A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Можа 15

2 Самуіла 1:1-27
1. Пасьля сьмерці Саўла, калі Давід вярнуўся ад разгрому Амалікіцянаў і прабыў у Сэкелагу два дні,
2. вось, на трэці дзень прыходзіць чалавек з табара Саўлавага: вопратка на ім падраная і пыл на галаве ягонай. Прыйшоўшы да Давіда, ён упаў на зямлю і пакланіўся.
3. І сказаў яму Давід: адкуль ты прыйшоў? І сказаў той: я ўцёк з табара Ізраільскага.
4. І сказаў яму Давід: што адбылося? раскажы мне. І той сказаў: люд пабег зь бітвы, і мноства зь люду ўпала і памерла, і памерлі і Саўл і сын ягоны Ёнатан.
5. І сказаў Давід хлопчыку, які расказаў яму: як ты ведаеш, што Саўл і сын яго Ёнатан памерлі?
6. і сказаў хлопчык, які расказаў яму: я выпадкова прыйшоў на гару Гэлвуйскую, і вось, Саўл упаў на сваю дзіду, а калясьніцы і верхаўцы даганялі яго.
7. Тады ён азірнуўся назад і, угледзеўшы мяне, паклікаў мяне.
8. І я сказаў: вось я. Ён сказаў мне: хто ты? І я сказаў яму: я — Амалікіцянін.
9. Тады ён сказаў мне: падыдзі да мяне і забі мяне, бо скруха сьмяротная агарнула мяне, душа мая ўсё яшчэ ўва мне.
10. І я падышоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жывы пасьля свайго падзеньня; і ўзяў я вянок, які быў на галаве ў яго, і запясьце, якое было на руцэ ў яго, і прынёс іх гаспадару майму сюды.
11. Тады схапіў Давід вопратку сваю і падраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі зь ім,
12. і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Ёнатана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, што загінулі яны ад меча.
13. І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: адкуль ты? і сказаў той: я — сын прыхадня Амалікіцяніна.
14. Тады Давід сказаў яму: як не пабаяўся ты падняць руку, каб забіць памазанца Гасподняга?
15. І паклікаў Давід аднаго хлопчыка і сказаў яму: падыдзі, забі яго. І той забіў яго, і ён памёр.
16. І сказаў яму Давід: кроў твая на галаве тваёй, бо твае вусны сведчылі на цябе, калі ты казаў: я забіў памазанца Гасподняга.
17. І аплакаў Давід Саўла і сына ягонага Ёнатана гэтаю плачнаю песьняю
18. і загадаў навучыць сыноў Юдавых луку, як напісана ў кнізе праведнага, і сказаў:
19. краса твая, о Ізраіле, разьбітая на вышынях тваіх! як загінулі моцныя!
20. Не расказвайце ў Гэце, не абвяшчайце на вуліцах Аскалона, каб ня радаваліся дочкі Філістымлянаў, каб не весяліліся дочкі неабрэзаных.
21. Горы Гэлвуйскія! ні раса, ні дождж на вас, хай ня будзе на вас палёў з пладамі, бо там павалены шчыт моцных, шчыт Саўла, як бы ня быў ён памазаны алеем.
22. Бяз крыві параненых, бяз тлушчу моцных лук Ёнатана не вяртаўся назад, і меч Саўлаў не вяртаўся марна.
23. Саўл і Ёнатан, любасныя і згодныя ў жыцьці сваім, не разлучыліся і ў сьмерці сваёй; імклівейшыя за арлоў, дужэйшыя за львоў яны былі.
24. Дочкі Ізраільскія! плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру з акрасамі і здабываў на вопратку вашую залатыя аздобы.
25. Як загінулі моцныя ў бітве! Забіты Ёнатан на вышынях тваіх.
26. Смуткую па табе, браце мой Ёнатане; ты быў вельмі дарагі мне; любоў твая была мне вышэйшая за любоў жаночую.
27. Як загінулі моцныя, загінула зброя баявая!

2 Самуіла 2:1-32
1. Пасьля гэтага Давід спытаўся ў Госпада, кажучы: ці ісьці мне ў які-небудзь горад Юдаў? І сказаў яму Гасподзь: ідзі. І сказаў Давід: куды ісьці? І сказаў Ён: у Хэўрон.
2. І пайшоў туды Давід і абедзьве жонкі ягоныя, Ахінаама Ізрэеліцянка і Авігея, былая жонка Навалава, Кармэліцянка.
3. І людзей, якія былі зь ім, прывёў Давід, кожнага зь сям'ёй ягонай, і пасяліліся ў горадзе Хэўроне.
4. І прыйшлі мужы Юдавыя і памазалі там Давіда на царства над домам Юдавым. І данесьлі Давіду, што жыхары Явіса Галаадскага пахавалі Саўла.
5. І выправіў Давід паслоў да жыхароў Явіса Галаадскага, сказаць ім: дабраславёныя вы ў Госпада за тое, што зрабілі гэтую ласку гаспадару свайму Саўлу, і пахавалі яго;
6. І сёньня хай узычыць вам Гасподзь ласкаю і праўдаю; і я зраблю вам дабрачынства за тое, што вы гэта зрабілі;
7. сёньня хай умацуюцца рукі вашыя, і будзьце мужныя, бо гаспадар ваш Саўл памёр, а мяне памазаў дом Юдаў царом над сабою.
8. Але Авэнір, сын Ніраў, правадыр войска Саўлавага, узяў Евастэя, сына Саўлавага, і прывёў яго ў Маханаім,
9. і паставіў яго царом над Галаадам і Ашурам і Ізрэелем, і Яфрэмам і Веньямінам, і над усім Ізраілем.
10. Сорак гадоў было Евастэю, сыну Саўлаваму, калі ён уцараваўся над Ізраілем, і цараваў два гады. Толькі дом Юдаў застаўся з Давідам.
11. Усяго часу, як Давід цараваў у Хэўроне над домам Юдавым, было сем гадоў і шэсьць месяцаў.
12. І выйшаў Авэнір, сын Ніраў, і слугі Евастэя, сына Саўлавага, з Маханаіма ў Гаваон.
13. Выйшаў і Ёаў, сын Саруі, з слугамі Давідавымі, і сустрэліся каля Гаваонскай сажалкі, і заселі тыя па адзін бок сажалкі, а гэтыя па другі бок сажалкі.
14. І сказаў Авэнір Ёаву: няхай устануць маладыя хлопцы і падужаюцца перад намі. І сказаў Ёаў: няхай устануць.
15. І ўсталі і пайшлі лікам дванаццаць Веньямініцянаў з боку Евастэя, сынав Саўлавага, і дванаццаць ад слуг Давідавых.
16. Яны схапілі адзін аднаго за галаву, усадзілі меч адзін аднаму ў бок і ўпалі разам. І было названа гэта мясьціна Хэлкат-Хацурым, што ў Гаваоне.
17. І адбылася таго дня вельмі лютая бітва, і Авэнір зь людзьмі Ізраільскімі быў пабіты слугамі Давідавымі.
18. І былі там тры сыны Саруі: Ёаў і Авэса і Асаіл. А Асаіл быў лёгкі на ногі, як сарна ў полі.
19. І пагнаўся Асаіл за Авэнірам і перасьледаваў яго, ня ўхіляючыся ні направа ні налева ад сьлядоў Авэніра.
20. І азірнуўся Авэнір назад і сказаў: ці ты гэта, Асаіл? Той сказаў: я.
21. І сказаў яму Авэнір: ухіліся направа або налева і выбяры сабе аднаго хлопчыка і вазьмі сабе ягоную зброю. Але Асаіл не захацеў адстаць ад яго.
22. І паўтарыў Авэнір яшчэ, кажучы Асаілу: адстань ад мяне, каб я не паваліў цябе на зямлю; тады зь якім тварам зьяўлюся я да Ёава, брата твайго?
23. Але той не захацеў адстаць. Тады Авэнір, павярнуўшы дзіду, ударыў яго ў жывот; дзіда прашыла яго наскрозь, і ён упаў там і памёр на месцы. Усе, хто праходзіў праз тую мясьціну, дзе ўпаў і памёр Асаіл, спыняліся
24. І перасьледавалі Ёаў і Авэса Авэніра. Сонца ўжо зайшло, калі яны прыйшлі да пагорка Ама, што насупраць Гіяха, на дарозе да пустыні Гаваонскай.
25. І сабраліся Веньямініцяне вакол Авэніра і склалі адно рушэньне, і сталі на вяршыні аднаго пагорка.
26. І зьвярнуўся Авэнір да Ёава і сказаў: ці вечна будзе пажыраць мяне меч? ці ты ня ведаеш, што наступствы будуць горасныя? і дакуль ты ня скажаш людзям, каб яны перасталі перасьледаваць братоў сваіх?
27. І сказаў Ёаў: жывы Бог! калі б ты не казаў інакш, дык яшчэ раніцай перасталі б людзі перасьледаваць братоў сваіх.
28. І затрубіў Ёаў у трубу, і спыніўся ўвесь народ і не перасьледавалі больш Ізраільцянаў; бітва спынілася.
29. А Авэнір і людзі ягоныя ішлі раўнінаю ўсю тую ноч і перайшлі Ярдан, і прайшлі ўвесь Бітрон і прыйшлі ў Маханаім.
30. І вярнуўся Ёаў ад перасьледу Авэніра і сабраў увесь народ, і не хапала з слуг Давідавых дзевятнаццаці чалавек апрача Асаіла.
31. А слугі Давідавыя пабілі Веньямініцянаў і людзей Авэніравых; загінула іх трыста шэсьцьдзесят чалавек.
32. І ўзялі Асаіла і пахавалі яго ў магіле бацькі ягонага, што ў Віфляеме. І Ёаў зь людзьмі сваімі ішоў усю ноч і на сьвітаньні прыйшоў у Хэўрон.

Псалмы 61:1-4
1. Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Давідава.
2. Толькі ў Богу душа мая суцяшаецца; ад Яго выратаваньне маё.
3. Толькі Ён — цьвярдыня мая, ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся болей.
4. Дакуль будзеце налягаць на чалавека? Абвалены будзеце вы, усе вы, як сьцяна нахіленая, як плот расхістаны.

Прытчы 16:10-12
10. У вуснах у цара — слова натхнё­нае; вусны яго не павінны грашыць на судзе.
11. Правільныя вагі і вагавыя шалі — ад Госпада; ад Яго ж усе гіры ў торбе.
12. Агідная царам — дзея беззакон­ная, бо праўдай мацуецца трон.

Йоан 4:1-30
1. Калі даведаўся Ісус пра чутку, якая дайшла да фарысэяў, што Ён больш набывае вучняў і хрысьціць, чым Ян —
2. хоць Сам Ісус ня хрысьціў, а вучні Ягоныя, —
3. дык пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею.
4. А меўся Ён праходзіць праз Самарыю.
5. І вось прыходзіць Ён да горада Самарыйскага, называнага Сіхар, паблізу дзялянкі зямлі, дадзенай Якавам сыну свайму Язэпу,
6. там быў калодзеж Якаваў. Ісус, стаміўшыся з дарогі, сеў каля калодзежа; было каля шостай гадзіны.
7. Прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Ісус кажа ёй: дай Мне напіцца.
8. Бо вучні Ягоныя адлучыліся ў горад купіць ежы.
9. Жанчына Самаранская кажа Яму: як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, Самаранкі? бо Юдэі з Самаранамі ня зносяцца.
10. Ісус сказаў ёй у адказ: калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: дай Мне напіцца, — дык ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое.
11. Жанчына кажа Яму: Спадару! Табе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі: адкуль жа ў Цябе вада жывая?
12. Няўжо Ты большы за бацьку нашага, Якава, які даў нам гэты калодзеж, і сам зь яго піў, і дзеці ягоныя, і быдла ягонае?
13. Ісус сказаў ёй у адказ: кожны, хто п’е ваду гэтую, спрагнецца зноў;
14. а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той не спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, якая пацячэ ў жыцьцё вечнае.
15. Жанчына кажа Яму: Спадару! дай мне гэтай вады, каб ня мець мне смагі і ня прыходзіць сюды чэрпаць.
16. Ісус кажа ёй: ідзі, клікні мужа твайго і прыйдзі сюды.
17. Жанчына сказала ў адказ: няма ў мяне мужа. Ісус кажа ёй: праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа;
18. бо ў цябе было пяць мужоў, і той, якога сёньня маеш, ня муж табе; гэта слушна ты сказала.
19. Жанчына кажа Яму: Госпадзе! бачу, што Ты прарок;
20. бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары; а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерусаліме.
21. Ісус кажа ёй: павер Мне, што настане час, калі і не на гары гэтай, і не ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу.
22. Вы ня ведаеце, чаму кланяецеся; а мы ведаем, чаму кланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў;
23. але настане час, і настаў ужо, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо такіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе:
24. Бог ёсьць дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе.
25. Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыйдзе Месія, гэта значыць, Хрыстос; калі Ён прыйдзе, дык абвесьціць нам усё.
26. Ісус кажа ёй: гэта Я, Які гавару з табою.
27. У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гутарыў з жанчынаю; аднак жа ніводзін не сказаў: чаго Ты патрабуеш? альбо: пра што Ты гутарыш зь ёю?
28. Тады жанчына пакінула посуд свой і пайшла ў горад, і кажа людзям:
29. ідзеце, паглядзеце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла: ці ня Ён Хрыстос?
30. Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.