A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 24

Суддзі 13:1-25
1. Сыны Ізраілевыя і далей рабілі ліхое перад вачыма Госпада, і аддаў іх Гасподзь у рукі Філістымлянам на сорак гадоў.
2. Тым часам быў чалавек з Цоры, ад племя Данавага, імем Маной; жонка ў яго была няплодная і не радзіла.
3. І зьявіўся анёл Гасподні жонцы і сказаў ёй: вось, ты няплодная і ня родзіш; але зачнеш і народзіш сына;
4. але глядзі, ня пі віна і сікеру і ня еж нічога нячыстага;
5. бо вось, ты зачнеш і народзіш сына, і брытва не кранецца галавы ягонай, бо ад самага чэрава дзіця гэтае будзе назарэем Божым, і ён пачне ратаваць Ізраіля ад рукі Філістымлянаў.
6. Жонка прыйшла і сказала мужу свайму: чалавек Божы прыходзіў да мяне, у якога выгляд, як у анёла Божага, вельмі пачцівы; я ня спыталася ў яго, адкуль ён, і ён не сказаў мне імя свайго;
7. ён сказаў мне: "вось, ты зачнеш і народзіш сына; дык ня пі віна і сікеру і ня еж нічога нячыстага, бо дзіця ад самага чэрава да сьмерці сваёй будзе назарэй Божы".
8. Маной памаліўся Госпаду і сказаў: Госпадзе! няхай прыйдзе зноў да нас чалавек Божы, якога пасылаў Ты, і навучыць нас, што нам рабіць зь дзіцём, якое мае нарадзіцца.
9. І пачуў Бог голас Маноя, і анёл Божы зноў прыйшоў да жонкі, калі яна была ў полі, і Маноя, мужа яе, ня было зь ёю.
10. Жонка адразу пабегла і паведаміла мужу свайму і сказала яму: вось, зьявіўся мне чалавек, які прыходзіў тады.
11. Маной устаў і пайшоў з жонкаю сваёю, і прыйшоў да таго чалавека і сказаў яму: ці той ты чалавек, які гаварыў з гэтаю жанчынаю? Анёл сказаў: я.
12. І сказаў Маной: дык вось, калі спраўдзіцца слова тваё, як нам абыходзіцца зь дзіцём гэтым і што рабіць зь ім?
13. Анёл Гасподні сказаў Маню: хай ён асьцерагаецца ўсяго, пра што я сказаў жонцы;
14. хай ня есць нічога, што родзіць вінаградная лаза; хай ня п'е віна і сікеру і ня есьць нічога нячыстага і пільнуецца ўсяго, што я загадаў ёй.
15. І сказаў Маной анёлу Гасподняму: дазволь цябе затрымаць, пакуль мы не прыгатуем табе казьляня.
16. Анёл Гасподні сказаў Маною: хоць бы ты і ўтрымаў мяне, але я ня буду есьці хлеба твайго; а калі хочаш учыніць цэласпаленьне Госпаду, дык учыні яго. А Маной жа ня ведаў, што гэта анёл Гасподні.
17. І сказаў Маной анёлу Гасподняму: якое тваё імя? каб мы цябе ўславілі, калі спраўдзіцца слова тваё.
18. Анёл Гасподні сказаў яму: што ты пытаеш пра імя маё? яно таямнічае.
19. І ўзяў Маной казьляня і хлебнае прынашэньне і ўчыніў Госпаду на камені. І зрабіў Ён цуд, які бачылі Маной і жонка ягоная.
20. Калі полымя пачало падымацца ад ахвярніка да неба, анёл Гасподні падняўся ў полымі ахвярніка. Убачыўшы гэта, Маной і жонка ўпалі тварам на зямлю.
21. І нябачны зрабіўся анёл Гасподні Маною і жонцы ягонай. Тады Маной даведаўся, што гэта анёл Гасподні.
22. І сказаў Маной жонцы сваёй: мабыць, мы памрэм, бо бачылі мы Бога.
23. Жонка яго сказала яму: калі б Гасподзь хацеў сьмерці нашай, дык ня прыняў бы з рук нашых цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня, і не паказаў бы нам усяго таго, і цяпер не адкрыў бы нам гэтага.
24. І нарадзіла жонка сына і дала яму імя: Самсон. І расло дзіця, і дабраслаўляў яго Гасподзь.
25. І пачаў Дух Гасподні дзейнічаць у ім у табары Данавым, паміж Цораю і Эстаолам.

Суддзі 14:1-20
1. І пайшоў Самсон у Тымнату і ўбачыў у Тымнаце жанчыну з дачок Філістымскіх.
2. Ён пайшоў і абвясьціў бацьку свайму і маці сваёй і сказаў: я бачыў у Тымнаце жанчыну з дачок Філістымскіх; вазьмеце мне яе за жонку.
3. Бацька і маці яго сказалі яму: хіба няма жанчын сярод дочак братоў тваіх і ва ўсім народзе маім, што ты ідзеш узяць жонку ў Філістымлянаў неабрэзаных? І сказаў Самсон бацьку свайму: яе вазьмі мне, бо яна мне спадабалася.
4. Бацька яго і маці яго ня ведалі, што гэта ад Госпада, і што ён шукае выпадку адпомсьціць Філістымлянам. А ў той час Філістымляне панавалі над Ізраілем.
5. І пайшоў Самсон з бацькам сваім і з маці сваёю у Тымнату, і калі падыходзілі да вінаграднікаў Тымнаты, вось, малады леў рыклівы ідзе яму насустрач.
6. І сышоў на яго Дух Гасподні, і ён разадраў ільва, бы казьляня; і ў руцэ у яго нічога ня было. І не сказаў бацьку свайму і маці сваёй, што ён зрабіў.
7. І прыйшоў і пагутарыў з жанчынаю, і яна спадабалася Самсону.
8. Праз некалькі дзён зноў пайшоў ён, каб узяць яе і зайшоў паглядзець на труп ільва, і вось, рой пчол на трупе ільвіным і мёд.
9. Ён узяў яго ў рукі свае і пайшоў і еў дарогаю; і калі прыйшоў да бацькі свайго і маці сваёй, даў і ім, і яны елі; але не сказаў ім, што зь ільвінага трупа ўзяў мёд гэты.
10. І прыйшоў бацька ягоны да жанчыны, і зладзіў там Самсон гасьціну, як звычайна робяць жаніхі.
11. І калі там убачылі яго, выбралі трыццаць вясельных дружкаў, каб яны былі пры ім.
12. І сказаў ім Самсон: загадаю я вам загадку; калі вы адгадаеце мне яе за сем дзён гасьціны і адгадаеце правільна, дык я даю вам трыццаць сіндонаў і трыццаць перамен вопраткі;
13. а калі ня здолееце адгадаць мне, дык вы дайце мне трыццаць сіндонаў і трыццаць перамен вопраткі. Яны сказалі яму: загадай загадку тваю, паслухаем.
14. І сказаў ім: зь едака выйшла еднае, і з дужага выйшла салодкае. І не маглі адгадаць загадкі за тры дні.
15. На сёмы дзень сказалі яны жонцы Самсонавай: угавары мужа твайго, каб ён разгадаў нам загадку; інакш спалім агнём цябе і дом бацькі твайго; хіба ж вы паклікалі нас, каб абабраць нас?
16. І плакала жонка Самсонава перад ім і казала: ты ненавідзіш мяне і не кахаеш; ты загадаў загадку сынам народу майго, а мне не разгадваеш яе. Ён сказаў ёй: бацьку майму і маці маёй не разгадаў яе; ці ж табе разгадаю?
17. І плакала яна перад ім сем дзён, колькі доўжылася ў іх гасьціна. Нарэшце на сёмы дзень разгадаў ёй, бо яна вельмі моцна прасіла яго. А яна разгадала загадку сынам народу свайго.
18. І на сёмы дзень да захаду сонца сказалі яму грамадзяне: што саладзей за мёд, і што дужэй за ільва! Ён сказаў ім: калі б вы не аралі на маёй цялушцы, дык не адгадалі б маёй загадкі.
19. І сышоў на яго Дух Гасподні, і пайшоў ён у Аскалон, і, забіўшы там трыццаць чалавек, зьняў зь іх вопратку, і аддаў перамены вопраткі тым, што разгадалі загадку ягоную. І запалаў гнеў ягоны, і пайшоў ён у дом да бацькі свайго.
20. А жонка Самсонава выйшла за вясельнага дружка ягонага, які быў пры ім за дружка.

Псалмы 49:16-23
16. А грэшніку кажа Бог: чаго прапаведуеш ты ўстанаўленьні Мае і бярэш Мой запавет у вусны твае,
17. а сам ненавідзіш Маё настаўленьне, і словы Мае за сябе адкідаеш?
18. Калі бачыш ты злодзея, лагодзішся зь ім, і зь пералюбцамі стасункуешся,
19. вусны твае пускаеш на слова ліхое і язык твой хітрыну пляце;
20. сядзіш і на брата твайго намаўляеш, на сына маці тваёй паклёпы пускаеш;
21. ты гэта рабіў, і Я маўчаў; ты падумаў, што Я такі самы, як ты. Выкрыю цябе, і пакажу вачам тваім грахі твае.
22. Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога, каб Я не забраў вас, бо ня будзе каму ратаваць.
23. Хто ў ахвяру падзяку прыносіць, той шануе Мяне, і хто на дарогі свае зважае, таму пакажу Я Божы ратунак!

Прытчы 14:29-30
29. У цярплівага чалавека багата ро­зуму, а ў палкага многа дурасьці.
30. Ціхмянае сэрца — жыцьцё целу, а зайздрасьць — гнілізна касьцям.

Лука 17:20-37
20. А як спыталіся ў Яго фарысэі, калі прыйдзе Царства Божае, адказваў ім: ня прыйдзе Царства Божае ўвачавідкі,
21. і ня скажуць: вось, яно тут, альбо: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсьць.
22. Сказаў таксама вучням: прыйдуць дні, калі захочаце бачыць хоць адзін зь дзён Сына Чалавечага, і ня ўбачыце;
23. і скажуць вам: вось, тут, альбо: вось, там, — ня ідзеце і ня гневайцеся:
24. бо як маланка, што бліснула з аднаго краю неба, бліскае да другога краю неба, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
25. Але сьпярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым родам гэтым.
26. І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
27. елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.
28. Гэтак сама было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
29. але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх:
30. так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца.
31. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад;
32. успамінайце жонку Лотаву.
33. Хто будзе ашчаджаць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
34. Маўляю вам: у тую ноч будуць двое на адной пасьцелі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
35. дзьве будуць малоць разам: адна возьмецца, а другая пакінецца:
36. двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.
37. На гэта сказалі Яму: дзе, Госпадзе? А Ён сказаў ім: дзе труп, там зьбяруцца і арлы.