Ісуса Нававага 1:1-18 |
1. Пасьля сьмерці Майсея, раба Гасподняга, Гасподзь сказаў Ісусу, сыну Нава, слузе Майсееваму |
2. Майсей, раб Мой, памёр; дык вось, устань, перайдзі церазь Ярдан гэты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю ім, сынам Ізраілевым. |
3. Любое месца, на якое ступяць ступакі ног вашых, Я даю вам, як Я сказаў Майсею: |
4. ад пустыні і Лівана гэтага да ракі вялікай, ракі Еўфрата, усю зямлю Хэтэяў; і да вялікага мора на захад сонца будуць межы вашыя. |
5. Ніхто ня ўстоіць перад табою: не адступлюся ад цябе і не пакіну цябе. |
6. Будзь цьвёрды і мужны; бо ты народу гэтаму перадасі ў валоданьне зямлю, якую Я прысягаўся бацькам іхнім даць ім; |
7. толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, і старанна захоўвай і выконвай увесь закон, які наказаў табе Майсей, раб Мой; ня ўхіляйся ад яго ні направа, ні налева, каб чыніць разумна ва ўсіх пачынаньнях тваіх. |
8. Хай не адыходзіць гэтая кніга закона ад вуснаў тваіх: а павучайся ў ёй дзень і ноч, каб дакладна выконваць усё, што ў ёй напісана: тады ты мецьмеш посьпех на шляхах тваіх і будзеш дзеяць разумна. |
9. Вось Я загадваю табе: будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не жахайся; бо з табою Гасподзь Бог твой усюды, куды ні пойдзеш. |
10. І даў Ісус наказ наглядчыкам народу і сказаў: |
11. прайдзеце па табары і дайце наказ народу і скажэце: назапашвайце сабе ежы на дарогу, бо праз тры дні вы пройдзеце за Ярдан гэты, каб прыйсьці ўзяць зямлю, якую Гасподзь Бог бацькоў вашых дае вам у спадчыну. |
12. А племю Рувімаваму, Гадаваму і палавіне племя Манасіінага Ісус сказаў: |
13. успомніце, што наказаў вам Майсей, раб Гасподні, кажучы: Гасподзь Бог ваш супакоіў вас і даў вам зямлю гэтую; |
14. жонкі вашыя, дзеці вашыя і быдла ваша няхай застануцца ў зямлі, якую даў вам Майсей за Ярданам; а вы ўсе, хто можа змагацца, узброіўшыся, ідзеце перад братамі вашымі і пасабляйце ім. |
15. пакуль Гасподзь не супакоіць братоў вашых, як і вас; пакуль і яны не атрымаюць у спадчыну зямлю, якую Гасподзь Бог ваш дае ім; тады вернецеся ў спадчыну вашую і валодайце зямлёю, якую Майсей, раб Гасподні, даў вам за Ярданам на ўсход сонца. |
16. Яны адказалі Ісусу кажучы: усё, што ні загадаеш нам, зробім, і куды ні пашлеш нас, пойдзем; |
17. як слухалі мы Майсея, так будзем слухаць і цябе: толькі Гасподзь Бог твой хай будзе з табою, як Ён быў з Майсеем; |
18. кожны, хто ўсупрацівіцца загаду твайму і не паслухаецца слоў тваіх ва ўсім, што ты ні загадаеш яму, будзе аддадзены сьмерці. Толькі будзь цьвёрды і мужны! |
Ісуса Нававага 2:1-24 |
1. І паслаў Ісус, сын Наваў, зь Сітыма двух выведнікаў таемна і сказаў: ідзеце, агледзьце зямлю і Ерыхон. Пайшлі і прыйшлі ў дом блудніцы, імя якое Рааў: і засталіся начаваць там. |
2. І сказана было цару Ерыхонскаму: вось, нейкія людзі з сыноў Ізраілевых прыйшлі сюды ў гэтую ноч, каб агледзець зямлю. |
3. Цар Ерыхонскі паслаў сказаць Рааве: выдай людзей, якія прыйшлі да цябе, якія ўвайшлі ў твой дом, бо яны прыйшлі выведаць усю зямлю. |
4. Але жанчына ўзяла двух людзей тых і схавала іх і сказала: праўда, прыходзілі да мяне людзі, але я ня ведала, адкуль яны; |
5. калі ж у прысьмерку трэба было зачыняць вароты, тады яны пайшлі; ня ведаю, куды яны пайшлі; ганецеся хутчэй за імі, вы дагоніце іх. |
6. А сама завяла іх на дах і схавала іх у снапах лёну, раскладзеных у яе на даху. |
7. Пасланыя гналіся за імі па дарозе да Ярдана да самай пераправы; вароты ж адразу зачынілі, пасьля таго як выйшлі тыя, што пагналіся за імі. |
8. Перш чым яны леглі спаць, яна паднялася да іх на дах |
9. і сказала ім: я ведаю, што Гасподзь аддаў зямлю гэтую вам, бо вы нагналі на нас жаху, і ўсе жыхары зямлі гэтай спалохаліся вас; |
10. бо мы чулі, як Гасподзь высушыў перад вамі ваду Чэрмнага мора, калі вы ішлі зь Егіпта, і што зрабілі вы з двума царамі Амарэйскімі за Ярданам, зь Сігонам і Огам, якіх вы зьнішчылі; |
11. калі мы пачулі пра гэта, аслабела сэрца нашае, і ні ў кім ня стала духу супроць вас; бо Гасподзь Бог на небе ўгары і на зямлі ўнізе; |
12. дык вось, прысягнеце мне Госпадам, што, як я зрабіла вам міласьць, так і вы зрабеце міласьць дому бацькі майго, і дайце мне ўмоўлены знак, |
13. што вы пакінеце жывым бацьку майго і маці маю, і братоў маіх і сясьцёр маіх, і ўсіх, хто ёсьць у іх, і выбавіце душы нашыя ад сьмерці. |
14. Гэтыя людзі сказалі ёй: душа нашая замест вас хай будзе аддадзена сьмерці, калі вы ня выкрыеце гэтай справы нашай; калі ж Гасподзь аддасьць нам зямлю, мы зробім табе ласку і ісьціну. |
15. І спусьціла яна іх на вяроўцы праз акно, бо дом яе быў у гарадскім муры і яна жыла ў муры; |
16. і сказала ім: ідзеце на гару, каб не спаткалі вас перасьледнікі, і хавайцеся там тры дні, пакуль ня вернуцца тыя, што пагналіся; а пасьля ідзеце дарогаю вашай. |
17. І сказалі ёй тыя людзі: мы вольныя будзем ад тваёй прысягі, якою ты нас закляла,калі ня зробіш так: |
18. вось, калі мы прыйдзем у гэтую зямлю, ты прывяжы чырвоную вяроўку да акна, празь якое ты нас спусьціла, а бацьку твайго і маці тваю і братоў тваіх, усю сям'ю бацькі твайго зьбяры да сябе ў дом твой; |
19. і калі хто-небудзь выйдзе зь дзьвярэй дома твайго, таго кроў на галаве ягонай, а мы вольныя; а хто будзе з табою ў доме, таго кроў на галаве нашай, калі чыя-небудзь рука дакранецца да яго; |
20. калі ж ты адкрыеш гэтую нашую справу, дык мы таксама вольныя будзем ад прысягі тваёй, якою ты нас закляла. |
21. Яна сказала: хай будзе паводле слоў вашых! І адпусьціла іх, і яны пайшлі, а яна прывязала да акна чырвоную вяроўку. |
22. Яны пайшлі і прыйшлі на гару і прабылі там тры дні, пакуль не вярнуліся тыя, што гналіся за імі. Тыя шукалі іх па ўсёй дарозе і не знайшлі. |
23. Такім чынам два гэтыя чалавекі пайшлі назад, сышлі з гары, перайшлі Ярдан і прыйшлі да Ісуса, сына Нава, і пераказалі яму ўсё, што зь імі здарылася. |
24. І сказалі Ісусу: Гасподзь аддаў усю зямлю гэтую ў рукі нашыя, і ўсе жыхары зямлі ў страху перад намі. |
Псалмы 40:1-14 |
1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава, |
2. Дабрашчасны, хто дбае пра ўбогага! У дзень бедства выбавіць яго Гасподзь. |
3. Гасподзь ахавае яго і жыцьцё яму зьберажэ; дабрашчасны ён на зямлі будзе. І Ты не здасі яго на волю ворагаў ягоных. |
4. Гасподзь умацуе яго на ложку хваробы ягонай. Ты зьменіш увесь ложак ягоны ў хваробе ягонай. |
5. Я сказаў: Госпадзе! зьлітуйся зь мяне, вылечы душу маю; бо зграшыў я прад Табою. |
6. Ворагі мае пра мяне кажуць благое: "Калі ён памрэ, і загіне імя ягонае?" |
7. І калі хто прыходзіць пабачыць мяне, кажа няпраўду; сэрца ягонае складае ў сабе няпраўду, і ён, выйшаўшы, гаворыць пра тое. |
8. Усе ненавідзяць мяне, шэпчуцца паміж сабою супроць мяне, благое супроць мяне намышляюць: |
9. "слова Веліяла прыйшло на яго; ён лёг; і болей ня ўстане". |
10. Нават чалавек мірны са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў на мяне нагу. |
11. А Ты, Госпадзе, зьлітуйся зь мяне і мяне падымі, і я ім заплачу. |
12. З таго даведаюся, што Ты любіш мяне, калі вораг мой не апануе мяне, |
13. а мяне захаваеш у цэласьці маёй і паставіш прад абліччам Тваім навечна. |
14. Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, адвечна й навечна! Амін, амін! |
Прытчы 13:15-16 |
15. Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая. |
16. Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць. |
Лука 8:26-56 |
26. І прыплылі ў краіну Гадарынскую, якая насупраць Галілеі. |
27. Калі ж выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, апанаваны дэманамі з даўняга часу, і ў вопратку не апранаўся, і жыў ня ў доме, а ў магілах. |
28. Ён, убачыўшы Ісуса, закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Ўсявышняга? прашу Цябе, ня мучы мяне. |
29. Бо Ісус загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і путамі, аберагаючы яго: але ён разрываў путы, і быў гнаны дэманам у пустыні. |
30. Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Той сказаў: "легіён", бо шмат дэманаў увайшло ў яго. |
31. І яны прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў бездань. |
32. А тут на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней: і дэманы прасілі ў Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім. |
33. Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіней: і кінуўся гурт з урвішча ў возера, і патануў. |
34. Пастухі, убачыўшы, што сталася, пабеглі і расказалі ў горадзе і ў селішчах. |
35. І выйшлі пабачыць, што сталася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, зь якога выйшлі дэманы; ён сядзеў каля ног Ісуса, апрануты і ў здаровым розуме: і жахнуліся. |
36. А тыя, што бачылі, расказалі ім, як выздаравеў шаленец. |
37. І прасіў у Яго ўвесь люд Гадарынскага навакольля сысьці ад іх, бо яны агорнутыя былі вялікім страхам. Ён увайшоў у лодку і вярнуўся. |
38. А чалавек, зь якога выйшлі дэманы, прасіўся ў Яго, каб быць зь Ім. Але Ісус адпусьціў яго, сказаўшы: |
39. вярніся ў дом твой і раскажы, што ўтварыў табе Бог. Ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім горадзе, што ўтварыў яму Ісус. |
40. А калі вярнуўся Ісус, люд прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго. |
41. І вось, прыйшоў чалавек, якога звалі Яір, які быў начальнікам сынагогі: і ўпаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці да яго ў дом, |
42. бо ў яго была адна дачка, гадоў дванаццаці, і тая была пры сьмерці. А калі Ён ішоў, люд націскаў на Яго. |
43. І жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая, патраціўшы на лекараў усю маёмасьць, ніводным не магла быць вылечана, |
44. падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай: і адразу цеча крыві ў яе перастала. |
45. І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмовіліся, Пётр і ўсе, хто быў зь Ім, сказалі: Настаўнік! людзі атачаюць Цябе і націскаюць, — і Ты кажаш: "хто дакрануўся да Мяне"? |
46. Але Ісус сказаў: дакрануўся да Мяне нехта: бо Я адчуваў сілу, якая выйшла зь Мяне. |
47. Жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, з трымценьнем падышла і, упаўшы перад Ім, абвясьціла Яму перад усімі людзьмі, зь якой прычыны дакранулася да Яго, і як адразу ацалілася. |
48. Ён сказаў ёй: дзей, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам. |
49. Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзіць нехта з дому начальніка сынагогі і кажа яму: дачка твая памерла: не дакучай Настаўніку. |
50. Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў яму: ня бойся, толькі веруй, і ўратаваная будзе. |
51. А прыйшоўшы ў дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, Яна і Якава, і бацькі дзяўчыны, і маці. |
52. Усе плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не памерла, а сьпіць. |
53. І сьмяяліся зь Яго, ведаючы, што яна памерла. |
54. А Ён, выслаўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў: дзяўчына! устань! |
55. І вярнуўся дух ейны; яна адразу ўстала; і Ён загадаў даць ёй есьці. |
56. І зьдзівіліся бацькі ейныя. А Ён загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што сталася. |