A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Красавік 16

Ісуса Нававага 21:1-45
1. Правадыры пакаленьняў лявіцкіх прыйшлі да Элеазара сьвятара і да Ісуса, сына Нава, і да правадыроў пакаленьняў сыноў Ізраілевых,
2. і казалі ім у Сіломе, у зямлі Ханаанскай, і сказалі: Гасподзь загадаў праз Майсея даць нам гарады на жыхарства і прадмесьці іх пад быдла наша.
3. І далі сыны Ізраілевыя лявітам з надзелаў сваіх, паводле загаду Гасподняга, гэтыя гарады з прадмесьцямі іх.
4. Выпала жэрабя плямёнам Каатавым; і дасталася па жэрабі сынам Аарона сьвятара, лявітам, ад племя Юдавага і ад племя Сымонавага і ад племя Веньямінавага трынаццаць гарадоў;
5. а астатнім сынам Каата ад родаў племя Яфрэмавага і ад племя Данавага і ад палавіны племя Манасіінага паводле жэрабя дзесяць гарадоў;
6. сынам Гірсонавым — ад родаў племя Ісахаравага і ад племя Асіравага і ад племя Нэфталімавага і ад палавіны племя Манасіінага ў Васане па жэрабі трынаццаць гадоў;
7. сынам Мэрарыным, паводле іх родаў, ад племя Рувімавага, ад племя Гадавага і ад племя Завулонавага — дванаццаць гарадоў.
8. І аддалі сыны Ізраілевыя лявітам гэтыя гарады з прадмесьцямі іх, як загадаў Гасподзь праз Майсея, паводле жэрабя.
9. Ад племя сыноў Юдавых і ад племя сыноў Сымонавых далі гарады, якія названы паводле імя:
10. сынам Аарона, з родаў Каатавых, з сыноў Лявіі,
11. далі Кірыят-Арбы, бацькі Энакавага, інакш Хэўрон, на гары Юдавай, і прадмесьці яго вакол яго;
12. а поле гэтага горада і сёлы яго аддалі ва ўласнасьць Халеву, сыну Ефаніінаму.
13. І вось сынам Аарона сьвятара далі горад сховішча забойцаў, Хэўрон і прадмесьці яго, Ліўну і прадмесьці яе,
14. Іятыр і прадмесьці яго, Эштэмо і прадмесьці яго,
15. Халон і прадмесьці яго, Давір і прадмесьці яго,
16. Аін і прадмесьці яго, Юту і прадмесьці яе, Бэт-Шэшэм і прадмесьці яго: дзевяць гарадоў ад двух плямёнаў гэтых;
17. а ад племя Веньямінавага: Гаваон і прадмесьці яго, Геву і прадмесьці яе,
18. Анатот і прадмесьці яго, Алмон і прадмесьці яго: чатыры гарады.
19. Усіх гарадоў сынам Ааронавым, сьвятарам, трынаццаць гарадоў з прадмесьцямі іх.
20. І родам сыноў Каатавых, лявітаў, астатнім з сыноў Каатавых, паводле жэрабя іхняга, дасталіся гарады ад племя Яфрэмавага;
21. далі ім горад сховішча забойцаў, Сіхем і прадмесьці яго, на гары Яфрэмавай, Газэр і прадмесьці яго;
22. Кіўцаім і прадмесьці яго, Бэт-Арон і прадмесьці яго: чатыры гарады;
23. ад племя Данавага: Элтэке і прадмесьці яго, Гівэтон і прадмесьці яго,
24. Аялон і прадмесьці яго, Гат-Рымон і прадмесьці яго: чатыры гарады;
25. ад палавіны племя Манасіінага: Фаанах і прадмесьці яго, Гат-Рымон і прадмесьці яго: два гарады.
26. Усіх гарадоў з прадмесьцямі іх астатнім родам сыноў Каатавых дзесяць.
27. А сынам Гірсонавым, з родаў лявіцкіх: ад палавіны племя Манасіінага горад сховішча забойцам, Галан у Васане і прадмесьці яго, і Бээштэру і прадмесьці яе: два гарады;
28. ад племя Ісахаравага: Кішыён і прадмесьці яго, Даўрат і прадмесьці яго,
29. Ярмут і прадмесьці яго, Эн-Ганім і прадмесьці яго: чатыры гарады;
30. ад племя Асіравага: Мішал і прадмесьці яго, Аўдон і прадмесьці яго,
31. Хэлкат і прадмесьці яго, Рэхаў і прадмесьці яго: чатыры гарады;
32. ад племя Нэфталімавага горад сховішча забойцам, Кедэс у Галілеі і прадмесьці яго, Хамот-Дор і прадмесьці яго, Картан і прадмесьці яго: тры гарады.
33. Усіх гарадоў сынам Гірсонавым, паводле родаў іхніх, трынаццаць гарадоў з прадмесьцямі іх.
34. Родам сыноў Мэрарыных, астатнім лявітам: ад племя Завулонавага Ёкнэам і прадмесьці яго, Карту і прадмесьці яе,
35. Дымну і прадмесьці яе, Нагалал і прадмесьці яго: чатыры гарады;
36. ад племя Рувімавага Бэцэр і прадмесьці яго, Яаца і прадмесьці яе,
37. Кедэмот і прадмесьці яго, Мэфаат і прадмесьці яго: чатыры гарады;
38. ад племя Гадавага: гарады сховішчы забойцаў — Рамот у Галаадзе і прадмесьці яго, Маханаім і прадмесьці яго,
39. Эсэвон і прадмесьці яго, Язэр і прадмесьці яго: усіх гарадоў чатыры,
40. Усіх гарадоў сынам Мэрарыным паводле родаў іхніх, астатнім родам лявіцкім, паводле жэрабя дасталася дванаццаць гарадоў.
41. Усіх гарадоў лявіцкіх сярод валоданьняў сыноў Ізраілевых было сорак восем гарадоў з прадмесьцямі іх.
42. Пры гарадах гэтых былі каля кожнага горада прадмесьці вакол яго: так было пры ўсіх гарадах гэтых.
43. Такім чынам аддаў Гасподзь Ізраілю ўсю зямлю, якую даць прысягаўся бацькам іхнім, і яны атрымалі яе ў спадчыну і пасяліліся на ёй.
44. І даў ім Гасподзь спакой з усіх бакоў, як прысягаўся бацькам іхнім, і ніхто з усіх ворагаў іхніх ня ўстояў супроць іх; усіх ворагаў іхніх аддаў Гасподзь у рукі ім.
45. Не засталося няспраўджанае ніводнае слова з усіх добрых слоў, якія Гасподзь казаў дому Ізраілеваму: усё збылося.

Ісуса Нававага 22:1-34
1. Тады Ісус паклікаў племя Рувімавае, Гадавае і палавіну племя Манасіінага і сказаў ім:
2. вы выканалі ўсё, што загадаў вам Майсей, раб Гасподні, і слухаліся слоў маіх ва ўсім, што я загадваў ім;
3. вы не пакідалі братоў сваіх многія дні да сёньня і выканалі, што мелі выканаць па загадзе Госпада Бога вашага;
4. сёньня Гасподзь Бог ваш супакоіў братоў вашых, як казаў ім; дык жа вярнецеся і ідзеце ў намёты вашыя, у зямлю вашага валоданьня, якую даў вам Майсей, раб Гасподні, за Ярданам;
5. толькі старайцеся рупліва выконваць запаведзі і закон, якія наказаў вам Майсей, раб Гасподні: любіць Госпада Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі, захоўваць запаведзі Ягоныя, прыляпляцца да Яго і служыць Яму ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашаю.
6. Потым Ісус дабраславіў іх і адпусьціў іх, і яны разышліся па намётах сваіх.
7. Адной палавіне племя Манасіінага даў Майсей надзел у Васане, а другой палавіне яго даў Ісус надзел з братамі ягонымі па гэты бок Ярдана, на захад. І калі адпускаў іх Ісус у намёты іхнія і дабраславіў іх,
8. дык сказаў ім: зь вялікім багаццем вяртаецеся вы ў намёты вашыя, зь вялікім мноствам быдла, з срэбрам, з золатам, зь медзьдзю і з жалезам, і зь вялікім мноствам вопраткі: падзялеце здабычу, узятую ў ворагаў вашых з братамі вашымі.
9. І вярнуліся, і пайшлі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага ад сыноў Ізраілевых зь Сілома, які ў зямлі Ханаанскай, каб ісьці ў зямлю Галаад, у зямлю свайго валоданьня, якую атрымалі ў валоданьне па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея.
10. Прыйшоўшы ў ваколіцы Ярдана, што ў зямлі Ханаанскай, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага спарудзілі там каля Ярдана ахвярнік, ахвярнік вялікі з выгляду.
11. І пачулі сыны Ізраілевыя, што кажуць: вось, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага спарудзілі ахвярнік на зямлі Ханаанскай, у ваколіцах Ярдана, насупраць сыноў Ізхраілевых.
12. Калі пачулі гэта сыны Ізраілевыя, дык сабралася ўсё супольства сыноў Ізраілевых у Сілом, каб ісьці супроць іх вайною.
13. Аднак жа сыны Ізраілевыя найперш паслалі да сыноў Рувімавых і да сыноў Гадавых і да палавіны племя сыноў Манасііных у зямлю Галаадскую Фінээса, сына Элеазара, сьвятара,
14. і зь ім дзесяць правадыроў, па правадыры пакаленьня ад усіх плямёнаў Ізраілевых; кожны зь іх быў правадыром пакаленьня ў тысячах Ізраілевых.
15. І прыйшлі яны да сыноў Рувімавых і да сыноў Гадавых і да палавіны племя сыноў Манасііных у зямлю Галаад і казалі ім і сказалі:
16. так кажа ўсё супольства Гасподняе: што гэта за злачынства ўчынілі вы перад Богам Ізраілевым, адступіўшы сёньня ад Госпада, спарудзіўшы сабе ахвярнік і паўстаўшы сёньня супроць Госпада?
17. хіба мала вам беззаконьня Фэгоравага, ад якога мы не ачысьціліся да сёньня і за якое было пабіта супольства Гасподняе?
18. а вы адступаецеся сёньня ад Госпада! сёньня вы паўстаяце супроць Госпада, а заўтра ўгневаецца Гасподзь на ўсё супольства Ізраілевае;
19. калі ж зямля вашага валоданьня здаецца вам нячыстаю, дык перайдзеце ў зямлю валоданьня Гасподняга, вазьмеце надзел сярод нас, але не паўставайце супроць Госпада, і супроць нас не паўставайце, спаруджаючы сабе ахвярнік, акрамя ахвярніка Госпада Бога нашага;
20. ці ж не адзін Ахан, сын Зары, учыніў злачынства, узяўшы з заклятага, а гнеў быў на ўсё супольства Ізраілевае? ці не адзін ён памёр за сваё беззаконьне?
21. Сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага ў адказ казалі правадырам тысяч Ізраілевых:
22. Бог багоў Гасподзь, Бог багоў Гасподзь, Ён ведае, і Ізраіль хай ведае! Калі мы паўстаём і адступаемся ад Госпада, дык хай ня літуе нас Гасподзь у дзень гэты!
23. Калі мы спарудзілі ахвярнік дзеля таго, каб адступіцца ад Госпада, і дзеля таго, каб прыносіць на ім цэласпаленьне і прынашэньне хлебнае і каб учыняць на ім ахвяры мірныя, дык няхай спагоніць Сам Гасподзь!
24. Але мы зрабілі гэта з боязі таго, каб у прыйшлыя часы не сказалі вашыя сыны нашым сынам: "што вам да Госпада Бога Ізраілевага!
25. Гасподзь паставіў мяжу паміж вамі і намі, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя, Ярдан: няма вам долі ў Госпадзе". Такім чынам вашыя сыны не дапусьцілі б нашых сыноў шанаваць Госпада.
26. Таму мы сказалі: спарудзім сабе ахвярнік ня дзеля цэласпаленьня і ня дзеля ахвяраў,
27. а каб ён паміж вамі і намі, паміж наступнымі родамі нашымі, быў сьведкам, што мы можам служыць Госпаду цэласпаленьнямі нашымі і ахвярамі нашымі і падзякамі нашымі, і каб у прыйшлыя часы не сказалі сыны вашыя сынам нашым: "няма вам долі ў Госпадзе".
28. Мы казалі: калі скажуць так нам і родам нашым у прыйшлы час, дык мы скажам: бачыце падабенства ахвярніка Госпада, якое зрабілі бацькі нашыя ня дзеля цэласпаленьня і ня дзеля ахвяры, а каб гэта было сьведкам паміж намі і вамі.
29. Хай ня будзе такога, каб нам паўстаць супроць Госпада і адступіцца сёньня ад Госпада, і спарудзіць ахвярнік дзеля цэласпаленьня і дзеля прынашэньня хлебнага і дзеля ахвяраў, акрамя ахвярніка Госпада Бога нашага, які перад скініяй Ягонай.
30. Фінээс сьвятар, правадыры супольства і галовы тысяч Ізраілевых, якія былі зь ім, пачуўшы словы, якія казалі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і сыны Манасііныя, ухвалілі іх.
31. І сказаў Фінээс, сын Элеазара, сьвятар, сынам Рувімавым і сынам Гадавым і сынам Манасііным: сёньня мы даведаліся, што Гасподзь сярод нас, што вы ня ўчынілі перад Госпадам злачынства гэтага; вы цяпер выбавілі сыноў Ізраіля ад рукі Гасподняй.
32. І вярнуўся Фінээс, сын Элеазара, сьвятар, і правадыры ад сыноў Рувімавых і ад сыноў Гадавых у зямлю Ханаанскую да сыноў Ізраілевых і прынесьлі ім адказ.
33. І сыны Ізраілевыя ўхвалілі гэта, і дабраславілі сыны Ізраілевыя Бога і адмовіліся ісьці супроць іх вайною, каб спустошыць зямлю, на якой жылі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя.
34. І назвалі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя ахвярнік: Эд , бо, сказалі яны, ён сьведка паміж намі, што Гасподзь ёсьць Бог наш.

Псалмы 45:8-12
8. Гасподзь сілы з намі, Бог Якава заступнік наш.
9. Прыйдзеце і пабачце дзеі Гасподнія, — якія ўчыніў Ён на зямлі спусташэньні:
10. спыняючы войны да краю зямлі, зламаў лук і струшчыў дзіду, калясьніцы спаліў вагнём.
11. Спынецеся і ўведайце, што Я — Бог: буду праслаўлены сярод народаў, праслаўлены на зямлі.
12. Гасподзь сілы з намі, заступнік наш Бог Якава.

Прытчы 14:12-13
12. Ёсьць шляхі, якія здаюцца чала­веку простымі; але канец іх — шлях сьмерці.
13. І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.

Лука 13:1-22
1. У гэты час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілеянаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.
2. Ісус сказаў ім на гэта: ці думаеце вы, быццам гэтыя Галілеяне сталі грашнейшыя за ўсіх Галілеянаў, што так пацярпелі?
3. Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
4. Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме?
5. Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
6. І сказаў гэтую прытчу: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;
7. і сказаў вінаградару: вось, я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; сьсячы яе, навошта яна і зямлю займае?
8. Але той сказаў яму ў адказ: спадару! пакінь яе і на сёлета, пакуль я акапаю яе і абкладу гноем:
9. ці ня ўродзіць плоду; калі ж не, налета сьсячэш яе.
10. У адной сынагозе Ён вучыў у суботу;
11. там была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была скурчаная і не магла выпрастацца.
12. Ісус, угледзеўшы яе, падышоў і сказаў ёй: жанчына! ты вызваляешся ад недужы тваёй.
13. І ўсклаў на яе рукі; і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.
14. Пры гэтым начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус ацаліў у суботу, сказаў люду: ёсьць шэсьць дзён, у якія можна рабіць: у тыя і прыходзьце ацаляцца, а ня ў дзень суботні.
15. Гасподзь сказаў яму ў адказ: крывадушнік! ці не адвязвае кожны з вас вала свайго альбо асла ад ясьляў у суботу, і ці не вядзе паіць?
16. а гэтую дачку Абрагамаву, якую зьвязаў сатана вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ня трэба было вызваліць яе ад повязяў тых у дзень суботні?
17. І калі казаў Ён гэта, усе супраціўнікі Ягоныя пасароміліся; і ўвесь люд радаваўся за ўсе слаўныя дзеі Ягоныя.
18. А Ён сказаў: на што падобнае Царства Божае, і да чаго прыпадобню яго?
19. яно падобнае на зерне гарчычнае, якое, узяўшы, чалавек пасадзіў у садзе сваім: і вырасла, і зрабілася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў гольлі яго.
20. Яшчэ сказаў: да чаго прыпадобню Царства Божае?
21. Яно падобнае на закваску, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
22. І праходзіў гарадамі і селішчамі, вучачы і кіруючыся да Ерусаліма.