1 Самуіла 28:1-25 |
1. У той час Філістымляне сабралі войскі свае на вайну, каб ваяваць зь Ізраілем. І сказаў Анхус Давіду: хай будзе табе вядома, што ты пойдзеш са мною ў рушэньне, і ты і людзі твае. |
2. І сказаў Давід Анхусу: сёньня ты даведаешся, што зробіць раб твой. І сказаў Анхус Давіду: за тое я зраблю цябе ахоўцам галавы маёй на ўсе часіны. |
3. І памёр Самуіл, і аплаквалі яго ўсе Ізраільцяне і пахавалі яго ў Раме, у горадзе ягоным, а Саўл прагнаў чараўнікоў і варажбітоў з краіны. |
4. І сабраліся Філістымляне і пайшлі і атабарыліся ў Сонаме; сабраў і Саўл увесь народ Ізраільскі, і атабарыліся ў Гэлвуе. |
5. І ўбачыў Саўл табар Філістымскі і спалохаўся, і моцна ўздрыгнула сэрца ягонае. |
6. І спытаўся Саўл у Госпада; але Гасподзь не адказваў яму ні ў сьне, ні праз урым, ні праз прарокаў. |
7. Тады Саўл сказаў слугам сваім: знайдзеце мне жанчыну-чараўніцу, і я пайду да яе і спытаюся ў яе. І адказвалі яму слугі ягоныя: тут у Аэндоры ёсьць жанчына-чараўніца. |
8. І зьняў зь сябе Саўл вопратку сваю і апрануў іншую, і пайшоў сам і двое людзей зь ім, і прыйшлі яны да жанчыны ўначы. І сказаў ёй Саўл: прашу цябе, паваражы мне і выведзі мне, пра каго я скажу табе. |
9. Але жанчына адказвалда яму: ты ведаеш, што зрабіў Саўл, як выгнаў ён з краіны чараўнікоў і варажбітоў; навошта ж ты раскідаеш сетку на душу маю і на пагібель мне? |
10. І прысягнуў ёй Саўл Госпадам, кажучы: жывы Гасподзь! ня будзе табе бяды за гэтую дзею. |
11. Тады жанчына спыталася: каго ж табе вывесьці? І адказваў ён: Самуіла выведзі мне. |
12. І ўбачыла жанчына Самуіла і гучна ўскрыкнула; і зьвярнулася жанчына да Саўла, кажучы: навошта ты ашукаў мяне? ты — Саўл. |
13. І сказаў ёй цар: ня бойся, што ты бачыш? І адказвала жанчына: бачу як бы бога, які выходзіць зь зямлі. |
14. Які ён з выгляду? — спытаўся ў яе Саўл. Яна сказала: выходзіць зь зямлі мужчына вельмі стары, апрануты ў доўгае адзеньне. Тады пазнаў Саўл, што гэта Самуіл, і ўпаў тварам на зямлю і пакланіўся. |
15. І сказаў Самуіл Саўлу: навошта ты трывожыш мяне, каб я выйшаў? І адказваў Саўл: цяжка мне вельмі: Філістымляне ваююць супроць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і больш не адказвае мне ні праз прарокаў, ні ўва сьне; таму я выклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што мне рабіць. |
16. І сказаў Самуіл: навошта ж ты пытаешся ў мяне, калі Гасподзь адступіўся ад цябе і зрабіўся ворагам табе? |
17. Гасподзь зробіць тое, што казаў празь мяне: забярэ Гасподзь царства з рук тваіх і аддасьць яго блізкаму твайму Давіду. |
18. Таму што ты не паслухаўся голасу Гасподняга і не абярнуў гневу Ягонага на Амаліка, дык Гасподзь і робіць гэта над табою сёньня. |
19. І аддасьць Гасподзь Ізраіля разам з табою ў рукі Філістымлянаў: заўтра ты і сыны твае будзеце са мною, і табар Ізраільскі аддасьць Гасподзь у рукі Філістымлянаў. |
20. Тады Саўл раптам упаў усім целам сваім на зямлю, бо моцна спалохаўся слоў Самуіла; прытым і сілы ня стала ў ім, бо ён ня еў хлеба цэлы той дзень і цэлую ноч. |
21. І падышла жанчына тая да Саўла, і ўбачыла, што ён вельмі спалохаўся, і сказала: вось, рабыня твая паслухалася голасу твайго і паставіла жыццё сваё пад небясьпеку і выканала загад, які ты даў мне; |
22. цяпер прашу, паслухайся і ты голасу рабыні тваёй: я прапаную табе кавалак хлеба, паясі, і будзе ў табе моц, калі пойдзеш у дарогу. |
23. Але ён адмовіўся і сказаў: ня буду есьці. І пачалі ўгаворваць яго слугі ягоныя, а таксама і жанчына; і ён паслухаўся голасу іхняга, і ўстаў зь зямлі, і сеў на ложак. |
24. А ў жанчыны было дома ўкормленае цяля, і яна пасьпяшалася закалоць яго і, узяўшы мукі, замясіла і сьпякла праснакі, |
25. і прапанавала Саўлу і слугам ягоным; і яны паелі, і ўсталі, і пайшлі тае ж ночы. |
Псалмы 60:1-4 |
1. Кіроўцу хору. На струнным інструмэньце. Псальма Давідава. |
2. Пачуй, Божа, мой лямант, уваж малітве маёй, |
3. ад краю зямлі заклікаю Цябе ў заняпаласьці сэрца майго; узьвядзі мяне на скалу, недасягальную мне, |
4. бо Ты апора мая, Ты моцная абарона ад ворага. |
Прытчы 16:6-6 |
6. Міласэрнасьцю і праўдаю ачышчаецца грэх, і страх Гасподні адводзіць ад ліха. |
Йоан 3:1-18 |
1. Сярод фарысэяў быў нехта, імем Мікадым, адзін з начальнікаў Юдэйскіх; |
2. ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равьві! мы ведаем, што Ты — Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога; бо такіх цудаў, якія Ты творыш, ніхто ня можа тварыць, калі ня будзе зь ім Бога. |
3. Ісус сказаў яму ў адказ: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца згары, ня можа ўбачыць Царства Божага. |
4. Мікадым кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? няўжо ён можа другі раз увайсьці ў лона маці сваёй і нарадзіцца? |
5. Ісус адказваў: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца ад вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае: |
6. народжанае ад плоці ёсьць плоць, а народжанае ад Духа ёсьць дух. |
7. Ня зьдзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца згары. |
8. Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць: так бывае з кожным, народжаным ад Духа. |
9. Мікадым сказаў Яму ў адказ: як гэта можа быць? |
10. Ісус адказваў і сказаў яму: ты — настаўнік Ізраілеў, і няўжо гэтага ня ведаеш? |
11. Праўду, праўду кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, а вы сьведчаньня нашага ня прымаеце; |
12. Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы ня верыце, — як паверыце, калі буду казаць вам пра нябеснае? |
13. Ніхто ня ўзыходзіў на неба, адзін толькі Сын Чалавечы, Які сышоў зь нябёсаў, сутны на нябёсах; |
14. і як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мае быць падняты Сын Чалавечы, |
15. каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае. |
16. Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае. |
17. Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, а каб сьвет уратаваны быў празь Яго. |
18. Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, ужо засуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага. |