A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Можа 11

1 Самуіла 24:1-22
1. І выйшаў Давід адтуль і жыў у бясьпечных мясьцінах Эн-Гадзі.
2. Калі Саўл вярнуўся ад Філістымлянаў, яму паведамілі, кажучы: вось, Давід у пустыні Эн-Гадзі.
3. І ўзяў Саўл тры тысячы выбраных мужчын з усяго Ізраіля і пайшоў шукаць Давіда і людзей ягоных па гарах, дзе жывуць сарны.
4. І прыйшоў да кашары авечай, пры дарозе; там была пячора, і зайшоў туды Саўл дзеля патрэбы; а Давід і людзі ягоныя сядзелі ўглыбіні пячоры.
5. І казалі Давіду людзі ягоныя: вось дзень, пра Які казаў табе Гасподзь: вось, Я аддам ворага твайго ў рукі твае, і зробіш зь ім, што табе заўгодна. Давід устаў і ціхенька адрэзаў край ад верхняй вопраткі Саўла.
6. Але пасьля гэтага забалела на сэрцы ў Давіда, што ён адрэзаў край ад вопраткі Саўла.
7. І сказаў ён людзям сваім: хай не дапусьціць мне Гасподзь зрабіць гэта гаспадару майму, памазанцу Гасподняму, каб накласьці руку маю на яго, бо ён памазанец Гасподні.
8. І стрымаў Давід людзей сваіх гэтымі словамі і ня даў ім паўстаць на Саўла. А Саўл устаў і выйшаў зь пячоры на дарогу.
9. Потым устаў і Давід, і выйшаў зь пячоры, і закрычаў усьлед Саўлу, кажучы: гаспадару мой, цару! Саўл азірнуўся, і Давід упаў тварам на зямлю і пакланіўся.
10. І сказаў Давід Саўлу: навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: вось, Давід намышляе ліхое на цябе?
11. Вось, сёння бачаць вочы твае, што Гасподзь аддаваў цябе сёньня ў рукі мае ў пячоры, і мне казалі, каб забіць цябе; але я пашкадаваў цябе і сказаў: не падыму рукі маёй на гаспадара майго, бо ён памазанец Госпада.
12. Бацька мой! паглядзі на край вопраткі тваёй у руцэ маёй: я адрэзаў край вопраткі тваёй, а цябе не забіў; пазнай і пераканайся, што няма ў руцэ маёй ліха, ні падступства, і я не зграшыў супроць цябе; а ты шукаеш душы маёй, каб забраць яе.
13. Хай рассудзіць Гасподзь паміж мною і табою, і хай адпомсьціць табе Гасподзь за мяне; але рука мая ня будзе на табе,
14. як павядае старадаўняя прыпавесьць: ад беззаконных паходзіць беззаконьне. А мая рука ня будзе на табе.
15. Супроць каго выйшаў цар Ізраільскі? За кім ты ганяешся? За мёртвым сабакам, за адною блыхою.
16. Гасподзь хай будзе судзьдзёю паміж мною і табою. Ён разгледзіць, разьбярэ справу маю і выратуе мяне ад рукі тваёй.
17. Калі скончыў Давід гаварыць словы гэтыя да Саўла, Саўл сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І ўзвысіў Саўл голас свой, і плакаў,
18. і сказаў Давіду: твая большая праўда за маю, юбо ты адплаціў мне дабром, а я плаціў табе злом;
19. ты паказаў гэта сёньня, абышоўшыся са мною мілажальна: калі Гасподзь аддаваў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.
20. Хто, знайшоўшы ворага свайго, адпусьціў бы яго ў добрую дарогу? Гасподзь заплаціць табе дабром за тое, што ты зрабіў мне сёньня.
21. І цяпер я ведаю, што ты канечне будзеш цараваць, і царства Ізраілевае будзе цьвёрдае ў руцэ тваёй.
22. Дык вось, запрысягніся мне Госпадам, што ты ня выкараніш нашчадкаў маіх пасьля мяне і ня зьнішчыш імя майго ў доме ў бацькі майго.

1 Самуіла 25:1-44
1. І памёр Самуіл. І сабраліся ўсе Ізраільцяне, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным, у Раме. Давід устаў і сышоў да пустыні Фаран.
2. Быў нехта ў Маоне, а маёнтак яго на Карміле, чалавек вельмі багаты; у яго было тры тысячы авечак і тысяча коз; і быў ён пры стрыжцы авечак на Карміле.
3. Імя чалавека таго — Навал, а імя жонкі ягонай — Авігея. Гэтая жанчына была вельмі разумная і прыгожая з твару, а ён — чалавек жорсткі і ліхі норавам; ён быў з роду Халева.
4. І пачуў Давід у пустыні, што Навал стрыжэ авечкі свае.
5. І паслаў Давід дзесяць хлопчыкаў, і сказаў Давід хлопчыкам: узыдзеце на Карміл і ідзеце да Навала, і павітайце яго ад майго імя
6. і скажэце так: мір табе, мір дому твайму, мір усяму твайму;
7. сёньня я пачуў, што ў цябе стрыгуць авечкі; вось, пастухі твае былі з намі, і мы ня крыўдзілі іх, і нічога ў іх не прапала за ўвесь час, пакуль яны былі на Карміле;
8. спытайся ў слуг тваіх, і яны скажуць табе; дык вось, хай знойдуць хлопчыкі ўпадабаньне ў вачах тваіх, бо ў добры дзень прыйшлі мы; дык дай рабам тваім і сыну твайму Давіду, што знойдзе рука твая.
9. І пайшлі людзі Давідавыя, і сказалі Навалу ад імя Давіда ўсе гэтыя словы, і замоўклі.
10. І ўскочыў Навал, і адказваў слугам Давідавым, і сказаў: хто такі Давід, і хто такі сын Ясэеў? сёньня стала многа рабоў, якія ўцякаюць ад гаспадароў сваіх;
11. няўжо мне ўзяць хлябы мае і ваду маю, і мяса, прыгатаванае мною стрыгалям маім, і аддаць людзям, пра якіх ня ведаю, адкуль яны?
12. І пайшлі назад людзі Давідавыя сваёй дарогай і вярнуліся, і прыйшлі і пераказалі яму ўсе словы гэтыя.
13. Тады Давід сказаў людзям сваім: аперажэцеся кожны мечам сваім. І ўсе аперазаліся мечамі сваімі, аперазаўся і сам Давід сваім мечам, і пайшлі за Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзьвесьце засталіся каля абозу.
14. А Авігеі, жонцы Навалавай, паведаміў адзін слуга, сказаўшы: вось, Давід прысылаў з пустыні паслоў вітаць нашага гаспадара, але ён абышоўся зь імі груба;
15. а гэтыя людзі вельмі добрыя да нас, ня крыўдзілі нас, і нічога не прапала ў нас за ўвесь час, калі мы хадзілі зь імі, быўшы ў полі;
16. яны былі нам агароджаю і ўдзень і ўначы ўвесь час, калі мы пасьвілі статкі паблізу іх;
17. дык вось, падумай і паглядзі, што рабіць; бо непазьбежна пагражае бяда гаспадару нашаму і ўсяму дому ягонаму, а ён — чалавек ліхі, нельга гаварыць зь ім.
18. Тады Авігея пасьпешліва ўзяла дзьвесьце хлябоў і два мяхі зь віном, і пяць авечак падрыхтаваных і пяць мераў сушанага зерня, і сто вязанак разынак і дзьвесьце вязанак смокваў, і наўючыла на аслоў,
19. і сказала слугам сваім: ідзеце паперадзе мяне, вось, я пайду за вамі. А мужу свайму Навалу нічога не сказала.
20. Калі ж яна, седзячы на асьле, спускалася па схілах гары, вось, насустрач ёй ідзе Давід і людзі ягоныя, і яна сустрэлася зь імі.
21. І Давід сказаў: так, дарэмна я ахоўваў у пустыні маёмасьць гэтага чалавека, і нічога не прапала з таго, што належала яму; ён плаціць мне злом за дабро;
22. няхай тое і тое зробіць Бог з ворагамі Давіда, і яшчэ болей зробіць, калі да сьвітаньня з усяго, што належыць Навалу, я пакіну таго, што мочыцца да сьцяны.
23. Калі Авігея ўбачыла Давіда, дык пасьпяшалася сысьці з асла і ўпала перад Давідам на твар свой і пакланілася да зямлі;
24. і ўпала да ног ягоных і сказала: на мне грэх, гаспадару мой; дазволь рабыні тваёй гаварыць у вушы твае і паслухай слоў рабыні тваёй.
25. Няхай гаспадар мой не зважае на гэтага ліхога чалавека, на Навала; бо якое імя ў яго, такі і ён. Навал — імя яго, і вар'яцтва ягонае зь ім. А я, рабыня твая, ня бачыла слуг гаспадара майго, якіх ты прыслаў.
26. І сёньня, гаспадару мой, жывы Гасподзь і жывая душа твая! Гасподзь не дазволіць табе ісьці праліваць кроў і ўтрымае руку тваю ад помсты, і сёньня хай будуць, як Навал, ворагі твае і зламысьнікі гаспадара майго.
27. Вось гэтыя дарункі, якія прынесла рабыня твая гаспадару майму, каб даць іх хлопчыкам, якія служаць гаспадару майму.
28. Даруй віну рабыні тваёй; Гасподзь мусова зладзіць гаспадару майму дом трывалы, бо войны Госпада вядзе гаспадар мой, і ліхое не знойдзецца ў табе праз усё жыцьцё тваё.
29. Калі паўстане чалавек перасьледаваць цябе і шукаць душы тваёй, дык душа гаспадара майго будзе завязана ў вузьле жыцьця ў Госпада Бога твайго, а душу ворагаў тваіх кіне Ён як бы з прашчы.
30. І калі зробіць Гасподзь гаспадару майму ўсё, што казаў пра цябе добрага, і паставіць цябе гаспадаром над Ізраілем,
31. дык ня будзе гэта сэрцу гаспадара майго засмутаю і непакоем, што не праліў марна крыві і ахаваў сябе ад помсты. І Гасподзь адорыць дабром гаспадара майго, і ўзгадаеш рабыню тваю.
32. І сказаў Давід Авігеі: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які паслаў цябе сёньня насустрач мне,
33. і дабраславёны розум твой, і дабраславёная ты за тое, што ты цяпер не дазволіла мне ісьці праліваць кроў і помсьціць за сябе.
34. Але,— жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стрымаў мяне, каб не зрабіць ліха табе,— калі б ты не пасьпяшалася і ня прыйшла на сустрэчу да мяне, дык да ранішняга сьвітаньня я не пакінуў бы Навалу нікога, хто мачыўся б да сьцяны.
35. І прыняў Давід з рук яе тое, што яна прынесла яму, і сказаў ёй: ідзі зь мірам у дом твой; вось, я паслухаўся голасу твайго і ўшанаваў твар твой.
36. І прыйшла Авігея да Навала, і вось, у яго банкет у доме ягоным, як банкет царскі, і сэрца ў Навала было вясёлае; а ён быў вельмі п'яны; і не сказаў яму ні слова, ні большага, ні малога, да раніцы.
37. А раніцай, калі Навал працьверазеў, жонка ягоная расказала яму пра гэта, і замерла ў ім сэрца ягонае, і зрабіўся ён, як камень.
38. Дзён праз дзесяць уразіў Гасподзь Навала, і ён памёр.
39. І пачуў Давід, што Навал памёр, і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Які заплаціў яму за ганьбаваньне мяне Навалам, і Які ахаваў раба свайго ад ліхога; Гасподзь абярнуў злосьць Навалаву на яго ж галаву. І паслаў Давід сказаць Авігеі, што ён бярэ яе сабе за жонку.
40. І прыйшлі слугі Давідавыя і сказалі ёй так: Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе яму за жонку.
41. Яна ўстала і пакланілася тварам да зямлі і сказала: вось, рабыня твая гатовая быць служанкаю, каб абмываць ногі слуг гаспадара майго.
42. І сабралася Авігея пасьпешліва і села на асла, і пяць служанак суправаджалі яе; і пайшла яна за пасламі Давідавымі і зрабілася яго жонкаю.
43. І Ахінааму з Ізрэеля ўзяў Давід, і абедзьве яны былі яго жонкі.
44. А Саўл аддаў дачку сваю Мэлхолу, жонку Давідавую, Фалтыю, сыну Лаіша, што з Галіма.

Псалмы 59:1-5
1. Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шушан-Эдут. Залатая псальма Давідава для навучаньня,
2. калі ён ваяваў зь Сірыяй Месапатамскай і зь Сірыяй Цаванскай, і калі Ёаў, вяртаючыся, перамог дванаццаць тысяч Ідумэяў у даліне Салянай.
3. Божа! Ты нас адкінуў, Ты паглуміў нас, угневаўся Ты; вярніся да нас,
4. Ты зямлю скалануў, разьбіў яе: загаі разломы яе, бо яна хістаецца.
5. Ты даў народу Твайму зьведаць жорсткае, напаіў нас віном зьдзіўленьня.

Прытчы 16:3-3
3. Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца.

Йоан 1:29-51
29. На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету;
30. Гэта Той, пра Якога я сказаў; пасьля мяне прыйдзе Муж, Які існаваў да мяне, бо Ён быў раней зя мяне;
31. я ня ведаў Яго; але дзеля таго прыйшоў хрысьціць у вадзе, каб Ён зьяўлены быў Ізраілю.
32. І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў зь неба, як голуб, і быў Ён на Ім;
33. я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць — Хто хрысьціць Духам Сьвятым;
34. і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.
35. На другі дзень зноў стаяў Ян і двое вучняў ягоных;
36. і, угледзеўшы Ісуса, Які ішоў, сказаў: вось Ягня Божае.
37. Пачуўшы ад яго гэтыя словы, абодва вучні пайшлі за Ісусам.
38. А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: што вам трэба? Яны сказалі Яму: Равьві", — што азначае: настаўнік, — дзе жывеш?
39. Кажа ім: ідзеце, і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той. Было каля дзясятай гадзіны.
40. Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
41. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Месію, што азначае: Хрыстос.
42. І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго, сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азаначае: камень (Пётр).
43. На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа і кажа яму: ідзі за Мною.
44. А Піліп быў зь Віфсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром.
45. Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Якога пісаў Майсей у законе і прарокі, Ісуса, сына Язэпавага, з Назарэта.
46. Але Натанаіл сказаў яму: з Назарэта ці ж можа быць што добрае? Піліп кажа яму: ідзі і паглядзі.
47. Ісус, убачыўшы Натанаіла, які ішоў да Яго, кажа пра яго: вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці.
48. Натанаіл кажа Яму: чаму Ты ведаеш мяне? Ісус сказаў яму ў адказ: перш чым паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе.
49. Натанаіл адказваў Яму: Равьві! Ты — Сын Божы. Ты — Цар Ізраілеў.
50. Ісус сказаў яму ў адказ: ты верыш, бо Я табе сказаў: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш болей за гэта.
51. І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага.