A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 23

Суддзі 11:1-40
1. Ефтай Галаадыцянін быў чалавек адважны; ён быў сын распусьніцы; ад Гілеада нарадзіўся Ефтай.
2. І жонка Галаадава нарадзіла яму сыноў. Калі ўзмужнелі жончыныя сыны, яны выгналі Ефтая, сказаўшы яму: ты ня спадчыньнік у доме бацькі нашага, бо ты сын іншай жанчыны.
3. І ўцёк Ефтай ад братоў сваіх і жыў у зямлі Тоў; і сабраліся да Ефтая людзі, якім ня было чаго траціць, і выходзілі зь ім.
4. Праз некаторы час Аманіцяне пайшлі вайною на Ізраіля.
5. У час вайны Аманіцянаў з Ізраільцянамі прыйшлі старэйшыны Галаадскія ўзяць Ефтая зь зямлі Тоў
6. і сказалі Ефтаю: прыйдзі, будзь нам за правадыра, і будзем біцца з Аманіцянамі.
7. Ефтай сказаў старэйшынам Галаадскім: ці ж ня вы зьненавідзелі мяне і выгналі з дому бацькі майго? навошта ж прыйшлі да мяне цяпер, калі вы ў бядзе?
8. Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: таму мы цяпер прыйшлі да цябе, каб ты пайшоў з намі і біўся з Аманіцянамі і быў у нас за правадыра ўсім жыхарам Галаадскім.
9. І сказаў Ефтай старэйшынам Галаадскім: калі вы вернеце мяне, каб біцца з Аманіцянамі, і Гасподзь аддасьць мне іх,— дык ці застануся я ў вас за правадыра?
10. Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: Гасподзь хай будзе за сьведку паміж намі, што мы зробім паводле слова твайго!
11. І пайшоў Ефтай з старэйшынамі Галаадскімі і народ паставіў яго над сабою начальнікам і правадыром, і Ефтай вымавіў усе словы свае перад абліччам Госпада ў Масіфе.
12. І паслаў Ефтай да цара Аманіцкага сказаць: што табе да мяне, што ты прыйшоў да мяне ваяваць на зямлі маёй?
13. Цар Аманіцкі сказаў паслам Ефтаевым: Ізраіль, калі ішоў зь Егіпта; узяў зямлю маю ад Арнона да Явока і Ярдана; дык вось, аддай мне яе зь мірам.
14. Ефтай другі раз паслаў паслоў да цара Аманіцкага —
15. сказаць яму: так кажа Ефтай: Ізраіль ня ўзяў зямлі Маавіцкай і зямлі Аманіцкай;
16. бо, калі ішлі зь Егіпта, Ізраіль пайшоў у пустыню да Чэрмнага мора і прыйшоў у Кадэс;
17. адтуль паслаў Ізраіль паслоў да цара Эдомскага сказаць: "дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю"; але цар Эдомскі не паслухаў; і да цара Маавіцкага ён пасылаў, але і той не згадзіўся; таму Ізраіль заставаўся ў Кадэсе.
18. І пайшоў пустыняю, і абышоў зямлю Эдомскую і зямлю Маавіцкую, прыйшоўшы да ўсходняй мяжы зямлі Маавіцкай, атабарыўся за Арнонам; але не ўваходзіў у межы Маавіцкія, бо Арнон ёсьць мяжа Маав.
19. І паслаў Ізраіль паслоў да Сігона, цара Амарэйскага, цара Эсэвонскага, і сказаў яму Ізраіль: дазволь нам прайсьці зямлёю тваёю ў нашае месца.
20. Але Сігон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля праз межы свае, і сабраў Сігон увесь народ свой, і разьмясьціўся табарам у Яацы, і біўся зь Ізраілем.
21. І аддаў Гасподзь Бог Ізраілеў Сігона і ўвесь народ ягоны ў рукі Ізраілю, і ён пабіў іх; і атрымаў Ізраіль у спадчыну ўсю зямлю Амарэя, які жыў у зямлі той;
22. і атрымалі яны ў спадчыну ўсе межы Амарэя ад Арнона да Явока і ад пустыні да Ярдана.
23. Дык вось, Гасподзь Бог Ізраілеў прагнаў Амарэя ад аблічча народу Свайго Ізраіля, а ты хочаш забраць яго спадчыну?
24. Ці не валодаеш ты тым, што даў табе Хамос, бог твой? І мы валодаем усім тым, што даў нам у спадчыну Гасподзь, Бог наш.
25. Хіба ты лепшы за Валака, сына Сэпфоравага, цара Маавіцкага? ці сварыўся ён зь Ізраілем, альбо ці ваяваў зь імі?
26. Ізраіль жыве ўжо трыста гадоў у Эсэвоне і ў залежных ад яго гарадах, у Араіры, і ў залежных ад яго гарадах, і ва ўсіх гарадах, якія паблізу Арнона; але чаму вы ў той час не адабралі іх?
27. А я не вінаваты перад табою, і ты робіш мне благое, выступіўшы супроць мяне вайною. Гасподзь Судзьдзя хай будзе сёньня судзьдзёю паміж сынамі Ізраіля і Аманіцянамі!
28. Але цар Аманіцкі не паслухаў слоў Ефтая, зь якімі ён пасылаў да яго.
29. І быў на Ефтаі Дух Гасподні, і прайшоў ён Галаад і Манасію, і з Масіфы Галаадскай пайшоў да Аманіцянаў.
30. І даў Ефтай абяцаньне Госпаду і сказаў: калі ты аддасі Аманіцян у рукі мае,
31. дык, як вярнуся зь мірам ад Аманіцянаў, што выйдзе з варотаў дома насустрач мне, будзе Госпаду, і прынясу гэта на цэласпаленьне.
32. І прыйшоў Ефтай да Аманіцянаў ваяваць зь імі, і аддаў іх Гасподзь у рукі ягоныя;
33. і пабіў іх боем вельмі вялікім, ад Араэра да Мініта дваццаць гарадоў, і да Авэль-Кераміма, і ўпакорыліся Амарэі перад сынамі Ізраілевымі.
34. І прыйшоў Ефтай у Масіфу ў дом свой, і вось, дачка ягоная выходзіць насустрач яму з тымпанамі і танцамі: яна была ў яго толькі адна, і ня было ў яго яшчэ ні сына, ні дачкі.
35. Калі ён убачыў яе, разадраў вопратку на сабе і сказаў: ах, дачка мая! ты забіла мяне; і ты сярод парушальнікаў спакою майго! я адкрыў вусны мае перад Госпадам і не магу адмовіцца.
36. Яна сказала яму: бацька мой! ты адкрыў вусны твае перад Госпадам — і рабі са мною тое, што сказалі вусны твае, калі Гасподзь учыніў празь цябе помсту ворагам тваім Аманіцянам.
37. І сказала бацьку свайму: зрабі мне толькі вось што: адпусьці мяне на два месяцы; я пайду, узыду на горы і аплачу дзявоцтва маё зь сяброўкамі маімі.
38. Ён сказаў: ідзі. І адпусьціў яе на два месяцы. Яна пайшла зь сяброўкамі і аплаквала дзявоцтва сваё ў горах.
39. Як прайшло два месяцы, яна вярнулася да бацькі свайго, і ён выканаў над ёю абяцаньне сваё, якое даў, і яна ня зьведала мужа. І ўвайшло ў звычай Ізраіля,
40. што кожны год дочкі Ізраіля хадзілі аплакваць дачку Ефтая Галаадыцяніна, чатыры дні ў год.

Суддзі 12:1-15
1. Яфрэмавыя сабраліся і прыйшлі ў Сэвіну і сказалі Ефтаю: навошта ты хадзіў ваяваць з Аманіцянамі, а нас не паклікаў з сабою? мы спалім дом твой агнём і з табою разам.
2. Ефтай сказаў ім: я і народ мой мелі з Аманіцянамі вялікую зваду; я клікаў вас, але вы не ўратавалі мяне ад рукі іхняй;
3. бачачы, што ты не ратуеш мяне, я паставіў пад пагрозу жыццё маё і пайшоў на Аманіцянаў, і аддаў іх Гасподзь у рукі мае; навошта ж вы прыйшлі сёньня ваяваць са мною?
4. І сабраў Ефтай усіх жыхароў Галаадскіх і біўся зь Яфрэмлянамі, і пабілі жыхары Галаадскія Яфрэмавых, кажучы: вы ўцекачы Яфрэмавыя, а Галаад сярод Яфрэма і сярод Манасіі.
5. І перахапілі Галаадыцяне пераправу цераз Ярдан у Яфрэмавых, і калі хто з ацалелых Яфрэмавых казаў: "дазвольце мне пераправіцца", дык жыхары Галаадскія казалі яму: ці не Яфрэмаў ты? Той казаў: не.
6. Яны казалі яму: "скажы: "шыбалет", а ён казаў: "сыбалет", і ня мог інакш вымавіць. Тады яны, узяўшы яго, заколвалі каля пераправы цераз Ярдан. І загінула тым часам з Яфрэмавых сорак дзве тысячы.
7. Ефтай быў судзьдзёю Ізраіля шэсьць гадоў, і памёр Ефтай Галаадыцянін і пахаваны ў адным з гарадоў Галаадскіх.
8. Пасьля яго быў судзьдзя Ізраіля Эсэвон з Віфляема.
9. У яго было трыццаць сыноў, і трыццаць дочак адпусьціў ён з дому, а трыццаць дочак узяў збоку за сыноў сваіх, і быў судзьдзя Ізраіля сем гадоў.
10. І памёр Эсэвон і пахаваны ў Віфляеме.
11. Пасьля яго быў судзьдзя Ізраіля Элон Завулонаў і судзіў Ізраіля дзесяць гадоў.
12. І памёр Элон Завулонаў і пахаваны ў Аялоне, у зямлі Завулонавай.
13. Пасьля яго быў судзьдзя Ізраіля Аўдон, сын Гілелаў, Піратанянін.
14. У яго было сорак сыноў і трыццаць унукаў, якія езьдзілі на сямідзесяці маладых аслах; ён судзіў Ізраіля восем гадоў.
15. І памёр Аўдон, сын Гілела, Піратанянін, і пахаваны ў Піратоне ў зямлі Яфрэмавай, на гары Амалікавай.

Псалмы 49:7-17
7. Слухай, народзе Мой, буду Я прамаўляць, Ізраіле! буду Я сьведчыць супроць цябе: Я — Бог, твой Бог.
8. Не за ахвяры твае Я дакарацьму цябе; цэласпаленьні твае заўжды прада Мною,
9. не вазьму цяляці з дома твайго, ні казлоў з кашараў тваіх;
10. бо Мае ўсе зьвяры ў лесе, і быдла на тысячы гор,
11. ведаю ўсё птаства ў гарах і зьвер польны прада Мною.
12. Калі б Я быў галодны, дык не сказаў бы табе; бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.
13. Ці ем Я валовае мяса, і ці п'ю Я казьліную кроў?
14. Прынясі Богу ў ахвяру падзяку, і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму,
15. і пакліч Мяне ў дзень смутку; Я ўратую цябе, і ты ўславіш Мяне.
16. А грэшніку кажа Бог: чаго прапаведуеш ты ўстанаўленьні Мае і бярэш Мой запавет у вусны твае,
17. а сам ненавідзіш Маё настаўленьне, і словы Мае за сябе адкідаеш?

Прытчы 14:28-28
28. У мностве народу — веліч цара, а пры малалюдзтве — бяда ўладару.

Лука 17:1-19
1. Сказаў Ісус таксама вучням Сваім: немагчыма ня прыйсьці звадам, але гора таму, праз каго яны прыходзяць:
2. лепш было б яму, калі б мельны жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чым калі б ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
3. Глядзеце на сябе. Калі ж згрэшыць супроць цябе брат твой, ушчуй яго, і калі пакаецца, даруй яму.
4. і калі сем разоў на дзень згрэшыць супроць цябе і сем разоў на дзень навернецца, і скажа: каюся, — даруй яму.
5. І сказалі апосталы Госпаду: памнож у нас веру.
6. Гасподзь сказаў: калі б вы мелі веру зь зерне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вырвіся і перасадзіся ў мора, — дык яна паслухалася б вас.
7. Хто з вас, маючы раба, які арэ альбо пасьвіць, калі вернецца ён з поля, скажа яму: хадзі хутчэй, сядай за стол?
8. Наадварот, ці ня скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есьці і піць, і потым еж і пі сам?
9. Ці будзе ён дзякаваць рабу гэтаму за тое, што ён выканаў загад? ня думаю.
10. Гэтак сама і вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажэце: мы рабы нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
11. Ідучы ў Ерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяю.
12. І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль,
13. і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас.
14. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся.
15. А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога,
16. і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.
17. Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць?
18. як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца?
19. І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.