A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 30

1 Самуіла 1:1-28
1. Быў адзін чалавек з Раматаім-Цофіма, з гары Яфрэмавай, імя яго Элкана, сын Ерахама, сына Ілія, сына Тоху, сына Цуфа,— Эфрацянін;
2. у яго былі дзве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Фэнана; у Фэнаны былі дзеці, а ў Ганны ня было дзяцей.
3. І хадзіў гэты чалавек з горада свайго ў адпаведныя дні пакланяцца і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу ў Сілом; і тым былі два сыны ягоныя, Офні і Фэнээс, сьвятарамі Госпада.
4. У той дзень, калі Элкана прыносіў ахвяру, даваў Фэнане, жонцы сваёй, і ўсім сынам яе і дочкам яе долі;
5. а Ганьне даваў долю адмысловую, бо кахаў Ганну, хоць Гасподзь замкнуў улоньне яе.
6. Суперніца яе моцна засмучала яе, падбіваючы яе да нараканьняў на тое, што Гасподзь замкнуў улоньне яе.
7. Так бывала кожны год, калі хадзіла яна ў дом Гасподні: тая засмучала яе, а гэтая плакала і ня ела.
8. І сказаў ёй Элкана, муж яе: Ганна! Чаго ты плачаш і чаму не ясі, і, чаго смуткуе сэрца тваё? ці ж ня лепшы я табе за дзесяць сыноў?
9. І ўстала Ганна пасьля таго, як яны елі і пілі ў Сіломе. А Ілій сьвятар сядзеў тады на сядзеньні каля ўваходу ў храм Гасподні.
10. І была яна ў скрусе душы, і малілася Госпаду, і горка палакала,
11. і дала абяцаньне, кажучы: Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай.
12. Тым часам як яна доўга малілася перад Госпадам, Ілій глядзеў на вусны яе;
13. і як Ганна гаварыла ў сэрцы сваім, а вусны яе толькі варушыліся, і ня было чуваць голасу яе, дык Ілій прыняў яе за п'яную.
14. І сказаў ёй Ілій: дакуль ты будзеш п'яная? Працьверазіся ад віна твайго.
15. І адказвала Ганна і сказала: не, спадару мой; я — жонка, што засмучаецца духам, віна і сікеру я ня піла; а выліваю душу маю перад Госпадам;
16. ня лічы рабы тваёй нягоднаю жанчынаю, бо ад вялікай журбы маёй і ад скрухі маёй я гаварыла дагэтуль.
17. І адказваў Ілій і сказаў: ідзі зь мірам, і Бог Ізраілеў спраўдзіць просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго.
18. А яна сказала: хай жа знойдзе раба твая літасьць у вачах тваіх! І пайшла яна ў дарогу сваю, і ела, і аблічча яе ня было ўжо журботнае, як раней.
19. І ўсталі яны раніцай, і пакланіліся перад Госпадам, і вярнуліся, і прыйшлі ў дом свой у Раму. І паклікаў Элкана Ганну, жонку сваю, і спамянуў пра яе Гасподзь.
20. Праз некаторы час зачала Ганна і нарадзіла сына і дала яму імя Самуіл, бо, "у Госпада я выпрасіла яго".
21. І пайшоў муж яе Элкана і ўся сям'я ягоная прынесьці гадавую ахвяру Госпаду і абяцаньні свае.
22. А Ганна не пайшла, сказаўшы мужу свайму: калі дзіця будзе аднята ад грудзей і падрасьце, тады я завяду яго, і ён явіцца перад Госпадам і застанецца там назаўсёды.
23. І сказаў ёй Элкана, муж яе: рабі, што табе заўгодна; заставайся, пакуль ня выкарміш яго грудзьмі; толькі хай сьцьвердзіць Гасподзь слова, якое выйшла з вуснаў тваіх. І засталася жонка ягоная і карміла грудзямі сына свайго, пакуль ня выкарміла.
24. А калі выкарміла яго, пайшла зь ім у Сілом, узяўшы тры цяляці і адну эфу мукі і мех віна, і прыйшла ў дом Госпада ў Сіломе; а хлопчык быў яшчэ дзіця.
25. І закалолі цяля; і прывялі хлопчыка да Іліі,
26. і сказала: о, спадару мой! хай жыве душа твая, спадару мой! я — тая самая жанчына, якая тут пры табе стаяла і малілася Госпаду;
27. за гэтае дзіця малілася я, і спраўдзіў мне Гасподзь просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго;
28. і я аддаю яго Госпаду на ўсе дні жыцьця ягонага — служыць Госпаду. І пакланілася там Госпаду.

1 Самуіла 2:1-36
1. І малілася Ганна і казала: зарадавалася сэрца маё ў Госпадзе; узьнёсься рог мой у Богу маім; шырока адкрыліся вусны мае на ворагаў маіх, бо я радуюся за ратаваньне Тваё.
2. Няма такога сьвятога, як Гасподзь, бо няма іншага, апрача цябе; і няма цьвярдыні, як Бог наш.
3. Ня множце прамоваў пыхлівых; дзёрзкія словы няхай ня выходзяць з вуснаў вашых; бо Гасподзь ёсьць Бог веданьня, і дзеі ў Яго ўзважаныя.
4. Лук моцных ламаецца, а немачныя апярэзваюцца сілаю;
5. сытыя хлебам працуюць, а галодныя адпачываюць; нават няплодная родзіць сем разоў, а шматдзетная зьнемагае.
6. Гасподзь сьмерціць і ажыўляе, зводзіць у апраметную і выводзіць;
7. Гасподзь робіць жабраком і ўзбагачае, прыніжае і ўзвышае.
8. З пылу падымае Ён беднага, з гразі ўзвышае ўбогага, садзіць зь вяльможамі, і трон славы дае ім у спадчыну; бо ў Госпада асновы зямлі, і Ён сьцьвердзіў на іх сусьвет.
9. Сьляды сьвятых Сваіх Ён захоўвае, а беззаконныя ў цемры зьнікаюць: бо ня сілаю моцны чалавек.
10. Гасподзь сатрэ тых, што спрачаюцца зь Ім; зь нябёсаў загрыміць на іх. Гасподзь будзе судзіць канцы зямлі і дасьць моц цару Свайму і падыме рог памазанца Свайго.
11. І пайшоў Элкана ў Раму ў дом свой, а хлопчык застаўся служыць Госпаду пры Іліі сьвятары.
12. А сыны Іліі былі людзі нягодныя; яны ня ведалі Госпада
13. і абавязку сьвятароў перад народам. Калі хто прыносіў ахвяру, хлопчык сьвятарскі, калі гатавалася мяса, прыходзіў зь відэльцам у руцэ сваёй
14. і апускаў яго ў кацёл, альбо ў каструлю, альбо на патэльню, альбо ў горшчык, і што выме відэлец, тое браў сабе сьвятар. Так рабілі яны з усімі Ізраільцянамі, якія прыходзілі туды ў Сілом.
15. Нават раней, чым спальвалі тлушч, прыходзіў хлопчык сьвятарскі і казаў ахвяравальніку: давай мяса на смажанку сьвятару; ён ня возьме ў цябе гатаванага мяса, а дай сырога.
16. І калі хто казаў яму: "хай спаляць раней тлушч, як павінна быць, і потым вазьмі сабе, колькі захоча душа твая", дык ён казаў: не, цяпер дай, а калі не, дык вазьму сілком.
17. І грэх гэтых маладых людзей быў даволі вялікі перад Госпадам, бо яны ўхіляліся ад ахвяраваньняў Госпаду.
18. А хлопчык Самуіл служыў перад Госпадам, надзяваючы ільняны эфод.
19. Верхнюю вопратку малую рабіла яму маці ягоная і прыносіла яму штогоду, калі прыходзіла з мужам сваім дзеля належнага ахвярапрынашэньня.
20. І дабраславіў Ілій Элкану і жонку ягоную і сказаў: хай дасьць табе Гасподзь дзяцей ад жонкі гэтай, замест гэтага, якога ты аддаў Госпаду! І пайшлі яны ў месца сваё.
21. І наведаў Гасподзь Ганну, і зачала Яна і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзве дачкі; а хлопчык Самуіл падрастаў у Госпада.
22. А Ілій быў вельмі стары і чуў усё, як учыняюць сыны ягоныя з усімі Ізраільцянамі, і што яны сьпяць з жанчынамі, што зьбіраліся каля ўваходу ў скінію сходу.
23. І сказаў ім: навошта вы робіце такія ўчынкі? бо я чую благія словы пра вас ад усяго народу,
24. не, дзеці мае, нядобрая пагудка, якую я чую; вы разбэшчваеце народ Гасподні;
25. калі згрэшыць чалавек супроць чалавека, дык памоляцца за яго Богу; а калі чалавек згрэшыць супроць Госпада, дык хто будзе хадайнікам за яго? Але яны ня слухалі голасу бацькі свайго, бо Гасподзь вырашыў ужо аддаць іх сьмерці.
26. А хлопчык Самуіл усё больш і больш набіраў узросту і ўпадабаньня ў Госпада і ў людзей.
27. І прыйшоў чалавек Божы да Ілія і сказаў яму: так кажа Гасподзь: ці ж не адкрыўся Я дому бацькі твайго, калі яны былі яшчэ ў Егіпце, у доме фараона?
28. і ці ж ня выбраў яго з усіх каленаў Ізраілевых Сабе ў сьвятары, каб ён падымаўся да ахвярніка Майго, каб дыміў фіміямам, каб насіў эфод перад Мною? і ці ж ня даў Я дому бацькі твайго ад усіх паленых агнём ахвяр сыноў Ізраілевых?
29. навошта ж вы топчаце нагамі ахвяры Мае і хлебныя прынашэньні Мае, якія запавядаў Я жытлішчу Майму, і навошта ты аддаеш перавагу сынам сваім перад Мною, раскормліваючы сябе пачаткамі прынашэньняў народу Майго Ізраіля?
30. Таму так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я сказаў тады : дом твой і дом бацькі твайго будуць хадзіць перад абліччам Маім вавек; а цяпер кажа Гасподзь: хай ня будзе так, бо Я праслаўлю тых, што праслаўляюць Мяне, а тыя, што няславяць Мяне, будуць паганьбаваныя.
31. Вось, настаюць дні, калі я падсяку мышцу тваю і мышцу дома бацькі твайго, так што ня будзе старца ў доме тваім ніколі;
32. і ты будзеш бачыць бедства жытлішча Майго, пры ўсім тым, што Гасподзь дабрачыніць Ізраілю, і ня будзе ў доме тваім старца праз усе дні.
33. Я не адхілю ў цябе ўсіх ад ахвярніка Майго, каб таміць вочы твае і мучыць душу тваю; але ўсе нашчадкі дома твайго будуць паміраць у сярэдніх гадах.
34. І вось табе азнака, якая будзе з двума сынамі тваімі, Офні і Фінээсам: абодва яны памруць у адзін дзень.
35. І пастаўлю Сабе сьвятара вернага; ён будзе рабіць па сэрцы Маім і па душы Маёй; і дом яго зраблю цьвёрдым, і ён будзе хадзіць перад памазанцам Маім праз усе дні;
36. І кожны, хто застаўся з дома твайго, прыйдзе кланяцца яму за геру срэбра і кавалак хлеба і скажа: далучы мяне да якой-небудзь лявіцкай пасады, каб мець пракорм.

1 Самуіла 3:1-21
1. Хлопчык Самуіл служыў Госпаду пры Іліі; слова Гасподняе было рэдкае ў тыя дні, відзежы былі ня частыя.
2. І было ў той час, калі Ілій ляжаў на сваім месцы, — а вочы яго пачалі зьмежваццца, і ён ня мог бачыць,—
3. і сьвяцільня Божая яшчэ не патухла, і Самуіл ляжаў у храме Гасподнім, дзе каўчэг Божы:
4. паклікаў Гасподзь Самуіла. І адказаў ён: вось я!
5. І пабег да Іліі і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе; ідзі назад, кладзіся. І ён пайшоў і лёг.
6. Але Гасподзь другі раз паклікаў Самуіла. Ён устаў і прыйшоў да Іліі другі раз і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе, сыне мой; ідзі назад, кладзіся.
7. Самуіл яшчэ ня ведаў тады голасу Госпада, і яшчэ не адкрывалася яму слова Гасподняе.
8. І паклікаў Гасподзь Самуіла яшчэ трэці раз. Ён устаў і прыйшоў да Іліі і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Тады зразумеў Ілій, што Гасподзь кліча хлопчыка.
9. І сказаў Ілій Самуілу: ідзі назад і кладзіся, і калі пакліча цябе Той, Які кліча, ты скажы: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой. І пайшоў Самуіл і лёг на месцы сваім.
10. І прыйшоў Гасподзь, і стаў, і паклікаў, як таго і другога разу: Самуіле! Самуіле! І сказаў Самуіл: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой.
11. І сказаў Гасподзь Самуілу: вось, Я ўчыню дзею ў Ізраіле, пра якую калі хто пачуе, дык у таго зазьвініць у вушах;
12. у той дзень Я ўчыню над Ізраілем усё тое, што Я казаў пра дом ягоны; Я пачну і закончу;
13. Я абвясьціў яму, што Я пакараю дом яго навек за тую віну, што ён ведаў, як сыны ягоныя ліхадзейнічаюць, і ня цугляў іх;
14. і таму прысягаю дому Іліі, што віна дома Іліевага не загладзіцца ні ахвярамі, ні прынашэньнямі хлебнымі вавек.
15. І спаў Самуіл да раніцы, і адчыніў дзьверы дома Гасподняга; і баяўся Самуіл абвясьціць відзеж гэты Ілію.
16. Але Ілій паклікаў Самуіла і сказаў: сыне мой Самуіле! Той сказаў: вось я!
17. І сказаў Ілій : што сказана табе? не хавай ад мяне, тое і тое зробіць з табою Бог, і яшчэ болей зробіць, калі ты ўтоіш ад мяне што-колечы з усяго таго, што сказана табе.
18. І абвясьціў яму Самуіл і ня ўтоіў ад яго нічога. Тады сказаў Ілій : Ён — Гасподзь; што Яму заўгодна, тое і ўтворыць.
19. І вырас Самуіл, і Гасподзь быў зь ім; і не засталося ніводнага слова ягонага, каб ня спраўдзілася.
20. І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дана да Вірсавіі, што Самуілу выпаў гонар быць прарокам Гасподнім.
21. І прадаўжаў Гасподзь яўляцца ў Сіломе пасьля таго, як адкрыў Сябе Самуілу ў Сіломе праз слова Гасподняе.

Псалмы 52:1-7
1. Кіроўцу хору. На духавым інструмэньце. Навучальная псальма Давідава.
2. Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога. Разбэсьціліся яны, і ўчынілі гнюсныя злачынствы; няма дабрачынца.
3. Бог зь нябёсаў паглядзеў на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць той, хто разумее, шукае Бога.
4. Усе ўхіліліся, зрабіліся аднолькава непатрэбнымі; ніхто ня робіць дабра, ніхто аніводзін.
5. Няўжо ня ўрымсьцяцца беззаконьнікі, якія народ мой ядуць, быццам хлеб ядуць, і не заклікаюць Бога?
6. Там страхам яны напалохаюцца, дзе страху няма, бо рассыпле Бог косткі таго, хто супраць Цябе ўзбурыўся, Ты іх пасароміш, бо іх Бог заняхаіў.
7. Хто дасьць з Сіёна ратунак Ізраілю? Калі Бог скасуе палон народу Свайго, тады зарадуецца Якаў і ўзьвесяліцца Ізраіль.

Прытчы 15:8-11
8. Ахвяра бязбожных — агідная Го­спаду, а малітва праведных Яму даспа­добы.
9. Агіда Госпаду — шлях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.
10. Ліхая кара таму, хто скрывіць да­рогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.
11. Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.