы, пад жалезныя малатарні, пад жалезныя сякеры, і кінуў іх у абпальныя печы. Так ён зрабіў з усімі гарадамі Аманіцкімі. І вярнуўся пасьля таго Давід і ўвесь народ у Ерусалім.

Псалмы 64:9-13
9. І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю.
10. Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў;
11. Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе;
12. вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць;
13. цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца,

Прытчы 16:22-24
22. Розум таму, хто мае яго, — крыніца жыцьця, а вучонасьць дурных — дурнота.
23. Сэрца мудрага язык ягоны ўмудрае і памнажае веды ў вуснах ягоных.
24. Прыемная мова — сотавы мёд, са­лодкая душы і гойная касьцям.

Йоан 6:22-51
22. На другі дзень люд, што стаяў па той бок мора, бачыў, што там, апрача адной лодкі, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя, другой ня было, і што Ісус не ўваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, а адплылі адны вучні Ягоныя;
23. тым часам прыйшлі з Тыверыяды іншыя лодкі блізка да таго месца, дзе елі хлеб з дабраславеньня Гасподняга.
24. І вось, калі людзі ўбачылі, што тут няма Ісуса, ні вучняў Ягоных, дык увайшлі ў лодкі і прыплылі ў Капернаум, шукаючы Ісуса,
25. і, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Равьві! калі Ты сюды прыйшоў?
26. Ісус сказаў ім у адказ: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насыціліся;
27. дбайце не пра ежу прахлую, а пра ежу, што застаецца на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын Чалавечы; бо на Яго паклаў пячатку Сваю Айцец, Бог.
28. І вось, сказалі Яму: што нам рабіць, каб чыніць дзеі Божыя?
29. Ісус сказаў ім у адказ: вось дзея Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў.
30. На гэта сказалі Яму: якую ж Ты даеш азнаку, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што Ты робіш?
31. Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: "хлеб зь неба даў ім есьці".
32. А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не Майсей даў вам хлеб зь неба, а Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб зь нябёсаў;
33. бо хлеб Божы ёсьць Той, Які сыходзіць зь нябёсаў і дае жыцьцё сьвету,
34. На гэта сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хлеб.
35. А Ісус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня спрагнецца ніколі;
36. але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце.
37. Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе; і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч;
38. бо Я сыйшоў зь нябёсаў не на тое, каб чыніць волю Маю, а волю Айца, Які паслаў Мяне;
39. а воля Айца Майго, Які паслаў Мяне, ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне даў, анічога не загубіць, а ўсё тое ўваскрэсіць у апошні дзень;
40. воля Таго, Хто паслаў Мяне, ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень.
41. Абурыліся на Яго Юдэі за тое, што Ён сказаў: Я ёсьць хлеб, які сыйшоў зь нябёсаў, —
42. і казалі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, Чыйго бацьку і маці мы ведаем; як жа Ён кажа: Я сыйшоў зь нябёсаў?
43. Ісус сказаў ім у адказ: не абурайцеся між сабою:
44. ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі не прывядзе яго Айцец, Які паслаў Мяне; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень.
45. У прарокаў напісана: "і будуць усе навучаны Богам; кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне".
46. Гэта ня тое, каб хто бачыў Айца, апрача Таго, Хто ёсьць ад Бога: Ён бачыў Айца.
47. Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.
48. Я ёсьць хлеб жыцьця:
49. бацькі вашыя елі манну ў пустыні і памерлі;
50. а хлеб, што сыходзіць зь нябёсаў, такі, што той, хто есьць яго, не памрэ;
51. Я — хлеб жывы, што сыйшоў зь нябёсаў: хто есьць хлеб гэты, будзе жыць вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць Плоць Мая, якую Я аддам за жыцьцё сьвету.