Другі Закон 33:1-29 |
1. Вось дабраславеньне, якім Майсей, муж Божы, дабраславіў сыноў Ізраілевых перад сьмерцю сваёю. |
2. Ён сказаў: Гасподзь прыйшоў ад Сіная, адкрыўся ім ад Сэіра, успрамяніўся ад гары Фарана і ішоў з процьмай сьвятых; праваруч Яго сьветач закона. |
3. У ісьціне Ён любіць народ; усе прысьвечаныя Яго ў руцэ Тваёй, і яны прыпалі да ступакоў Тваіх, каб уважаць словам Тваім. |
4. Закон даў нам Майсей, спадчыну супольству Якава. |
5. Ён быў царом Ізраіля, калі зьбіраліся правадыры народу разам з плямёнамі Ізраілевымі. |
6. Хай жыве Рувім і хай не памірае, і Сымон хай ня будзе малы лікам! |
7. А пра Юду сказаў гэта: пачуй, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народа ягонага; рукамі сваімі хай абароніць ён сябе, і ты будзь памочнікам супроць ворагаў ягоных. |
8. І пра Лявія сказаў: тумім Твой і урым Твой на сьвятым мужы Тваім, якога Ты ўдасьведчыў у Масе, зь якім ты спрачаўся каля водаў Мэрывы, |
9. які кажа пра бацьку свайго і пра маці сваю: "я на іх не гляджу", і братоў сваіх не прызнае, і сыноў сваіх ня ведае; бо яны, лявіты, словы Твае захоўваюць і запавету Твайго трымаюцца, |
10. вучаць законам Тваім Якава і запаведзям Тваім Ізраіля, ускладаюць дымленьне перад аблічча Тваё і цэласпаленьні на ахвярнік Твой; |
11. дабраславі, Госпадзе, сілу ягоную і дзеі рук ягоных удабраволі, пабі паясьніцу тых, што паўстаюць на яго, і ненавісьнікаў ягоных, каб яны не маглі стаяць. |
12. Пра Веньяміна сказаў: любасны Госпаду жыве ў Яго ў бясьпецы, Бог спрыяе яму кожны дзень, і ён пакоіцца паміж плячамі Ягонымі. |
13. Пра Язэпа сказаў: хай дабраславіць Гасподзь зямлю ягоную жаданымі дарамі неба, расою і дарамі бездані, якая ляжыць унізе, |
14. жаданымі пладамі ад сонца і жаданымі пладамі месяца, |
15. найвыдатнейшымі пладамі гор старадаўніх і жаданымі пладамі пагоркаў вечных, |
16. і жаданымі дарамі зямлі і таго, што напаўняе яе; дабраславеньне Таго, Хто зьявіўся ў цярновым кусьце хай прыйдзе на галаву Язэпа і на цемя найлепшага з братоў сваіх; |
17. моцнасьць яго як у першароднага цяляці, і рогі ў яго, як рогі ў буйвала; імі пабора ён народы ўсе да краёў зямлі: гэта процьма Яфрэмавая, гэта тысячы Манасііныя. |
18. Пра Завулона сказаў: радуйцеся, Завулоне, на шляхах тваіх, і Ісахар, у намётах тваіх; |
19. склікаюць яны народ на гару, там колюць законныя ахвяры, бо яны кормяцца багацьцем мора і скарбамі, схаванымі ў пяску. |
20. Пра Гада сказаў: дабраславёны той, хто пашырыў Гада; ён пакоіцца як леў, і ламае мышцу і галаву; |
21. ён выбраў сабе пачатак зямлі, там пашанаваны надзелам ад заканадаўцы, і прыйшоў з правадырамі народу, і спраўдзіў праўду Госпада і суды зь Ізраілем. |
22. Пра Дана сказаў: Дан малады леў, які выбягае з Васана. |
23. Пра Нэфталіма сказаў: Нэфталім напоўнены ўпадабаньнем і поўны дабраславеньня Госпада; мора і поўдзень у валоданьні ягоным. |
24. Пра Асіра сказаў: дабраславёны паміж сынамі Асір, ён будзе любімы братамі сваімі і ўмочыць у алей нагу сваю; |
25. жалеза і медзь — засаўкі твае; як дні твае, будзе множыцца багацьце тваё. |
26. Няма падобнага на Бога Ізраілевага, які па небе прыляцеў памагчы табе і ў славе Сваёй на аблоках; |
27. прыстанішча тваё Бог спрадвечны, і ты пад мышцамі вечнымі; Ён прагоніць ворагаў ад аблічча твайго і скажа: зьнішчай! |
28. Ізраіль жыве ў бясьпецы, адзін; вока Якава бачыць перад сабою зямлю багатую хлебам і віном, і нябёсы над ім капаюць расою. |
29. Дабрашчасны ты, Ізраіле! Хто падобны да цябе, народзе, ахаваны Госпадам, Які ёсьць шчыт, што асланяе цябе, і меч славы тваёй? Ворагі твае панікнуць перад табою, і ты на шыю ім наступацьмеш. |
Другі Закон 34:1-12 |
1. І ўзышоў Майсей з раўнін Маавіцкіх на гару Нэво, на вяршыню Фасгі, што насупроць Ерыхона, і паказаў яму Гасподзь усю зямлю Галаад да самага Дана, |
2. і ўсю Нэфталімавую, і ўсю Яфрэмавую і Манасііную, і ўсю зямлю Юдавую, нават да самага заходняга мора, |
3. і паўднёвую краіну і раўніну даліны Ерыхона, горад пальмаў, да Сігора. |
4. І сказаў яму Гасподзь: вось зямля, за якую Я прысягаў Абрагаму, Ісааку і Якаву, кажучы: "семені твайму дам яе"; Я дам табе пабачыць яе вачыма тваімі, але ў яе ты ня ўвойдзеш. |
5. І памёр там Майсей, раб Гасподні, у зямлі Маавіцкай, паводле слова Гасподняга; |
6. і пахаваны ў даліне ў зямлі Маавіцкай насупраць Вэтэгора і ніхто ня ведае месца пахаваньня яго нават да гэтага дня. |
7. Майсею было сто дваццаць гадоў, калі ён памёр; але зрок ягоны ня прытупіўся, моцнасьць у ім ня вычарпалася. |
8. І аплаквалі Майсея сыны Ізраілевыя на раўнінах Маавіцкіх трыццаць дзён. І прайшлі дні плачу і галашэньня па Майсеі. |
9. І Ісус, сын Наваў, напоўніўся духам мудрасьці, бо Майсей усклаў на яго рукі свае, і слухаліся яго сыны Ізраілевыя і рабілі так, як загадаў Гасподзь Майсею. |
10. І ня было больш у Ізраіля прарока такога, як Майсей, якога Гасподзь знаў тварам да твару, |
11. па ўсіх азнаках і цудах, зрабіць якія ў зямлі Егіпецкай над фараонам і над усімі рабамі ягонымі і над усёю зямлёю ягонай паслаў яго Гасподзь, |
12. і па руцэ моцнай і па вялікіх цудах, якія Майсей зьдзейсьніў перад вачыма ўсяго Ізраіля. |
Псалмы 39:14-18 |
14. Удабраволься, Госпадзе, выбавіць мяне; Госпадзе! пасьпяшайся на дапамогу мне. |
15. Хай пасаромяцца і хай паганьбаваныя будуць усе, што шукаюць згубы душы маёй! Няхай адхіснуцца назад і абсьмяяныя будуць, хто зычыць мне ліха! |
16. Хай скамянеюць ад ганьбы тыя, што кажуць мне: добра! добра! |
17. Хай радуюцца і весяляцца Табою ўсе, што шукаюць Цябе, і хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць увесь час: "вялікі Гасподзь!". |
18. А я гаротны і ўбогі, але Гасподзь пра Мяне дбае. Ты — дапамога мая і Ратунак мой, Божа мой! не спазьніся! |
Прытчы 13:13-14 |
13. Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны. |
14. Навука ў мудрага — крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці. |
Лука 8:1-25 |
1. Пасьля гэтага Ён праходзіў па гарадах і селішчах, прапаведуючы і зьвястуючы Царства Божае, і зь Ім дванаццаць, |
2. і некаторыя жанчыны, якіх Ён ацаліў ад злых духаў і хваробаў: Марыя, называная Магдалінаю, зь якое выйшлі сем дэманаў, |
3. і Яна, жонка Хузы, домаўпраўцы Ірадавага, і Сусана, і многія іншыя, якія служылі Яму маёмасьцю сваёю. |
4. А як сабралася многа людзей, і з усіх гарадоў жыхары сыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прытчаю: |
5. Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго; |
6. а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці; |
7. а іншае ўпала паміж цернямі, і вырасла церне і заглушыла яго; |
8. а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзіла плод стакротны. Сказаўшы гэта, абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! |
9. А вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: што азначала прытча гэтая? |
10. Ён сказаў: вам дадзена ведаць таямніцы Божага Царства, а астатнім у прытчах, так што яны бачачы — ня бачаць і чуючы — не разумеюць. |
11. Вось што азначае прытча гэтая: насеньне ёсьць слова Божае; |
12. а што ўпала пры дарозе, гэта ёсьць слухачы, да якіх пасьля прыходзіць д’ябал і забірае слова з сэрца іхняга, каб яны ня ўверавалі і не ўратаваліся, |
13. а што ўпала на камень, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, прымаюць з радасьцю, але якія ня маюць кораня і часова веруюць, а ў час спакушэньня адпадаюцца; |
14. а што ўпала ў церне, гэта тыя, якія слухаюць слова, але, адыходзячы, турботамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі заглушаюцца і плоду ня родзяць: |
15. а што ўпала на добрую зямлю, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, асяляюць яго ў добрым і чыстым сэрцы і родзяць плод у цярплівасьці. Сказаўшы гэта, Ён абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! |
16. Ніхто, запаліўшы сьвечку, не накрывае яе пасудзінаю, альбо ня ставіць пад ложак, а ставіць на сьвечнік, каб уваходзячы, бачылі сьвятло. |
17. Бо няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б. |
18. Дык вось, уважайце, як вы слухаеце: бо хто мае, таму дадзена будзе; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець. |
19. І прыйшлі да Яго Маці і браты Ягоныя, і не маглі падысьці да Яго з прычыны люднасьці. |
20. І далі знак Яму: Маці і браты Твае стаяць звонку, хочучы бачыць Цябе. |
21. Ён сказаў ім у адказ: маці Мая і браты Мае — гэта слухачы слова Божага і выканаўцы яго. |
22. Аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў лодку і сказаў ім: пераправімся на той бок возера. І выправіліся. |
23. У час плаваньня іхняга Ён заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небясьпецы. |
24. І падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! гінем. Але Ён, устаўшы, загразіў ветру і хваляваньню вады: і перасталі, і зрабілася цішыня. |
25. Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? А яны ў страху і зьдзіўленьні казалі адзін аднаму: хто ж гэта, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго? |