2 Самуіла 3:1-39 |
1. І была працяглая незлагадзь паміж домам Саўлавым і домам Давідавым. Давід усё больш і больш узмацняўся, а дом Саўлаў усё больш і больш занепадаў. |
2. І нарадзіліся ў Давіда шэсьць сыноў у Хэўроне. Першынец ягоны быў Амон ад Ахінаамы Ізрэеліцянкі, |
3. а другі сын ягоны — Далуя ад Авігеі, былой жонкі Навала, Кармэліцянкі; трэці — Авэсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, цара Гесурскага; |
4. чацьвёрты — Аданія, сын Агіты; пяты — Сафатыя, сын Авіталы; |
5. шосты — Етэраам ад Эглы, жонкі Давідавай. Яны нарадзіліся ў Давіда ў Хэўроне. |
6. Калі была незлагадзь паміж домам Саўла і домам Давіда, дык Авэнір падтрымліваў дом Саўла. |
7. У Саўла была наложніца, імем Рыцпа, дачка Айя. І ўвайшоў да яе Авэнір. І сказаў Евастэй Авэніру: навошта ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго? |
8. Авэнір моцна ўгневаўся на словы Евастэя і сказаў: хіба я — сабачая галава? Я супроць Юды зрабіў сёньня ласку дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і ня выдаў цябе ў рукі Давіда, а ты спаганяеш сёньня на мне грэх праз жанчыну. |
9. Тое і тое няхай зробіць Бог Авэніру і яшчэ болей зробіць яму! Як прысягаў Гасподзь Давіду, так і зраблю яму: |
10. адбяру царства ў дома Саўлавага і пастаўлю трон Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дана да Вірсавіі. |
11. І ня мог Евастэй запярэчыць Авэніру, бо баяўся яго. |
12. І паслаў Авэнір ад сябе паслоў да Давіда сказаць: чыя гэта зямля? і яшчэ сказаць: заключы спрымірэнства са мною, і рука мая будзе з табою, каб навярнуць да цябе ўвесь народ Ізраільскі. |
13. І сказаў Давід : добра, я заключу спрымірэнства з табою, толькі прашу цябе аднаго, менавіта — ты ня ўбачыш твару майго, калі не прывядзеш з сабою Мэлхолы, дачкі Саўла, калі прыйдзеш пабачыцца са мною, |
14. І выправіў Давід паслоў да Евастэя, сына Саўлавага, сказаць: аддай жонку маю Мэлхолу, якую я атрымаў за сто краеабразаньняў Філістымскіх. |
15. І паслаў Евастэй і ўзяў у мужа, у Фалтыя, сына Лаішавага. |
16. Пайшоў зь ёю і муж яе і з плачам праводзіў яе да Бахурыма; але Авэнір сказаў яму: ідзі назад. І ён вярнуўся. |
17. І звярнуўся Авэнір да старэйшынаў Ізраільскіх, кажучы: і ўчора і заўчора вы хацелі, каб Давід быў царом над вамі; |
18. цяпер зрабеце гэта, бо Гасподзь сказаў Давіду: рукою раба Майго Давіда Я выратую народ Мой Ізраіля ад рукі Філістымлянаў і ад рукі ўсіх ворагаў ягоных. |
19. Тое самае гаварыў Авэнір і Веньямініцянам. І пайшоў Авэнір у Хэўрон, каб пераказаць Давіду ўсё, чаго хацелі Ізраіль і ўвесь дом Веньямінаў. |
20. І прыйшоў Авэнір да Давіда ў Хэўрон і зь ім дваццаць чалавек, і зрабіў Давід гасьціну Авэніру і людзям, якія былі зь ім. |
21. І сказаў Авэнір Давіду: я ўстану і пайду і зьбяру да гаспадара майго цара ўвесь народ Ізраільскі, і яны ўступяць у запавет з табою, і будзеш цараваць над усімі, як жадае душа твая. І адпусьціў Давід Авэніра, і ён пайшоў зь мірам. |
22. І вось, слугі Давідавы зь Ёавам прыйшлі з паходу і прынесьлі з сабою багата здабычы; але Авэніра ўжо ня было з Давідам у Хэўроне, бо Давід адпусьціў яго, і ён пайшоў зь мірам. |
23. Калі Ёаў і ўсё войска, якое было зь ім, прыйшлі, дык Ёаву расказалі: прыходзіў Авэнір, сын Ніраў, да цара, і той адпусьціў яго, і ён пайшоў зь мірам. |
24. І прыйшоў Ёаў да цара і сказаў: што ты зрабіў? вось, прыходзіў да цябе Авэнір; навошта ты адпусьціў яго, і ён пайшоў? |
25. ты ведаеш Авэніра, сына Ніравага: ён прыходзіў ашукаць цябе, выведаць выхад твой і ўваход твой і разьведаць усё, што ты робіш. |
26. І выйшаў Ёаў ад Давіда і паслаў ганцоў сьледам за Авэнірам; і вярнулі яны яго ад калодзежа Сіра, бязь ведаму Давіда. |
27. Калі Авэнір вярнуўся ў Хэўрон, дык Ёаў узяў яго ў браму, быццам дзеля таго, каб пагутарыць зь ім таемна, і там ударыў яго ў жывот. І памёр Авэнір за кроў Асаіла, брата Ёава. |
28. І дачуўся пасьля Давід і сказаў: невінаваты я і царства маё вавек перад Госпадам за кроў Авэніра, сына Ніравага; |
29. няхай упадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; хай ніколі не застаецца дом Ёава бязь семяцечнага, альбо пракажонага, альбо абапертага на кій, альбо мечам забітага, альбо таго, каму патрэбен хлеб. |
30. А Ёаў і брат ягоны Авэса забілі Авэніра за тое, што ён забіў брата іхняга Асаіла ў бітве каля Гаваона. |
31. І сказаў Давід Ёаву і ўсім людзям, якія былі зь ім: падзярэце вопратку вашую і апранецеся ў вярэты і плачце над Авэнірам. І цар Давід ішоў за труною ягонай. |
32. Калі хавалі Авэніра ў Хэўроне, дык цар гучна плакаў над труною Авэніра; плакаў і ўвесь народ. |
33. І аплакаў цар Авэніра, кажучы: ці сьмерцю подлага паміраў Авэнір? |
34. рукі твае ня былі зьвязаныя, і ногі твае не ў кайданах, і ты загінуў, як гінуць ад разбойнікаў. І ўвесь народ пачаў яшчэ болей плакаць над ім. |
35. І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі яшчэ быў дзень; але Давід прысягнуў, кажучы: тое і тое хацеў зрабіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі я да захаду сонца скаштую хлеба альбо чаго-небудзь. |
36. І ўвесь народ даведаўся пра гэта, і спадабалася яму гэта, як і ўсё, што зрабіў цар, падабалася ўсяму народу. |
37. І даведаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што не ад цара было забойства Авэніра, сына Ніравага. |
38. І сказаў цар слугам сваім: ці ведаеце вы, што правадыр і вялікі муж загінуў у гэты дзень у Ізраіле? |
39. я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны на царства, і гэтыя людзі, сыны Саруі, мацнейшыя за мяне; хай жа дасьць Гасподзь таму, хто робіць ліхое па злосьці ягонай! |
2 Самуіла 4:1-12 |
1. І пачуў Евастэй, сын Саўлаў, што памёр Авэнір у Хэўроне, і апусьціліся рукі ў яго, і ўвесь Ізраіль сумеўся. |
2. У Евастэя, сына Саўлавага, было два правадыры войска: імя аднаго — Баана і імя другога — Рыхаў, сыны Рэмона Бээрацяніна, з наступнікаў Веньямінавых, бо і Бээрот належаў да Веньяміна. |
3. І ўцяклі Бээрацяне у Гітаім і засталіся там прыхаднямі да сёньня. |
4. У Ёнатана, сына Саўлавага, быў сын кульгавы. Пяць гадоў было яму, калі прыйшла вестка пра Саўла і Ёнатана з Ізрэеля, і нянька, узяўшы яго, пабегла. І калі яна сьпешна бегла, дык ён упаў і стаўся кульгавы. Імя яго Мэмфівастэй. |
5. І пайшлі сыны Рэмона Бээрацяніна, Рыхаў і Баана, і прыйшлі ў самую дзённую сьпёку да дома Евастэя; а ён спаў на пасьцелі аполудні. |
6. Рыхаў і Баана, брат ягоны, увайшлі ў дом, як бы дзеля таго, каб узяць пшаніцы; і ўдарылі яго ў жывот і ўцяклі. |
7. Калі яны ўвайшлі ў дом, Евастэй ляжаў на пасьцелі сваёй; і яны ўдарылі ў яго, і забілі яго, і адсеклі галаву ў яго, і ўзялі галаву ягоную з сабою, і ішлі пустыннаю дарогаю ўсю ноч; |
8. і прынесьлі галаву Евастэя да Давіда ў Хэўрон і сказалі цару: вось галава Евастэя, сына Саўлавага, ворага твайго, які шукаў душы тваёй; сёньня Гасподзь адпомсьціў за гаспадара майго цара Саўлу і нашчадкам ягоным. |
9. І адказваў Давід Рыхаву і Баану, брату ягонаму, сынам Рэмона Бээрацяніна, і сказаў ім: жывы Гасподзь, Які выбавіў душу маю ад усякага смутку! |
10. калі таго, хто прынёс мне вестку, сказаўшы: "вось, памёр Саўл і Ёнатан ", і хто лічыў сябе радасным вестуном, я схапіў і забіў яго ў Сэкелагу, замест таго, каб даць яму ўзнагароду, |
11. дык цяпер, калі нягодныя людзі забілі чалавека невінаватага ў ягоным доме на пасьцелі ягонай, няўжо я не спаганю крыві ягонай ад рукі вашай і ня вынішчу вас зь зямлі? |
12. І загадаў Давід слугам, і забілі іх, і адсеклі ім рукі і ногі, і павесілі іх над сажалкай у Хэўроне. А галаву Евастэя ўзялі і пахавалі ў магіле Авэніра, у Хэўроне. |
Псалмы 61:5-12 |
5. Яны скінуць яго з вышыні намысьлілі, ашукаю скарысталіся; вуснамі дабраслаўляюць, а ў сэрцы сваім клянуць. |
6. Толькі ў Богу, душа мая, супакойвайся! бо на Яго ўся надзея мая. |
7. Толькі Ён — цьвярдыня мая і ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся. |
8. У Богу выратаваньне маё і слава мая; скала сілы маёй і надзея мая ў Богу. |
9. Народзе! на Яго спадзявайся ўвесь час; сэрца маё прад Ім вылівайце: Бог — нам прыстанішча. |
10. Сыны чалавечыя — марнасьць адна; сыны мужоў — ашуканства; калі іх пакласьці на вагі, усе яны разам лягчэйшыя за пустату. |
11. Не спадзявайцеся на рабункі, і не выхваляйцеся крадзяжом; калі багацьце множыцца, ня хілецеся да яго сэрцам. |
12. Аднойчы сказаў Бог, і двойчы я гэта пачуў, што сіла — у Богу, |
Прытчы 16:13-15 |
13. Прыемныя цару вусны праўдзівыя, а таго, хто гаворыць праўду, ён любіць. |
14. Царскі гнеў — весьнік сьмерці; а мудры чалавек умілажальвае яго. |
15. У ясным позірку цара — жыцьцё, і ўпадабаньне ягонае — як воблака з позьнім дажджом. |
Йоан 4:31-54 |
31. Тым часам вучні прасілі яго, кажучы: Равьві! еж. |
32. Але Ён сказаў ім: у Мяне ёсьць ежа, якое вы ня ведаеце. |
33. Потым вучні гаварылі паміж сабою: хіба хто прынёс Яму есьці? |
34. Ісус кажа ім: Мая ежа ёсьць тварыць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і зьдзейсьніць справу Ягоную. |
35. Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? А Я кажу вам: узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на нівы, як яны папалавелі і высьпелі да жніва; |
36. хто жне, дастае ўзнагароду і зьбірае плод у жыцьцё вечнае, так што і сейбіт і жнец разам радавацца будуць; |
37. бо ў гэтым выпадку слушнае выслоўе: адзін сее, а другі жне. |
38. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю. |
39. І многія Самаране з горада таго ўверавалі ў Яго па слове жанчыны, якая сьведчыла, што Ён сказаў ёй усё, што яна зрабіла. |
40. І таму, калі прыйшлі да Яго Самаране, дык прасілі Яго пабыць у іх; і Ён прабыў там два дні. |
41. І яшчэ больш людзей уверавалі па Ягоным слове; |
42. а жанчыне той казалі: ужо не па тваіх казанях веруем, бо самі чулі і ўведалі, што сапраўды Збаўца сьвету, Хрыстос. |
43. Як мінула два дні, Ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею; |
44. бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне. |
45. Калі прыйшоў Ён у Галілею, дык Галілеяне не прынялі Яго, бачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерусаліме ў сьвята, — бо і яны хадзілі на сьвята. |
46. Дык вось, Ісус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. У Капернауме быў адзін царадворац, у якога сын быў хворы. |
47. Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў зь Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і ацаліць сына ягонага, які быў пры сьмерці. |
48. Ісус сказаў яму: вы ня ўверуеце, калі ня ўбачыце азнакаў і цудаў. |
49. Царадворац кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль не памёр сын мой. |
50. Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы. Той паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў. |
51. На дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і сказалі: сын твой здаровы. |
52. Ён спытаўся ў іх: а каторай гадзіне яму палепшала? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго. |
53. З гэтага бацька даведаўся, што гэта была тая самая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: сын твой здаровы. І ўвераваў сам і ўвесь дом ягоны. |
54. Гэты другі цуд учыніў Ісус, вярнуўшыся зь Юдэі ў Галілею. |