A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 27

Суддзі 20:1-48
1. І выйшлі ўсе сыны Ізраілевыя, і сабралася ўсё супольства, як адзін чалавек, ад Дана да Вірсавіі, і зямля Галаадская перад Госпадам ў Масіфу.
2. І сабраліся правадыры ўсяго народу, усе плямёны Ізраілевыя, на сход народу Божага, чатырыста тысяч пешых, якія агалялі меч.
3. І сыны Веньямінавыя пачулі, што сыны Ізраілевыя прыйшлі ў Масіфу. І сказалі сыны Ізраілевыя: скажэце, як адбывалася гэтае ліха?
4. Лявіт, муж той забітай жанчыны, адказваў і сказаў: я з наложніцаю маёю прыйшоў начаваць у Гіву Веньямінавую;
5. і паўсталі на мяне жыхары Гівы і атачылі празь мяне дом уначы; мяне мерыліся забіць і наложніцу маю замардавалі, так што яна памерла;
6. я ўзяў наложніцу маю, расьсек яе і паслаў яе ва ўсе вобласьці валоданьняў Ізраілевых, бо яны ўчынілі беззаконьне і паскудную дзею ў Ізраілі;
7. вось, усе вы, сыны Ізраілевыя, разгледзьце гэтую дзею і вырашыце тут.
8. І паўстаў увесь народ, як адзін чалавек, і сказаў: ня пойдзем ніхто ў намёт свой і ня вернемся ніхто ў дом свой;
9. і вось, што мы зробім сёньня з Гіваю: пойдзем на яе па жэрабі;
10. і возьмем па дзесяць чалавек са ста ад усіх плямёнаў Ізраілевых, па сто ад тысячы і па тысячы ад цьмы, каб яны прынесьлі ежы народу, які пойдзе супроць Гівы Веньямінавай, пакараць яе за паскудную дзею, якую яна ўчыніла ў Ізраілі.
11. І сабраліся ўсе Ізраільцяне супроць горада аднадушна, як адзін чалавек.
12. І паслалі плямёны Ізраілевыя ва ўсё племя Веньямінавае сказаць: якая гэта гнюсотная дзея ўчынена ў вас!
13. выдайце тых распусных людзей, якія ў Гіве; мы аддамо іх сьмерці і выкарчуем зло зь Ізраіля. Але сыны Веньямінавыя не хацелі слухаць голасу братоў сваіх, сыноў Ізраілевых;
14. а сабраліся сыны Веньямінавыя з гарадоў у Гіву, каб пайсьці вайною супроць сыноў Ізраілевых.
15. І налічылася таго дня сыноў Веньямінавых з гарадоў дваццаць шэсьць тысяч чалавек, якія агалілі меч: апрача таго з жыхароў Гівы налічана сямсот адборных;
16. з усяго народу гэтага было сямсот чалавек адборных, якія былі ляўчукі, і ўсе гэтыя, кідаючы з прашчы камень у волас, ня кідалі міма.
17. А Ізраільцянаў, апрача сыноў Веньямінавых, налічвалася чатырыста тысяч чалавек, што агалялі меч; усе яны былі здольныя да вайны.
18. І ўсталі і пайшлі ў дом Божы, і пыталіся ў Бога і сказалі сыны Ізраілевыя: хто з нас раней пойдзе на вайну з сынамі Веньяміна? І сказаў Гасподзь: Юда наперадзе.
19. І ўсталі сыны Ізраілевыя раніцай і атабарыліся каля Гівы;
20. і выступілі Ізраільцяне на вайну супроць Веньяміна, і сталі сыны Ізраілевыя ў баявы парадак каля Гівы.
21. І выйшлі сыны Веньямінавыя зь Гівы і паклалі ў той дзень дваццаць дзьве тысячы Ізраільцянаў на зямлю.
22. Але народ Ізраільскі падбадзёрыўся, і зноў сталі ў баявы парадак на тым месцы, дзе стаялі першы дзень.
23. І пайшлі сыны Ізраілевыя, і плакалі перад Госпадам да вечара, і пыталіся ў Госпада: ці ўступаць мне яшчэ ў бітву з сынамі Веньяміна, брата майго? Гасподзь сказаў: ідзеце супроць яго.
24. І падступіліся сыны Ізраілевыя да сыноў Веньямінавых на другі дзень.
25. Веньямін выступіў супроць іх зь Гівы на другі дзень, і яшчэ паклалі на зямлю з сыноў Ізраілевых васемнаццаць тысяч чалавек, што агаляюць меч.
26. Тады ўсе сыны Ізраілевыя і ўвесь народ пайшлі і прышлі ў дом Божы і, седзячы там, плакалі перад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень да вечара, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры прерад Госпадам.
27. І пыталіся сыны Ізраілевыя ў Госпада,
28. ці выходзіць мне яшчэ на бітву з сынамі Веньяміна, брата майго, ці не? Гасподзь сказаў: ідзеце: Я заўтра аддам яго ў рукі вашыя.
29. І паставіў Ізраіль засаду вакол Гівы.
30. І пайшлі сыны Ізраілевыя на сыноў Веньяміна на трэці дзень і сталі ў баявы парадак перад Гіваю, як раней.
31. Сыны Веньямінавыя выступілі супроць народу і аддаліліся ад горада, і пачалі, як раней, забіваць з народу на дарогах, зь якіх адна ідзе да Вэтыля, а другая да Гівы полем, і забілі да трыццаці чалавек зь Ізраільцянаў.
32. І сказалі сыны Веньямінавыя: яны падаюць перад намі, як і раней. А сыны Ізраілевыя сказалі: пабяжым ад іх і адцягнем іх ад горада на дарогі.
33. І ўсе Ізраільцяне ўсталі з свайго месца і выстраіліся ў Ваал-Тамары. І засада Ізраілевая кінулася з свайго месца, з заходняга боку Гівы.
34. І прыйшлі да Гівы дзесяць тысяч чалавыек адборных з усяго Ізраіля, і пачалася жорсткая бітва; алесыны Веньяміна ня ведалі, што іх чакае бяда.
35. І пабіў Гасподзь Веньяміна перад Ізраільцянамі, і паклалі ў той дзень Ізраільцяне з сыноў Веньяміна дваццаць пяць тысяч сто чалавек, што агалілі меч.
36. Калі сыны Веньяміна ўбачылі, што яны пабітыя, тады Ізраільцяне саступілі месца сынам Веньяміна, бо спадзяваліся на засаду, якую яны пакінулі паблізу Гівы.
37. А засада пасьпяшалася і памкнулася да Гівы, і ўступіла і пабіла ўвесь горад мечам.
38. Ізраільцяне паставілі з засадаю умоўленым знакам да нападу дым слупам з горада.
39. І вось, калі Ізраільцяне адступілі зь месца бітвы, і Веньямін пачаў пабіваць і пабіў Ізраільцянаў да трыццаці чалавек і казаў: "зноў падаюць яны перад намі, як і ў ранейшых бітвах",
40. тады пачаў падымацца з горада дым слупам. Веньямін азірнуўся назад, і вось, дым ад усяго града падымаецца ў неба.
41. Ізраільцяне вярнуліся, а Веньямін спалохаўся, бо ўбачыў, што спасьцігла яго бяда.
42. І пабеглі яны ад Ізраільцянаў па дарозе да пустыні; але сеча перасьледавала іх, і тыя, што выходзілі з гарадоў, пабівалі іх там;
43. атачылі Веньяміна і перасьледавалі яго да Мэнухі і пабівалі да самага ўсходняга боку Гівы.
44. І загінула з сыноў Веньяміна васемнаццаць тысяч чалавек, людзей дужых.
45. Астатнія павярнуліся і пабеглі да пустыні, да скалы Рымона, і пабілі яшчэ на дарогах пяць тысяч чалавек; і гналіся за імі да Гідома і яшчэ забілі зь іх дзьве тысячы чалавек.
46. А ўсіх сыноў Веньямінавых, якія загінулі ў той дзень, было дваццаць пяць тысяч чалавек, што агалілі меч, і ўсе яны былі мужчыны дужыя.
47. І ўцяклі астатнія ў пустыню, да скалы Рымона, шэсьцьсот чалавек, і заставаліся там у каменнай гары Рымоне чатыры месяцы.
48. А Ізраільцяне зноў пайшлі да сыноў Веньямінавых і пабілі іх там, і людзей у горадзе, і быдла, і ўсё, што ні сустракалася, і ўсе, што былі на дарозе, гарады спалілі агнём.

Суддзі 21:1-25
1. І прысягнулі Ізраільцяне ў Масіфе, кажучы: ніхто з нас не аддасьць дачкі сваёй сынам Веньяміна замуж.
2. І прыйшоў народ у дом Божы, і сядзелі там да вечара перад Богам, і нарабілі вялікага галасу, і моцна плакалі,
3. і сказалі: Госпадзе, Божа Ізраілеў! навошта здарылася гэта ў Ізраілі, што ня стала цяпер у Ізраіля аднаго племя?
4. На другі дзень устаў народ раніцай, і паставілі там ахвярнік, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры.
5. І сказалі сыны Ізраілевыя: хто ня прыходзіў на сход да Госпада з усіх плямёнаў Ізраілевых? Бо вялікі праклён сказаны быў на тых, якія ня прыйшлі да Госпада ў Масіфу, і сказана было, што тыя аддадзены будуць сьмерці.
6. І ўмілажаліліся сыны Ізраілевыя зь Веньяміна, брата свайго, і сказалі: сёньня адцята адно племя ад Ізраіля;
7. што нам рабіць з рэштаю іх, з жанчынамі, калі мы прысягнулі Госпадам не даваць ім жонак з дочак нашых?
8. І сказалі: ці няма каго з плямёнаў Ізраілевых, хто ня прыходзіў перад Госпада ў Масіфу? І выявілася, што зь Явіса Галаадскага ніхто ня прыходзіў перад Госпада ў табар на сход.
9. І агледжаны народ, і вось, ня было там ніводнага з жыхароў Явіса Галаадскага.
10. І паслала туды супольства дванаццаць тысяч чалавек, мужчын дужых, і далі ім загад, кажучы: ідзеце і пабеце жыхароў Явіса Галаадскага мечам, і жанчын і дзяцей;
11. і вось што зрабеце: кожнага мужчыну і кожную жанчыну, якія зьведалі ложак мужаў, праклянеце.
12. І знайшлі яны сярод жыхароў Явіса Галаадскага чатырыста дзяўчат, якія ня зьведалі ложка мужавага, і прывялі іх у табар у Сілом, што ў зямлі Ханаанскай.
13. І паслала ўсё супольства перагаварыць з сынамі Веньямінавымі, якія былі ў скале Рымоне, і абвясьціла ім мір.
14. Тады вярнуліся сыны Веньяміна, і далі ім жонак, якіх пакінулі жывымі з жанчын Явіса Галаадскага; але выявілася, што гэтага было недастаткова.
15. А народ шкадаваў Веньяміна, што Гасподзь не захаваў цэласьці плямёнаў Ізраілевых.
16. І сказалі старэйшыны супольства: што нам рабіць з астатнімі, што да жонак, бо зьнішчаны жанчыны ў Веньяміна?
17. І сказалі: спадчынная зямля няхай застаецца ацалелым сынам Веньяміна, каб ня зьнікла племя зь Ізраіля;
18. але мы ня можам даць ім жонак з дочак нашых. Бо сыны Ізраілевыя прысягнуліся, кажучы: пракляты, хто дасьць жонку Веньяміну;
19. І сказалі: вось, кожны год бывае сьвята Гасподняе ў Сіломе, што на поўначы ад Вэтыля і на ўсход ад дарогі, якая вядзе з Вэтыля ў Сіхем, і на поўдзень ад Левоны.
20. І загадалі сынам Веньяміна і сазалі: ідзеце і засядзьце ў вінаградніках,
21. і глядзеце, калі выйдуць дзяўчаты Сіломскія скакаць у карагодах: тады выйдзіце зь вінаграднікаў і схапеце сабе кожны жонку зь дзяўчат Сіломскіх і ідзеце ў зямлю Веньямінавую;
22. і калі прыйдуць бацькі іхнія, альбо браты іхнія са скаргаю да нас, мы скажам ім: прасеце нас за іх, бо мы не ўзялі кожнаму зь іх жонкі на вайне, і вы не далі ім; цяпер вы вінаватыя.
23. Сыны Веньяміна так і зрабілі, і ўзялі жонак паводле ліку свайго з тых, што былі ў карагодзе, якіх яны захапілі, і пайшлі і вярнуліся ў надзел свой, і пабудавалі гарады і пачалі жыць у іх.
24. У той самы час Ізраільцяне разышліся адтуль кожны ў племя сваё і ў род свой, і пайшлі адтуль кожны ў надзел свой.
25. У тыя дні ня было цара ў Ізраіля: кожны рабіў тое, што яму здавалася правільным.

Псалмы 50:13-21
13. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне.
14. Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай.
15. Я навучу беззаконцаў шляхам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца.
16. Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю.
17. Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе:
18. бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца.
19. Ахвяра Богу — дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае.
20. Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія.
21. Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.

Прытчы 15:1-3
1. Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.
2. Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.
3. Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.

Лука 19:1-27
1. Потым Ісус увайшоў у Ерыхон і праходзіў празь яго.
2. І вось, нехта на імя Закхей, начальнік мытнікаў і чалавек багаты,
3. стараўся ўбачыць Ісуса, хто Ён, але ня мог з-за людзей, бо малога быў росту;
4. і забегшы наперад, залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Яму выпадала праходзіць міма яе.
5. Ісус, калі прыйшоў на гэтае месца, зірнуўшы, угледзеў яго і сказаў яму: Закхей! сыдзі хутчэй, бо сёньня трэба мне быць у цябе ў доме.
6. І ён пасьпешна сышоў і прыняў Яго з радасьцю.
7. І ўсе, бачачы тое, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў да грэшнага чалавека.
8. А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: Госпадзе! палавіну маёмасьці маёй я аддам убогім і, калі каго чым пакрыўдзіў, аддам учатыракроць.
9. Ісус сказаў яму: сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо і ён сын Абрагамаў;
10. бо Сын Чалавечы прыйшоў зыскаць і выратаваць тое, што загінула.
11. А калі яны слухалі гэта, дадаў прытчу: бо Ён быў блізь Ерусаліма, і яны думалі, што неўзабаве павінна адкрыцца Царства Божае.
12. Дык вось сказаў: нейкі чалавек высокага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб атрымаць сабе царства і вярнуцца;
13. і паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: пускайце іх у абарот, пакуль не вярнуся.
14. Але грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі сьледам за ім пасольства, сказаўшы: ня хочам, каб ён валадарыў над намі.
15. І калі вярнуўся, атрымаўшы царства, загадаў паклікаць да сябе рабоў тых, якім даў серабро, каб даведацца, хто што набыў.
16. Прыйшоў першы і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла дзесяць мінаў.
17. І сказаў яму: выдатна, добры раб! за тое, што ты ў малым быў верны, вазьмі пад управу дзесяць гарадоў.
18. Прыйшоў другі і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла пяць мінаў.
19. Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьцю гарадамі.
20. Прыйшоў трэйці і сказаў: гаспадару! вось твая міна, якую я захоўваў, загарнуўшы ў хустачку;
21. бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў.
22. Гаспадар сказаў яму: тваімі вуснамі судзіцьму цябе, ліхі раб! ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў;
23. чаму ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
24. І сказаў тым, што стаялі першыя: вазьмеце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў.
25. І сказалі яму: гаспадару! у яго ёсьць дзесяць мінаў.
26. Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
27. а ворагаў маіх тых, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзеце сюды і пабеце перада мною.